Сярод 24 дзяўчат, што прыйшлі на кастынг “Гарадзенскай беларусачкі”, журы адабрала 10. Мы ўжо ведаем імёны шчаслівых удзельніц, але пакуль не будзем раскрываць таямніцы. Конкурс запланаваны на канец красавіка-пачатак мая. Але і да гэтага гродзенцы пачуюць пра яго дзякуючы цікавым акцыям, абяцаюць арганізатары. Кастынг прайшоў 28 лютага ў канцэртнай зале аднаго з арганізатараў конкурса – Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры.
Да пачатку рэгістрацыі застаецца 15 хвілін. Дзяўчаты ўжо сядзяць у зале і перашэптваюцца. Часам па-беларуску. Прыхарошваюцца, глядзяцца ў люстэрка і падфарбоўваюцца. У паветры вітае пах парфумы. Мільгаюць знаёмыя твары з заняткаў “Мова нанова”. Дзяўчаты чакаюць і трошкі нервова смяюцца.
Хутка з’яўляюцца члены журы – Андрэй Чапялюк, Сяргей Марозаў, Сяргей Іваноў. Яны спрабуюць развесяліць дзяўчат і заклікаюць іх усміхацца. Пачынаецца рэгістрацыя. Тут сабраліся 24 дзяўчыны: студэнткі вышэйшых і сярэдніх навучальных установаў, школьніцы, школьная настаўніца, блогерша і іншыя. Шмат хто прыйшоў з сяброўкамі.


Пасля рэгістрацыі ўдзельніцы падзяліліся на два тузіны. Спачатку дзяўчаты прайшліся па сцэне, дэманструючы навыкі дэфіле. А потым па чарзе падходзілі па мікрафона і расказвалі пра сябе. Крытэрыі адбору былі вельмі дэмакратычныя – прыемная знешнасць, сцэнічнасць і фотагенічнасць, пластычнасць і пачуццё музычнага рытму, а таксама свабоднае валоданне беларускай мовай.
– Беларускасць ўсё ж на першым месцы сярод крытэрыяў, – кажа арганізатар конкурсу Андрэй Чапялюк. – Канешне, мы глядзім, каб яны маглі рухацца, таму што рыхтуем у першую чаргу шоў. Але мы папулярызуем беларускасць, таму выбіраем беларусак, якія рухаюцца, а не наадварот.
Некаторыя дзяўчаты пачыналі размаўляць па-руску, але Андрэй спрабаваў пераключыць іх на беларускую мову. Некаторыя размаўлялі, робячы недарэчныя памылкі – “очынь” замест “вельмі”, “гатуючыся” замест “рыхтуючыся”. Удзельніцы абяцалі, што да конкурсу вывучаць мову, калі іх возьмуць. І толькі адзінкі казалі, што выкарыстоўваюць беларускую мову ў жыцці.
Аказалася, большасць удзельніц займаецца танцамі і спевамі. Шмат хто захапляецца паэзіяй. З цікавых хобі – лепка з гліны, ткацтва, кліпмэйкерства, танцы трайбл-ф’южн. У топ-ліст беларускіх творцаў па версіі дзяўчат трапілі Максім Багдановіч і Уладзімір Караткевіч. Некаторыя дзяўчаты адразу прайшлі першыя выпрабаванні: кагосьці прасілі заспяваць, кагосьці станцаваць, кагосьці расказаць верш. Усе ўдзельніцы годна прайшлі іх.
У журы конкурсу былі арганізатар Андрэй Чапялюк, адміністратар Сяргей Іваноў, харэограф Наталля Велічка, фатограф і фотамастак Сяргей Марозаў ды пераможца леташняга конкурсу Ірына Аплевіч. Да асноўнага арганізатара конкурсу Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры ў гэтым годзе далучыўся і Тэлерадыёвяшчальны канал “Гродна Плюс”.
– У выніку мы адабралі 10 дзяўчат, – кажа Андрэй. – Можа, камусьці мы далі аванс. Галоўнае, каб чалавек хацеў. Калі мы бачым, што чалавек хоча, мы можам даць аванс. Калі ён з’яўляецца канчатковым матэрыялам, з ім працаваць цяжэй.
Дзяўчаты, якія прайшлі, будуць працаваць у першую чаргу з харэографам. Гэта самая складаная праца, бо з удзельніц з рознай падрыхтоўкай трэба зрабіць адзіны дэфіле-выхад і фатаграфічную кампазіцыю. Таксама будуць удасканальваць мову. Падчас падрыхтоўкі да конкурсу арганізатары абяцаюць ладзіць акцыі, каб гледачам было цікава не толькі ў час фінальнага мерапрыемства.
Дарэчы, у фінале будзе некалькі навінак. Па-першае, выхад з чырлідынгам. Па-другое, фінальнае шоў пад рабочай назвай “Беларусачка праз час” будзе больш сюжэтным. Арганізатары кажуць, што аднясуцца і да гісторыі, і да сучаснасці.
Пад пытанне трапіла магчымасць удзелу Веранікі Парманчук, адной з вядоўцаў “Мова нанова” ў Гродне. Вераніка ўжо ўдзельнічала ў “Гарадзенскай Беларусачцы” два гады таму. Яе запрасілі ў аргкамітэт, але яна прывяла прыклад Аляксандры Дораш, якая выйграла “Міс Гродна” толькі з другога разу, і папрасіла пакінуць яе ўдзельніцай.

– Я ўдзельнічала у конкурсе два гады таму, тады мне далі толькі другую ступень. Зараз я прыйшла па першую, – кажа Вераніка. – Я павінна перамагчы, бо я сапраўдная беларуска. Можа, не гарадзенская, а бабраўніцкая. Але я беларуска, і мне не патрэбна граць нейкую ролю. Зараз мне трэба абіраць: або згадзіцца ісці ў аргкамітэт, або чакаць, пакуль мне пазвоняць як удзельніцы. Пакуль не ведаю, што рабіць, параюся з мужам.
Мы запыталіся ў іншых удзельніц, чаму менавіта яны павінны перамагчы, і чаму яны абралі менавіта гэты конкурс.

– Па-першае, я вельмі люблю беларускую мову і з’яўляюся студэнткай спецыяльнасці “Беларуская філалогія”, а неўзабаве – і настаўніцай беларускай мовы, – расказвае студэнтка ГрДУ Ганна. – Мяне зацікавала тое, што конкурс паказвае не толькі прыгажосць, а нешта большае, нешта ўнутры, тое, што можна паказаць. А таксама знайсці новых знаёмых. Я павінна перамагчы, бо я самая-самая гарадзенская беларусачка, – смяецца Ганна.

– Я павінна перамагчы, бо я проста гэтага хачу. А чаму б не? – усміхаецца Аляксандра, студэнтка ГрДУ, якая адзіная прайшла на конкурс у вышыванцы. – Я прыйшла, бо гэта не зусім конкурс прыгажосці, гэта той вопыт, які ты атрымліваеш, калі даведваешся нешта новае, адкрываеш для сябе новы Гродна, новую Беларусь, новыя звычаі, традыцыі і культуру Беларусі.




















































