У ноч на 24 чэрвеня (па старым стылі) адзначаецца Купалле. Лічылася, што коней у Купальскую ноч вядзьмаркі могуць узяць для паездкі на штогадовы Купальскі шабаш. Ён, быццам бы, праходзіў на Лысай гары ў Кіеве. Таму коней не пакідалі на начны выпас, піша пра даўнія традыцыі Новы час
Купалле — беларускае традыцыйнае свята, якое мае старажытныя карані. Да прыняцця хрысціянства ў 988 годзе нашы продкі вызначалі час для святаў паводле руху найперш Сонца і Месяца. Першапачаткова Купалле святкавалася ў самую кароткую ноч у годзе і прымяркоўвалася да летняга сонцастаяння.
З прыходам на беларускія землі хрысціянства на традыцыйны народны каляндар наклаўся царкоўны. Змена рэлігіі не адбываецца за адзін дзень, таму царква імкнулася выкарыстаць старыя вераванні: на месцы паганскіх капішчаў будаваліся храмы, а да дзён традыцыйных святкаванняў прымяркоўваліся новыя, хрысціянскія, святы. За час тысячагадовага суіснавання хрысціянскія і дахрысціянскія элементы перамяшаліся. Гэта бачна нават у народнай назве свята: «Іван-Купала».
Католікі святкуюць Янаў дзень 24 чэрвеня, а праваслаўныя — дзень Іаана Хрысціцеля 7 ліпеня. Праводзяцца царкоўныя службы. У некаторых вёсках асвячаюць палі і назбіраныя зёлкі. Уласна ж купальскія святкаванні прыпадаюць на вечар — ці, дакладней, ноч — перад царкоўным святам. Разбежка ў два тыдні паміж каталіцкім календаром (бліжэйшым да астранамічнага) і праваслаўным у нашай краіне ўтварылася ў 1918 годзе, калі Дэкрэтам савецкай улады «аб часе» было пастаноўлена, што за 31-м студзеня 1918 года наступае не 1 лютага, 14-га.
Такім чынам, люты 1918 года стаў самым кароткім месяцам у нашай гісторыі. Спачатку ў новастворанай савецкай дзяржаве час адлічваўся па юліянскім календары, уведзеным яшчэ ў 45 годзе да новай эры Юліем Цэзарам. На той момант «юліянскі» час адставаў ад астранамічнага на 13 дзён. Разбежка ўтварылася праз тое, што ў юліянскай сістэме годазлічэння больш высакосных гадоў, чым у грыгарыянскай, уведзенай у 1582 годзе рымскім папам Грыгорыем ХІІІ.
На беларускіх землях гэта была не першая спроба ўвесці грыгарыянскі каляндар. Неўзабаве пасля зацвярджэння яго ў 1582 годзе ў заходнееўрапейскіх краінах выйшла грамата караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя. З 1583 года грыгарыянскае годазлічэнне ўводзілася на нашай тэрыторыі. Праваслаўнымі святарамі і простымі людзьмі новаўвядзенне ўспрынялася балюча: Полацк, Вільня і Львоў адказалі так званымі «каляндарнымі бунтамі».
У выніку Стэфан Баторый выдаў грамату, што дазваляла праваслаўным адзначаць святы па старым календары. Грыгарыянскае годазлічэнне засталося за дзяржаўнай адміністрацыяй. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі трапілі ў склад Расійскай імперыі, дзе і царква, і дзяржаўная адміністрацыя карысталіся юліянскім календаром.
Такім чынам, для Расіі пераход на грыгарыянскі каляндар у 1918 годзе быў першай, а для Беларусі — другой «вестэрнізацыяй» годазлічэння. Праваслаўная царква не прыняла грыгарыянскі календар: ён па-ранейшаму ўспрымаўся як «каталіцкі», «заходні», а цяпер і «савецкі».
Так і атрымалася, што ў Беларусі святкуюць «каталіцкія Каляды» і «праваслаўныя», «каталіцкі» і «праваслаўны» Вялікдзень і так — з усімі хрысціянскімі святамі. А вось Купалле ў масавай свядомасці замацавалася пераважна за 6 ліпеня. Каталіцкая царква больш за праваслаўную змагалася з дахрысціянскімі элементамі на падуладнай ёй тэрыторыі. Святы набывалі ўсё больш царкоўны змест. Таму пра «каталіцкае Купалле» казаць амаль не выпадае.
Варта разумець, што сучасныя купальскія святкаванні ў пераважнай большасці праходзяць па сцэнарыях, створаных работнікамі дзяржаўных устаноў культуры, и маюць мала агульнага з мясцовымі купальскімі традыцыямі. Тым не менш, такія святкаванні праводзяцца ў прывязку да праваслаўнай даты як найбольш «папулярнай» у масавай свядомасці
Назва свята паходзіць ад старажытнага індаеўрапейскага кораня kup- (кіпець, палымяна прагнуць). Неабходныя элементы Купалля — вялікае вогнішча, якое складалі і палілі ўсёй вёскай, купанне ў рацэ ці возеры, маніпуляцыі з кветкамі (плялі вяночкі, свяцілі, сушылі для лекавання на працягу года). У момант росквіту плодных сіл зямлі набывалі моц і зёлкі, якія збіралі ў гэты час усе, ад малога да старога. На працягу года купальскія зёлкі выкарыстоўвалі ад розных няшчасцяў і хвароб.У некаторых рэгіёнах Беларусі сустракаюцца звесткі, што замест вогнішча выкарыстоўвалі надраную горку крапівы, што сваімі ўласцівасцямі (джаліць, пячэ) сімвалічна замяняла агонь. Святкаваць маглі не толькі ля вады, але і на ўзвышшы, на скрыжаванні дарог — месцах, што ў народнай свядомасці валодалі таямнічай сілай.
Раней для купальскага вогнішча ўсёй вёскай зносілі старыя рэчы. Паселішчы маглі спаборнічаць між сабой — у каго будзе большы агонь і даўжэй гарэць. Рэшткі гэтага ўяўлення захаваліся і сёння, калі для купальскага вогнішча рыхтуюць старыя гумовыя шыны, якія добра і доўга гараць. Купальскае вогнішча распальвалі жывым агнём, які здабывалі шляхам трэння галінак. Сярод вогнішча мог знаходзіцца шост з колам наверсе, лялька. Ляльку рабілі з саломы, у жаночай іпастасі, маглі насіць па вёсцы, тапіць, замест таго, каб спальваць. Калі вогнішча прагарае, шост з колам падае. Лічыцца, у чый бок «пакажа» кола, у таго да наступнага Купалля здарыцца ў жыцці нешта істотнае. Потым пачынаюцца скокі праз вогнішча. Калі пара скача разам, то глядзяць, ці не разнялі яны рук: калі не, то, мабыць, будуць разам.
Пра будучы лёс можна было даведацца і варажбой. Вось некалькі спосабаў:
На Купалле дзяўчаты пускаюць вянкі па вадзе: куды паплыве — у той бок замуж ісці.
Ірвуць нераспушчаныя кветкі і ўторкваюць у шчыліны ў хаце. Калі за ноч распусцяцца — дзяўчына выйдзе замуж ці спраўдзіцца іншае жаданне. Пасля вайны так варажылі жонкі, ці прыйдуць іх мужы з вайны.
Чый вянок хутчэй згарыць на купальскім вогнішчы, тая дзяўчына хутчэй выйдзе замуж. Хлопец выхоплівае з агню вянок той дзяўчыны, што падабаецца, спадзеючыся, што яна пакахае яго і выйдзе замуж.
Увечары трэба сарваць зубамі трыпутнік і легчы з ім спаць, ні з кім не гаворачы. Прысніцца, з кім ажэнішся.
Узяць пяску са скрыжавання дарог, пакласці пад падушку — прысніцца нешта істотнае.
Істотным момантам у святкаванні Купалля з’яўляецца сустрэча сонца. Нават у свядомасці сучаснай вясковай моладзі застаецца неабходнасць «гуляць да раніцы». Узыходзячы пасля купальскай ночы, сонца быццам бы «грае». Кажуць, што «гранне», «купанне» сонца бачаць толькі шчаслівыя людзі. Апавядаюць, што яно некалькі разоў паказваецца з-за рысы гарызонту і хаваецца назад, распадаецца на некалькі вогненных колаў і злучаецца, вакол яго ствараецца вясёлкавае ззянне, яно пераліваецца рознымі колерамі…
На Полаччыне ўзыход сонца сустракалі адмысловым абрадам «Барана», калі ўдзельніцы адначасова спявалі розныя песні каляндарнага і сямейнага цыклаў, «каб у наступным годзе ўсё было».
У Купальскую ноч маглі адбывацца розныя здарэнні. Бадай што, найбольш вядомым застаецца паданне аб папараць-кветцы, што цвіце толькі ў Купальскую ноч, да таго ж адно імгненне. Хто яе сарве, будзе мець усё, што пажадае, бачыць скарбы, схаваныя ў зямлі, можа стаць нябачным, адамкнуць і замкнуць любы замок.
Папараць-кветку ахоўвае нячыстая сіла, таму звычайны чалавек, шукаючы яе, можа памерці са страху. Затое збор кветак папараці па сілах Купальскаму дзядку, які кладзе іх у кошык. Калі сустрэнеш дзядка, рассцялі перад ім белы абрус, і ён кіне туды адну кветку. Тады трэба разрэзаць скуру на правай далоні і схаваць кветку туды, каб нячысцік (чорт) не дастаў.
У купальскую ноч выходзяць на паверхню закапаныя скарбы, «купаюцца і сушацца». Іх ахоўвае нячыстая сіла, адводзіць чалавеку вочы, таму завалодаць багаццем, не маючы папараць-кветкі, складана.Ёсць паданне, што аднаму селяніну папараць-кветка трапіла ў лапаць, і ён стаў бачыць месцы, дзе закапаныя скарбы. Але тут з’явілася вядзьмарка і прапанавала яму новыя боты. Для селяніна, які ўсё жыццё прахадзіў у лапцях, боты былі вельмі дарагім абуткам і прапанова падалася яму выгоднай. Не ведаючы, што ў лапцях у яго папараць-кветка, селянін аддаў стары абутак вядзьмарцы і так упусціў сваё шчасце.
Бываюць са скрабамі і іншыя здарэнні.
Аднаму мужыку ў купальскую ноч прыснілася, што ён знойдзе грошы на мосце. Ранкам ён пайшоў іх шукаць, але не знайшоў. Каля таго моста жыў млынар, мужык зайшоў да яго ў госці і ўсё распавёў. Млынар адказаў, што яму таксама сніўся сон, быццам бы ў гэтага мужыка схаваны скарб пад печчу. Тады мужык вярнуўся дадому і знайшоў грошы.
Зрэдку сустракаюцца згадкі пра «арэхава дрэва», што цвіце адначасова з папараццю. Трэба сарваць арэхаву кветку і ісці туды, куды яна будзе нахіляцца, каб знайсці скарб.Калі не пашчасціла сарваць рэдкія кветкі, можна паспрабаваць на досвітку выйсці ў поле, легчы на траву і згледзець, ці не выходзіць дзе з зямлі пара слупом: у такім месцы закапаны скарб.
У Купальскую ноч асабліва небяспечны разгул вядзьмарак. Яны спрабуюць адабраць малако ў кароў: збіраюць на чужых палях расу. Малако робіцца вадкім, ці памяншаецца надой. Тлумачачы сувязь між з’явамі, сяляне казалі, што раса — гэта «сок зямлі» і на Купалле яна «малочная». Вядзмаркі могуць зашкодзіць не толькі каровам, але і жыту: зрабіць залом ці проста сарваць некалькі каласкоў — гэта пагражае неўраджаем. Таму пільныя гаспадары не спалі цэлую ноч, ахоўваючы свае палеткі ад вядзьмарак. Дадатковым сродкам засцярогі было ўторкванне зёлак (асабліва крапівы і палыну) пад страху хлява.Лічылася, што коней у Купальскую ноч вядзьмаркі могуць «пазычыць» для паездкі на штогадовы Купальскі шабаш. Ён быццам бы праходзіў на Лысай гары ў Кіеве. Таму коней не пакідалі на начны выпас, заганялі ў стойлы. Але і там вядзьмаркі маглі дабрацца да сваіх ахвяр, таму над уваходам у хлеў ставілі свечку, асвечаную на Грамніцы ці ў Чысты чацвер. Калі ж коней усё ж пакідалі на полі, то прасілі пастухоў не класці агню, каб на яго не зляталіся чараўніцы.
Таксама ў купальскую ноч асцерагаліся пераганяць жывёлу праз межы між палямі розных вёсак: лічылася, што мяжа — гэта небяспечнае месца, дзе можна лёгка сустрэць ведзьму.
Лічылася, што з Купалля варта пачынаць нарыхтоўваць траву жывёле на зіму. Самыя дбайныя гаспадары рабілі некалькі пракосаў ужо ўначы.
З Купаллем звязана шмат народных міфапаэтычных уяўленняў, некаторыя з якіх, нягледзячы на трансфармацыю на працягу стагоддзяў, жывыя і зараз.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…