Імпрэзу 14 лютага падрыхтавалі для гледачоў акторы Гродзенскага тэатра лялек. Перад прадстаўленнем фае тэатра ператварылася ў Алімп, а акторкі - ў багінь, што апякуюцца каханнем, шлюбам і сямейным дабрабытам. Дзеці-купідоны выпускалі свае стрэлы, а мужчыны, каторым яны патраплялі ў сэрца, прызнаваліся ў каханнні сваім абранніцам.

«Хацелася зрабіць невялікі, але запамінальны сюрпрыз. Зараз бачым, што гледачам спадабалася і гэта вельмі прыемна», — кажа дырэктарка тэатра Марыя Шабашова. Таксама яна распавяла, што аўтаркай ідэі і рэжысёркай гэтага прадстаўлення стала акторка тэатра Вольга Авасількі, а купідонамі - выхаванцы студыі, дзе выкладаюць акторы тэатра.

Адзін з купідонаў, Ягор Дораш, ходзіць у дзіцячы садок і першы год займаецца ў тэатральнай студыі. Ён расказаў, што не ведае, што такое каханне і што вучыць вершы дапамагалі дарослыя. Каб увайсці ў ролю, знаеміліся з купідонамі ў інтэрнэце, расказала маці Ягора, Іна Дораш.

Багіні і купідоны спусціліся з Алімпа павіншаваць гродзенцаў з днём закаханых

Вадзім і Вольга сталі аднымі з тых, у каго патрапілі стрэлы купідонаў. «Для нашай сям'і гэта адно з найлепшых святаў», — кажа Вадзім. Пара разам толькі паўгода і гэта іх першы сямейны дзень закаханых. «Хочацца, каб назаўсёды агонь кахання захаваўся», — кажа Вольга.

Багіні і купідоны спусціліся з Алімпа павіншаваць гродзенцаў з днём закаханых

Для Яўгена і Анастасіі білеты ў тэатр сталі рамантычным падарункам. Можа таму менавіта іх запрасілі на сцэну багіні. Яны разам ужо 15 гадоў, але да гэтага часу лічаць свята сімвалам кахання. Па словах пары, прызнанні ў каханні ў іх сям'і гучаць пастаянна.

Багіні і купідоны спусціліся з Алімпа павіншаваць гродзенцаў з днём закаханых

Зрабіць фота на памяць аб рамантычным свяце вырашылі Інга і Сяргей. Хаця бутафорская арфа насамрэч не гучала, Сяргей кажа — пачуў і зразумеў усё, што хацела перадаць жонка. «Мы разам ужо 11 гадоў, з іх 7 у шлюбе, таму разумеем адзін аднаго без словаў. Канечне, гэта была музыка яе кахання для мяне, я гэта адчуў». «Іграла тое, што ёсць у душы, — пацвярджае Інга. — Каб муж пачуў пяшчэтную і меладычную музыку маіх пачуццяў».

Багіні і купідоны спусціліся з Алімпа павіншаваць гродзенцаў з днём закаханых

Па словах дырэктаркі тэатра Марыі Шабашовай, Дзень сятога Валянціна далёка не апошняя рамантычная нагода наведаць тэатр. Ужо рыхтуецца святочная імпрэза да 8 сакавіка. Гэтым разам кіруюць працэсам Аляксандр Енджэеўскі і Іван Дабрук. У тэатры вырашылі, што на жаночае свята лепшым падарункам будуць мужчынскія выступленні.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life