Людзі і справы

«Усе параўнанні на карысць польскага». Ігар Банцэр расказаў, чым псіхіятрычны шпіталь у Польшчы лепш за беларускі

Гродзенскі рок-музыка Ігар Банцэр патрапіў у псіхіятрычную клініку ў Варшаве. Пра тое, як ён там апынуўся і як да яго там ставяцца, ён расказаў «Радыё Свабода».

Ігар Банцэр ў праекце «Мы вернемся». Скрыншот Hrodna.life

Ігар Банцэр — лідар гродзенскага стрыт-панк-гурта Mister X. У Гродне займаўся культурнай і грамадскай дзейнасцю. Вегетарыянец, не ўжывае алкаголь, прытрымліваецца антыфашысцкіх і антырасісцкіх поглядаў.

Як Банцэр патрапіў у псіхіятрычны шпіталь

Ігар Банцэр 27 красавіка 2023 года прыйшоў у Цэнтр дапамогі сям'і ў Варшаве на кансультацыю. Там ён хацеў даведацца, як яго сябра можа легальна адстойваць свае правы ў Польшчы, каб уладкавацца на працу маючы інваліднасць.

У Польшчы Банцэр зарэгістраваўся індывідуальным прадпрымальнікам. Ён арганізоўвае культурніцкія імпрэзы і канцэрты. Свайго сябра ён хацеў наняць да сябе на працу.

«Мяне затрымалі за тое, што я Банцэр: што я выглядаю так, як выглядаю, маю добра пастаўлены голас, і, калі размаўляю, людзям здаецца, што я крычу. Людзі вельмі часта прымаюць маю экспрэсію за агрэсію», — сказаў Ігар Банцэр.

У музыкі не атрымалася дамовіцца з супрацоўнікамі цэнтра. «Яны не давалі мне сказаць. Яны мяне перарывалі і казалі, што я іх не разумею. Я казаў: „Чаму я не разумею? Давайце крок за крокам“. Яны ўсе спяшаліся, ва ўсіх справы. Скончылася тым, што я сядзеў і плакаў. Мяне эмоцыі так перапоўнілі, што я расплакаўся. Яны вырашылі, што ў мяне ці эмацыйны зрыў, ці я нейкі псіх, ці крымінальнік, бо ў мяне тату», — сказаў музыка.

Ігар Банцэр. Архіўнае фота Hrodna.life

«Апранулі кайданкі - і мордай у сцяну»

Пасля гэтага, у Цэнтр выклікалі хуткую дапамогу і паліцыю. Паводле словаў Банцэра, на вуліцу яго вывелі чатыры супрацоўнікі паліцыі, заламалі рукі, апранулі кайданкі - і «мордай у сцяну».

У пратаколе паліцэйскія напісалі, што Банцэр лаяўся матам і кідаўся крэсламі. «Гэтага не было, бо я не псіх і крэсламі не кідаюся», — сказаў музыка. З паліцыяй ён адмовіўся размаўляць без адваката. Той змог сустрэцца з музыкам толькі 4 траўня.

На думку Банцэра, паліцэйскія парушылі яго правы. Яны быццам бы не прадставіліся, не папярэдзілі, што ў дачыненні да яго будуць праводзіць нейкія дзеянні, афіцыйна не назвалі прычыну затрымання, не папярэдзілі пра відэаздымку ўсяго працэса. Музыка плануе звярнуцца ў суд.

Hrodna.life яшчэ 1 траўня звярнуўся ў варшаўскую паліцыю па каментар і тлумачэнне таго, што ж насамрэч здарылася з Банцэрам і за што яго затрымалі. Па стане на вечар 4 траўня прэс-служба паліцыі не адказала на наш запыт.

Правяралі на спажыванне алкаголю і наркотыкаў

Супрацоўнікі хуткай дапамогі напісалі ў паперах, што Банцэр паводзіў сябе агрэсіўна. Яго праверылі на ўжыванне алкаголю і наркотыкаў. Ён запэўнівае, што доўгі час не ўжывае алкаголь, не курыць і не прымае наркотыкі.

Першы дзень у псіхіятрычным шпіталі ён знаходзіўся ў шпітальным карцары ў ізаляцыі. Потым яго перавялі ў агульную палату ў аддзяленні памежных станаў. Паводле словаў Банцэра, ён неафіцыйна ведае, што дыягназ, які яму паставілі - шызападобны разлад.

Паводле Міжнароднай класіфікацыі хваробаў, такі разлад можа праяўляцца ў эксцэнтрычных паводзінах, неадэкватных эмайцыных рэакцыях, схільнасці да сацыяльнай ізаляцыі і незвычайных ідэях.

У Беларусі дыягназы не ставілі

У студзені 2021 года, падчас крымінальнага пераследу, Ігар Банцэр патрапіў на прымусовую экспертызу ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя ў Мінску (папулярная назва «Навінкі»). Тады лекары выдалі заключэнне, што музыка здаровы.

У варшаўскай клініцы Банцэру ранкам і вечарам даюць некалькі таблетак. Ён ведае, што некаторыя з іх маюць заспакаяльнае дзеянне. Некаторых пацыентаў у клініцы прывязваюць, робяць ін'екцыі. З Банцэрам такіх працэдур не праводзяць, але забараняюць выходзіць на вуліцу. Верагодна, яго лячэнне працягнецца мінімут тры тыдні.

На медыкаў Банцэр таксама плануе падаць у суд: за тое, што яго трымаюць у шпіталі і быццам бы нічога не тлумачаць.

Ігар Банцэр. Архіўнае фота Hrodna.life

Вярнулі тэлефон і дазволілі наведваннні

Банцэру ў шпіталі дазволілі карыстацца тэлефонам і прымаць наведвальнікаў. У лякарні можна глядзець тэлевізар, наведваць танцы, заняткі па арт-тэрапіі, а таксама сеансы з псіхолагам і псіхіятрам. Ігар трымаецца веганскай дыеты, таму яго кормяць паводле адпаведнага меню. У беларускіх «Навінках» такога не было.

«Частка людзей тут знаходзіцца па ўласны жаданні. Ляжыць дзяўчына, якая тут дзясяты раз, але на выходныя яе адпусцілі пагуляць у горад. Бываюць цяжкія станы, калі людзі агрэсіўныя, іх прывязваюць і робяць уколы. Я бачу тут, як людзі крычаць па начах, як пераўтвараюцца ў гародніну. Але гэта я бачыў і ў Беларусі», — расказаў Банцэр.

Паводле Ігара Банцэра, у польскай лякарні лепшыя ўмовы, чым у беларускай. «Стаўленне абсалютна іншае. Відаць, што Польшча зрабіла велізарны крок наперад, што яна з’яўляецца часткай Еўрасаюза. Стаўленне нават да мяне змянілася. Мне прапісалі лекі і супакоіліся, што я не буду бегаць і нікога не заб’ю», — сказаў музыка.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024