Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і яшчэ адну — паміж імі. І хаця палітычныя прычыны спынілі супрацоўніцтва спецыялістаў з Беларусі і Польшчы, праблемы рэліктавага лесу застаюцца агульнымі. Пра тое, што адбываецца з жывёламі і экасістэмай па розныя бакі агароджы, расказалі дырэктар Інстытута біялогіі млекакормячых Польскай Акадэміі Навук Міхал Жмігорскі і даследчык пушчы з беларускага боку, які з прычын бяспекі вырашыў захаваць ананімнасць.

Рэдакцыі MOST і Hrodna.life працягваюць сумесны праект пра людзей, з’явы і падзеі па абодва бакі беларуска-польскай мяжы. Калі вам падабаецца наш кантэнт, мы можаце аддзячыць нам праз платформы Buy Me a Coffee або Stripe.

Як платы ўплываюць на экалогію

У адказ на міграцыйны крызіс, справакаваны рэжымам Лукашэнкі, польскі бок у 2022 годзе ўзвёў на мяжы металічны плот. Агароджа вышынёй 5,5 метра і даўжынёй 186 кіламетраў, абсталяваная калючай стужкай, падзяліла Белавежскую пушчу на дзве часткі — беларускую і польскую. Цягам 2024−2025 гадоў агароджу мадэрнізавалі з дапамогай датчыкаў руху і каля 1300 камер.

Яшчэ падчас будаўніцтва эколагі з розных бакоў мяжы папярэджвалі, што плот парушыць экасістэму. Але насамрэч лес быў падзелены нашмат раней, адзначаюць эксперты.

— Важна памятаць, што па беларускім баку мяжы плот стаяў прыкладна з 50-х гадоў, — расказвае беларускі даследчык (сайт беларускага нацыянальнага парку «Белавежская пушча» сцвярджае, што плот пабудавалі ў 1981 годзе. — Заўв. рэд.). — Таму міграцыі вялікіх жывёл, напрыклад зуброў, паміж Польшчай і Беларуссю не было і раней. Беларускія зубры ўвесь час жылі ў ізаляцыі ад польскіх.

Польская агароджа значна больш шчыльная — і яна пагоршыла сітуацыю. Калі раней ваўкі і рысі маглі прайсці праз беларускі плот, то зараз спыняюцца на польскім. Але дробныя жывёлы, такія як лісы ці куніцы, здольныя пералезці праз краты.

Як з’явілася «трэцяя Белавежская пушча»

— Цяпер паміж польскай і беларускай агароджамі ёсць зона — і некаторыя жывёлы аказаліся закрытымі ў гэтай міжплотавай прасторы. У некаторых месцах яна шырокая — каля двух кіламетраў, — у некаторых вузкая — некалькі сотняў метраў. Так жывёлы ў гэтай паласе і гуляюць, у тым ліку зубры і алені, — расказвае эксперт з беларускага боку пушчы.

Агульная плошча «трэцяй» Белавежскай пушчы складае каля 35 квадратных кіламетраў.

Дырэктар Інстытута біялогіі млекакормячых Польскай Акадэміі Навук Міхал Жмігорскі пагаджаецца, што плот стаў праблемай не для ўсіх жывёл. Напрыклад, птушкі могуць спакойна пераляцець агароджу. Але навуковец дадае, што для сярэдніх і буйных жывёл міграцыя паміж бакамі лесу ўскладнілася.

— На беларускім баку плот быў зроблены з калючага дроту. Гэта таксама небяспечна для жывёл — здараліся нават выпадкі, калі яны спрабавалі яго прайсці або пераскочыць і атрымлівалі сур’ёзныя траўмы ці нават гінулі. Новы бар’ер яшчэ мацней запячатаў мяжу і зрабіў яе пераход немагчымым.

Жмігорскі згадвае, што з польскага боку былі асобіны рысі, пазначаныя GPS-перадатчыкамі. Дзякуючы дадзеным тэлеметрыі навукоўцы высветлілі, што адна асобіна магла да 50 разоў на год прайсці праз мяжу. Такім чынам захоўвалася сувязь паміж папуляцыямі.

— Зараз мы турбуемся, што з-за шчыльнасці польскага плота рысі больш не змогуць праз яго праходзіць. Гэта дрэнна, бо для іх Белавежская пушча стала меншай, — кажа Міхал.

Што будзе, калі заўтра плот разбураць

У Польшчы спыняцца на адной толькі агароджы не плануюць, а хочуць яшчэ больш узмацняць мяжу ў рамках праграмы «Усходні шчыт». Пакуль дадатковыя элементы ўмацаванняў усталявалі на невялікім участку працягласцю крыху болей за два кіламетры. Але ўжо вядзецца падрыхтоўка да ўстаноўкі новай партыі. Умацаванні могуць з’явіцца і на тэрыторыі Белавежскай пушчы, што вельмі турбуе эколагаў.

— Зараз палякі абмяркоўваюць узмацненне — уздоўж усёй мяжы будуць пабудаваныя супрацьтанкавыя ўмацаванні. Тады плот падасца дробяззю ў параўнанні з тымі трансфармацыямі, якія могуць адбыцца, — лічыць беларускі эксперт.

На яго думку, нават калі адносіны паміж Беларуссю і Польшчай зменяцца, хутка дэмантаваць плот не атрымаецца. Маўляў, пабудаваць агароджу было складана і каштавала шмат грошай, але каб прыбраць яе, давядзецца выканаць не менш працы.

— Гэта ж значыць не толькі прыбраць яго фізічна. Трэба таксама прыбіраць трубы, пабудаваныя на рэках. Трэба будзе прымаць меры па аднаўленню ландшафтнага і расліннага покрыва. Гіпатэтычна гэта лёгка, але фізічна гэта будзе складаны працэс, — адзначае эксперт.

Дэмантаж плота дапамог бы рысям

Міхал кажа, што адно з галоўных пытанняў, якое турбуе польскі бок, — рысі. Гэты від лічыцца рэдкім у Польшчы. Агароджа ўзмацняе праблему, бо ў польскую частку пушчы рысі даходзілі толькі з Беларусі. Беларусь жа знаходзіцца ў асноўным арэале рысі, куды ідзе ўзмацненне папуляцыі з Расіі і краін Балтыі.

— З-за плоту асобіны ізаляваныя і не могуць змешвацца з вялікай папуляцыяй. У такім выпадку яны пачнуць размнажацца з роднаснымі асобінамі. З-за гэта могуць з’явіцца генетычныя захворванні або дэмаграфічныя праблемы. Ёсць надзея, што сітуацыя з Беларуссю неяк стабілізуецца і мы зможам размаўляць наконт аднаўлення гэтай экалагічнай сувязі. Хаця б эксперыментальна. Можа, на нейкім невялікім фрагменце ўдалося б гэта зрабіць. Гэта было б вельмі карысна, — тлумачыць Міхал.

У сваю чаргу эксперт з беларускага боку мяжы адзначае, што спробы зрабіць міграцыйны калідор ужо былі. Ідэя была ў тым, каб стварыць у беларускім плоце пераходы для жывёл.

— Было шмат намаганняў і з боку Беларусі, і з боку ЮНЭСКА, каб Белавежская пушча была сапраўды адзіным аб’ектам, каб з’явіўся адзіны план кіравання паміж Польшчай і Беларуссю, а негатыўны ўплыў мяжы памяншаўся, — кажа беларускі эксперт пра сітуацыю да 2021 года, то-бок да пачатку міграцыйнага крызісу.

Чытайце таксама: З’ездзілі ў польскую вёску ля мяжы з Беларуссю, куды стараста запрашае жыць усіх ахвотных

Бакі прыкладалі намаганні, каб мець агульныя падыходы да кіравання Белавежскай пушчай. Дзейнічала беларуска-польская працоўная група, у якую ўваходзілі прадстаўнікі акадэмічных колаў, нацыянальных паркаў, міністэрстваў.

— У прынцыпе беларускі бок быў заўсёды больш актыўны ў гэтых сустрэчах. Ужо даўно казалі, што трэба рабіць міграцыйны калідор у беларускім плоце. У 2020 годзе да гэтага падыходзілі, але пасля праца спынілася, — расказвае беларускі эксперт.

А што з зубрамі?

Перыядычна беларускі бок прадае зуброў з Белавежскай пушчы іншым краінам. У студзені 2024 года трох жывёлін адправілі ў Татарстан, а ўжо ў лютым 2025 стала вядома, што яшчэ адну партыю перададуць Расіі. Часам на зуброў дазваляюць паляваць — але толькі на асобін з рэзервовага генафонду, то-бок старых або хворых.

На думку беларускага эксперта, абурацца з-за гэтых навін не варта — папуляцыя зуброў на беларускім баку ўжо перавышае норму.

— Зубр знік з дзікай прыроды. Таму ў любой частцы, дзе бы яго ні захацелі аднавіць, гэта будзе звязана з тым, што ў адным месцы яго купяць. Таму, канешне, гэты працэс перасялення зуброў — лагічны падыход да аднаўлення відаў у дзікай прыродзе.

У беларускай Белавежскай пушчы сапраўды зуброў зашмат — 690, пры аптымальнай лічбе 400. Яны добра аднавіліся, іх кормяць, натуральных драпежнікаў ужо няма, бо ваўкі з імі не спраўляюцца, зімы сталі мякчэйшымі. Таму зубры жывуць напалову як на ферме.

Беларускі даследчык мяркуе, што на польскім баку сітуацыя з зубрамі яшчэ больш вострая. Справа ў тым, што плошча беларускага нацыянальнага парку ў два разы большая за тэрыторыю парку ў Польшчы.

Жмігорскі пацвярджае гэтую здагадку: папуляцыя зуброў на польскім баку расце дастаткова хутка. Згодна з апошнімі падлікамі Рэгіянальнай дырэкцыі Дзяржаўных лясоў Польшчы, колькасць жывёл дасягнула 870 асобін. Агулам жа колькасць зуброў на ўсім Падляшшы перавышае 1600 асобін і толькі за апошнія два гады вырасла на 15%.

— Я ведаю, што былі спробы перавезці некалькі асобін кудысьці яшчэ, дзе б хацелі аднавіць папуляцыю. Але, наколькі мне вядома, не ў Расію.

Зараз зубры пачынаюць разыходзіцца за межы лесу, часам выходзяць на фермерскія палі. Часам здараюцца аўтамабільныя аварыі.

— Але мы лічым, што мусім ахоўваць зуброў. Напрыклад, даваць пэўныя кампенсацыі фермерам або сачыць за дарогамі, каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў. Але мы не бачым неабходнасці адстрэльваць зуброў, — адзначае Міхал.

Як міграцыйны крызіс паўплываў на пушчу?

Эксперт з беларускага боку адзначае, што падчас міграцыйнага крызісу пушча выкарыстоўвалася вельмі моцна, што паўплывала на экасістэму.

— Калі зірнуць на статыстыку пераходаў мяжы, менавіта пушча была галоўным напрамкам спроб нелегальнай міграцыі. Гэта ўплывае на стан экасістэмы: велізарная колькасць смецця, шкоды, якая наносіцца. Менавіта гэта і выклікае рэакцыю з польскага боку, — упэўнены беларускі даследчык.

З пачатку міграцыйнага крызісу ў лясах пачалі з’яўляцца не толькі бежанцы, але і памежнікі, паліцыя і вайскоўцы.

—  У лесе ёсць іх машыны — гэта неспрыяльна для экасістэмы. З іншага боку, лес мае вялікую здольнасць да рэгенерацыі. Так што нават калі бежанцы паляць вогнішча два дні, а пасля сыходзяць у іншае месца, то праз некалькі тыдняў ці месяцаў ад прысутнасці чалавека не застаецца і следу. Лес вельмі хутка аднаўляецца і пераадольвае такія лакальныя парушэнні, — кажа польскі эксперт.

Якія перспектывы пушчы?

Эксперт з беларускага боку мяжы лічыць, што абедзве краіны паказваюць негатыўныя прыклады стаўлення да лесу. Беларусь — з-за міграцыйнага крызісу, Польшча — з-за будавання плота.

— Увесь сусвет у кепскім стане. Таму цяжка чакаць, што тут будзе лепш, чым усюды. Але за ўсю гісторыю Белавежскай пушчы, супрацоўніцтва і яе аховы, напэўна, гэта адны з самых складаных часоў. Зараз мы назіраем самую вялікую негатыўную дынаміку. Гэта, канешне, па абедзвюх баках.

Са свайго боку польскі эксперт раіць максімальна скараціць уплыў чалавека на лес, каб экасістэма магла аднаўляцца натуральным спосабам.

— Зараз мы рыхтуем інтэграваны план кіравання аб’ектам ЮНЭСКА, які будзе спрыяць ахове лесу. Лічу, што зараз гэта самая важная тэма, — адзначае Міхал.

Камітэт Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ўжо разглядаў у 2024 годзе пытанне захоўвання Белавежскай пушчы пасля будаўніцтва плота на польска-беларускай мяжы. Сярод негатыўных наступстваў тады вылучалі ў тым ліку фрагментацыю лясных масіваў, парушэнне натуральнага развіцця лясных экасістэм, падзел папуляцый рысі і воўка.

Беларусь рэгулярна спрабуе прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да праблемы плота на мяжы. У 2025 годзе ў беларускую частку пушчы з гэтай мэтай вазілі прадстаўнікоў ААН і ПРААН, а таксама Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Аднак падчас такіх мерапрыемстваў беларускія афіцыйныя асобы спрабуюць замоўчваць прычыну з’яўлення плота на мяжы — справакаваны Беларуссю міграцыйны крызіс. Яны фіксуюць увагу на іншых прычынах прыпынення трансгранічных стасункаў, напрыклад, на пандэміі кавіду.


Hrodna.life — некамерцыйнае незалежнае выданне для гродзенцаў у Гродне і беларусаў па ўсім свеце. Падтрымайце нас, каб захаваўся незалежны і крытычны голас, які па-беларуску расказвае важныя гісторыі. Калі гэта бяспечна для вас, вы можаце перавесці нам данат праз форму ніжэй або праз зручную платформу Buy Me a Coffee.

Далучайцеся да тых, хто ўжо дапамагае! Мы працягваем працаваць дзякуючы вашай падтрымцы!