Палярны мядзведзь, што з’явіўся ў экспазіцыі Гродзенкага гісторыка-археалагічнага ў пачатку 2016 года, — экспанат насамрэч унікальны. Як раней толькі ў Гродзенскім заапарку можна было пабачыць арктычнага мішку, так і зараз — больш ніводны музей краіны не мае такой цікавосткі. Пра звычкі палярных мядзведзяў і лёс белага і пухнатага «скарба» распавяла загадчыца аддзела прыроды Таццяна Дубатоўка.
![загадчыца аддзела прыроды, Таццяна Дубатоўка](http://hrodna.life/wp-content/uploads/2017/03/image00012-1.jpg)
Белыя мядзведзі жывуць у Арктыцы на дрэйфуючых ільдах. Гэта адны з самых вялікіх сухапутных драпежнікаў на зямлі. Памеры самцоў палярных мядзведзяў могуць дасягаць 2,5−3 метраў, а вага — амаль тону. Яны палююць на цюленяў, нерпаў, марскіх зайцаў ці маржоў. У прыродзе колькасць палярных мядзведзяў паступова змяншаецца — арктычныя ільды патроху растаюць. Зараз гэта жывёла занесена ў Чырвоную Кнігу.
![Белы мядзведзь](http://hrodna.life/wp-content/uploads/2017/03/image00007-2.jpg)
Тое, што мядзведзей называюцца белымі, зусім не азначае, што яны такія насамрэч. Скура ў гэтых жывёлаў чорная, каб лепш захоўваць цяпло. А футра з узростам выгарае ад сонечнага святла. Таму дарослыя жывёлы маюць колер, бліжэйшы да жоўтага. А праз тое, што ў порыстай структуры поўсці могуць заводзіцца мікраскапічныя водарасці, футра можа набываць зялёнае адценне.
![Image00004](http://hrodna.life/wp-content/uploads/2017/03/image00004.jpg)
У нашых шыротах пабачыць такога звера можна толькі ў заапарку. Гродзенскі, за савецкім часам адзіны ў Беларусі заапарк, меў у сваёй калекцыі адразу пару белых мядзведзяў. У музеі кажуць, што на выставе экспануецца мядзведзь, які меў мянушку Ураган, а на сайце заапарка ёсць згадкі пра мядзведзіцу па мянушцы Пурга. Гэтую пушыстую парачку «размеркавалі» ў наш горад з Маскоўскага заалагічнага пітомніка ў 1954 годзе.
![белы мядзведзь](http://hrodna.life/wp-content/uploads/2017/03/image00010-3.jpg)
Каб стварыць ім арктычныя ўмовы ў Гродне, у клетцы ўсталявалі ванну і прадугледзелі абліў халоднай вадой. Палярныя мядзведзі пражылі ў заапарку каля 20 гадоў. У канцы 70-х першай памерла самка, а праз пару год і самец.
Пудзілы з мядзведзяў рабілі ў таксідэрмічнай майстэрні белавежскай пушчы. З 2016 года Ураган стаў часткай пастаяннай экспазіцыі аддзела прыроды. Да гэтага часу ён падарожнічаў у складзе перасоўных выставаў музея.
![Жыўна Станіслаў](http://hrodna.life/wp-content/uploads/2017/03/image00015-1.jpg)
Цяпер побач з белым мядзведзем тут можна пабачыць таксама нільскага кракадзіла, трапічных матылькоў ці ракавіны марскіх малюскаў.
[irp posts="10 680″ name="Вечны каляндар з Гродзенскага музея выдалі 200 гадоў таму дзякуючы краўдфандынгу"]