У гродзенкі Кацярыны Трамбовіч нібыта няма падстаў хвалявацца. Яе не штрафавалі, не забіралі на суткі і не звальнялі з працы. Але ўзровень стрэсу ў штодзённым жыцці ўсё адно такі, што бывае складана засяродзіцца на працы або заснуць. Разам з карэспандэнткай Hrodna.life Кацярына праверыла на сабе пяць спосабаў справіцца са стрэсам, якія рэкамендуюць псіхолагі з інтэрнэту.
Кацярына — бухгалтарка ў фірме па міжнародных грузаперавозках. Яе муж працуе за мяжой. Па некалькі месяцаў яго няма дома. «Пераймаюся за мужа, за працу, за штодзённы паток навін. Усё гэта вельмі ўплывае на эмацыйны стан», — распавядае Кацярына.
Яе звычайны «антыстрэс» — хатнія ўлюбёнцы. «Добра, што дома ёсць коцікі. Пагладзіш іх, прыйдуць, мурлычут побач з табой, і становіцца неяк лягчэй».
Раней для заспакаення Кацярына малявала, разгадвала японскія сканворды і так адпачывала. Цяпер гэтага не робіць, кажа, што няма жадання, ды і наўрад ці дапаможа. Таму яна стала шукаць, што раяць рабіць у такіх сітуацыях псіхолагі з інтэрнэту.
Медыцынскі слоўнік кажа, што стрэс — гэта «стан напружання арганізма чалавека». Гэта ахоўная рэакцыя на неспрыяльныя фактары, фізічныя і псіхічныя траўмы. Калі стрэсавая сітуацыя паўтараецца і траўмуе псіхіку, можа паўстаць посттраўматычны стрэсавы разлад (ПТСР).
Псіхолаг Ганна Каралькова з Мінска раіць у складаных псіхалагічных сітуацыях рухацца. «Паскакаць на месцы, патрэсці рукамі і нагамі. Прахлопалі ўсё цела сваімі далонькамі, пачынаючы з ног і заканчваючы макаўкай».
Чытайце таксама: «Весело и с пользой». Гродненцы за час забега собрали почти 250 килограмм мусора
Кацярына вырашыла далучыцца да трэніровак сяброўкі, якая прафесійна займаецца спортам. Тая запрасіла на занятак па бегу ў Пышкі. «Вось там я цалкам пераключылася, — кажа Кацярына. — Ні пра што не думала, была паглынутая бегам». На прабежку было 20 хвілін, і яна старалася з усіх сілаў. Пасля бегу адчула палёгку. Трывожнасць і напружанне ў той вечар сышлі.
Асабліва карыснай рэкамендацыяй Кацярына называе параду прамаўляць эмацыйны фон уголас. Напрыклад: «Я раз’юшаная. Мне страшна». Псіхолаг кажа, што пры гэтым можа быць слухач — хто-небудзь з блізкіх. «Яму не абавязкова даваць каментары. Можна зладзіць своеасаблівы маналог са слухачом».
Па словах Кацярыны, прагаворванне дапамагло разабрацца, чаму яна перажывае: «Важна ведаць прычыну. Бо калі ты адчуваеш напружанне і трывогу беспадстаўна і не разумееш чаму, становіцца толькі горш».
Яшчэ адна рэкамендацыя ад спадарыні Каральковай — не стрымліваць слёзы. Калі хочацца плакаць — трэба плакаць. Можна проста пакрычаць, калі вам дазваляе месца, дзе вы знаходзіцеся. Калі не дазваляе — пакрычыце ў падушку.
Гэтая ідэя спадабалася Кацярыне, але ажыццявіць яе не атрымалася: «Я нават адправілася ў лес да Юбілейнага возера, каб зрабіць гэта. Але я проста не змагла. Не ведаю чаму, можа гэта сарамлівасць, або штосьці яшчэ. Я хацела закрычаць, але ў мяне не атрымалася».
Псіхолаг рэкамендуе піць больш вады, каб «вымыць» стрэс такім спосабам. «Калі эмацыйна адчуваеце сябе вельмі кепска, лепш не ўжываць у гэты час алкаголь. Падыдуць травяная гарбата, цёплы душ ці ванна».
Рэцэпты чайнага збору для зняцця стрэсу ад навучальнага цэнтра «Обитель»
2 ч. л. скрыпеня, 2 ч. л., ягад глогу, 2 ч. л. мелісы і 1 частка сардэчніка. Усе змяшаць, 1−2 ч. л. сумесі заліць 250 мл кіпеню і даць настаяцца 15 хвілін. Піць трэба даволі часта. Прынамсі тры разы на дзень па шклянцы.
2 ч. л. лісця парэчкі, 1 ч. л. ягад барбарыса, 1 ч. л. ліпы і 1 ч. л. рамонку. Змяшаць зёлкі, 1−2 чайную лыжку сумесі заліць 250 мл кіпеню. Даць настаяцца 15 хвілін. Піць тры разы на дзень. Парэчкі і барбарыс нейрапратэктары. Усе зёлкі здымаюць напружанне з нярвовай сістэмы.
Музычны псіхатэрапеўт Уладзімір Элькін раіць глядзець фільмы з добрай музыкай. «Кароль танчыць» — пра музыку, які граў на скрыпцы для караля Людовіка XIV. «Малы Бэйб» — пра парася, які здзейсніў сваю мару. «Прыгоды Гулівера» — аб працаўніку, які закаханы ў галоўнага рэдактара і едзе ў незвычайнае падарожжа для артыкула.
Пачытаць у сеціве раяць кнігу «Психологическая аптечка белоруса». Яе напісала Вольга Сарока з калегамі для тых, у каго жыццё падзялілася на «да жніўня 2020» і «пасля».
Кацярына плануе пачаць з фільмаў з добрай музыкай. Кажа, нядаўна захацелася ўключыць свой стары плэйліст і нават наспяваць некалькі радкоў. Аб практыцы самастойнай барацьбы са стрэсам яна кажа: «Наогул, парады даволі простыя. Але я рада, што паспрабавала»
Чытайце таксама:
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…