Пытанне аб магчымасці правядзення плацяжоў у крыптавалюце даручылі прапрацаваць Дзмітрыю Гарошка, намесніку генеральнага дырэктара па эканоміцы і фінансах «Гродна Азот». Гэта зробяць «з мэтай пабудовы сучаснай лічбавай эканомікі на прадпрыемстве». Інфармацыя пра гэта ў адным абзацы з’явілася на мінулым тыдні ў карпаратыўным выданні прадпрыемства «Гродзенскі хімік». Рэдакцыя Hrodna.life запыталася ў экспертаў, як і навошта «Азот» можа выкарыстоўваць крыптавалюту.

 — Можна ўявіць, якія плацяжы патрэбныя прадпрыемству. Па вялікім рахунку, прадпрыемства плаціць, калі купляе сыравіну і камплектуючыя, калі атрымлівае плацяжы за адгружаную прадукцыю, і калі плаціць зарплату сваім работнікам, — каментуе Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары Еўразія». — Справа ў тым, што крыптавалюта ні для адной з гэтых мэтаў не пасуе.

Крыптавалюта — толькі для спекуляцый на біржы?

«Крыптавалюты ў Беларусі легалізаваныя з 2017 года пасля прыняцця Кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам Дэкрэта № 8 аб лічбавай эканоміцы», — згадваецца ў публікацыі «Гродзенскага хіміка».

"Гродна Азот" хоча ўвесці на заводзе крыптавалюту. Эксперт: гэта нязграбная спроба абысці санкцыі
Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары Еўразія»

«Дэкрэт № 8 рэгламентуе дзейнасць IT-кампаній у Парку высокіх тэхналогій (ПВТ). Там сапраўды ёсць раздзел, які тычыцца крыптавалюты і токенаў. Але, па-першае, гаворка ідзе менавіта аб прадпрыемствах, якія з’яўляюцца рэзідэнтамі ПВТ. Па-другое, гаворка ідзе пра абмен адных крыптавалют на іншыя, аб абмене крыптавалют на „звычайныя“ валюты. Гэта значыць, па сутнасці, гаворка ідзе аб стварэнні крыптабіржаў. Некалькі кампаній гэтым дэкрэтам сапраўды скарысталіся — у ПВТ ёсць некалькі крыптабіржаў. Для кліентаў крыптабіржы ёсць магчымасць спекуляваць і, калі пашанцуе, то зарабіць, а калі не пашанцуе, то страціць на ваганні курсаў крыптавалют. Для самой крыптабіржы — гэта магчымасць збіраць камісіі са сваіх кліентаў. Там не ідзе гаворка аб аплаце тавару, аб атрыманні аплаты за сваю прадукцыі або выплаце даходаў работнікам», — лічыць аналітык.

Крыптавалюта ў Беларусі не прызнана плацежным сродкам

Гэта значыць, Дэкрэт № 8 мае на ўвазе не правядзенне плацяжоў у крыптавалюце, а спекуляцыю крыптавалютай, выкарыстоўваючы ПВТ. Беларускаму прадпрыемству не дазволяць спекуляваць на крыптабіржы, таму што грошы можна і страціць, лічыць эксперт.

Да таго ж, у Беларусі магчымыя разлікі толькі грашыма, да якіх па законе крыптавалюта не адносіцца. Ёсць усяго адна-дзве краіны ў свеце, дзе крыптавалюта прызнана. Напрыклад, Сальвадор.

Выказаць здагадку, што ў Беларусі рыхтуюцца змены ў законе, якія прызнаюць крыптавалюту, нерэальна. «Відавочна, што любой дзяржаве выгадная манаполія на грошы. Адна з прычын, па якой Сальвадор дапусціў гандаль крыптавалютамі, — у яго не было сваёй валюты, яму не было чым даражыць», — кажа Вадзім Іосуб.

У выкарыстанні крыптавалюты некаторыя краіны дапускаюць асобныя спекуляцыі на курсе. Таксама дзесьці крыптавалютай можна аплаціць каву, піццу ці піва, але гэта не кажа аб тым, што гэта законны плацежны сродак, тлумачыць аналітык. Часам гэта нават можа пераследвацца па законе.

Спроба абысці санкцыі

 — Відавочна, што гэта нязграбная спроба абысці санкцыі. Санкцыі могуць увесці еўрапейцы і ЗША, гэта абцяжарыць разлікі ў доларах і еўра. Плацяжы ў крыптавалютах яны не кантралююць. Але! Каб разлічвацца «крыптой», павінны быць згодныя контрагенты (пастаўшчыкі і пакупнікі). А ніхто ў свеце на гэта не пагодзіцца. Таму гэта наіўная і нязграбная спроба. Тыпу, глядзіце, мы нешта абмяркоўваем, каб знізіць рызыкі санкцый. З нулявым вынікам, — лічыць эксперт. — Пры цяперашнім заканадаўстве гэта не працуе. Каб гэта запрацавала, трэба палову заканадаўства перапісаць, пачынаючы з Грамадзянскага кодэкса. Нават калі такую задачу паставіць, тут працы на годы.

Крыптавалюта даследуецца

Што тычыцца фармулёўкі «пабудова сучаснай лічбавай эканомікі на прадпрыемстве», то гэта, на думку эксперта, «набор прыгожых слоў». Ні ў адной краіне свету крыптавалюту на прадпрыемствах да гэтага часу не выкарыстоўваюць. Крыптавалюты паўсталі адносна нядаўна і цяпер яны праходзяць этап даследаванняў у эканамічных інстытутах і Цэнтрабанках у асобных краінах, патлумачыў эксперт. Як іх можна выкарыстоўваць у эканоміцы, ці могуць яны чымсьці дапамагчы ці толькі зробяць горш, — пакуль даследуецца.

Плацяжы — не, токены — так

"Гродна Азот" хоча ўвесці на заводзе крыптавалюту. Эксперт: гэта нязграбная спроба абысці санкцыі
Анастасія Лузгіна, дацэнт, кандыдат эканамічных навук, эксперт Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC (Кіеў)

- Токены [запіс у блокчейне, іншай размеркаванай інфармацыйнай сістэме, якая задавальняе наяўнасць ва ўладальніка токена правоў на аб’екты грамадзянскіх правоў і (або) з’яўляецца крыптавалютай — Дэкрэт № 8] як сродак для прыцягнення інвестыцый прадпрыемствамі Беларусі ўжо даўно выкарыстоўваюцца. У гэтым няма нічога новага, — пракаментавала Анастасія Лузгіна, дацэнт, кандыдат эканамічных навук, эксперт Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC (Кіеў).

 — Самы вядомы прыклад: у нас функцыянуе інвестыцыйная пляцоўка Finstore. На ёй нашы прадпрыемствы могуць размяшчаць токены. Крыптавалюта ў адпаведнасці з Дэкрэтам таксама адносіцца да токенаў. Па сваім характарыстыкам токены у дадзеным выпадку вельмі падобныя на аблігацыі. Гэта значыць, гэтыя токены можна разглядаць як альтэрнатыву аблігацыям, але не грошам. Гэтым інструментам можа скарыстацца, у прынцыпе, любое прадпрыемства. Патрэбна гэта для прыцягнення сродкаў. Плацяжы ў крыптавалютах беларускім заканадаўствам унутры краіны не прадугледжаны. Таму не зусім зразумела, аб чым ідзе гаворка ў выпадку плацяжоў, — выказалася аб заяве «Гродна Азот» эксперт.

Атрымаць каментар на працягу дня ў прэс-службе «Гродна Азот» Hrodna.life не атрымалася. На нашы званкі ніхто не адказваў.