Людзі і справы

Беларусь, якая плача. Як беларуска збудавала ў Грузіі паспяховы бізнес на ювелірцы

Кулон — контур Беларусі з каменем у выглядзе слязы — носяць беларусы ў больш як 50 краінах свету. Сярод іх — музыкі і настаўнікі, супрацоўнікі амбасадаў, тыя, хто за дэмакратыю, і тыя, хто за рэжым Лукашэнкі. Для беларускі Сашы Курковай гэта быў адзін з першых у яе жыцці ювелірных вырабаў. І першая ідэя, якая прыйшла ў галаву — праз тое, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі. Hrodna.life пагаварыў з ёй пра гісторыю поспеху ідэі і бізнэсу.

Зараз заснавальніцы брэнда Belaruskicry Аляксандры Курковай 30 гадоў. Саша родам з Навагрудка. Ювелірнай справай яна ўпершыню занялася пасля эміграцыі ў Грузію ў лютым 2021 года. Увосень таго ж года Саша зрабіла першую «Беларусь» са слязой. Ідэю ацанілі сябры, потым сябры сяброў. Праз два месяцы заказаў на кулон было ўжо 30, яшчэ праз два — 150.

Аляксандра Куркова. Фота прадастаўлена гераіняй

Чаму Беларусь плача

Назва брэнда знайшлася ў Twitter (зараз ужо Х). «Пад чарговым дурдомам, які ў нас адбываецца, чалавек у каментары напісаў, што гэта нейкі беларускі cry [cry — англ. „плач“, гучыць як „край“ — Hrodna.life]», — расказала Саша гісторыю нэймінгу для Hrodna.life. Гэта было задаўга да стварэння брэнда і запомнілася,
а потым своечасова спатрэбілася.

«Я маркетолаг паводле адукацыі і ў душы. І мне вельмі падабаецца, як прыгожа брэнды, рэчы знаходзяць сэнс. І наколькі гэта ўсё глыбей і далей, чым проста рэчы».

Беларусь, якая плача. Фота: Instagram Belaruskicry

Ідэя контуру Беларусі са слязой для Сашы была на паверхні. «Мы народ, які ніколі не прыходзіў на чужую тэрыторыю без запытання, але на нашу гісторыю заўсёды рабілі замах розныя бакі. Слёзы, перажыванні, боль нашу гісторыю пераследуюць заўсёды. Тут складана было стварыць брэнд, заснаваны толькі на радасці і на прыродзе».

І дэмакратам, і праўладным

Зараз Belaruskicry выпускае карту Беларусі са слязой або без яе, з калючым дротам, слёзкі з камянёў як асобныя ўпрыгажэнні, фрагменты беларускага арнаменту і іншае. Упрыгажэнні брэнда носяць тыя, хто ўсведамляе сябе беларусамі, прычым усё адно, якой яны палітычнай пазіцыі, на якой мове размаўляюць ці дзе зараз жывуць, кажа Саша.

«Што б мы ні рабілі, мы робім гэта найперш для сябе. Мусіць, людзі жадаюць у нейкім фізічным выкананні на сабе захаваць свае думкі і перажыванні. Ужо ў другую чаргу, магчыма, для таго, каб пазначыць сябе беларусамі, заявіць свету, што я беларус».

Замоўцы брэнда — у асноўным людзі, якія падтрымліваюць дэмакратычныя сілы. Але часам бываюць і з праўладнай пазыцыяй. «Некаторыя [з іх] таксама любяць і беларускую мову, і шануюць гісторыю — у сваім разуменні».

Чытайце таксама: «Мне нужно, чтобы в украшение была заложена идея». Какие аксессуары носит Екатерина Водоносова

«Мы імкнемся быць больш пра мастацтва. Але ў нас у краіне нават проста гісторыя і мова можа быць незаконнай. Таму вельмі цяжка спрабаваць быць сацыяльнымі, мець свой голас, пазіцыю, і пры гэтым быць законнымі ў Беларусі. А яшчэ і прымудрацца падабацца гэтым праўладным людцам. Для мяне гэта феномен».

Ад маркетолага і выратавальніка прызыўнікоў - да ювеліркі

Саша вучылася на маркетолага ў БНТУ, але не скончыла: ва ўніверсітэце стала сумна. Яна працягнула вучыцца сама, на курсах і ў школах павышэння кваліфікацыі. Потым, акрамя маркетынгу, былі і свае маленькія бізнэсы, працавала СММ-шчыцай, сцюардэсай, мэнэджэркай сярэдняга звяна — дзяўчына шукала сябе і доўга на працах не затрымлівалася.

«Заўсёды была прага ствараць нешта сваё, вось і набіралася досведу з розных сфер, — тлумачыць Аляксандра. — Мне здаецца, у прадпрымальніцкай дзейнасці ўсё так ці інакш спатрэбілася».

Аляксандра за працай. Фота прадастаўлена гераіняй

Адзін з бізнэсаў быў «сацыяльным» — кансультацыі прызыўнікоў, якія хацелі выратавацца ад войска. У кампаніі абсалютна афіцыйна працавалі кансультанты з ваенкаматаў: лекары, старшыні камісій, якія вельмі добра валодалі дакументамі. Кліенту раілі, што трэба праверыць, зыходзячы з яго захворванняў. Ён ужо сам хадзіў у дзяржаўныя ўстановы і збіраў дакументы, а потым, пасля юрыдычнай кансультацыі, ішоў у ваенкамат.

Таксама Сашу заўсёды вабіла біжутэрыя. Яна займалася апсайклінгам (стварэнне і дэкор адзення і рэчаў на базе старых) сваіх рэчаў, цікавілася модай, заканчвала курсы стыліста, спрабавала быць візажысткай. Якраз перад пераездам у Грузію дзяўчына схадзіла на двухдзённыя курсы — як збіраць упрыгожванні. Тады падумала, што збор біжутэрыі сапраўды не стане прафесіяй. А калі прыехала ў Грузію, прыйшлося два тыдні сядзець на каранціне. І яна вырашыла не разменьвацца на дробязі, а заняцца адразу ювеліркай — падумала, будзе цікава.

Праз два месяцы ўжо не спраўлялася

Навучанне заняло паўгода. У верасні-кастрычніку 2021 года Саша ўжо рабіла ўпрыгожанні. Яшчэ пару месяцаў працягвала працаваць за ювелірным сталом, але ўжо ў снежні заказаў было больш за трыццаць. Яна не цягнула іх сама — прыйшлося дэлегаваць.

Першы час палова заказаў былі для сяброў, некаторым Саша проста дарыла кулоны. Пасля таго, як пра яе выйшаў артыкул в CityDog, большасць вырабаў пайшла на продаж. Першымі замоўцамі сталі беларусы, якія пераехалі ўжо даўно, задоўга да 2020 года.

Сама Аляксандра з’ехала з Беларусі ў лютым 2021 года праз палітыку: у 2020-м была вельмі актыўная на мітынгах, фота з ёй трапіла на TUT.BY. «Паціху пачалі да ўсіх дадому прыходзіць, і проста стала страшна заставацца». На той момант яе ўжо былы муж працаваў у Амерыцы. Саша збіралася паехаць туды, і стала вывучаць ювелірнае мастацтва як навык, з якім яна зможа там працаваць.

Але з мужам разышліся, а Belaruskicry пачаў актыўна развівацца. Арганізаваць такую ​​вытворчасць, атрымаць легалізацыю, у тым ліку для ювелірнай прадукцыі, у Грузіі аказалася проста, як мала дзе.

«Нават калі я вельмі захацела б, мала куды я магу пераехаць з такім бізнэсам. Таму Грузія пакуль што аптымальная краіна для ўсяго. Я зараз вывучаю пытанне Польшчы, але тут, у Грузіі, зусім іншае вядзенне ювелірнага бізнэсу».

Пры гэтым, калі брэнд разросся, у Грузіі ўдалося знайсці толькі адну вытворчасць з дастатковымі тэхнічнымі магчымасцямі. У асноўным ювеліры-прыватнікі бяруць невялікія замовы, або атрымліваецца шмат хібаў.

Праз рост прыйшлося тармазіць

«Я сёння перабірала рэчы і знайшла аркушык, дзе ў мяне былі запісаныя мае кліенты, першыя. Пісала, што хто купляе, якая краіна, пісала нікі ад рукі ў нейкія нататнікі».

Спачатку з кантэнтам стала дапамагаць сяброўка з Мінска. Пасля прыехала другая — дапамагала разбіраць дырэкт і весці бухгалтэрыю. Людзей рабілася больш. Першапачаткова гэта былі сябры, знаёмыя, сваякі, якіх Саша прасіла аб дапамозе.

«Па факце мы зачынялі дзюры, таму што рост быў вельмі вялікі: з 30 кулонаў у снежні ў лютым-сакавіку ўжо было 100−150, у красавіку-траўні гэта ўжо магло быць 300».

Першы час працавалі без заробку — усе атрыманыя грошы даводзілася адразу ж укладваць. Зараз абарот брэнда — $ 40 000 на месяц. «Мы часта працуем у мінус, бо развіваемся за свае грошы і не бралі інвестыцый ні разу».

Праз рэзкі рост у жніўні 2022 года каманда ўжо не спраўлялася, і ўсё прыпынілі. «Мы неяк не размеркавалі сілы. Сарафанка працавала, і шмат вядомых людзей нас пачалі посціць. Было больш за тысячу заявак у дырэкце, па 300−400 адправак на месяц трэба было рабіць па свеце. Ювеліры ў Грузіі ад нас адмаўляліся, бо вялізныя партыі».

Цяпер у Belaruskicry 10 супрацоўнікаў. Некаторыя людзі працуюць на асобных праектах. Дзяўчыны, якія працуюць з брэндам — ​​у асноўным тыя, хто да гэтага купляў кулоны Belaruskicry. Практычна ўсё ў камандзе — беларусы. Не беларусаў - пара чалавек, і 10−15 ювеліраў-грузін на мясцовай вытворчасці, з якой супрацоўнічае брэнд. «Але і яны паглыбляюцца ў нашу гісторыю, культуру і тое, чым мы жывем, што нам баліць». Цяпер у Тбілісі працуе офіс і крама брэнда. І сайт, і Instagram каманда вядзе па-беларуску.

Вядомым людзям за рэкламу не плацяць

Саша адпраўляла кулоны ў падарунак людзям, якія яе захапляюць, за кім яна сочыць. «Мне было важна падарыць ім упрыгожванні. Некаторыя [вядомыя людзі] пісалі самі, што жадаюць набыць, і мы ім пісалі, што жадаем зрабіць падарунак». А камусьці кулон-Беларусь дарылі сябры. «Святлане Ціханоўскай увогуле яе калежанкі падарылі кулон, замовілі ў нас. Мы не ведалі, што гэта адправіцца да яе, ужо па факце ўбачылі».

За рэкламу нікому з іх не плацілі. «У нас шмат муз, нашых ідэйных натхняльнікаў. Уся наша новая калекцыя, напрыклад, у прынцыпе, натхнёная беларускімі вышывальшчыцамі».

Музы брэнда і Кацярына Ваданосава, і Naviband, і Iva Sativa — для яе рабілі персанальнае ўпрыгожванне. «Спявачка Palina была першая наша муза, яе „Як ты“. Да гэтага часу людзі часта ставяць сторыс менавіта на гэтую песню пад распакоўку». Натхняюць і многія іншыя, менш вядомыя людзі, звязаныя з беларускай культурай.

Але найбольш Саша хацела б, каб яе вырабы насілі людзі, якія зараз гэтага не могуць зрабіць — палітвязні.

Геаграфія — больш за 50 краін

За час існавання Belaruskicry па свеце разляцелася больш за 5−6 тысяч упрыгожванняў з контурам Беларусі. У сярэднім брэнд адпраўляе 400 пасылак на месяц, у адной пасылцы можа быць некалькі ўпрыгожванняў.

У Беларусь адпраўляецца 30−40% заказаў. Амаль столькі ж — у Польшчу. Пасля ідуць іншыя краіны каля Беларусі, куды беларусы эмігравалі найперш. Далей — Амерыка, Нідэрланды, Вялікабрытанія, Германія, Ізраіль, Грузія, Казахстан, Афрыка, Аўстралія. Усяго больш за 50 краін. Геаграфія настолькі вялікая, што складана працаваць з пункту гледжання лагістыкі і аплаты.

«Мы зараз спрабуем падключыць анлайн аплаты на сайт, але ўсе адмаўляюцца, напэўна, праз словы „беларускі“ ў назве брэнда. Але мы робім упрыгожанні для беларусаў. Тут грузіны не разумеюць, што мы ў Грузіі ўвогуле робім».

Пры гэтым у Беларусь адпраўляць прасцей, чым куды-небудзь яшчэ: Грузія не абрэзала масты, паміж краінамі цудоўныя адносіны. «Але мы не можам адмовіцца ні ад адной краіны. Беларусы раз’ехаліся паўсюль».

Краіны, якія шмат перажылі, больш шануюць сваё

Сама ідэя брэнда натхняе і шматлікіх замежнікаў.

«Часам у нас заказваюць карту сваёй краіны людзі з іншых краін, як у брэнда, які нясе такі пасыл — нешта пра дом, пра карані, пра памяць. Людзі з іншых краінаў разумеюць, што гэта за каштоўнасці. Экспаты з розных краін свету носяць свае карты на шыі. У многіх краінах, якія, магчыма, крыху больш перажылі нейкія гістарычныя падзеі на сваім шляху, вельмі развіта нацыянальнае. Людзі пачынаюць сябе больш ідэнтыфікаваць са сваім народам, са сваёй культурай. Ім хочацца больш згуртавацца».

Карта краіны — матэрыяльнае ўвасабленне адзінства беларусаў. Фота: Instagram Belaruskicry

Карта краіны — матэрыяльнае ўвасабленні такога адзінства. Да таго ж гэты ювелірны выраб, які можна насіць, не здымаючы, і з ім нічога не адбудзецца. У крайнім выпадку срэбра пацямнее, але яго можна пачысціць.

Пераймальнікам — не шкада

Саша «вельмі-вельмі добра» ставіцца да пераймальнікаў, якія выкарыстоўваюць ідэю карты Беларусі, але з іншых матэрыялаў. «Па-першае, канкурэнцыя — гэта здорава, гэта цікава, прагрэсіўна. Сумна быць аднымі на рынку. Вельмі крута, калі людзі, гледзячы на ​​цябе, натхняюцца і робяць нешта сваё. Плюс, гэта іншая коштавая катэгорыя, і гэта таксама неабходна для выбару людзей».

«Я супраць прамога плагіяту, але наша карта сапраўды вельмі прыгожая і класная, і яна належыць абсалютна ўсім. Проста ў кожнага, напэўна, мусіць быць свая інтэрпрэтацыя, але ўсё агульнае ляжыць на паверхні».

Чаму толькі ювелірка

Брэнд абдумвае запуск біжутэрыі, але Сашы яна не падабаецца з пункту гледжання даўгавечнасці. Напрыклад, з латуневага пярсцёнка на спробу вельмі хутка знялося пакрыццё. Вырашылі паспрабаваць рабіць падвойнае і патройнае пакрыццё — золатам, потым плацінай або родзіем. Але ў выніку такі выраб атрымаецца не нашмат таннейшым, чым са срэбра.

«Мне не хочацца рабіць вырабы таннейшымі, але пры гэтым менш якаснымі. Мы спрабуем аптымізаваць усе працэсы, таму што срэбра, золата ўвесь час даражэюць. Але з біжутэрыяй, на мой погляд, гульня не варта свечак — зрабіць выраб у два разы таннейшым, але ён праносіцца паўгода ці год, у адрозненне ад срэбра, які адносіцца дзесяцігоддзямі».

Беларусь — больш, чым карта

Нядаўна Belaruskicry выпусціў першую вялікую ўсвядомленую калекцыю, якую рыхтаваў паўтара гады — «Сучасная вечнасць». Гэта сімвалы беларускага арнаменту са срэбра, уручную пакрытыя эмаллю. Сімвалы выбіралі скрупулёзна, каманда вывучала матэрыялы і кансультавалася са спецыялістамі. З пяці сімвалаў, якія выбралі спачатку, у калекцыю ўвайшлі толькі два.

Глядзіце таксама: «Вечнасць у штодзённасці». Як выглядаюць упрыгожванні, натхнёныя беларускай вышыўкай.

«Калі пачалі цікавіцца, выявілася, што адзін сімвал мае сто розных значэнняў, прычым абсалютна не падобных адзін да аднаго. „Кветачкі“, „зорачкі“, „кароўкі“ — што заўгодна мог азначаць, але дакладна не „багацце“. Там нават не пахне нічым, што гуляе ў сучасным інтэрнэце».

Зараз каманда рыхтуе ўпрыгожанні з буслом. Гэта будзе адсылка да ўпрыгожвання Cartier, французскай ювелірнай кампаніі, заснаванай у 1847 годзе.

«З тэхнічнага пункту гледжання мы вельмі шмат зараз пакутуем над ім. Натхнёная я ўпрыгожаннем Жаны Тусэн, якая зрабіла для Cartier птушачку ў колерах французскага сцяга, у клетцы. Вельмі прыгожыя і выкшталцоныя ўпрыгожанні, таксама з сацыяльным падтэкстам, антываенным у тым ліку».

Таксама Саша вельмі хоча зрабіць калекцыю, звязаную з домам, вёскай, лесам — з нечым родным. У планах і калабарацыя з брэндам беларускай керамікі, з беларускімі дызайнеркамі.

Сашу натхняла і «чорная біжутэрыя», якую на землях былой Рэчы Паспалітай перад паўстаннем 1863−1864 гг. насілі як патрыятычную, а пасля яго паразы яна была выразам нацыянальнай жалобы. Але ў найбліжэйшых планах яе пакуль няма.

Гэта ўсё яшчэ наша барацьба

Спачатку эміграцыі ў Сашы былі вельмі аптымістычныя планы. Потым пачалася вайна ва Украіне.

«Я перастала думаць аб вяртанні. Проста хочацца жыць жыццё тут і зараз, і думаць аб сённяшнім сваім развіцці. Ад нас на дадзены момант не залежыць вяртанне дадому, але дакладна залежыць, якімі мы будзем беларусамі па-за Беларуссю. Гэта тое, што я магу выбраць, што я магу дакладна кантраляваць.

Беларусы вельмі дапамагаюць нам, беларусам, нашаму брэнду. Мы вельмі ўдзячныя. Адчуваем гэтую падтрымку кожны дзень, у кожным другім паведамленні, у шматлікіх падзяках, відэа, распакоўках, слязах, у паведамленнях вялізных, якія людзі нам пішуць. Мы будзем працягваць гэта рабіць, пакуль ёсць такая магчымасць. У гэтым я знаходжу зараз сваю аддушыну, і сілу, і каханне. Я адчуваю сябе беларускай дзякуючы брэнду і беларусам. Я вельмі сумую па дому, мне вельмі туды хочацца і вельмі страшна туды вярнуцца".

Belaruskicry робіць ювелірныя ўпрыгожанні аб Беларусі. Фота: Instagram Belaruskicry

Саша мяркуе, што трэба нагадваць іншым краінам пра тое, што беларусы ўсё яшчэ вядуць барацьбу, што ўсё не скончылася на вулічных мітынгах і ў дварах у 2020 годзе.

«Усё працягваецца і недзе набірае наадварот, недзе суціхае, але гэта ўсё яшчэ наша барацьба».

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024