Больш за сотню гродзенцаў прыйшлі ўвечары 5 чэрвеня на Савецкую плошчу, каб паслухаць прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі Валерыя Цапкалу, які родам з Гродна.
Цапкала ўспомніў пра сваё гродзенскае мінулае, распавёў, што рэгулярна прыязджае ў родны горад, і што ў прэзідэнцкай кампаніі чакае падтрымкі ад гродзенцаў. На 3 чэрвеня каманда Цапкалы сабрала 65 тысяч подпісаў. Яны разлічваюць здаць у Цэнтральную выбарчую камісію 130−135 тысяч подпісаў.
Беларуская мова
Валерый Цапкала кажа, што яму пакуль цяжка гаварыць па-беларуску, але ён гатовы старацца, каб мову падцягнуць.
«Беларуская мова — гэта наша матчына мова. У школе ў мяне была пяцёрка, але сёння я пакуль трошкі саромеюся на ёй размаўляць. Я ўрачыста абяцаю, што буду падцягваць мову. Вельмі хутка ліквідую гэты недахоп. Па працы не даводзілася на ёй размаўляць, але цяпер я разумею, што ў будучыні трэба паказваць прыклад і размаўляць на роднай мове».
Канстытуцыя
Людзі з натоўпу задалі пытанне пра канстытуцыю, якую пастаянна парушаюць, і пра судовую сістэму ў краіне. Ці будзе ён мяняць іх, калі прыйдзе да ўлады?
«Я прыхільнік змешанай рэспублікі - такой, якая існуе ў Францыі. Ёсць прэзідэнт, як кіраўнік выканаўчай улады, і ён прызначае ўрад зыходзячы з парламенцкай большасці.
Я думаю, мінімум палова [парламента], а можа і дзве траціны, павінны выбірацца паводле партыйных спісаў. Мне здаецца, гэта правільна, таму што ў гэтым выпадку ў парламенце будзе прысутнічаць увесь спектр меркаванняў. У людзей будзе выбар: галасаваць за тую ці іншую партыю.
Чаму гэта добра? Таму што прэзідэнт — гэта не бог і не цар, ён менеджар і ён павінен пераконваць парламент і грамадскасць у тым, што тое ці іншае дзеянне ён праводзіць правільна. Нельга так: ён сказаў і ўсе пабеглі рабіць. А яшчэ пажадана, каб усё было дэмакратычна і каб ён лётаў на самалёце «Белавія»".
Суды
Цапкала прапануе рабіць прамыя трансляцыі судовых пасяджэнняў. А яшчэ на першы час запрашаць у Беларусь замежных суддзяў.
«Каб нейкія сур’ёзныя спрэчкі вырашалі так, як гэта ў арбітражы прынята. Якія [суддзі] не былі б тут звязаныя якімі-небудзь абавязальніцтвамі. І яшчэ абавязкова трансляваць усе пасяджэнні суда наўпрост у інтэрнэт і потым выкладаць. Паверце, тады сорамна будзе суддзі прымаць рашэнне не паводле сумлення, таму што ён ведае, што ўсё гэта будзе запісана».
Люстрацыя
Цапкала выступае супраць абмежаванняў для палітычнай эліты ранейшай улады.
«Я праціўнік люстрацыі. Я памятаю, як гэта было ў суседняй Польшчы, калі „Салідарнасць“ прыйшла да ўлады. Ідэя люстрацыі насілася ў паветры, але яна так і не была там рэалізаваная. Не была рэалізаваная ні ў Чэхіі, ні ў Славакіі. Яны змаглі сфармаваць новы нацыянальны кансэнсус. І мы павінны бачыць у кожным грамадзяніна Беларусі. Тым, хто зараз выконвае дзяржаўныя функцыі, таксама хочацца нармальнай свабоды і нармальнага жыцця, каб развівалася краіна. Сярод іх шмат прафесіяналаў і нармальных людзей. Я хачу іх зрабіць саюзнікамі, я хачу зрабіць так, каб яны пачалі дапамагаць будаваць і развіваць новую Беларусь — Беларусь будучыні. Мы не будзем нікога выкідаць».
Реферэндум
Цапкала прыхільнік рэферэндумаў. Ён лічыць, што гэта заўсёды добры спосаб вырашэння пытанняў.
«Паглядзіце, як у Швейцарыі праводзяць рэферэндумы. Напрыклад, адрамантаваць будынак або мост. Яны прымаюць рашэнне праз галасаванне. У нас таксама было б добра такое праводзіць.
Вось вырашылі правесці II Еўрапейскія Гульні, якія не з’яўляюцца ніякай кваліфікацыяй, ні да чэмпіянатаў Еўропы, свету і Алімпійскіх Гульняў. Але яны каштуюць 540 мільёнаў рублёў.
Правесці рэферэндум і спытаць у людзей: гульні правядзем або рэканструюем 1000 нашых школ? Вось гэта было б добрым рашэннем".
АЭС
Валерый Цапкала прапанаваў сваё рашэнне праблемы з будаўніцтвам АЭС у Астраўцы.
«Я лічу, гэта была каласальная памылка. Тым больш займаць грошы ў Расіі. Трэба зрабіць так, каб мы не сказалі Расіі: раз мы закрываем станцыю, то грошай вам не аддамо. Калі ёсць сур’ёзная заклапочанасць з боку краін Еўрасаюза, мы папросім у іх 10 млрд,
закрыем станцыю і расплацімся за яе».
Войска
Валерый Цапкала распавёў гродзенцам, што ён прыхільнік прафесійнай арміі.
«Мы не можам сёння супрацьстаяць ні НАТА, ні Расіі ў ваенным плане. Я лічу, што мы павінны рэальна ўсведамляць сваё месца ў свеце. Армія павінна быць, але яна павінна быць прафесійнай. Павінен быць конкурс ў гэтае войска.
Я перакананы ў тым, што калі чалавек можа кіраваць якім-небудзь дронам, на якім знаходзіцца якая-небудзь устаноўка, ён больш эфектыўны чым 10 000 чалавек з «калашнікавымі».
Што тычыцца мужчыны і валодання ім зброяй, я дапускаю, што адзін раз у жыцці на тры дні ён павінен прайсці курс байца: навучыцца збіраць і разбіраць аўтамат, пайсці на палігон пастраляць па мішэнях.
І гэтага больш чым дастаткова, каб мужчына адчуў зброю ў руках".
Чытайце таксама:
- Засталося два тыдні. Колькі подпісаў сабралі прэтэндэнты ў кандыдаты
- Валер Цапкала расказаў, што будзе рабіць з дзяржсімволікай, калі выйграе выбары
- «Мы просто забыли, что были лучшими». Виктор Бабарико о национальной идее белорусов и фальсификации выборов
- «Закрытие ПВТ в Гродно — большая ошибка». Претендент в президенты Валерий Цепкало высказался о региональных центрах
- «Дапамажы Рыгоравічу». Алесь Таболіч сабраў у Гродне амаль 200 подпісаў
- Бабарико: Президент — это менеджер, если мне эту работу не дадут — не поражение
- Как сделать Гродно и Гродненщину богаче: 5 идей Валерия Цепкало
- Лукашэнка выказаўся пра магчымых кандыдатаў і жанчын. Прэтэндэнтка ў кандыдаты: «Так мог сказаць толькі слабы чалавек«
- "Все убито, развалено, одни обещания». Гродненцы про выборы-2020
- Цепкало не первый. Как другие гродненцы пытались стать президентами Беларуси