Кавярня “Просто кофе” гродзенцам знаёма ўжо некалькі гадоў. А вось пра тое, што зараз там падаюць новыя дэсерты, яшчэ не ўсе ведаюць. Японскі бісквіт з амарэта, лімонны чызкейк на сыры філадэльфія, чароўны браўні і зусім не-проста кава – далёка не поўны пералік слодычаў, што ўвасобілі мары гродзенкі Людмілы Жых аб ідэальным дэсерце і ўласнай справе.

Бландынка ў шакаладзе: як ператварыць салодкія мары ў асалоду жыцця і ўласны бізнес
Гаспадыня кавярні “Просто кофе” Людміла Жых

Калі праца – крыніца радасці

“Дэсерты ў нас заўжды свежыя, бо я іх гатую кожную раніцу – кажа Людміла. – А кожны вечар з 9 да 10 праводзім акцыю і прадаем усё, што засталося, за паўцаны. Праўда, застаецца да такога часу зусім не многа. У будні дзень гатуецца 24 дэсерты шасці гатункаў, а на выходныя – 48. Свежыя цукеркі гатуюцца кожны трэці дзень”.

Людміла ўсміхаецца так шчасліва, што робіцца зразумелым – кавярня для яе – вялікі гонар і бясконцая крыніца радасці.

Частуйцеся, калі ласка! – запрашае гаспадыня да дэгустацыі мінскіх гасцей, сябраў клуба LeGourmet, што падчас кулінарнага падарожжа ў Гродна завіталі ў кавярню.

Усе рэцэпты дэсертаў, тлумачыць гаспадыня – аўтарскія: “Кожны кандытар хоча дадаць да класікі нешта сваё, укласці ў прыгатаванне часцінку душы”. Яна расказвае пра адметнасці пірожных, што зараз смакуюць госці. Аказваецца, традыцыйны захер Людміла гатуе на японскім заварным бісквіце, што не патрабуе дадатковай прапіткі, а ў цеста дадае амарэта. “Атрымліваецца сімбіёз культур – Вена і Японія. Мне падабаецца, як яны іграюць”.

Бландынка ў шакаладзе: як ператварыць салодкія мары ў асалоду жыцця і ўласны бізнес
Свежыя кветкі, густоўныя аксесуары і аўтарскія дэсерты – вобраз кавярні складаецца з вялікіх і малых дэталяў

Труфелі гаспадыня мае трох гатункаў – класічны, кававы і фісташкавы з белым шакаладам. “Госці, што аддаюць перавагу класічным гатункам кавы, звычайна выбіраюць і класічны труфель. А для аматараў ёсць варыянты”. Свае таямніцы мае і любімы дэсерт самой гаспадыні – лімонны чызкейк на сыры філадэльфія: “Справа ў тым, што я мяшаю яго асоблівым чынам. Некалі я думала, што гэта лухта: якая розніца, чым і як мяшаць. Але з цягам часу упэўнілася – чызкейк нельга кранаць венчыкам, так нічога добрага не атрымаецца. Трэба – лапаткай.”

Бландынка ў шакаладзе: як ператварыць салодкія мары ў асалоду жыцця і ўласны бізнес
Учора, прызналася гаспадыня, сама прагаладалася, з’ела порцыю чызкейка і падумала – “Добра!”. Значыць і праўда  – добра, бо да сябе заўжды трохі перадузятае стаўленне”

Салодкі дзень пачынаецца а пятай раніцы

Любімай справе Людміла ўдзяляе шмат часу. Каб прыгатаваць любімыя дэсерты яна прыходзіць на працу ўжо у 6 гадзін. Да 10, калі адкрываецца кавярня, дзённая партыя слодычаў ужо мае быць гатова і гаспадыня сыходзіць… на другую працу. Як аказалася, Людміла эканаміст паводле адукацыі і працуе галоўным бухгалтарам у адной з гродзенскіх аўташкол. А шакалад і гатаванне доўгі час заставаўся для толькі хобі.

“Усё вельмі выпадкова атрымалася. Як і многіх іншых, мяне насціг крызіс сярэдняга ўзросту. Гэта было вельмі цяжка. Увесь час здавалася, что я нешта яшчэ павінна зрабіць і мне трошкі сумнавата было жыць”, – расказвае Людміла. Таму вырашыла, што  дапаможа, калі з’явіцца яшчэ адно дзіця і нарадзіла чацвёртага сына. Праз год, як малы падрос – зразумела, што так уласныя праблемы не вырашыць, што назаўжды застацца толькі мамай проста немагчыма. У гэты час аднойчы і прысніўся ёй шакалад.

Бландынка ў шакаладзе: як ператварыць салодкія мары ў асалоду жыцця і ўласны бізнес
Цукеркі ручной работы абнаўляюцца кожны трэці дзень. На здымку – тры гатункі труфеляў і трускаўкавы шакалад

Нібы нехта пераліваў яго з кубка ў кубак і запрашаў пачаставацца. А раніцай на вочы патрапіў майстар клас па шакаладу і інфармацыя пра набор у школу шакалацье. “Я адразу да мужа – мне так захацелася! І ён падтрымаў. Бачыў, што я мучаюся і зразумеў – гэта сапраўды тое, што трэба”.

Адвучыўшыся ў маскоўскай цукерні “Шоколатье”, Людміла вярнулася дадому з поўнымі рукамі патрэбных для прыгатавання шакаладу складнікаў і інструментаў. І так для яе пачалося новае жыццё.

“Ну, мама, ты даеш!”

“Чатыры гады таму я зразумела, што ўжо хачу адкрыць сваю кавярню”, – расказвае Людміла. Гатавала дома, запрашала гасцей, радавалася, калі трохгадовы малы скакаў і крычаў, што “маміна кампотэ самае смачнае”, але адчувала, што прыйшоў час выходзіць з дамашняй зоны камфорту. Шукала ў горадзе месца, каб і самой падабалася і строгім санітарным нормам адпавядала. Але ўсё, што глядзелі, было “не тое”. А потым адкрылася “Просто кофе”. “Я зайшла да калег у госці і мне усё вельмі спадабалася. Толькі, прыйшоўшы дадому я доўга плакала, што гэта магчымасць прайшла міма мяне”.

Пасля быў цяжкі перыяд у жыцці, калі захварэў муж. “Зараз ужо ўсё добра, мы справіліся, а тады я думала, што вось такім спосабам жыццё мяне да нечага падштурхоўвае. Цяжка было асэнсаваць, што інакш я змагу рашыцца. У такім цяжкім стане, узгадвае Людміла, і прыйшла аднойчы ў “Просто кофе”.

Бландынка ў шакаладзе: як ператварыць салодкія мары ў асалоду жыцця і ўласны бізнес
Якія наступствы могуць выцякаць з кубка кавы? Самыя лёсавырашальныя!

“І тут гаспадыня мне кажа: ”А мы кавярню прадаём”. І я адразу – “а я – купляю”. Выqшла праз хвіліну, села да сына ў машыну і расказала яму. “За колькі” – пытае. –“Не ведаю, неяк дамовімся”. – “Ну, мама, ты даеш”? – толькі і змог сказаць ён. Вось так адбылося самае хуткае рашэнне ў маім жыцці”.

Канечне, мы не такія багатыя людзі, каб запраста дастаць з кішэні грошы на пакупку кавярні. Вялі перамовы, абмяркоўвалі магчымасці растэрміноўкі і ўрэшце знайшлі варыянт, што задаволіў абодва бакі. Напэўна, былым гаспадарам было не ўсё роўна, у чыt рукі патрапіць установа, таму ў многім пайшлі насустрач.

Жыццё са смакам шакаладу

Зараз Людмілу ўся сям’я падтрымлівае: адна б не справілася. Старэйшы сын асвойвае ў кавярні сакрэты прафесіі барыста, меншыя дапамагаюць дома. Таму і хочаца рабіць яшчэ лепш, каб дзяліцца з іншымі сваім адчуваннем паўнаты жыцця. “Замовілі нядаўна скрыначкі для падарункаў. Госці часта хочуць набыць каву ці цукеркі, што пакаштавалі ў нас для сябе ці для сяброў. Сурвэтніцу нам такую прыгожую зрабілі – нібы дзяўчына, што танчыць фламенка”.

Бландынка ў шакаладзе: як ператварыць салодкія мары ў асалоду жыцця і ўласны бізнес
У падарункавую скрынку можна запакаваць каву і цукеркі для сяброў

Са словаў гаспадыні, тут бываюць творчыя людзі, заходзяць музыкі і мастакі – для такіх хлюдзей хочацца рабіць самыя лепшыя ў свеце дэсерты, бо побач з імі і сама робішся лепшай.

Чытайце яшчэ:  “Куба – любоў мая”. Чым зачараваў мінчукоў гродзенскі бар

Меркаванне гурмана:

“У гэтым месцы ўсё як мае быць. Ніхто не ведае, што гэта значыць, але тут душа кажа, што ўсё супала. Атмасфера, смак, інтэр’ер – ніводнай ноткі не выпала. Калі адным словам – то проста – гармонія”.

Бландынка ў шакаладзе: як ператварыць салодкія мары ў асалоду жыцця і ўласны бізнес
Тут усё так, як мне б хацелася бачыць. Калі б я адкрывала кавярню, то хацела б? каб таксама атрымалася так”? – распавяла шэф-кухар і ўдзельніца LeGourmet club Алена Малібожка.