Андрэй не паліць ўжо тры гады. Затое ходзіць у спартзалу і схуднеў на 13 кг. Яна не бярэ цыгарэт у рукі столькі ж. Затое асвоіла сноўборд і палюбіла тренажерку. Раман кінуў паліць амаль 10 гадоў таму. Зараз у яго больш часу на музыку. Як атрымалася пераадолець шкодную звычку і што ад гэтага змянілася, гродзенцы распавялі Hrodna.life.
Андрэй Ціцяк: «Кідайце любымі шляхамі. Спрабуйце — гэта варта таго. Трэба проста зразумець, што нікацінавая ломка скончыцца — вы ад гэтага не пацерпіце. Сарвацца вас прымушае толькі жаль да сябе».
Андрэю Цітяку 35 гадоў, ён займаецца дызайнам і вядзе блог. Ужо тры гады абыходзіцца без цыгарэт, хоць паліў амаль 16 гадоў.
«Усё пачалося ў паходзе з класам, — распавёў Андрэй. — Мяне ніхто не падштурхоўваў, проста захацелася закурыць. Падышоў да аднакласніцы і папрасіў цыгарэту. Чамусьці заўсёды ведаў, што ў нейкі момант закуру. Напэўна, таму што бацькі палілі».
Зараз самае складанае для Андрэя — проста трымацца. Не ўзяць у рукі цыгарэту зноў. Бо паліць усё яшчэ хочацца.
«Чаму я гэтага не раблю? Бо ўсведамляю — гэта глупства. Без цыгарэт я стаў лепш сябе адчуваць i лепш выглядаць. Я стаў больш жывым».
У Беларусі паліць амаль траціна насельніцтва — 29,6%. Тых, хто паліць сярод мужчын — 48,4%, сярод жанчын — 12,6%. Дзевяць з дзесяці ў гэтай групе паляць штодня.Ддзеныя даследавання «Распаўсюджанасць фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў у Рэспубліцы Беларусь, 2016−2017 гг.»
Канчаткова ўсвядоміў, што пара кідаць, пасля падарожжа ў Фуэртэвентуру. Па дарозе туды моцна захварэў. Вельмі балела горла. Не мог гаварыць і глынаць. З дапамогай перакладчыка ў тэлефоне напісаў на іспанскай просьбу аб дапамозе і адправіўся ў шпіталь. На прыёме ў лекара нават не змог адкрыць рот. Лекару прыйшлося глядзець горла праз нос, з дапамогай камеры. Паставілі дыягназ — ангіна з абсцэсам 7 см. Сказалі, што патрэбна аперацыя, але я замахаў рукамі на знак адмаўлення. Тады доктар напісала на англійскай толькі адну фразу: «Ты можаш памерці».
Ужо на наступны дзень мне выдалілі левую міндаліну. Па вяртанні ў Беларусь сядзеў некалькі тыдняў на антыбіетыках і не курыў — не мог чыста фізічна. За гэты час нікацінавая ломка проста сышла. Я зразумеў, што не палю ўжо тры тыдні. Пачынаць зноў было проста па-дурному.
Андрэй распавёў Hrodna.life, што пасля таго, як ён кінуў паліць, стала расці вага. Для яго гэта стала матывацыяй перагледзець рацыён харчавання, пайсці ў спартзалу і пачаць займацца. У выніку за год Андрэй схуднеў на 13 кг.
«Што я магу сказаць — жудасна сумую па цыгарэтах. Часам бачу сны, дзе я ўсё яшчэ палю. Пры гэтым я вельмі ганаруся, што не раблю гэтага. Мая апошняя цыгарэта засталася ў Брусэлі».
Яна Вараб’ёва: «Калі хоць адзін працэнт свядомасці будзе настроены дазволіць сабе вярнуцца да курэння пры „асаблівых“ абставінах — гэта фіяска, браценік. Мозг ужо будзе ведаць таемны ход, як вярнуць сабе наркотык. І гэта адбудзецца нават хутчэй, чым вы думаеце».
Яне Вараб’ёвай 26 гадоў. Яна маркетынг-менеджэр і працуе ў IT. Стаж курца у Яны — восем гадоў. Ад цыгарэт яна адмовілася амаль тры гады таму.
«Неяк я проста зазірнула ў ларок і папрасіла цыгарэты, — распавяла Hrodna.life Яна. — Можна сказаць, той дзень стаў для мяне фатальным. Да гэтага часу памятаю назву сваіх першых цыгарэт. Думаю, падштурхнула мяне да гэтага падлеткавае жаданне прыпадабняцца сваім кумірам. Яны былі рок-музыкамі. Многія з іх палілі. Кароткая стрыжка, цёмнае адзенне, гітара за плячыма, цыгарэты, па маіх перакананнях, павінны былі падкрэсліць мой вобраз і надаць яму больш драматызму».
Даследаванне курцоў Беларусі паказала, што сярэдні ўзрост пачатку курэння ў Беларусі склаў 17,5 гадоў. Мужчыны пачынаюць паліць у 16,9 гадоў, а жанчыны — у 19,9. Кожны трэці курэц спрабаваў кінуць паліць на працягу апошніх 12 месяцаў. Параду ад лекара кінуць паліць атрымлівалі 63,6% рэспандэнтаў. Кожны другі курэц атрымаў такую параду ва ўзросце 18−29 гадоў.
Дадзеныя даследавання «Распаўсюджанасць фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў у Рэспубліцы Беларусь, 2016−2017 гг.»
З часам звычка стала неад’емнай часткай жыцця Яны. Пазней яна перайшла на цыгарэты мацнейшыя, а колькасць паступова павялічылася з 2 да 12 цыгарэт на дзень.
Пакуль Яна была студэнткай, пра тое, што трэба кінуць паліць, пастаянна казалі бацькі. Яе ж усё задавальняла і так — матывацыі кінуць паліць не было. Бачных праблем са здароўем не ўзнікала. Яна распавяла Hrodna.life, што бачыла ў курэнні нават плюсы. Часта яно працавала, як інструмент сацыялізацыі. «У курылках за цыгарэтай можна было пазнаёміцца з кім заўгодна і даведацца што заўгодна».
Адмовіцца ад курэння Яна вырашыла сама, калі ў жыцці з’явіліся сябры, якія не паляць, і праца, дзе калектыў прытрымліваўся здаровага ладу жыцця. «У той момант змянілася ўспрыманне сябе, — патлумачыла Hrodna.life Яна. — З'явілася больш любові і павагі да сябе, прыйшло ўсведамленне каштоўнасці ўласнага здароўя і прыгажосці. Аднойчы я прачнулася з думкай, што хачу адмовіцца ад курэння».
«Я стоадсоткава ведаю — калі даць сабе хоць найменшую слабіну, гэта можа стацца вялікай катастрофай. Адзін раз зацягнуцца і… я палячу ў ларок купляць пачак самых „бяспечных“ цыгарэт».
Зараз у дзяўчыны з’явілася новае захапленне — заняткі ў трэнажорнай зале. Яна кажа, што калі паліла, не ўзнікала нават думкі пра спорт. Зараз адчула, што можа ўсё — і плаванне, і сноўборд, і самакат і паход у горы.
Вярнуцца да курэння для яе — гэта здрадзіць сабе, разбурыць веру ў свой характар і ўласныя сілы. Яна распавяла Hrodna.life, што курэнне часам вяртаецца да яе ў начных жахах. «Сніцца, як быццам я зноў знаходжу цыгарэты і зацягваюся. Прачынаюся ў халодным поце і з палёгкай разумею, што гэта быў проста сон і я не здалася».
Раман Ножыкаў: «Мне падабаецца, што не трэба пастаянна думаць, дзе б страляць, ці як не забыць купіць цыгарэты. Не трэба пастаянна хвалявацца, як бы і дзе папаліць. Калі перастаеш паліць, з’яўляецца больш часу і ты не марнуеш яго на гэты бескарысны занятак».
Раману Ножыкаву 24 гады. Ён заснавальнік музычнага праекта «Enferly». Паліць пачаў прыкладна ў 2007 годзе і кінуў праз амаль 6 гадоў.
«Вакол мяне заўсёды было нямала тых, хто паліць, — распавёў Hrodna.life Раман. — Сваякі, сябры, знаёмыя — вельмі многія палілі побач. Таму з самага дзяцінства цікавасць да курэння ў мяне была. З часам я стаў спрабаваць паліць са сваімі сябрамі. Паступова ўцягнуўся і перайшоў на сталае».
Амаль кожны пяты рэспандэнт даследавання аб курцах, хто не паліць, падвяргаецца ўздзеянню тытунёвага дыму дома ці на працоўным месцы. Мужчыны ў большай ступені схільныя да пасіўнага курэння на працоўным месцы: 18,9% з іх — дома і 22,5% - на працы. Сярод жанчын падвяргаюцца ўздзеянню тытунёвага дыму дома 18,8%, на працы — 8,5%.
Дадзеныя даследавання «Распаўсюджанасць фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў у Рэспубліцы Беларусь, 2016−2017 гг.»
«Потым я не раз спрабаваў кінуць паліць. Чамусьці перыядычна гэтага хацелася. Спробаў было шмат, але ў выніку нічога не атрымлівалася. Канчаткова кінуў паліць, калі з’явіліся розныя курыльныя рэчывы. Пасля пары не самых прыемных інцыдэнтаў я вырашыў цалкам адмовіцца ад курэння».
«У гэтыя моманты рабілася настолькі дрэнна пасля курэння, што я зразумеў - так больш нельга».
Галоўнае, што дапамагло Раману, гэта канчатковае ўсведамленне бескарыснасці і згубнасці звычкі. Самым складаным аказалася супрацьстаяць людзям з акружэння, якія паляць. Яны пастаянна прапаноўвалі цыгарэты, угаворвалі закурыць ці спрабавалі «стрэльнуць» цыгарэту.
Яшчэ адна страта, звязаная з адмовай ад курэння — перапынкі на перакур. Яны дапамагалі здымаць стрэс.
«Але галоўнае, што мой маральны і фізічны стан пасля адмовы ад курэння палепшыўся».
Тым, хто хоча кінуць паліць, Раман раіць шукаць свой уласны спосаб адмовы. «Універсальных варыянтаў няма. Камусьці досыць будзе проста засяродзіцца на сіле волі, а камусьці трэба шукаць занятак, які заменіць курэнне».
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…