Сярод 24 дзяўчат, што прыйшлі на кастынг «Гарадзенскай беларусачкі», журы адабрала 10. Мы ўжо ведаем імёны шчаслівых удзельніц, але пакуль не будзем раскрываць таямніцы. Конкурс запланаваны на канец красавіка-пачатак мая. Але і да гэтага гродзенцы пачуюць пра яго дзякуючы цікавым акцыям, абяцаюць арганізатары. Кастынг прайшоў 28 лютага ў канцэртнай зале аднаго з арганізатараў конкурса — Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры.
Да пачатку рэгістрацыі застаецца 15 хвілін. Дзяўчаты ўжо сядзяць у зале і перашэптваюцца. Часам па-беларуску. Прыхарошваюцца, глядзяцца ў люстэрка і падфарбоўваюцца. У паветры вітае пах парфумы. Мільгаюць знаёмыя твары з заняткаў «Мова нанова». Дзяўчаты чакаюць і трошкі нервова смяюцца.
Хутка з’яўляюцца члены журы — Андрэй Чапялюк, Сяргей Марозаў, Сяргей Іваноў. Яны спрабуюць развесяліць дзяўчат і заклікаюць іх усміхацца. Пачынаецца рэгістрацыя. Тут сабраліся 24 дзяўчыны: студэнткі вышэйшых і сярэдніх навучальных установаў, школьніцы, школьная настаўніца, блогерша і іншыя. Шмат хто прыйшоў з сяброўкамі.
Пасля рэгістрацыі ўдзельніцы падзяліліся на два тузіны. Спачатку дзяўчаты прайшліся па сцэне, дэманструючы навыкі дэфіле. А потым па чарзе падходзілі па мікрафона і расказвалі пра сябе. Крытэрыі адбору былі вельмі дэмакратычныя — прыемная знешнасць, сцэнічнасць і фотагенічнасць, пластычнасць і пачуццё музычнага рытму, а таксама свабоднае валоданне беларускай мовай.
— Беларускасць ўсё ж на першым месцы сярод крытэрыяў, — кажа арганізатар конкурсу Андрэй Чапялюк. — Канешне, мы глядзім, каб яны маглі рухацца, таму што рыхтуем у першую чаргу шоў. Але мы папулярызуем беларускасць, таму выбіраем беларусак, якія рухаюцца, а не наадварот.
Некаторыя дзяўчаты пачыналі размаўляць па-руску, але Андрэй спрабаваў пераключыць іх на беларускую мову. Некаторыя размаўлялі, робячы недарэчныя памылкі - «очынь» замест «вельмі», «гатуючыся» замест «рыхтуючыся». Удзельніцы абяцалі, што да конкурсу вывучаць мову, калі іх возьмуць. І толькі адзінкі казалі, што выкарыстоўваюць беларускую мову ў жыцці.
Аказалася, большасць удзельніц займаецца танцамі і спевамі. Шмат хто захапляецца паэзіяй. З цікавых хобі - лепка з гліны, ткацтва, кліпмэйкерства, танцы трайбл-ф'южн. У топ-ліст беларускіх творцаў па версіі дзяўчат трапілі Максім Багдановіч і Уладзімір Караткевіч. Некаторыя дзяўчаты адразу прайшлі першыя выпрабаванні: кагосьці прасілі заспяваць, кагосьці станцаваць, кагосьці расказаць верш. Усе ўдзельніцы годна прайшлі іх.
У журы конкурсу былі арганізатар Андрэй Чапялюк, адміністратар Сяргей Іваноў, харэограф Наталля Велічка, фатограф і фотамастак Сяргей Марозаў ды пераможца леташняга конкурсу Ірына Аплевіч. Да асноўнага арганізатара конкурсу Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры ў гэтым годзе далучыўся і Тэлерадыёвяшчальны канал «Гродна Плюс».
— У выніку мы адабралі 10 дзяўчат, — кажа Андрэй. — Можа, камусьці мы далі аванс. Галоўнае, каб чалавек хацеў. Калі мы бачым, што чалавек хоча, мы можам даць аванс. Калі ён з’яўляецца канчатковым матэрыялам, з ім працаваць цяжэй.
Дзяўчаты, якія прайшлі, будуць працаваць у першую чаргу з харэографам. Гэта самая складаная праца, бо з удзельніц з рознай падрыхтоўкай трэба зрабіць адзіны дэфіле-выхад і фатаграфічную кампазіцыю. Таксама будуць удасканальваць мову. Падчас падрыхтоўкі да конкурсу арганізатары абяцаюць ладзіць акцыі, каб гледачам было цікава не толькі ў час фінальнага мерапрыемства.
Дарэчы, у фінале будзе некалькі навінак. Па-першае, выхад з чырлідынгам. Па-другое, фінальнае шоў пад рабочай назвай «Беларусачка праз час» будзе больш сюжэтным. Арганізатары кажуць, што аднясуцца і да гісторыі, і да сучаснасці.
Пад пытанне трапіла магчымасць удзелу Веранікі Парманчук, адной з вядоўцаў «Мова нанова» ў Гродне. Вераніка ўжо ўдзельнічала ў «Гарадзенскай Беларусачцы» два гады таму. Яе запрасілі ў аргкамітэт, але яна прывяла прыклад Аляксандры Дораш, якая выйграла «Міс Гродна» толькі з другога разу, і папрасіла пакінуць яе ўдзельніцай.
— Я ўдзельнічала у конкурсе два гады таму, тады мне далі толькі другую ступень. Зараз я прыйшла па першую, — кажа Вераніка. — Я павінна перамагчы, бо я сапраўдная беларуска. Можа, не гарадзенская, а бабраўніцкая. Але я беларуска, і мне не патрэбна граць нейкую ролю. Зараз мне трэба абіраць: або згадзіцца ісці ў аргкамітэт, або чакаць, пакуль мне пазвоняць як удзельніцы. Пакуль не ведаю, што рабіць, параюся з мужам.
Мы запыталіся ў іншых удзельніц, чаму менавіта яны павінны перамагчы, і чаму яны абралі менавіта гэты конкурс.
— Па-першае, я вельмі люблю беларускую мову і з’яўляюся студэнткай спецыяльнасці «Беларуская філалогія», а неўзабаве — і настаўніцай беларускай мовы, — расказвае студэнтка ГрДУ Ганна. — Мяне зацікавала тое, што конкурс паказвае не толькі прыгажосць, а нешта большае, нешта ўнутры, тое, што можна паказаць. А таксама знайсці новых знаёмых. Я павінна перамагчы, бо я самая-самая гарадзенская беларусачка, — смяецца Ганна.
— Я павінна перамагчы, бо я проста гэтага хачу. А чаму б не? — усміхаецца Аляксандра, студэнтка ГрДУ, якая адзіная прайшла на конкурс у вышыванцы. — Я прыйшла, бо гэта не зусім конкурс прыгажосці, гэта той вопыт, які ты атрымліваеш, калі даведваешся нешта новае, адкрываеш для сябе новы Гродна, новую Беларусь, новыя звычаі, традыцыі і культуру Беларусі.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…