«Дрэнна, калі нехта хварэе, асабліва муж. Але ж беларускамоўны ўважлівы лекар у хаце падымае настрой і адганяе хваробу». Гэтым допісам падзялілася ў сацыяльных сетках гродзенка Вольга Верамеенка. Сям’я Верамеенкаў - беларускамоўная. А вось лекара, каторы размаўляе па-беларуску, у горадзе сустрэлі ўпершыню.

«Калі чэсна, задзяўбло тлумачыць лекарам сэнс слоў «страўнік», «сківіца», ці «пякучка», — кажа Сяргей Верамеенка. Гэтым разам — пашанцавала. Hrodna.life адшукаў адметнага доктара і высветліў, што апроч беларускай мовы ён пры патрэбе пацыента можа перайсці яшчэ на польскую ці англійскую. Галоўнае — каб на здароўе.

Мова раней за дыягназ

Віталь распавёў, што выбар мовы ў яго адбываецца ўжо на першых хвілінах сустрэчы з пацыентам. Для сябе ён вырашыў, што будзе размаўляць з хворым на яго мове.

«Беларускамоўны лекар адганяе хваробу і падымае настрой». Адшукалі ў Гродне лекара, што заўсёды пераходзіць на мову пацыента

«Так адбылося і з вашым знаёмым, — узгадвае ён пра Сяргея Верамеенку. — А яшчэ на маім участку зараз жыве студэнт з Камеруна, які пакуль кепска размаўляе па руску. З ім пераходжу на англійскую мову. Думаю, калі б прышлося лячыць польскамоўнага пацыента, таксама змог бы з ім паразумецца».

Меркаваннем Віталя, галоўнае для лекара — зразумець, што расказвае хворы і данесці патрэбную для яго інфармацыю на зразумелай мове. «Без гэтага — ніяк. Каб не разумеў, то як бы лячыў?»

Ад бабулі, дзядулі і ўніверсітэта

Што да беларускай, то з ёй праблем у лекара ўвогуле няма. Хоць сам Віталь нарадзіўся і вырас у Гродне, школьнікам усе вакацыі праводзіў у вёсцы, у бабулі з дзядулем. «Штогод на тры месяцы ездзіў і размаўляў там па-беларуску. Можа, не на чыста літаратурнай мове, з трасянкай, але там усё прагаворвалася па-беларуску, на ўсё словаў хапала. Да гэтага часу з бабуляй і дзядулем так размаўляю».

«Беларускамоўны лекар адганяе хваробу і падымае настрой». Адшукалі ў Гродне лекара, што заўсёды пераходзіць на мову пацыента

З універсітэцкіх часоў Віталь прыгадвае заняткі па мове з выкладчыкам Віктарам Варанцом. «Цікавыя былі заняткі. З заданнямі расказаць пра любімую перадачу, кнігу ці вакацыі па-беларуску. І спецлексіка таксама». Па словах Віталя, большасць студэнтаў ставілася да моўных заняткаў сур’ёзна, як да «нармальнага прадмета, без паблажак». Да таго ж выкладчык нагадваў: «Калі-небудзь да кожнага з вас прыйдзе беларускамоўны пацыент». Для многіх будучых выпускнікоў медуніверсітэта гэта непазбежнасць. Бо вялікая іх частка атрымлівае размеркаванне ў вёску.

«Дапамагаеш людзям і яны чакаюць дапамогі»

Віталь пасля ўніверсітэту таксама працаваў у вёсцы. На шэсць гадоў месцам працы для яго стала амбулаторыя ў аграгарабку Скрыбаўцы на Шчучыншчыне. «Адносіны да лекара ў вёсцы больш паважлівыя. Там адчуваеш, што насамрэч дапамагаеш людзям і яны чакаюць тваей дапамогі». Мова таксама аказалася важнай. Беларускамоўныя пацыенты ішлі суцэльным патокам.

«Беларускамоўны лекар адганяе хваробу і падымае настрой». Адшукалі ў Гродне лекара, што заўсёды пераходзіць на мову пацыента

«Бывала, хто са старэйшых людзей, калі баліць нага, кажа „баліць у клубе“. Каб не разумеў па-беларуску, то што б думаў? У дыска-клубе баліць, ці ў клубе ананімных алкаголікаў?»

Танометр, сцетаскоп і мазгі

Праца лекара ў сельскай мясцовасці мае свае асаблівасці. На аднаго спецыяліста, як і ў горадзе, каля тысячы з паловай жыхароў. Толькі ў горадзе гэта — некалькі вуліц, а ў сельскай мясцовасці - з дзясятак вёсак. «Вёскі раскіданыя, трэба паездзіць. Але там і персанальная машына ёсць», — узгадвае Віталь.

«Беларускамоўны лекар адганяе хваробу і падымае настрой». Адшукалі ў Гродне лекара, што заўсёды пераходзіць на мову пацыента

Часам бацькі студэнтаў-медыкаў перад размеркаваннем баяцца, што маладыя лекары на вёсцы не знойдуць прымянення ведам, бо там няма сучаснага абсталявання. «Гэта больш стэрэатыпы страх і перад невядомым, перад выхадам з зоны камфорту. Можа для хірургаў ці іншых вузкіх спецыялістаў гэта было б актуальна. Але, калі ты тэрапеўт, табе патрэбны танометр, сцепаскоп і мазгі. Лекар, што едзе ў вёску, мае разумець — прыдзецца думаць, саабражаць. Па мне, гэта такі нармальны выклік. Інакш не навучышся галаву ўключаць».

Пасля абавязковай адпрацоўкі Віталь застаўся ў амбулаторыі яшчэ 4 гады. «Паглядзеў, што людзі задаволены і мне падабалася. Я быў на сваім месцы».

«Беларускамоўны лекар адганяе хваробу і падымае настрой». Адшукалі ў Гродне лекара, што заўсёды пераходзіць на мову пацыента

Асабісты прыклад лекара як сродак прафілактыкі

Сёлета ад жніўня Віnаль працуе ўчастковым лекарам у адной з гарадскіх паліклінік. Наконт найбольш частых прычын звярнуцца да лекара, горад ад вёскі мала чым адрозніваецца. Маладзейшыя часцей звяртаюцца з захворваннямі дыхальных шляхоў і праблемамі са спіной, сталыя скардзяцца на праблемы з сэрцам ці суставамі.

Прычына ў многім у адсутнасці фізічнай нагрузкі і нездаровым ладзе жыцця, мяркуе Віталь. Кажа, што на вёсцы з прафілактыкай было лягчэй, бо там усе на віду і спрацоўвае асабісты прыклад. «Цюкаць чалавека ўвесь час — не дапаможа. Толькі асабісты прыклад. Я не палю, і гэта мой, як лекара, прыклад. Штотыдзень наведваў секцыю па валейболу. Людзі бачаць: „Ага, доктар пайшоў гуляць, то і мы пойзем“. У горадзе так немагчыма. Тут мы больш на дыстанцыі».

«Беларускамоўны лекар адганяе хваробу і падымае настрой». Адшукалі ў Гродне лекара, што заўсёды пераходзіць на мову пацыента

Нават у горадзе, калі лекар працуе на ўчастку доўга, то вылучыць сваіх пацыентаў нават у натоўпе, мяркуе Віталь. «На весцы, то дакладна ўсіх сваіх ведаў. А тут пакуль не, патрэбен час». Напэўна, добры лекар атаясамляе сябе з участкам. Пры нагодзе распытае і пра сям’ю хворага, бо разумее — каб справа ішла лепш, такі сямейны падыход мае сэнс".

Не працай адзінай

Віталь распавёў, што вяртанне ў Гродна звязана з акалічнасцямі асабістага жыцця. Пра іх ён распавёў на відэа. Канечне, на розных мовах. Застаецца толькі пажадаць яму поспеху!

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life