Фота: Ірына Новік
Цэны на аўто зноў пойдуць угару. З 1 ліпеня набывае сілу чарговая норма тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза — «Аб бяспецы колавых транспартных сродкаў». Што хаваюць новыя нормы тэхрэгламенту і чаму цягам наступных дзевяці месяцаў аўтамабілі падаражэюць двойчы?
З 1 ліпеня 2018 года для рэгістрацыі транспартнага сродку, увезенага з-за межаў Мытнага саюза, спатрэбіцца яшчэ адзін дакумент — «Пасведчанне аб бяспецы канструкцыі транспартнага сродку» (далей ПБКТС). Набыўшы ў Еўропе 3−5-гадовы аўтамабіль — умоўна Mercedes 2014 года — для пастаноўкі на ўлік трэба будзе даказаць яго бяспечнасць.
Аматары аўто з ЗША павінны ведаць, што арыгінальная оптыка на аўтамабілях для амерыканскага рынку адрозніваецца ад еўрапейскай. З-за гэтай асаблівасці на шляху атрымання сертыфіката ўзнікнуць дадатковыя складанасці.
Кошт сертыфіката (ПБКТС) старуе ад 650 руб (каля 330 $) у залежнасці ад маркі, мадэлі, года выпуску аўто.
Таму і адклалі гэтыя змены на адзін год. Цяпер жа спадзявацца на паўтор леташняй сітуацыі не варта. У Мінску ўжо ёсць арганізацыя, якая за 2−3 дні і 700 рублёў, гатова падрыхтаваць усе неабходныя паперы.
Цалкам імаверна, што пасля новаўвядзенняў вырастуць у цане і новыя аўтамабілі. Дылеры пакуль не валодаюць дакладнай інфармацыяй. У адным з аўтацэнтраў у Гродне нам расказалі, што сцэнар павышэння цаны — цалкам рэальны.
«Дакладную лічбу пакуль назваць немагчыма. Імаверна, цэны будуць перапісаны і на аўто, якія ўжо знаходзяцца на складзе, — расказаў адзін з супрацоўнікаў аўтацэнтра. — Таму набыць аўто па старых цэнах з чэрвеня не атрымаецца».
Куды больш грунтоўнае павышэнне коштаў чакаецца з 1 студзеня 2019 года. Тады набывае сілу яшчэ адна норма тэхрэгламенту: робіцца абавязковым абсталяванне аўтамабіляў «кнопкай SOS» — прыладай выкліку экстраных аператыўных службаў. Сістэма будзе працаваць праз GPS. На тэрыторыі Беларусі будзе мець назву ЭРА РБ (аналаг расейскай ЭРА ГЛОНАСС).
Усе новыя аўтамабілі, якія выпускаюцца ў абарачэнне на тэрыторыі Мытнага саюза, паводле закону павінны абсталёўвацца модулямі ЭРА, якія аўтаматычна інфармуюць пра ДТЗ. Аўтакампанія, якая мае намер імпартаваць новую мадэль або вырабляць і прадаваць яе на тэрыторыі Мытнага саюзу, павінна прайсці сертыфікацыю, якая ўключае краш-тэсты, падчас якіх правяраецца праца сістэмы ЭРА.
Да таго як разбіць машыны, вытворцу трэба адаптаваць сістэму на сваіх мадэлях, унесці змены ў канструкцыю салона, пераналадзіць канвееры на заводах пад выпуск аўтамабіляў з модулямі ЭРА. У выніку выдаткі вытворцаў на аснашчэнне новай мадэлі сістэмай, па падліках экспертаў, складаюць ад некалькіх сотняў тысяч да аднаго мільёна долараў.
Некаторыя маркі вырашылі ўсталяваць сістэму абвесткі пра здарэнні толькі на больш-менш хадавыя мадэлі, а астатнія спыніць пастаўляць у краіны Мытнага саюза. Так, у краінах МС нельга купіць Audi A1, Fiat Punto, Audi A5 у кузаве кабрыялет і іншыя.
Наколькі дакладна падаражэюць аўтамабілі ў салонах з 2019 года пакуль адказаць немагчыма. Усё будзе залежыць ад маркі і мадэлі.
Патрыманыя аўтамабілі, якія імпартуюцца з трэціх краін, таксама павінны быць абсталяваныя кнопкай SOS, якая працуе па сістэме ЭРА. Выключэнне — «олдтаймеры» старэйшыя за 30 год. Аднак для ўжываных аўто кнопка SOS будзе прасцейшай — не будзе магчымасці аўтаматычнага выкліку службаў пры ДТЗ.
Каб даведацца, як падымуцца цэны на прыгнаныя з Еўропы аўто, мы звязаліся з перагоншчыкам са Смаленска. У Расіі нормы тэхрэгламенту дзейнічаюць ужо з 1 студзеня 2017.
Так, у Смаленску абсталяванне аўтамабіля кнопкай SOS і поўным камплектам дакументаў абыйдзецца ў 44 тыс. расійскіх рублёў. Прыкладна 800 долараў.
Як змянілася жыццё аўтамабілістаў у нашай краіне пасля ўступлення Беларусі ў Мытны саюз?
Калі | Што змянілася | Колькі гэта каштуе |
ліпень 2011 | Рост пошлін для фізічных асоб (ураўнялі з юр.асобамі) узроставыя абмежаванні да 5 год | |
сакавік 2014 | У Беларусі ўводзіцца ўтылізацыйны збор у дачыненні да транспартных сродкаў | + каля 100 у.е. |
люты 2016 | Утылізацыйны збор павялічыўся ў 1,65 разоў для юрыдычных асоб і ў 8,25 разоў для фізічных | + 380 у.е. |
ліпень 2018 | Уводзяць «Пасведчанне аб бяспецы канструкцыі транспартнага сродку» | + каля 350 у.е. |
студзень 2019 | Кнопка SOS | + каля 600 у.е. |
Аўтапарк Беларусі з кожным годам старэе, а пэўная частака машын ужо патрапляе пад тэрмін «рэтра». На замену прыходзяць аднастайныя бюджэтнікі расійскай зборкі. Пры гэтым аўтамабілі, якія выехалі з канвеераў у 1980-я, працягваюць ездзіць не ў якасці олдтаймераў, а як звычайны сродак перамяшчэння.
Самая папулярная ў Беларусі мадэль сярод новых аўто цягам апошніх пяці год — VW Polo Sedan расійскай вытворчасці. Мадэль спецыяльна распрацаваная для краін трэцяга свету. Вырабляецца толькі ў Расіі, Індыі і Малайзіі. І не пастаўляецца на рынкі ў развітыя краіны.
Паводле дадзеных Беларускай Асацыяцыі Аўтамабілістаў у 2017 годзе прадалі 34 255 новых аўтамабілі. Самая папулярная марка — Renault. Другое і трэцяе месца паводле продажаў займаюць Renault Sandero Stepway (2940 аўто) і Renault Logan (2298). Калі сюды дадаць і Renault Sandero (572), то атрымаецца агулам 5810 машын. Але самай папулярнай мадэллю застаецца VW Polo Sedan — 3926 адзінак за год.
Renault Logan, Sandero i Sandero Stepway — фактычна адна мадэль выкананая ў розных варыяцыях. Агулам вышэйназваныя мадэлі VW i Renault складаюць амаль 30% ад агульнай колькасці прададзеных новых аўто ў краіне.
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…