Андрусь Фамін ужо 15 гадоў размаўляе толькі па-беларуску. За гэты час паспеў скончыць медуніверсітэт, ажаніцца і падгадаваць дзвюх дачок. Зараз Андрусь працуе ў кардыялагічным цэнтры лекарам-анестэзіёлагам. Самае частае пытанне да яго: «Чаму вы размаўляеце па беларуску?»
«Свабода» і «Пагоня» заўжды былі ў доме
Шлях да адказу на гэта пытанне пачаўся для Андруся з дзяцінства. Кажа, з нараджэннем пашчасціла двойчы. Пашанцавала з часам і з сям’ёй. Бацькі, хоць і былі рускамоўнымі, беларускасці не цураліся. «Па вечарах дома слухалі «Радыё Свабоду», чыталі газету «Пагоня».
На той час, як Андрусь дарос да школы, навучанне было беларускамоўным. Чатыры гады пачатковай школы ўсе малыя гродзенцы вучыліся па-беларуску.
«Пасля чацвёртага класа адбыліся змены ў адукацыі. Працягваў вучыцца па-руску, але тое зерне засталося і прарастала. На момант паступлення ва ўніверсітэт вырашыў - новае акружэнне, новыя людзі, каторыя дагэтуль цябе не ведалі - зручны момант, каб перайсці на беларускую мову», — узгадвае Андрусь.
Спачатку пасмейваліся, потым прызвычаіліся
«Не абышлося без добрых людзей, што спрыялі маёй беларускамоўнасці. Магу ўзгадаць прафесара анатоміі Сяргея Усоева, які, на жаль, ужо сышоў. Сам ён быў рускім, але яму вельмі падабалася мая беларускамоўнасць. Моцна мяне ў гэтым падтрымліваў. Быў яшчэ беларускамоўны прафесар Алесь Астроўскі, таксама дапамагаў парадамі».
У першы год навучання нават паўстала ініцыятыва стварыць беларускамоўную групу, але да камплекта не хапіла ахвотных. Так што навучанне засталося рускамоўным. Па словах Андруся, яму гэта не шкодзіла.
«Большасць медыцынскіх тэрмінаў лацінскія, іншыя знаходзіў у слоўніках. Спраўляўся». На якасці і выніках навучання беларускамоўнасць не адбівалася. «Вучыўся добра і з негатывам падчас іспытаў не сутыкаўся. Выкладчыкі альбо разумелі, альбо рабілі выгляд, што разумеюць», — жартуе Андрусь.
Сярод студэнтаў Фамін быў адзіным беларускамоўным. Кажа, спачатку калегі пасмейваліся з некаторых словаў, а потым прызвычаіліся і абсалюта нармальна ставіліся і да яго, і да мовы.
Моманты, калі трэба нешта патлумачыць ці перакласці, узнікаюць і зараз. «Быў адзін пацыент гады тры таму, чачэнец па нацыянальнасці. Вельмі яму беларуская мова спадабалася, хоць і не ўсё разумеў. Перакладаў яму на рускую. Да гэтага часу вітаецца, калі ў горадзе сустракаемся».
«Ціха! Беларускі доктар ідзе!»
Адна з былых пацыентак кардыёдыспансэра распавядала, што ў палатах паміж сабой лекараў называюць па спецыяльнасцях — хірург, ці рэаніматолаг. Андруся сярод усіх вылучаюць і называюць «беларускі доктар». Асобныя спрабуюць у адказ таксама гаварыць па-беларуску.
«У некаторых засталіся стэрэатыпы, што калі чалавек размаўляе па-беларуску, то ён абавязкова належыць да якой-небузь партыі. Цікавяцца, чаму так размаўляю. Мяне здзіўляе гэта пытанне. Усім адказваю, што мы жывём у Беларусі, то на якой мове я павінен размаўляць?»
Па-беларуску Андрусь размаўляе і ў аперацыйнай, але тут за сябе гаворыць справа. За дзевяць гадоў працы ён двойчы паспяхова здаваў кваліфікацыйныя іспыты, абодва разы па-беларуску. Зараз рыхтуецца да экзаменаў на лекара вышэйшай катэгорыі.
«Канечне, ў нас пераважная большасць літаратуры на рускай ці англійскай, але перакладаць не складана. Большаць тэрмінаў лацінізавана, то чытаць нават лягчэй, чым мастацкую літаратуру».
Мама «на диване», тата «на канапе»
Пытанне пра вольны ад працы час застае Андруся знянацку. «На Савецкай не памятаю, калі быў апошні раз». Але ў выніку прызнаецца — летнімі ранкам любіць схадзіць на рыбалку. У гэтым хобі моўная сітуацыя, па яго словах, «інтэрнацыянальная». Спінінг, ён і па-беларуску — спінінг. Шчупакам і акуням перакладчыкі не патрэбны. «Галоўнае, прыйсці параней, бо потым вольных месцаў каля Нёмана не застанецца».
У сям'і Фаміных — поўнае двухмоўе. Андрусь гаворыць па-беларуску, жонка і старэйшая дачка-трэцякласніца - па-руску. Малодшая з моўным пытаннем не вызначылася, бо мае толькі дзевяць месяцаў ад нараджэння і не ўмее гаварыць. Але па назіраннях бацька ўпэўнены — па-беларуску яна разумее.
Старэйшай бацькі дапамагаюць даваць рады з урокамі. Мама тлумачыць па-руску, а тата па-беларуску. Кніжкі і казкі ў яе таксама на дзвюх мовах. Калі тата з мамай вечарам адпачываюць поруч, то дзяўчынка ведае, што мама сядзіць «на диване», а тата — «на канапе».
«Я пачаў і працягваю размаўляць па-беларуску, бо лічу, што гэта правільна ў Беларусі. Але прымушаць да мовы нікога не буду. Выбар мае быць своечасовым і добраахвотным».