Людзі і справы

Беларуская з нуля. Гродзенка стварыла дапаможнік па мове для дзяцей і дарослых

Кніжку для бацькоў, што хочуць дапамагчы дзецям вывучыць беларускую мову, склала і падрыхтавала да друку гродзенка Вольга Астроўская. Праграму навучання яна распрацавала самастойна. Падставай стаў досвед працы з дашкалятамі ў адным з гродзенскіх садкоў і з навучэнцамі дзіцячых курсаў гродзенскай «Мовы нанова».

Кніжка з’явіцца, калі будуць ахвотныя яе набыць

«Сяброўкі, чыім дзецям прыйшоў час рыхтавацца да школы, і бацькі малых мовананоўцаў пачалі пытацца пра магчымасць карыстацца маімі матэрыяламі. Таму і вырашыла сабраць усё разам, давесці да ладу і падрыхтаваць да друку. Калі адзавуцца ахвотныя атрымаць такую кніжку, будзем разам шукаць магчымасці, каб выдаць яе патрэбным накладам».

Складзены Вольгай дапаможнік разлічаны на працу цягам навучальнага года і паўгадзіны заняткаў раз на тыдзень. Яго могуць выкарыстоўваць і выхавацелі ў беларускамоўных групах дзіцячых садкоў. Уласна, калі Вольга яшчэ студэнткай пачынала працу над праграмай навучання, то калегі-выхавацелькі адмыслова прыходзілі на яе заняткі, каб пераняць досвед навучання дашкалят беларускай мове.

Змест і формы прайшлі выпрабаванне часам

З той пары мінула ўжо 14 гадоў і зараз, мяркуе Вольга, кніжка «даспела» і мае права на самастойнае жыццё. За гэты час склаліся і адшліфаваліся тэмы, формы і змест заняткаў, былі створаны прэзентацыі, распрацаваны гульні і практыкаванні.

Яны дапамогуць дзецям засвоіць неабходную ў штодзённым жыцці беларускую лексіку. Поры года, посуд, ежа, расліны, свойскія і дзікія жывёлы — толькі невялікая іх частка. Малюнкі, што ілюструюць у кніжцы кожнае новае слова, таксама зрабіла Вольга.

Заданні для дзяцей і бацькоў, каб вучыцца было весялей

Да кожнай тэмы ёсць і заданне, што дзеці маюць выканаць разам з бацькамі. Недзе трэба намаляваць карцінку, недзе — вывучыць верш ці іншым чынам праявіць творчыя здольнасці Чым больш інтэрактыўнасці, тым весялей заняткі і тым лепш засвойваецца мова, лічыць Вольга. За некалькі апошніх гадоў інтэрактыву ў праграме значна дабавілася. Падчас выкладання на дзіцячых курсах «Мова нанова» Вольга нават агучыла па-беларуску некалькі папулярных мульцікаў для заняткаў.

Дарэчы, на пачатку 2000-х голас Вольгі гучаў у грамадскім транспарце Гродна. Гэта яна разам з выкладчыкам беларускага фальклору Раманам Казлоўскім называла гродзенцам прыпынкі. Так што нездарма голас выкладчыцы з дзіцячай «Мовы нанова» падаваўся многім дарослым такім знаёмым.

Што да дзяцей, то яны і з голасам, і з мовай знаёміліся хутка: «Дзеці ў групах, з каторымі давялося працаваць, былі актыўныя і добра рэагавалі на новыя словы. Запамінаць праз гульню ім таксама было не цяжка. Асабліва добрыя вынікі былі тады, калі дома разам з бацькамі яны выконвалі прапанаваныя заданні».

Дзіцячая кніжка падходзіць і дарослым

Заняткі па «дзіцячай» кніжцы Вольга прапаноўвала і дарослым, каторыя мелі патрэбу вучыць мову з нуля. Часткі праграмы прапаноўвала для заняткаў сталым студэнтам з Універсітэту Залатога Веку. А зараз, напрыклад, дапамагае засвойваць беларускую Касі Рамбезе — дзяўчыне, што прыехала ў Гродна з Польшчы на валанцёрскую працу. «Не выкладаць ужо не магу», — жартуе Вольга са сваёй педагагічнай ініцыятывы, але пры тым не пакідае жадання навучыць мове ўсіх ахвотных.


Матэрыял, падрыхтаваны Вольгай Астроўскай, калі не самая першая, то дакладна адна з першых спробаў скласці дапаможнік, па катораму можна вучыць мову з дзецьмі дашкольнага ўзросту. Ранняе знаёмства з мовай значна абллягчае далейшае навучане, дапамагае дзецям лягчэй спраўляцца са школьнай праграмай. Ці атрымае рукапіс шанец стаць кнігай, залежыць ад водгукаў чытачоў. Напішыце ў каментарах, ці хацелі б мець такую кнігу і ці ёсць магчымасць падтрымаць гэты праект.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Каб цябе пярун забіў!» Як неверагодны пярун 90 гадоў таму трымаў у страху Гродзеншчыну

“Каб цябе пярун забіў!” - адзін з найбольш вядомых беларускіх праклёнаў. У 1934 і 1935…

22 красавіка 2025

Гродзенцы адкрылі грыбны сезон. Дзе ў вобласці шукаць смаржкі і іншыя грыбы?

З надыходам цяпла ў заходніх рэгіёнах Беларусі - Гродзенскай і Брэсцкай абласцях - сталі з'яўляцца…

22 красавіка 2025

Аліўкавыя, залатыя і мармуровыя яйкі. Трэнды Tik Tok на Вялікдзень 2025

Змяшаць два знаёмыя спосабы афарбоўкі яек і атрымаць аліўкавы колер, знайсці спосаб з дапамогай хімічнай…

17 красавіка 2025

«Усё жыццё мару, што нехта са сваякоў знойдзецца». Гродзенка расказала, як пасля вайны не змагла з’ехаць у Польшчу і трапіла ў Казахстан

Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі…

10 красавіка 2025

Мільярды еўра — Варшаве, мільёны — Мінску. Параўналі, як Польшча і Беларусь выкарыстоўвалі еўрапейскія гранты

«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…

9 красавіка 2025

Як з беларускіх зямель даплывалі да Амерыкі 100 год таму: расказвае падкаст «Зямля свабоды»

У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…

9 красавіка 2025