Зрабіць свята! Гучыць файна, але ці шмат з нас гатовы ствараць такое свята для сябе і іншых? У гэтым годзе беларускую ялінку ў Горадні зладзіў гурт Vuraj пры падтрымцы Цэнтру гарадскога жыцця і Гарадзенскага дзіцячага хоспіса.
Vuraj прывёз да нас музычнае каляднае прадстаўленне па матывах казкі гарадзенца Ігара Кузьмініча «Пра гандляра Пятра, Казу і Каляды». Гэта добрая сямейная казка якая расказвае пра ўзнікненне калядаў. У гэтым сэнсе сама казка добра ўпісваецца ў традыцыйны сцэнар калядаванняў і таго што робяць калядоўшчыкі, калі яны завітваюць да нас.
Магчыма таму музычны спектакль паступова разгортваўся разам з сюжэтам казкі, а ўсе дзеці і дарослыя былі гаспадарамі, да якіх завітала казка, завіталі каляды, завіталі калядоўшчыкі.
Адметнасцю пастаноўкі можна назваць яе інтэрактыўнасць. Сам спектакль пачаўся з таго, што дзеткі як паўнавартасныя ўдзельнікі пастаноўкі зрабілі калядную зорку, а падчас разгортвання казачнага сюжэту шмат разоў далучаліся да спеваў, гульняў і самога калядавання. Але гэта далучэнне адбывалася вельмі далікатна і паступова. Праз адзінкавыя выкананні нейкіх дзеянняў, праз удзел у гульнях і чытанні вершыкаў каму пашчасціла, да далучэння ўсіх і дзяцей і дарослых да кідання снежак і агульнага спявання калядных спеваў!
Паступова адзіначкі-удзельнікі праз удзел у чароўным дзействе злучыліся ў агульным святкаванні!
Асаблівым было тое, што ў дзействе прымалі актыўны ўдзел як дзеткі і іх бацькі з хоспісу, так і звычайныя дзеткі. Усяго на беларускай ялінцы ў гэтым годзе было пад восемдзесят дзетак і іх бацькоў. Гэта добры працяг беларускіх ялінак для дзетак запачаткаваны гарадзенцамі, які апошнія два гады працягваўся «Елкай на мове». Усе разам і дзеткі і іх бацькі і акторы здолелі стварыць сапраўдне чароўнае свята для сябе!