Больш за 80 гадоў таму на адной з цэнтральных плошчаў Гродна стаяла царква Аляксандра Неўскага. Храм пабудавалі ў 1870 годзе, але ўжо ў 1938 яго разабралі. Гарадскія ўлады паабяцалі праваслаўным вернікам збудаваць новы храм, але з-за пачатку Другой сусветнай вайны гэтага не адбылося.
Царква Аляксандра Неўскага стаяла на Дварцовай плошчы, сёння гэта плошча Тызенгаўза, недалёка ад Вечнага агню. Краязнаўца Віктар Саяпін у сваёй кнізе «Страчаныя храмы Гродна» пісаў, што храм будавалі за ахвяраванні жыхароў губерні. Ён быў пабудаваны ў гонар выратавання імператара Аляксандра II ад замаху, які адбыўся 4 красавіка 1866 года. Вясной 1870 года будаўніцтва царквы завяршылася і 4 красавіка біскуп Іосіф Ковенскі здзейсніў асвячэнне. У чэрвені таго ж года царкву ў Гродне наведаў сам імператар Аляксандр II.
У першыя дзесяцігоддзі царква была аддадзеная вайскоўцам. У пачатку 20 стагоддзя ў храме быў адкрыты самастойны прыход, да якога далучылі праваслаўных, якія жывуць за рэчкай Гараднічанкай: жыхароў раёна Новы Свет і вёсак Чашчаўляны, Зарыца, Пярэселка, Капліца, Малышчына, Кульбакі, Дзевяткавічы, Грандзічы і Чэхаўшчызна.
Царква перажыла Першую сусветную вайну, але ў 1938 годзе пры польскай уладзе яе вырашылі разабраць, нягледзячы на тое, што храм актыўна наведвалі мясцовыя жыхары і праваслаўныя салдаты Гродзенскага гарнізона. 4 лютага 1938 года гарадское самакіраванне прыняло пастанову аб разборцы царквы. У абгрунтаванні гаварылася, што храм перашкаджае правільнаму руху і што плошча, на якой пабудавана царква, неабходная гораду для парадаў і іншых урачыстых цырымоній побач з польскім помнікам Свабоды, які тады там стаяў.
Праваслаўныя Гродна і яго ваколіц разам з духавенствам падалі скаргу на мясцовыя ўлады і звярнуліся з просьбай захаваць храм, падпісанай 2023 гродзенцамі, да прэзідэнта Польшчы Ігнацы Масціцкага. Але ні прэзідэнт, ні ўрад не пачулі просьбаў праваслаўных.
10 мая гарнізонны святар Аляксандр Каліновіч, нягледзячы на забарону духоўных уладаў, вынес з царквы Святыя дары, антымінс і прастол. Увечары ў царкве замкнуліся рабочыя і пачалі разбіраць яе знутры. 12 мая храм разбіралі ўжо і днём. Плошча была ачэплена салдатамі і паліцэйскімі.
Разборка царквы ў 1938 годзе. Фатаграфіі з архіва сям'і Рымарчук.
Вернікам абяцалі пабудаваць новую царкву да дваццацігоддзя аднаўлення незалежнасці Польшчы. Цырымонія закладкі новай Васкрасенскай царквы адбылася ў дзень Канстытуцыі Польшчы — 3 мая 1938 г. Маштаб урачыстасці перасягнуў усе чаканні.
На выдзеленым гарадскімі ўладамі зямельным участку па вуліцы Сабескага (сёння Захарава), дзе адбылася закладка вуглавога каменя і дакумента аб заснаванні царквы, сабраўся шматтысячны натоўп гродзенцаў і жыхароў навакольных вёсак, а таксама прадстаўнікі ўлады і грамадскасці.
Цэнтральным момантам цырымоніі было абвяшчэнне галоўным праваслаўным капеланам Войска Польскага протапрэсвітарам Федаронька тэксту «Акту закладкі храма», які разам з рэліквіямі святога Георгія Цудатворцы замуравалі пад крыжам. Пасля прамовы епіскапа Савы камандуючы Акругі корпуса III у Гродне генерал Юзаф Альшына-Вільчынскі зачытаў тэлеграму Міністра ваенных спраў генерала Тадэвуша Каспшыцкага. Урачыстасці завяршыліся выкананнем гімна.
Праект храма выбіралі ў закрытым конкурсе. Камісія пад старшынствам начальніка будаўнічага аддзела Беластоцкага ваяводскага ўпраўлення інжынера Серадынскага прызнала найлепшым праект архітэктара Румянцава. Гэта была сучасная інтэрпрэтацыя ўсходняй архітэктуры: храм у выглядзе зрэзанай піраміды з празрыстым, злёгку завостраным купалам, і з высокай званіцай над уваходам. Царква павінна была асвятляцца ў асноўным праз празрысты купал. Акрамя гэтага запраектаваныя былі тры вокны па ўсёй вышыні сцен: два бакавыя і адно за алтаром.
Галоўны алтар аддзяляла ад бакавых празрыстая сцяна. Планавалася таксама і цэнтральнае ацяпленне.
Праектна-каштарысную дакументацыю павінны былі скончыць да 1 лістапада 1938 года, але працы зацягнуліся. Адначасова прыступілі да распрацоўкі паліхраміі для царквы. За гэтую працу ўзяўся вядомы польскі мастак-вітражыст Здзіслаў Глогер. У царкве таксама хацелі ўсталяваць абліччы праваслаўных святых, жыццё якіх звязана з гісторыяй Польшчы. На ўсю вышыню акна збіраліся вырабіць вітраж Уваскрасення Ісуса Хрыста. Але 1 верасня 1939 года пачалася вайна, царква так і не з’явілася, а мясцовыя жыхары проста расцягнулі цэглу.
Сёння дакладнае месца закладкі капсулы з часцінкамі мошчаў святога Грыгорыя Цудатворцы вызначыць ужо немагчыма. Яна магла знаходзіцца дзесьці каля будынка аўтавакзала. Гэта месца мы паспрабавалі лакалізаваць з краязнаўцам Аляксандрам Семянчуком.
«Фатаграфія з закладкі каменя для новай царквы, прадстаўленая сям’ёй Рымарчук, унікальная. На ёй бачны важны момант. Я адразу ўспомніў нашага краязнаўцу Віктара Саяпіна, ён пра гэта пісаў у 2012 годзе ў кнізе „Страчаныя храмы Гродна“. Праз некаторы час я і ў сябе ў архіве знайшоў фатаграфію гэтай падзеі, якой са мной падзяліўся гісторык Андрэй Чарнякевіч. Па гэтых здымках я пачаў арыентавацца і шукаць месца», — распавядае Аляксандр Семянчук.
Некалькі дзён Аляксандр даследаваў старыя карты і картаграмы, старыя і новыя фатаграфіі. Яму ўдалося знайсці прыблізнае месца закладкі каменя.
«На старым здымку добра бачныя купалы і шпілі асноўных храмаў Гродна, ад гэтага я і адштурхоўваўся. Вядома, трэба было зразумець, дзе размяшчаліся старыя драўляныя хаты, гарышчы і дахі, якія бачныя на фота. Для гэтага патрэбныя былі старыя картаграмы і карты: 1931, 1951, 1958 і фота 1967. Польскія казармы 26-й артылерыйскай брыгады ў 1938 годзе ўжо былі. Іх на здымку няма, значыць камень закладвалі лявей.
Так шмат прыватных дамоў у тым раёне, і так размешчаных, было толькі на сучаснай вул. Захарава. Гэта відаць і на старых картаграмах. Таму я зрабіў выснову, што камень для будучай царквы закладвалі прыкладна ў сучасным скверы Факультэта фізкультуры ГрДУ. Чамусьці мне здаецца, што калі будавалі ТФК і акультурвалі прылеглую тэрыторыю ў пачатку 1960-х, месца закладкі было знішчана. І зараз мы дакладнае месца не знойдзем".
Не выключана, што калі-небудзь падчас земляных работ на вуліцы Захарава гродзенцы знойдуць капсулу з рэліквіямі св. Грыгорыя і актам заснавання царквы 1938 года.
Матэрыял падрыхтаваны на гістарычных матэрыялах Віктара Саяпіна з кніг «Утраченные храмы Гродно» і «50 гродненских улиц». Выкарыстаны фотаархіў сям'і Рымарчук, сайта polona.pl і oldgrodno.by.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…