Дадаць навіну
Серада, 14 лістапада 2018, 00:30

Беларускі доктар, асветнік, патрыёт. 115 гадоў таму нарадзіўся Мікалай Марцінчык

115 гадоў таму нарадзіўся паўзабыты беларускі асветнік Мікалай Марцінчык, рэпрэсаванага палякамі, немцамі і саветамі. Дзякуючы новым звесткам Мікалая Пацэнкі (далей М.П.) і светлай памяці Фёдара Ігнатовіча (далей Ф.І.) мы сёння можам больш напісаць пра яго лёс, хоць спрэчныя пытанні па біяграфіі яшчэ засталіся.

Нарадзіўся Мікалай Марцінчык 16 снежня 1901 года  ў вёсцы Кубельнікі Гродзенскага павета (сёння Бераставіцкі раён) у сялянскай сям’і. Дапамагаў бацькам па-гаспадарцы. У Масалянскай царкоўна-прыхадской школе атрымаў пачатковую адукацыю. Тутэйшы настаўнік  матываў разумнага хлопца да чытання – чытаў кнігі запоем. Першая кніга пра Канька-Гарбунка, пазней “Новая Зямля” запомніліся на ўсё жыццё (М.П.) І нават на помніку Марцінчыку ў Алекшыцах выбіты любімыя словы з “Новай Зямлі” Коласа…

Мой родны кут,

Як ты мне мілы,

Забыць цябе не маю сілы…

Разам з бацькамі, Міхасём Рыгоравічам і Фёклай Васільеўнай, быў у бежанстве ў Расіі ў часы І Святовай вайны. Там скончыў пяць класаў гімназіі ў Чыстопалі Казанскай губерні. Пасля вяртання паспяхова вучыўся ў Гродзенскай руска-польскай гімназіі (Ф.І.). Па  звестках Пацэнкі вучыўся ў беларускай гімназіі. Пазнаёміўся з дзеячамі беларускага руху. Адрозніваўся   адукаванасцю, літаратурнымі здольнасцямі і беларускай самаідэнтыфікацыяй. Пасля гімназіі паступіў на медыцынскі факультэт у Вільню.

Працаваў у арганізацыях і газетах

У час вучобы ў Віленскім універсітэце кіраваў Беларускім студэнцкім саюзам, рэдагаваў “Студэнскую думку”, супрацоўнічаў з газетамі “Голас беларуса” і “Сялянская праўда”, займаўся дабрачыннай дзейнасцю ў таварыстве помачы пацярпеўшым ад вайны.

З 1921 па 1938гг. сябра Прэзідыума віленскага нацыянальнага камітэта, прымаў удзел у каардынацыі беларускіх партый і арганізацый.

Меў сяброўскі білет №5 сябра БСРГ. Стаяў ля вытокаў гэтай арганізацыі. Удзельніцаў ў Гданьску (1925) ва ўстаноўчым з’ездзе. Працаваў у розных рэдакцыях газетаў Грамады.

n_m_martinchik_1_oСамая важная справа – у Таварыстве Беларускай Школы

Бадай самай важнай справай Марцінчыка была праца ў ТБШ. Быў сябрам Галоўнай управы таварыства. Прычыніўся да стварэння 12 акруговых управаў ТБШ, спрыяў стварэнню гурткоў ТБШ, беларускіх клубаў і бібліятэк у вёсках. Выязжаў  на месцы каб адстойваць патрабаванні  беларусаў да польскіх уладаў аб адкрыцці беларускіх школ. У беларускім друку таксама адстойваў правы беларусаў мець свае школы на беларускай мове (падпісваўся М.М., ці М.).

Меў добры заробак і густ, дапамагаў Забэйду-Суміцкаму

Пасля заканчэння ў 1927 віленскага ўніверсітэту быў пакінуты ардынатарам у педыятрычнай клініцы, меў прыватную практыку з высокім заробкам (мог за дзень працы набыць карову), адначасова быў інспектарам ад ТБШ у віленскай беларускай гімназіі, дзе  выкладаў анатомію і гігіену (па звестках з Вікіпедыі хімію і біялогію) і абараняў гімназію ад прэтэнзій польскай адміністрацыі і паліцыі. У гімназіі вучыўся яго малодшы брат Іван.(Ф.І.)

Мікалай Марцінчык сярод навучэнцаў Беларускай гімназіі (у цэнтры, другі рад)
Мікалай Марцінчык сярод навучэнцаў Беларускай гімназіі (у цэнтры, другі рад)

Мікалай шмат працаваў, меў добры заробак і густ. Выдатна апранаўся. Падтрымліваў імідж добрага доктара і адначасова гэта дазваляла пазбягаць залішняй увагі польскіх паліцэйскіх, бо пад моднай вопраткай насіў спецыяльную камізэльку для  дакументаў. Са свайго заробку аплачваў розныя выдаткі ТБШ, дапамагаў фінансава ў час гастроляў славутаму беларускаму спеваку Міколе Забэйду-Суміцкаму. Па звестках (Вікіпедыі) быў яго асабістым доктарам. Цікава, ці сустракаліся яны ў Гродне ў пачатку 60-х гадоў, калі Забэйда-Суміцкі прыязжаў і выступаў у Гродне ў новым Палацы культуры тэкстыльшчыкаў?

Выбарчую кампанію перашкодзіла завершыць турма

Пад час выбараў у Сейм 1927-1928 гг. у  кватэры Марцінчыка быў выбарчы штаб. З Ігнатам Дварчанінам рэдагаваў газеты “Наша праца”, “Думка працы” (Ф.І.). У сейм было абрана 5 беларускіх паслоў. Двойчы і сам быў кандыдатам у паслы Сейма (1927, 1930), паліцыя двойчы яго арыштоўвала і ён сядзеў некалькі месяцаў у Лукішскай турме, што памяшала яму ў 1930 г.завершыць выбарную кампанію у Сейм.

Па звестках Фёдара Ігнатовіча з-за адмовы палітычна супрацоўнічаць Марцінчык быў звольнены з беларускай гімназіі ў Вільні, дзе на той час працаваў дырэктарам Астроўскі. Польскія ўлады таксама хацелі яго звольніць з педыятрычнай клінікі Баторыя, але кіраўнік клінікі Ясінскі паступіў больш сумленна і адмовіўся яго звальняць.

Меў пастаянныя праблемы з камуністамі

Праціўнікі камуністычнай палітызацыі (да іх належаў і Марцінчык) лічылі, што захаваць ТБШ можна толькі выконваючы Статут ТБШ, таму ён меў пастаянныя праблемы з кіраўніцтвам КПЗБ, якія ўсяляк імкнуліся радыкалізаваць ТБШ, павярнуць на сваю карысць, не думаючы, што гэта пагражала закрыццю легальнай дзейнасці Таварыства.

Галоўная ўправа ТБШ. Злева направа ў першым шэрагу сядзяць Міхась Пяткевіч, Фелікс Стацкевіч, Сяргей Паўловіч, Мітрафан Кепэль, у другім шэрагу — Рыгор Шырма, Піліп Кізевіч і Мікалай Марцінчык
Галоўная ўправа ТБШ. Злева направа ў першым шэрагу сядзяць Міхась Пяткевіч, Фелікс Стацкевіч, Сяргей Паўловіч, Мітрафан Кепэль, у другім шэрагу — Рыгор Шырма, Піліп Кізевіч і Мікалай Марцінчык

Шмат каму з КПЗБ пад патранажам Масквы не патрэбна было культурнае адраджэнне беларусаў, яно ім замінала, як і Польшчы праводзіць сваю асіміляцыйную палітыку. Кіраўніцтва КПЗБ расцэньвала апалітычнасць як “здраду інтарэсаў беларускага народу”, ні больш ні менш.

Орган КПЗБ “Чырвоны сцяг” абвінавачваў іх у адцягванні народа ад барацьбы. Газета патрабавала выгнання з ТБШ М.Марцінчыка, Р.Шырмы, Ф.Сцяцкевіча, П. Кізевіча. Іншая камуністычная газета “Асва” пагражала “укусамі” Луцкевічам, Марцінчыкам, Шырмам, Астроўскім, Клімовічам, Станкевічам…

Палякі выслалі з Вільні

У 1932 г. польскія ўлады выслалі Марцінчыка з Вільні як “недобранадзейнага” без права вяртання. Хутка ў новым месцы (м.Ялоўка Ваўкавыскага павету, па звестках М.П. і Вікіпедыі польскія ўлады выслалі Марцінчыка ў Нараўку Гайнаўскага павета ў 1931 г.) вопытны лекар і грамадскі дзеяч стаў таксама аўтарытэтнай асобай. Ён і тут супрацоўнічаў з ТБШ, падтрымліваў і абараняў мясцовых актывістаў.

У лістападзе 1932г. ён даволі паспяхова правеў чарговы з’езд у апошняй акруговай арганізацыі ТБШ, якую пакуль не зачынілі польскія ўлады. І хоць туды быў засланы для правакацыйных пытанняў начальнік польскай паліцыі з Вільні Высакіньскі, Марцінчык жорства пераканаў дэлегатаў прытрымлівацца Статуту ТБШ і гэта дазволіла працягнуць легальную дзейнасць апошняй акруговай арганізацыі Таварыства на два гады.

Нападкі і хлусня з усіх бакоў

Хутка дайшлі водгукі з СССР пра страшэнныя сталінскія рэпрэсіі супраць беларускай інтэлігенцыі ў БССР. І тут у Заходняй Беларусі камуністы (відаць, па камандзе) распачалі кампанію па “выкрыццю” Галоўнай управы ТБШ. Гэта цалкам супала з пажаданнямі польскіх палітыкаў нацыяналістычнага накірунку.

Два лагеры ўспомнілі ўсё і пра “боб і гарох” і што быццам Марцінчык заклікаў ТБШ на з’ездзе да супрацы з “паланізацыйнымі арганізацыямі”. Пісалі скажаючыя факты, каб цяжка было апраўдацца. Польскі друк таксама не “спаў ў шапку”, пісалі на сваю карысць.

Потым “пайшла ў бой і артылерыя”. Абвінавацілі старшыню Акруговай управы В.Лукашыка у фінансавых злоўжываннях і быццам да іх меў дачыненне і Марцінчык. Той, што са сваёй кішэні даваў грошы на ТБШ і іншым арганізацыям.

Нападкі і хлусня сталі стандартнай зброяй тых часоў камуністычнай арганізацыі СССР-БССР і польскай дэфензівы. Адныя верылі газетам камуністаў, другія польскім газетам. Актывісты кшталту Марцінчыка, з беларускім светапоглядам, былі  меншасцю, таму і цярпелі ад усіх разам.

У адной з рэзалюцый 1934 года камуністы называлі Р.Шырму, М.Марцінчыка, Ф.Сцяцкевіча і іншых кіраўнікоў ТБШ “агентамі польскай паліцыі”, быццам яны хочуць звесці ТБШ са “шляху нацыянальна-вызваленчай барацьбы” і падпарадкаваць Таварыства “беларускаму нацыянал-фашызму”.

У красавіку 1934 г. Марцінчык узначаліў сельскі шпіталь у Нараўцы каля Гайнаўкі (Ф.І.). Насельніцтва добра прыняло ветлівага лекара (з успамінаў Марцінчыка 1978г.). Нават пад наглядам паліцыі ён наведваў па справах ТБШ Вільню і Варшаву. У 1934 г. зноў быў абраны сябрам Галоўнай управы. Асветніцтвам у ТБШ займаўся да 2 снежня 1936 г. – да закрыцця ўладамі Таварыства.

Перакваліфікаваўся ў вайсковага хірурга

Прыход савецкіх войскаў у 1939 г. Марцінчык сустрэў у Нараўцы, дзе працягваў працаваць лекарам.

У 1941 г. апекаваўся 150 параненымі. Медыцынякія сёстры пакінулі шпіталь. Параненыя савецкія чырвонармейцы былі размешчаны ў будынку Сельскага савета і Народнага дому. Перакваліфікаваўся ў вайсковага хірурга. Аперацыйнай сястрой стала акушэрка Кацярына Іванаўна – пасля вайны яна стане жонкай Марцінчыка. Некалькі тыдняў ішло змаганне за жыццё салдат.

Немцы напачатку не перашкаджалі рабоце лекара. Большасць салдат пасля шпіталя пайшло ў лес, сталі партызаніць. Немцы зачынілі шпіталь, арыштавалі Марцінчыка быццам бы за працяг дапамогі былым параненым салдатам, якія пакінулі шпіталь. Але доказаў не знайшлі. Выпусцілі з-пад варты, дазволілі пераехаць у Белавежу і ён там адчыніў амбулаторыю для прыватнай практыкі.

У БССР: спачатку шанавалі, потым асудзілі на 10 гадоў

З 1944 года з жонкай пераехаў у Гродна. Працаваў у дзіцячым шпіталі і адначасна ў гарадскім аддзеле аховы здароўя, выкладчыкам фармакалогіі ў фармацэўтычнай школе. З 1944 г галоўны лекар інфекцыйнага шпіталя, па сумяшчальніцтву (не хапала лекараў) быў педыятрам у абласной клініцы і лекарам у санітарнай авіацыі.

У службовай запісцы ад 20.09.1946 г. пісалі пра яго выдатныя прафесійныя і арганізатарскія здольнасці і што ён адпавядае пасадзе галоўнага ўрача і спецыяліста-педыятра. Дапамагаў, як высокакваліфікаваны спецыяліст і мясцовай партыйнай наменклатуры, якая да яго звярталася.

Некаму нешта не спадабалася. Данеслі, арыштавалі, нагадалі, пра што пісалі камуністычныя газеты ў 30-я гады. Жонка звярталася нават да Цанавы. Той параіў з’ехаць у Польшчу. У адказ яна выказала жаданне ехаць адбываць пакаранне разам з мужам. Вялікі аматар прагляду футбола з “калакольні” будынка КДБ у Мінску з усмешкай адначыў, што жонкі “дзекабрыстаў” былі жонкамі князёў і памешчыкаў.

Пастановай Асобнай нарады пры НКУС 12.03.1949 г. асуджаны на 10 гадоў. Маёмасць канфіскавалі. Адзін пакой заняў супрацоўнік НКУС. Потым падсялілі загадчыка Абласнога аддзела аховы здароўя. У апошнім пакоі засталіся жыць старая матуля, жонка і малыя дзеці – агулам шэсць чалавек. Малодшы сын Мікалай нарадзўся раней часу, у момант арышту бацькі. Роды прымаў лекар П.Церашкоў у прысутнасці супрацоўнікаў НКУС.

Жыццё з кляймом “ворага народа”

Пакаранне адбываў у Варкуце ў ППР “Ж” № 175/67. Выжыў, бо назначылі з-за дэфіцыту добрых дактароў турэмным лекарам. Пазней дазвалялі дапамагаць і мясцоваму насельніцтву. За сумленную работу меў некалькі падзякаў ад адміністрацыі лагера. 31.10.1955 г. быў датэрмінова вызвалены і звярнуўся са скаргай на неабгрунтаванасць прысуду ў Савет міністраў СССР. Адказу не атрымаў…

Пачалося жыццё з кляймом “ворага народа”. Недавер і падазронасць панавалі паўсюль. На працу браць баяліся. Змог уладкавацца толькі лекарам-педыятрам у Гродзенскі Дом дзіцяці. Толькі 26.12.1946 атрымаў рашэнне ваеннага трыбунала на сваю карысць. Прозвішча даносчыка не стала вядома. Пасля рэабілітацыі прызначылі загадчыкам аддзялення абласнога клінічнага шпіталя, адкуль ён у 1965 г. сышоў на пенсію.

Прабачэнне да шырокай публікі так і не дайшло

martsinchyikУ 1973 г. прафесар Бржэўскі пры падтрымцы адміністрацыі медінстытута паспрабаваў вярнуць з забыцця імя Мікалая Марцінчыка. Быў накіраваны запыт пра “рэвалюцыйную дзейнасць” Марцінчыка ў Заходняй Беларусі ў інстытут гісторыі партыі са спасылкай на дакументы. Аднак намеснік  дырэктара інстытута паведаміў, што партыйны архіў такіх звестак не мае, а іншыя матэрыялы “не являются основанием для выдачи справок”.

Прафесар Уладзімір Ладысёў у сваёй манаграфіі па КПЗБ (1976 г.) паўтарыў абвінавачванні Галоўнай управы ТБШ на адрас Марцінчыка.

Цяжка хворы Марцінчык быў вымушаны звярнуцца з заявай у ЦК КПБ. Ён быў зноў гатовы абараняць свае добрае імя, бо і да фінансавай палітыкі ТБШ не меў ніякіх адносінаў. Афіцыйнага адказу не дачакаўся, але яго наведаў прадстаўнік Гродзенскага абкама КПБ, які прызнаў абгрунтавансць заявы і папрасіў прабачэння, якое да шырокай публікі так і не дайшло…

“Меў мужнасць і гонар”

На 79 годзе жыцця, 23 траўня 1980 года Мікалая Марцінчыка не стала. Пахаваны ў Алекшыцах, амаль у цэнтры могілак, паблізу магілы ў памяць аб добрым доктары і асветніку “плачуць” вялікія сосны. Бадай адзіны помнік у Алекшыцах, дзе надпіс на першай дзяржаўнай мове.

dsc00322

У час наведвання ў снежні 2016 г. магілы Марцінчыка прафесар Аляксей Пяткевіч узгадаў яго: “Апошнія гады ён стаў  асцярожны, лішняга не гаварыў…”

Адразу чамусьці ўзгадаліся з “Гарадзенскага палімпсеста” 2012 года часы Цанавы ў БССР, калі ў час допытаў Марцінчык  не прызнаў сваёй віны і не абвінаваціў іншых. Меў мужнасць і гонар, як напісаў пра яго Фёдар Ігнатовіч.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: