Гродзенку Таццяну выключылі з усіх бібліятэк у родным горадзе. Яна не вярнула туды некалькі кніг — і цяпер хоча замовіць пячатку для ўласных. Дар’я чакала працягу любімай кнігі - таму прыспешвала ў сацсетках і аўтара, і друкарню. А яшчэ зрабіла фармуляры для тых, хто пазычае яе кнігі - як у сапраўднай бібліятэцы. Ірына не перавезла ніводнай кнігі з тых, што засталіся ў яе гродзенскай кватэры — для яе яны засталіся ў мінулым жыцці. А па новых кнігах яна варожыць, калі няма адказу на нейкае пытанне. Гродзенкі расказалі, як збіраюць хатнія бібліятэкі ў эміграцыі - нягледзячы на выдаткі, пераезды і магчымае вяртанне ў Беларусь.

У тым, як выглядаюць хатнія бібліятэкі эмігрантаў, нам дапамагло разабрацца беларускае выдавецтва «Янушкевіч». У яго інтэрнэт-краме «Кнігаўка» можна заказаць кнігі з дастаўкай па ўсім свеце. А ў афлайн-краме ў Варшаве кожную кнігу можна перад пакупкай патрымаць у руках і пагартаць.

Ірына: Кнігі сталі мостам да нармальнасці

 — Для мяне кнігі - гэта вельмі важная частка жыцця. Не толькі духоўнага, эмацыйнага, але і важная частка інтэр'еру. Я яшчэ з тых мамантаў, якія прыходзіць у хату і глядзяць, якія ў чалавека ёсць кніжкі - каб зразумець, пра што гаварыць з ім, «свой — не свой», — расказала чытачка Ірына.

У эміграцыі Ірына доўга супраціўлялася жаданню купляць кнігі і не толькі. Доўгі час мела толькі адзін кубак і дзве шклянкі са здымнай кватэры. Страшна было траціць грошы — нават € 1.

 — Кніжкі былі першымі, што я пачала купляць. Яны сталі мостам да нармальнасці, каб захаваць сваю галаву, адчуванне сябе. Ёсць кніжкі - і я ёсць.

Спачатку кнігі жылі на здымнай кватэры «дзе папала» — напрыклад, на вольных паліцах у кухоннай шафе. Пазней іх адтуль выжылі посуд, крупы — не па 50 грам, а па кілаграме, мука, кухонныя прылады. Адзінай мэбляй, якую Ірына набыла ў эміграцыі, стала акурат шафа для кніг з IKEA. Яна папрасіла яе ў старэйшай дачкі ў падарунак. Цяпер кнігам зноў стала цесна.

«І я не ведаю, ці то купляць новую шафу, ці што? Бо калі з’явілася шафа, я на некалькі фестываляў кніжных схадзіла — і адтуль ні разу не вярталася з пустымі рукамі».

Таксама Ірына ходзіць у кніжныя крамы ў Вільні, дзе ёсць беларускія кнігі. Часам ходзіць у букіністычныя крамы — «панюхаць», убачыць старыя выданні і трапіць у дзяцінства. Частку замаўляе з Беларусі - тое, што выходзіць там. Сустракаецца з аўтарамі і ставіць аўтографы. Звычайна купляе выданні «імпульсіўна» — таму часам аказваецца, што ёсць два асобнікі, адзін з каторых можна падарыць. Кнігі і падарожжы — гэта тая раскоша, на якую Ірына дазваляе сабе траціць грошы, якія не ідуць на аплату кватэры і ежу. «Я сябе цешу тым, што калі я куплю чарговую кнігу — я не куплю булку», — жартуе Ірына.

Яна чытае і электронныя кнігі — тыя, якія ўжо не купіш на паперы. Але хочацца трымаць кнігі ў руках і падтрымаць аўтараў і выдаўцоў. «Я ўсведамляю, што я плачу грошы за працу гэтых людзей».

Дыстанцыя паміж аўтарам і чытачом скарацілася

Такім чынам назбіралася 118 кніг, з іх 21 — не па-беларуску. Яны на рускай, польскай, літоўскай, украінскай і англійскай мовах. На рускамоўныя кнігі глядзець Ірыне нават дзіўна: «Што, сур’ёзна? Ёсць кніжкі на рускай мове?». Нават «Пиши, сокращай» [кніга пра тое, як зразумела пісаць — Hrodna.life] яна плануе аддаць, хаця ў свой час яна ёй вельмі дапамагла.

Большасць кнігі з бібліятэкі Ірыны выйшлі з друку ў апошнія гады. «Мяне вельмі радуе, што людзі пішуць. Што наша цяжкая сітуацыя з эміграцыяй, выгнаннем, стратай фізічнай радзімы, дома — яна не прыбіла, не заглушыла, не заткнула беларускіх творцаў. І я з задавальненнем чытаю. У мяне самой немата. На нешта глыбокае мяне не стае. Але калі нехта можа — гэта вельмі крута […] Можа, каб не наша вялікая бяда, і не з’явіліся б яны [кнігі]».

Цяпер дыстанцыя паміж аўтарам і чытачом скарацілася, лічыць Ірына. Чытач стаў часткай кнігатворчага працэсу. Кніга — тое, што робяць твае сябры, ты можаш выпіць з аўтарам кавы, пазнаеш месцы і падзеі з кнігі. Такога не было, напрыклад, з міжваенным Рэмаркам.

Кніжная шафа — ратавальнае кола і лек на ўсе выпадкі

Ірына есць з кніжкамі, яны жывуць каля яе ложка. Яна не баіцца капнуць на іх кавай. Але з «парадамі гуру» кшталту вырваць 10 старонак і чытаць пры нагодзе, каб не цягаць кнігу, пагадзіцца не можа. Куткі яна не заломвае, любіць закладкі і стужкі. Каб не збіралі пыл і не жаўцелі, кнігі стаяць за шклом. Чытае гродзенка ў дарозе, а летам — на балконе з кветкамі і гуркамі. «Я так сабе ўяўляю рай!» — кажа Ірына.

Хатняя бібліятэка засталася дома. «Думаю, там ужо вялікая частка — экстрэмісцкіх, каторых не папросіш перавезці. Яны засталіся ў мінулым жыцці». Але сучасную бібліятэку яна плануе забраць з сабой.

Не ўсе кнігі з бібліятэкі Ірына прычытала. Пра некаторыя яна забывае: становіцца прыемным адкрыццём, што маеш «Казкі дзеда Яна» — можна прачытаць, «калі будуць моцныя псіхі». Калі няма адказу на нейкае пытанне, то яна бярэ кніжку, загадвае старонку і радок і чытае, што будзе. «Чарую — чым сэрца супакоіцца», — смяецца Ірына. Калі ідзе ад спальні да кухні каля шафы, яна адчувае, што не самотная — мае цэлую шафу з кнігамі.

Бібліятэка Ірыны
Бібліятэка Ірыны. Фота гераіні для Hrodna.life

 — Я не магла гэта рацыяналізаваць, сказаць, чаму мне ад гэтага добра. А нядаўна пабачыла допіс у доктара Белавешкіна [урач і выкладчык, аўтар кніг пра здароўе — Hrodna.life]. Ён параўнаў кніжныя шафы з хатняй аптэчкай. Не абавязкова ж, што ўсе таблеткі, што ў вас ёсць, вы ўжываеце за раз ці кожны дзень. А тое, што ў вас нешта ёсць, што вас палечыць, надае стабільнасць. Вось гэта тое, што я не магла сказаць. Для мяне гэтая шафа — як ратавальнае кола, як лекі на ўсе выпадкі жыцця.

«Па-першае, кнігі паказваюць, што не адной табе так кепска. Адну з кніг я прачытала — „Салодкая Даруся“ Марыі Маціёс. Гэта ўкраінская аўтарка, пераклад на беларускую мову, але там вельмі пазнавальная сітуацыя. Я нават спачатку не паверыла, што гэта не пра Беларусь. Бо там — мяжа, якая раздзяліла вёску папалам. Гэты гвалт, якія тыя, што маюць уладу, робяць над простымі людзьмі. Тое, як мясцовая супольнасць падтрымлівае чалавека пасля гвалту, як аберагаюць, як не ўдаецца аберагаць, як траўма адбіваецца на чалавеку. Ну і тое, што бываюць больш цяжкія сітуацыя, чым, скажам, у мяне зараз, і гэта людзі разам неяк перажываюць. І гэта дае нейкае, можа, не заспакаенне, а больш устойлівую пазіцыю. Нехта перажыў - і я перажыву».

«Тэксты — як люстэрка, у каторым бачыш нечаканыя свае рысы»

Зараз Ірына чытае «Шэпт» Сяргея Лескеця і адчувае сябе «кожнай з гэтых бабуль» і хоча ўсіх абняць і пашаптаць. «Нешта такое падымаецца, што я нават не ведала, што ў мяне ёсць, у гэтым мітуслівым і імклівым жыцці. А яно адзываецца — карэнні, не да канца ўсвядомленыя мазгамі, прыходзяць праз чужыя тэксты. Тэксты — як люстэрка, у каторым бачыш нечаканыя свае рысы».

Ірына ўзгадвае, як чытала ў дзяцінстве ўсё — і ў яе сям'і гэта было натуральна. Як рабіла закладкі ў кнігах пра Тома Соера — у месцах пра пацалункі. Як на яе вачах вырас як аўтар Васіль Быкаў. Як дагэтуль шчымліва чытае «Сэрца на далоні». Як стала ганарыцца, што інжынер, праз кнігу «Аэрапорт» Артура Хэйлі. Дзіцячая штодзённасць прыйшла таксама ў выглядзе мастацкіх альбомаў - напрыклад, пра традыцыйныя строі. На іх выяўленая беларуска, падобная да Неферціці - яе ў дзяцінстве Ірына лічыла найпрыгажэйшай жанчынай. Як гуляла ў «Кніжкі» як у «Мема» (гульня, дзе трэба шукаць аднолькавыя карткі - Hrodna.life). Хтосьці загадваў кнігу — і яе трэба было знайсці сярод стэлажоў на ўсю сцяну.

 — Ты сказала, што спрабуеш зразумець людзей па іх бібліятэках. Як думаеш, што пра цябе разумеюць?

 — Пра мяне разумеюць, што я беларускай эмігрантка, бо пераважная большасць маіх кніжак — тое, што выдавалася ў беларускай эміграцыі. Эмігрантка, якая шукае сваю радзіму не толькі ў фізічнай прасторы. Я шукаю Беларусь, я думаю Беларусь. Не адмаўляю, не адракаюся. Я капаю, знаходжу ў сабе, у людзях вакол. Яшчэ яны разумеюць, што я — жадзіна, — смяецца Ірына. — Што не ўмею абмяжоўваць сябе.

Таццяна: «Маме надакучыла чытаць — яна сказала: „Вучыся сама“. Ну, вось я і навучылася»

Таццяна з дзяцінства марыла аб сваёй вялікай бібліятэцы. Спачатку яна збірала яе ў сваім невялікім горадзе, пазней — у Гродне, а цяпер збірае ў Польшчы. Яна акурат пераехала ва ўласную кватэру са здымнай. Кнігі змясціліся ў дзве вялікія скрынкі.

«Я чытала электронныя кнігі, але ўсё роўна — не тыя адчуванні. Я люблю вяртацца да кніг, перачытваць нейкія фразы, датыкацца да іх люблю. Люблю глядзець вокладкі, люблю нюхаць», — смяецца Таццяна. Прачытаўшы ў электронным выглядзе або пазычыўшы ўдалую кнігу, гродзенка пасля купляе яе ў папяровым варыянце — каб мець.

У бібліятэцы Таццяны ёсць кнігі на польскай, беларускай, рускай, англійскай і нямецкай мовах. Некаторыя кнігі ёсць у дзвюх моўных версіях.

Польскія кнігі Таццяна купляе ў мясцовай сеткавай краме. Кнігі на беларускай мове — у інтэрнэт-крамах. На рускай перадаюць блізкія з Беларусі ці сяброўка з Латвіі.

«Цяпер сюды перабраўся Янушкевіч, то ў яго многія кнігі бяру, — сказала гродзенка. - Хоць і да яго можна было знайсці беларускія кнігі на Allegro [мясцовы маркетплэйс — Hrodna.life], напрыклад». З Беларусі да Таццяны прыехала 5% бібліятэкі. Кніга «Вокруг света» выклікала слёзы — яе Таццяна разглядала ў дзяцінстве.

Некаторыя кнігі дасталіся Таццяне ў падарунак. А некаторыя — ад тых, хто даваў ёй пачытаць, с сорамам прызнаецца дзяўчына. Часам кнігі яна не вяртала ў публічныя бібліятэкі і плаціла за гэта штраф. Так яе некалі выгналі з усіх бібліятэк горада.

Таццяна расстаўляе кнігі на паліцы паводле моваў. Асаблівых спосабаў догляду ў яе няма.

«Але я хацела б зрабіць сваю пячатку і ўсё апячатаць, каб ніхто не стырыў маю кнігу. А калі хтосьці ўзяў, абавязкова вярнуў і ведаў, каму вяртаць. Наогул, я вельмі раўніва стаўлюся да кніг. Таму што я вельмі баюся, што мне не вернуць. Ёсць кнігі, якія мне не вярталі. Я памятаю іх дагэтуль, і памятаю гэтых людзей дагэтуль. Але з імі неяк скончыліся ўжо зносіны. Я не без грашка — у мяне таксама ёсць такія кнігі».

Гродзенка прызнаецца, што некаторыя кнігі былі набытыя проста «каб былі». Пры тым даволі дарагія. Яна любіць імі выхваляцца. Часам купляе адразу два варыянты — сабе і сяброўцы ў Латвію. Партнёр Таццяны, з яе слоў, не вельмі разумее такое захапленне. Затое рады, што заўсёды ведае, што можна прывезці ў якасці сувеніра з іншай краіны.

«На кнігі мне ніколі не было шкада грошай. Мяне з дзяцінства прывучылі да кніг. Я вельмі доўга не магла навучыцца пісаць, але вельмі рана навучылася чытаць. Я памятаю нават, як гэта адбылося. Я не магла заснуць без казак. Маме надакучыла чытаць — яна сказала: „Вучыся сама“. Ну, вось я і навучылася», — успамінае Таццяна.

У школе сястра раіла Таццяне не казаць, што яна любіць чытаць: маўляў, гэта сорамна, трэба казаць, што ты любіш тусавацца. А вось у ліцэі чытаць было «крута» — дзяўчына адчула сябе ў сваёй талерцы.

«Кожны раз сабе абяцаю больш не купляць кнігі. Але проста не атрымліваецца»

Таццяна любіць чытаць у ложку і ў час ежы. Абавязкова чытае ў дарозе. А вось любімага Бакмана чытала і на працы, каб хутчэй дачытаць. Аднойчы яны чытала замест падрыхтоўкі да іспыту — калі пачынала да яго рыхтавацца, думкі ўсё роўна былі ў кнізе. «Я такі чалавек, што я люблю пераносіць на сябе. Гэта значыць, я прачытала кнігу, я потым яшчэ некалькі дзён жыву гэтым героем».

Абмяркоўвае іх у кніжным клубе, які арганізавалі дзяўчаты-эмігранткі, каб чытаць кнігі і піць віно. Аўтарка ідэі з’ехала ў іншы горад, а справа жыве і клуб нават падзяліўся на два падклубы. Клуб падштурхоўвае прачытаць тое, што сам чытаць бы не стаў. А вось весці чытацкі дзённік у Таццяны не хапае цярпення.

«Я чытала кнігу Мары Кондо пра магічную ўборку. У ёй па графах напісана, як прыбіраць. Кожную катэгорыю ты павінен прыбіраць асобна. І там ёсць катэгорыя кніг. І вось яна распавядае, як яна выкідвала кнігі, а, напрыклад, калі кніга нейкая ёй падабаецца, яна вырывала лісцікі з яе з фразамі, якія ёй падабаюцца, каб не захоўваць цэлую кнігу. І ў мяне прям гэта як быццам яна з маіх кніг вырвала. Мне так непрыемна было чытаць. Я б ніколі не змагла са сваёй кнігі вырваць старонку або выкінуць яе. Не, гэта наогул… Я вельмі хачу, калі ў нас будзе дзіця, прывучыць яго таксама чытаць і любіць кнігі, каб мая бібліятэка перайшла да яго, і яно таксама яе цаніла, а не адправіла на сметнік».

Ва ўласнай кватэры Таццяна хоча лепей арганізаваць месца для захоўвання, купіць вялікую кніжную шафу. «У будучыні я хацела б асобны пакой менавіта як бібліятэку, дзе будзе крэсла, канапа, дзе я магу спакойна чытаць і знаходзіцца ў асяроддзі сваіх кніг. Я заўсёды хацела такі таемны пакой, каб ніхто пра яго не ведаў, толькі я. Вялікія шафы да столі, і ўсё кнігамі застаўлена. Ну, а пакуль — для іх проста з’явіцца вялікая камфортная шафа. І я кожны раз сабе абяцаю больш пакуль не купляць кнігі, спыніцца, прачытаць тое, што ёсць. Але ў мяне проста не атрымліваецца».

Дар’я: Перачытвае па-беларуску кнігі, якія ўжо чытала — і бачыць іншыя вобразы

Дар’я апісвае свае бібліятэку як маленькую, утульную і разнастайную па кірунках. Беларускамоўныя кнігі патроху выцясняюць рускамоўныя запасы са старога жыцця — каб паляпшаць лексіку. Ёсць кнігі і па-польску.

Друкаваныя кнігі яна набывае праз чароўны пах, які ўводзіць у транс, і магчымасць падкрэсліваць важнае.

«Па-другое, я купляю кніжкі беларускіх выдаўцоў, і гэта мой спосаб падтрымаць гэтую дзейнасць. Я б хацела, каб мае грошыкі шлі менавіта ім, а не нейкаму сайту. Я гэта разглядаю як данат. Большасць кніг, які ў мяне ёсць, можна спампаваць бясплатна. Але хочацца ўсё ж такі падзякаваць людзям за працу, за пераклад, за друк, за цудоўныя малюнкі, які ёсць у гэтых кнігах».

Таксама Дар'і больш важна мець матэрыяльную рэч, чым нешта ў тэлефоне.

Зараз Дар’я перачытвае на беларускай мове кнігі, якія ўжо чытала па-руску. І бачыць іншыя вобразы. «Гэта для мяне адкрывае абсалютна новы сэнс з новых ракурсаў. Як кажуць, ментальнасць залежыць ад таго, на якой ты мове думаеш. І вось з кнігамі гэта таксама працуе». Яна лічыць, што праз кнігу можна атрымаць вопыт, які б ты інакш не атрымаў.

Дар’я шануе кнігі - так яе прывучылі ў дзяцінстве. «Мы гэтыя кнігі чытаем усёй сям’ёй па чарзе. Мне важна, напрыклад, падкрэсліць пэўныя месцы, якія мне спадабаліся, ці месцы, дзе я ўжо здагадалася, якая будзе канцоўка. На той выпадак, калі мой муж дойдзе да гэтага месца і мы зможам абмеркаваць гэта».

Кнігі захоўваюцца ў шафе ў зале. Ніжэй — кнігі для дачкі, вышэй — для пары. Дар’я абменьваецца кнігамі з сябрамі. Таксама падзяліцца імі можна на літаратурным гуртку. Дар’я пачала запісваць, хто і калі ў яе іх пазычае. Да канца дэдлайна яна нагадвае пра гэта. Бо ў яе самой былі выпадкі, калі яна не магла ўзгадаць, у каго пазычыла кнігу. «Субкультура вакол кніжак у Беластоку пачынае развівацца. І мне гэта падабаецца».

Дар’я асобна ставіць па паліцы кнігі, якія пакуль не будзе чытаць. Напрыклад, няпоўныя серыі - бо яна любіць чытаць іх цалкам. Так стаяць тры «Гары Потэры» і «Вядзьмар». «Гары Потэра» праз палітычныя прычыны не дазволілі далей выдаваць па-беларуску. Беларусы нават стварылі петыцыю, каб ён усё ж з’явіўся.

Некалькі месяцаў «ваявала» за кнігу

Дар’я стараецца купляць кнігі ў цвёрдым пераплёце. Для мяккага гродзенка купляе вокладкі. «З другога боку, калі кніжка падзёўбаная, то відаць, што яе чыталі». Але дзяўчына хоча, каб кніга дажыла да часоў, калі яе дачка пачне ёй цікавіцца.

Купляе кнігі Дар’я на кірмашах, праз інтэрнэт, атрымлівае ў падарунак. Дома ў Беларусі засталося шмат класічнай літаратуры, «цяжкай». «А зараз не вельмі хочацца чытаць штосьці з невясёлай класікі. Хочацца ўзяць кніжку і выйсці ў лепшы свет».

З жыццесцвярджальных кніг гродзенка прачытала «Вольнеры» Валера Гапеева. «Калі я прачытала першую частку, а яна выйшла ў 23-м годзе, я вельмі перажывала, што наступная выйдзе ў якімсьці там 25-м. Я пайшла ў інтэрнэт, знайшла старонку Валера Гапеева, напісала яму: „Што за фігня, што за расчараванне? Калі будзе мая другая частка? Чакаю“. І так перыядычна нагадвала. Потым я прыспешвала ў гэтым чаціку, калі ж яна надрукуецца. Дзе мая кніжка?». Так некалькі месяцаў яна «ваявала» за кнігу.

Якую кнігу перачытвала найчасцей

Чытае Дар’я кнігі на пуфіку, які называе сваім гняздом. У яе ёсць спецыяльны абадок на галаву. Калі Дар’я яго надзявае, то сям’я разумее, што яе нельга чапаць. Чытаць некаторыя кнігі яна можа суткамі з перапынкам на сон. Спецыяльна купляе «дарожныя» кнігі невялікага памеру, якія пасля нагадваюць пра падарожжы.

Мноства разоў Дар’я перачытвала «Хронікі Нарніі». У дзяцінстве яна там бачыла цуды, у падлеткавым узросце — адносіны братоў-сясцёр, зараз — гісторыю станаўлення асоб. Калі аўтар «не ідзе», яна да яго не вяртаецца. Так было, напрыклад, з Пялевіным. «Дарасла» Дар’я да Оруэла. «Пасля гэтых цяжкіх кніжак, якія я калісьці адкладала і баялася, зараз я, наадварот, адчуваю аблягчэнне і такое пазітыўнае стаўленне да жыцця».

Кнігі беларускіх аўтараў і сусветныя бестсэлеры на беларускай мове можна купіць у выдавецтве «Янушкевіч». У яго інтэрнэт-краме «Кнігаўка» можна заказаць кнігі з дастаўкай па ўсім свеце. А ў афлайн-краме ў Варшаве кожную кнігу можна перад пакупкай патрымаць у руках і пагартаць.