Гродна быў горадам, дзе квітнеў аўтамабільны бізнес. Гэтаму спрыяла геаграфічнае становішча. Карэктывы ў дзейнасць аўтабізнесменаў унёс Мытны саюз. Высокія пошліны на ўвоз аўто знішчылі гэты від прыгранічнага бізнесу, пакінуўшы толькі ўспаміны пра былыя часы.

Ці зможа прэзідэнцкі ўказ № 140 адрадзіць некалі папулярны від заробку, як ён можа паўплываць на развіццё рэгіёну і хто застанецца ў плюсе?

Найлепшы імпарцёр — фізічная асоба

Да 1 ліпеня 2011 года «свежыя» аўтамабілі з транзітнымі нумарамі еўрапейскіх краін часта мільгалі на вуліцах горада. Напрыклад, у 2009 годзе фізічныя і юрыдычныя асобы завезлі 163 тыс. легкавых аўтамабіляў.

У 2010 годзе Беларусь уступіла ў Мытны саюз і з 1 студзеня 2010 пошліны для юрыдычных асоб былі паднятыя да расійскага ўзроўню. Для фізічных асоб стаўкі заставаліся на ранейшым узроўні.

Ці адродзіцца дзякуючы «ільготнай растаможцы» аўтамабільны бізнес у Гродне?

Такі расклад актываваў «шэрыя» схемы. На паўтара года асноўнымі імпарцёрамі легкавых аўто сталі фізічныя асобы. Паводле звестак Белстата, за першае паўгоддзе 2010 года грамадзяне імпартавалі ў Беларусь на 60% больш іншамарак, чым у той жа перыяд 2009 — 113 800 шт.

За восем месяцаў 2010 г. у Беларусь было ўвезена ўжо 133 тыс. аўто, з іх 128 тыс. — фізічнымі асобамі.

За 9 месяцаў 2011 г. у Беларусь было ўвезена 262,4 тыс. легкавых аўтамабіляў, з іх фізічнымі асобамі 252,1 тыс. Гэта каля 95% ад агульнай колькасці.

Настолькі высокі адсотак увозу аўто фізасобамі азначае, што немалая частка гэтых машын была ўвезеная і размытненая з дапамогай падстаўных асоб — «вешалак». Гэтыя людзі за ўзнагароджанне афармлялі на сябе аўтамабіль.

«Складаныя» ільготы

Ільготы ў шматдзетных і людзей з інваліднасцю былі і тады. Да канца 2011 года яны маглі прывезці аўтамабіль з-за мяжы з поўным вяртаннем мытных пошлін. Але працэдура была доўгай і складанай. Жадаючыя скарыстацца ільготай павінны былі сабраць цэлы пакет дакументаў, а сама пошліна аплачвалася ў поўным аб’ёме і толькі пасля праходжання ўсіх бюракратычных працэдур вярталася.

Стала прасцей

Са з’яўленнем указа № 140 усё становіцца значна прасцей. Каб скарыстацца 50% зніжкай дастаткова прад’явіць пасведчанне інваліда альбо пасведчанне шматдзетнай сям'і непасрэдна пры ўвозе аўтамабіля.

На выхадзе атрымліваем аўтамабіль без якіх-небудзь абмежаванняў па адчужэнні. Больш за тое, шматдзетная сям’я можа прывесці не адзін, а два аўтамабілі.

Колькі машын можна ўвезці?

Больш за паўмільёна беларусаў могуць размытніць аўто па ільготнай схеме.

Па дадзеных Міністэрства працы і сацабароны на пачатак 2019 года ў Беларусі было 351 956 людзей з інваліднасцю першай і другой груп. Колькасць шматдзетных сем’яў па дадзеных на канец 2017 года складала парадку 95 000.

Тэарэтычна гэта азначае, што ў Беларусь штогод можа прыязджаць каля 500 000 аўто, размытненых па ільготнай схеме.

Ці адродзіцца дзякуючы «ільготнай растаможцы» аўтамабільны бізнес у Гродне?

Але будзем рэалістамі: такога дакладна не адбудзецца. Хаця б па той прычыне, што столькі машын Беларусь проста не здольная «пераварыць».

Павелічэння патоку аўто з Еўропы і ЗША варта чакаць, але аб’ёмаў 2009−2011 гадоў не будзе і блізка. І прычына нават не ў тым, што не ў кожнай шматдзетнай сям'і ці чалавека з інваліднасцю ёсць грошы на куплю.

Пошліны ўсё роўна больш, чым некалі

Нягледзячы на ​​50% зніжку, пошліны ўсё роўна застаюцца істотнымі. Цяпер самым выгадным з’яўляецца прыгон аўто з аб’ёмам рухавіка да 1,5 літра. Звычайная растаможка такога аўто абыйдзецца ў 2550 еўра. «Ільготная», адпаведна, у 1275 еўра. Пры ўвозе аўто з аб’ёмам 1,6 літра ільготная растаможка абыдзецца ў 2000 еўра. За растаможку аўто з аб’ёмам у 1,8 літра «ільготніку» прыйдзецца заплаціць 2250 еўра, за двухлітровы рухавік — 2700 еўра. З павелічэннем аб’ёму расце і «эканомія», але сума ўсё роўна не здаецца маленькай. Асабліва ў параўнанні з лічбамі да ліпеня 2011 года. Тады растаможка аўто з аб’ёмам рухавіка 2,0 абыходзілася ўсяго ў 800 еўра.

Не забываць пра ўзрост

Не варта забываць і пра тое, што аўто павінна быць не старэйшым за 5 гадоў. У іншым выпадку і 50% ад сумы будуць выглядаць яшчэ менш прывабна. Для параўнання, да ліпеня 2011 г. па нізкім тарыфе ў Беларусь можна было прывесці аўто не старэйшае за 10 гадоў.

Хто застанецца ў выйгрышы?

Выгаду ў той ці іншай меры атрымаюць практычна ўсе. Зніжэнне пошлін у любым выпадку адаб’ецца на цэнах. Рэзкага падзення хутчэй за ўсё не будзе, але больш-менш свежыя і дарагія машыны ў бліжэйшы час патаннеюць.

Разнастайнасці павінна стаць больш. Апошнія гады ў Беларусі прадаецца шмат бюджэтнікаў расійскай зборкі. Іх мадэльны шэраг досыць вузкі. Паток аўто з Еўропы слабы і прадстаўлены ў асноўным аўтамабілямі з аб’ёмам да паўтары літраў. Фактычнае зніжэнне пошлін у два разы дасць магчымасць завезці аўто з вялікім аб’ёмам, а значыць істотна пашырыцца асартымент.


Ад ажыятажу 90-х да амаль пусткі сёння. Як існаваў і амаль знік гродзенскі аўтарынак


Выгада для шматдзетных

Шматдзетным сем’ям будуць цікавыя мінівэны і мікрааўтобусы. Аўтамабілі такога класу практычна не прадстаўленыя на рынку краін Мытнага саюза, а аб’ём рухавіка ў іх як правіла вышэй запаветных паўтары літраў. Таму такая ільгота акурат пасуе для гэтай катэгорыі грамадзян. Больш за тое, шматдзетныя могуць завезці два аўто на працягу года: па адным на кожнага з бацькоў.

«Шэрыя» схемы будуць існаваць у любым выпадку. Калі ў шматдзетных няма сродкаў на куплю аўто, у іх хутчэй за ўсё абавязкова знойдуцца сваякі, сябры ці знаёмыя, якія прапануюць аформіць на іх аўтамабіль. Шматдзетная «вешалка» атрымае за паслугі грошы, а ў сям'і любы дадатковы даход гэта добра.

Таксама і з людзьмі з інваліднасцю. Закон не забараняе размытненую на сябе машыну перадаць потым дзецям, мужу, жонцы і г. д.

Змогуць адрадзіць бізнес

Дзякуючы дэкрэту некаторыя перагоншчыкі змогуць адрадзіць свой даўні бізнес. Адрозненне толькі ў тым, што патэнцыйных вешалак не некалькі мільёнаў, а ўсяго каля 500 000.

Ці адродзіцца дзякуючы «ільготнай растаможцы» аўтамабільны бізнес у Гродне?

Павялічыцца паток кліентаў

Фірмы, якія займаюцца падборам і купляй аўто з Еўропы і асабліва ЗША, павінны будуць адчуць павелічэнне патоку кліентаў.

Таксама дзякуючы дэкрэту больш працы будзе ў тых, хто прадастаўляе паслугі па дастаўцы аўто з-за мяжы.

Павелічэнне патоку патрыманых аўтамабіляў пазітыўна адаб’ецца на тых, хто іх абслугоўвае і рамантуе, прадае запчасткі і аксэсуары.

Хто можа быць незадаволены

Незадаволенымі, мабыць, могуць застацца афіцыйныя дылеры, якія за апошнія гады прывыклі працаваць канкурыруючы толькі паміж сабой. Для шараговых грамадзян незадаволенасць дылераў таксама можа мець станоўчы вынік. Бо з-за канкурэнцыі, якая з’явілася, ім прыйдзецца рабіць зніжкі, прапаноўваць варыянты растэрміновак, праводзіць акцыі і г. д.

Калі нормы ўказа не будуць з часам перагледжаны, як гэта калісьці было з Дэкрэтам № 6, то можна выказаць здагадку, што дадзеныя змены пазітыўна паўплываюць на развіццё бізнесу па прыгоне аўто. А Гродна, як і раней, будзе атрымліваць свае дывідэнды, няхай у больш сціплых аб’ёмах.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life