Мужа Святланы асудзілі па крымінальным артыкуле да некалькіх гадоў «хіміі». Жанчына засталася ў Гродне адна з малымі дзецьмі. «Прапановы з’ехаць былі, але нават не разглядала іх усур’ёз. Тут наш дом. Чаму мы мусім некуды ехаць? З іншага боку, калі ўсе з’язджаюць, то губляецца сэнс зробленага людзьмі ў дваццатым годзе», — кажа жанчына. Hrodna.life працягвае шэраг публікацый пра людзей, што пасля пратэстаў свядома вырашылі застацца ў Беларусі, хаця мелі магчымасць з’ехаць.
Гераіня папрасіла змяніць у публікацыі яе імя і не ўзгадваць дэталі, што маглі б раскрыць асобу. Жанчына выказвае апасенні за бяспеку для сябе і дзяцей, а таксама за тое, што раскрыццё факта яе камунікацыі з медыя можа пагоршыць умовы для мужа ў зняволенні.
Дзень у Святланы размеркаваны літаральна па хвілінах.
Учора збірала дзіця ў летнік. Трэба было медкамісію прайсці - амаль цэлы дзень правялі ў паліклініцы. Сваім здароўем таксама прыходзіцца займацца — часта хаджу да дактароў.
Дома заўжды шмат працы — папрыбіраць, ежу прыгатаваць, схадзіць у краму.
Вечарам забяру малое з садочка, то пойдзем трохі пагуляць на вуліцы. Як вернемся дахаты — павячэраем. Нейкія мульцікі можа ўключым — дзеці паглядзяць і я побач пасяджу. Так і мінае дзень. На выхадных часам едзем наведаць бабуль ці сустракаемся з кім з сяброў.
Агулам — зараз у мяне даволі закрыты лад жыцця. Я моцна ў быце і ў дзецях. Такога, каб хто забраў малых і даў мне адпачынак — амаль не бывае. Абсалютна ўсе справы сям'і, каторыя раней дзялілі з мужам, зараз на мне. Усе пытанні мушу вырашаць сама.
Пытанне пра ад’езд шмат разоў узнікала, пакуль ішлі гэтыя бясконцыя суды і мы чакалі выраку. Магчымасць з’ехаць на той час была.
Але муж нават на разглядаў гэты варыянт. Ён адразу сказаў: «Нікуды не паеду», хаця было зразумела, што яго чакае тэрмін. Я таксама не планавала ад’езд.
Як гэта — з’ехаць ад сваіх бацькоў, родных, сяброў? Як пакінуць дом, дзе ўсё ўладкавана і нават сцены дапамагаюць? Ну і канечне, думала — калі ўсе з’едуць, то згубіцца сэнс падзеяў, што адбыліся ў 2020 годзе.
З іншага боку, прызнаецца Святлана, не думалі, што рэпрэсіі зацягнуцца так надоўга.
Тады [пасля выбараў 2020 — заўв. Hrodna.life] была вялікая надзея, што ў краіне вельмі шмат зменіцца. Адначасова было разуменне, што калі пратэст прайграе, то ўсім нам будзе кепска. Але глыбіню гэтага «кепска» прадбачыць ніхто не мог. Казалі, што «закруцяць гайкі» ці «нам не даруюць», але мала хто мог сабе ўявіць сёняшнія масштабы рэпрэсій. І тое, што нават праз два гады будзе працягвацца гэта жэсць.
Адзіная прычына, якую я прыму да разгляду ў пытанні магчымага ад’езду — гэта бяспека сям'і. Тады на ўсё астатняе прыйшлося б заплюшчыць вочы. Пакуль нас з дзецьмі не чапаюць, мы застаёмся.
Летась, калі шмат што пакінуў Беларусь, людзі разважалі, што тыя, хто засталіся ў Беларусі, церпяць і пакутуюць, а тыя, хто з’ехалі - знайшлі лепшыя варыянты. Мінуў час і ўжо бачны іншыя меркаванні - што і тым, хто з’ехаў, не надта соладка — многія завіслі паміж небам і зямлёю. Калі б давялося з’ехаць, я б засталася адна з малымі і сам-насам з усімі праблемамі ў незнаёмым месцы — трэба было б пачынаць ўсё з нуля. Не бачу ў гэтым мэтазгоднасці. Навошта настолькі ўскладняць сабе жыццё. І псіхалагічна мне жахліва не хочацца пакідаць Гродна. Не магу сабе гэта ўявіць.
Чытайце таксама: «Магчыма, гэта эгаістычна ў дачыненні да маіх блізкіх». Айцішнік з Гродна застаўся ў Беларусі, каб паехаць на «хімію»
Яшчэ адна нагода застацца — так мы бліжэй да нашага таты. Думаю, яму было б цяжэй, калі б я зараз з’ехала.
Увогуле, пытанне «чаму не з’ехалі» мне не зразумелае. Цалкам натуральна жыць сваё жыццё у сваёй краіне. Асабліва, калі табе баліць за Беларусь і 2020 год быў для цябе нечым важным. У мяне хутчэй пытанне: «Чаму з’язджаеце?» Зразумела, калі па пытаннях бяспекі, ці праз немагчымасць надалей працаваць з Беларусі. Але калі проста таму, што тут «стала паныла і дэпрэсіўна» ці проста «сумненька» — я гэтага не разумею. Рэальна. Можаце кідаць у мяне ўсе камяні адразу, але лічу, што вось так з’ехаць — гэта здрадзіць таму, што людзі ў 2020-м зрабілі.
Што з намі будзе далей — цяжкае пытанне. Будучыня выглядае туманнай — занадта шмат невядомага. Невядома, калі і як скончыцца вайна і што будзе з нашай дзяржавай. Невядома, ці муж вернецца толькі пасля таго, як усё лясне, ці ўдасца выйсці раней. Невядома, ці могуць распачаць ціск на сям’ю — можа яшчэ прыдзецца ўцякаць. Таму пра будучыню зараз не думаю — гарызонт планавання ў мяне моцна завужаны. Стараюся жыць адным днём, чапляюся за дробязі - гэта дапамагае.
Што круціцца ў галаве, так гэта пытанні што ды як будзе, калі вернецца муж. Ці зможам мы забыць усе жахі і жыць як раней? Думаю, гэта ўжо немажліва. Мы ўсе змяніліся. Трэба будзе адаптавацца да новых умоваў - нешта прагаворваць, нанова вывучаць адзін аднаго, высвятляць, што мы згубілі, што знайшлі за час раставання, як мы з улікам гэтага складанага вопыту будзем далей будаваць нашу сям’ю, нашы стасункі.
Калі мужа асудзілі, мне падавалася, што гэта апакаліпсіс і канец свету. Трымалася на антыдэпрэсантах і ўвогуле не ведала, ці перажыву гэта ўсё і што будзе з маімі малымі.
Але нас вельмі моцна падтрымалі. Людзі дапамаглі, хто чым мог — званілі, пісалі, прыносіл падарункі для дзяцей, нейкія сюрпрызы рабілі. Часам плакала ад гэтай нерэальнай дабрыні, ад таго, што людзям не ўсё роўна. Адчула, што магу на гэта абаперціся, што трымаюся, стаю на сваіх нагах, хаця падавалася, што гэта немажліва.
Потым быў цяжкі перыяд узімку — карона, грып, дзеці пачалі хварэць. Ізноў падавалася, што не адолею, што не маю такога рэсурсу. Нехта кажа: «А што табе застаецца, ты маці, ты вытрымаеш». Такі сабе аргумент. Што значыць — што застаецца? Можа — памерці. Можа — псіхушка. Усё проста.
Падавалася, не вытрымаю. Тады брала ікону пад падушку, прасіла Бога дапамагчы перажыць гэту ноч і трошкі патрымацца днём.
Потым стала думаць, што шмат што мінула. Значыць, і гэты грып міне, і нешта яшчэ пройдзе. Бачыла, што побач ёсць людзі, гатовыя дапамагчы. Сябры прывозілі хто ежу, хто лекі. Нібы лёс пасылаў добрых людзей ды нейкія перадышкі - і я выплывала.
Чытайце таксама: Почему не всем заключённым по политическим мотивам дают статус политических? Объясняют правозащитницы
З цягам часу паздымала некаторыя высокія патрабаванні да сябе і перагледзела свае магчымасці. Зараз кажу сабе: «Каб перажыць гэту сітуацыю, я магу зрабіць толькі вось гэта і вось гэта». Так раблю, а ў астатнім прымаю сітуацыю як ёсць. Гэта каштоўны досвед прыняцця сябе. З ім я стала больш упэўненай у сваіх сілах.
Разам з тым я пабачыла, што ў нас далека не найгоршая сітуацыя. Значыць, мне варта быць удзячнай, бо я, праўда, маю шмат. І я — дастаткова моцны чалавек, бо ўжо столькі трымаюся. Гэта ўсведамленне таксама дапамагае.
Псіхолаг раіла, калі разрываюць эмоцыі, паспрабаваць іх намаляваць. Але ў мяне так не атрымліваецца. Я бяру чорны аловак і ён мне падаецца занадта маленькім. І аркуш паперы — занадта маленькім. Мне патрэбна агромністае палотнішча і агромністы пэндзаль — і валіць туды вёдрамі чорную фарбу.
У самыя цяжкія моманты я разважаю сама з сабой і спрабую па палічках раскласці, што са мной адбываецца. Дапамагае «зазямленне» — магу ўключыць музычку, каб адчуць фізічны рэлакс. Калі дужа страшна і трывожна, абдымаю падушку, скручваюся пад пледзікам і гляджу ў акно — там у нас прыгожая прырода — і думаю: «Можа зараз і канец свету, але я, прынамсі, у гэтым утульным гняздзечку».
Заставацца адзінай дарослай у доме — самы складаны выклік. Калі ўвесь час з дзецьмі, сілы страчваюцца надзвычай хутка і набраць іх часам няма адкуль. Проста адчуваю сябе загнанай у кут. З іншага боку дзеці - найбольшая крыніца пазітыву. Яны смешныя і цікавыя, ласкавыя і пяшчотныя. Яны ніколі не скараюцца. Яны даюць сэнс. Ніхто, так як яны, мяне не адчувае. Падыдзе каторае, абдыме, скажа: «Мамачка» — і цяплее на душы. Каб не дзеці - па-воўчы выць.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…