Дакументы сцвярджаюць, што ён — рэальная асоба. Меркаваннем суда — сапраўдны чараўнік. Яго катавалі некалькі дзён, дабіліся прызнання і спасілі на вогнішчы на месцы сучаснай Савецкай плошчы. Яго імем падчас «бульдозернай» рэканструкцыі гістарычнвга цэнтра слалі праклёны разбуральнікам Гродна. Усё гэта — пра гродзенскага чарадзея Максіма Знака ў новым артыкуле «Гарадзенскай азбукі».
«Гарадзенская азбука» ад Hrodna.life — гэта 32 артыкулы пра цікавосткі Гродна. Кожнаму з іх адпавядае адна з літар алфавіту. А — Ажэшка, Б — Баторый, В — Вітаўт і так далей. У кожным артыкуле азбукі вы знойдзеце па пяць цікавых фактаў аб адметных гродзенскіх асобах, месцах ці з’явах.
Максім Знак жыў у ваколіцах Гродна — ў мястэчку Коханова Гродзенскага павета. Пра гэта сведчыць «Кніга запісаў» кіраўніцтва горада за 1689−1691 гады. Зараз яна захоўваецца ў Дзяржаўным архіве ў Вільні. У дакуменце напісана, што Максіма Знака арыштавалі па абвінавачванні з боку гродзенцаў Сымона Юхальскага і яго жонкі Агнешкі. Сужонкі сцвярджалі што Знак «навёў чары на іх, іх дзяцей і цалкам на ўсю хату».
17 студзеня 1691 кіраўніцтва горада вырашыла: калі абвінавачаны інквізіцыяй прызнаецца ў правапарушэннях, яго спаляць на кастры. Але, «калі пасля трайнога катавання … ў добрым розуме катаванні вытрымае, то … пан Юхальскі павінен будзе яму заплаціць». Калі ад катаванняў абвінавачаны памрэ, пан Юхальскі павінен заплаціць гродзенскім брыгіткам «за страчанага подданага».
Паводле дакумента, спачатку Максім Знак сцвярджаў, што можа лекаваць зёлкамі, калі каму жывот баліць. Але ўжо пасля першых катаванняў пачаў прызнавацца ва ўсіх абвінавачваннях. Якім было гэта выпрабаванне, дакумент не згадвае. Піша толькі, што другое катаванне было «свячамі», а трэцяе — «паленай саломай». Пра гэта ў 1932 годзе пісаў Юзэф Ядкоўскі - археолаг, заснавальнік Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.
У сярэдзіне студзеня 1691 года Максіма Знака даставілі ў гарадскую ратушу. Першы допыт адбыўся ў двары манастыра брыгітак. Потым яго трымалі ў падзямеллі для злачынцаў нешляхецкага паходжання. Яно было ўладкавана ў старой Гродзенскай ратушы. Сёння гэтае месца знаходзіцца пад плошчай Савецкай у канцы вуліцы Маставой.
Знака прыгаварылі спаліць на слупе. Прызнанне ў чараўніцтве было на той час дастатковым доказам віны. Месцам пакарання стаў пляц перад ратушай. Зараз там знаходзіцца Савецкая плошча. Паводле гарадскіх легендаў, перад смерцю чараўнік пракляў гэтае месца.
З «Кнігі запісаў» таксама вядома, што на допытах Знак распавядаў пра Расола з Верцялішак, які дапамог яму выбрацца з турмы і навясці чары ў горадзе. Знак назваў яго «самым моцным чараўніком». «Перад кожным судом ён будзе вольным, бо мае такія зёлы, што ніхто яго асудзіць ня здолее».
Са слоў Знака інквізіцыя магла распачаць шмат спраў. Бо пад катаваннямі ён распавядаў яшчэ пра Пацэйку з Путрышак, які «ходзіць задам і перадам і галавой круціць», ды пра «Буслову, якая лятаць умее», што «ў павеце Аўгустоўскім ёсць чараўнік, які можа на чалавека сухоту навясці», а «баба Пухова з капліцы, калі хто за’хварэе, давала піць зёла, і той адразу адужае».
Гісторыю Максіма Знака прыгадалі падчас «бульдозернай» рэканструкцыі Савецкай плошчы ў Гродне ў 2006 годзе. Аднаго дня будаўнікі прыехалі на працу і знайшлі там ўлёткі з праклёнам нібыта ад Максіма Знака: «Той, хто разбурыць гэтае месца, будзе пакутаваць ад няшчасцяў і невядомых хваробаў, якія будуць пераследаваць яго і яго нашчадкаў да сёмага калена».
Гродзенскія гісторыкі тады каментавалі: «Нам вельмі шкада, што ад безнадзейнасці неабыякавым людзям прыходзіцца пускацца на падобнае глупства». Але няшчасныя выпадкі падчас рэканструкцыі плошчы ўсё ж былі. Сталіся іх прычынаю праклёны Максіма Знака ці парушэнні правілаў бяспекі - застаецца яшчэ адной гарадзенскай таямніцай.
Чытайце таксама:
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…