У жніўні ў Гродне загаварылі пра змены на Валковіча – вуліца можа пазбавіцца апошніх драўляных дамоў. Стогадовыя будынкі разам з зямлёй выставілі на аўкцыён, які  быў запланаваны на 20 жніўня. Але на куплю зямлі з дамамі не знайшлося ахвотных.

Горад прапаноўваў інвестарам на месцы старых дамоў пабудаваць сучасны 2-3- павярховы шматкватэрны жылы комплекс. Жыхарам прапанавалі выплаціць кампенсацыю ці даць іншае жыллё.

У выпадку продажу зямлі пад знос траплялі дамы №5, 5а, 7 і 7а. У некаторых з іх яшчэ жывуць людзі.

Дом №5

У доме №5 жыве тры сям’і. Пабудова яшчэ ў добрым стане.

«Шкада, вядома, але час прыйшоў пераязджаць. Дамы сваё аджылі, – кажа адзін са старажылаў дома. – Мая сям’я ў пабудове жыве з пасляваенных гадоў, да гэтага яна належала нейкаму польскаму пану. Яго прагналі. Калі дадуць кватэру на Альшанцы, значыць паеду туды. Выбару ў нас няма».

Дом №5а

У вялікім асабняку №5а жыве толькі адна сям’я – жанчына Вольга з двума маленькімі дзецьмі.

«Ужо шэсць гадоў у гэтым доме мы жывем адны, зрабілі сабе добры рамонт у кватэры. Усе астатнія жыхары атрымалі новае жыллё. Згодна з заключэннем дом №5а ў аварыйным стане, акрамя нашай кватэры. У выпадку чаго, мы гатовыя на пераезд, напрыклад на падменнае жыллё, а пасля засяліцца ў дом, які тут хочуць пабудаваць. Або згодныя на кватэру ў гэтым жа раёне, але на ўскраіну горада мы не паедзем».

Дамы №7 і 7а

У будынках 7 і 7а зараз не жывуць людзі , але ў іх ёсць уладальнікі, якія таксама згодныя на добрую кампенсацыю, або жыллё ў цэнтры горада.


“Такую прыгажосць трэба шанаваць”. Чаму фатографка здымае маладых у атмасферы Новага свету


Гісторыкі заступіліся за будынак №5

Гродзенскія гісторыкі тым часам заступіліся за драўляныя пабудовы на Валковіча і калектыўна падалі заяўку на ўключэнне ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў будынка №5. Гэты дом пабудаваны ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў.  Ён вельмі цікавы ў архітэктурным плане. Унікальны тым, што стаіць на падмурках суконнай мануфактуры Тызенгаўза другой паловы XVIII стагоддзя.


За апошнія некалькі галоў вуліца Валковіча пазбавілась некалькіх драўляных будынкаў, цаглянай кузні сям’і Свідэрскіх, а таксама маленькага будынка крамы каланіяльных тавараў.

Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact [email protected]