Спадчына

Як кароль Брытаніі Карл III звязаны з Беларуссю і Аўгустоўскім каналам?

Брытанскі кароль Карл III (ранейшы прынц Чарльз) мог бы стаць чаканым госцем на святкаванні 200-годдзя Аўгустоўскага канала. Чаму? Справа ў тым, што з будаўніцтвам канала звязаны быў прапрапрадзед Карла!

Расказваем пра сувязі брытанскай каралеўскай сям'і з Гродзеншчынай і Аўгустоўскім каналам.

Маўрыцый Гаўке: быў з Касцюшкам, прысягнуў Аляксандру, будаваў канал

Калі ў 1815 г. паўстала аўтаномнае ў складзе Расійскай Імперыі Царства Польскае, уладу ў ім атрымалі былыя напалеонаўскія генералы, якія прысягнулі на вернасць імператару Аляксандру І. Сярод іх быў і Маўрыцый Гаўке, спольшчаны саксонец, які гераічна змагаўся ў шэрагах арміі Тадэвуша Касцюшкі і цэлы год у 1813 г. абараняў ад рускіх крэпасць Замасць.

Маурыцы Гаўке як напалеонаўскі афіцэр

У Царстве Польскім Гаўке кіраваў корпусам інжынераў і артылерыяй, а калі паўстаў план будовы Аўгустоўскага канала, то арганізаваць будаўніцтва даручылі менавіта яму. Гаўке спыніў свой выбар на маладым афіцэры Ігнацыі Прандзінскім, якога прызначыў праекціроўшчыкам канала.

Прандзінскі быццам нават сказаў Гаўке: «Я фартыфікатар і не ўмею будаваць каналы», на што атрымаў адказ ад Гаўке: «Я не магу ўстаць перад расійскім імператарам і сказаць, што ў Польшчы няма ніводнага афіцэра, які б не мог запраектаваць нейкі канал».

Застрэлілі ўласныя салдаты

У выніку канал пабудавалі, некаторыя будаўнічыя матэрыялы дастаўлялі нават з асабістага маёнтка генерала Гаўке. Аднак лёс генерала склаўся трагічна.

У лістападзе 1830 г. у Варшаве пачалося антырасійскае паўстанне. Гаўке, які тады ўжо быў вайсковым міністрам, добра ўсведамляў, на што ідуць паўстанцы, і паехаў іх супакойваць.

На заклікі салдат «Генерал, вядзі нас у бой» ён запрапанаваў ім вярнуцца ў казармы. Салдаты далі ў генерала залп, пацэліўшы ў яго аж 19 разоў. Гаўке сканаў на месцы.

Як паўстала дынастыя Батэнбергаў

Пасля разгрому паўстання, у якім, дарэчы, прынялі ўдзел тры сыны Гаўке, Мікалай І распарадзіўся паставіць у Варшаве помнік генералам, забітым паўстанцамі. Адзін з львоў на помніку сімвалізаваў акурат Маўрыцыя Гаўке, які быў не столькі прыхільнікам расійскага імператара, колькі не хацеў, каб любімая ім краіна заглыбілася ў чарговую крывавую завіруху.

Адзін з львоў на гэтым помніку сімвалізаваў Маўрыцыя Гаўке

Дзвюх асірацелых дачок генерала (а жонку Гаўке паўстанцы таксама забілі) ўзяла на выхаванне жонка Мікалая І Аляксандра. Дзяўчынкі выраслі сімпатычныя і ўвесь час былі пры двары ў якасці фрэйлін.

Юлія Гаўке і Аляксандр Гесэнскі пражылі доўгае жыццё

Адна з сясцёр, Юлія Гаўке, трапіла на вочы Аляксандру Гесэн-Дармштацкаму, роднаму брату жонкі будучага расійскага імператара Аляксандра ІІ. Праз нейкі час Юлія зацяжарыла. У такіх выпадках фрэйліну, як правіла, выдавалі замуж за якога-небудзь афіцэра, але князь Аляксандр Гесэн-Дармштацкі вырашыў ажаніцца са сваёй каханай, што было абсалютна незвычайна і ў Расіі бадай немагчыма.

Яны разам уцякаюць з Расіі ў Аўстрыю, дзе доўга жывуць у горадзе Батэнбергу і нараджаюць пецярых дзяцей. Ад іх, Аляксандра і Юліі, пачалася дынастыя Батэнбергаў, адзін з прадстаўнікоў якой нават стаў князем Балгарыі.

З Батэнбергаў у Маўнтбатэны

Напярэдадні Першай сусветнай вайны некаторыя з Батэнбергаў перабраліся ў Вялікабрытанію, дзе краінай кіравалі іх сваякі з Гесэнскай дынастыі. Адзін з унукаў Юліі і Аляксандра Луіс Маўнтбатэн стаў брытанскім адміралам і апошнім віцэ-каралём Індыі, пры якім гэтая краіна атрымала незалежнасць.

Луіс Маўнтбатэн, праўнук генерала Гаўке, загінуў ад рук ІРА у 1979 г.

У 1917 г. Батэнбергі перайменаваліся ў Маўнтбатэнаў, таксама як і Гесэны сталі Віндзарамі. Не да гонару было насіць англійскім дынастыям нямецкія прозвішчы.

Кажуць, што менавіта Луіс Маўнтбатэн пазнаёміў брытанскую прынцэсу Лізавету са сваім пляменнікам Філіпам, прапраўнукам будаўніка Аўгустоўскага канала, польска-саксонска-французска-расійскага генерала Маўрыцыя Гаўке.

Кроў Гаўке ў венах Віндзараў

Філіп і Лізавета пажаніліся ў 1947 г., праўда, на вянчанне не былі запрошаныя цёткі Філіпа, паколькі іх мужы змагаліся ў гады Другой Сусветнай вайны на баку Германіі. Ды і Філіпу прыйшлося ўзяць дзявочае прозвішча сваёй маці - Маўнтбатэн.

Заручыны і шлюб прынцэсы Лізаветы і Філіпа Мантбатэна

Менавіта таму цяпер кароль Карл III і спадкаемцы брытанскага трона носяць падвойнае прозвішча Віндзар-Маўнтбатэн, хаця ў іх венах таксама цячэ кроў генерала Маўрыцыя Гаўке.

70 годдзе шлюбу Лізаветы ІІ і Філіпа Маўнтбэтана, 2017 год
Афіцыйны партрэт караля Карла III, 2023 год. Крыніца: Gov.UK

Спадкаемцы генерала Маўрыцыя Гаўке:

Юлія Гаўке (па мужу Батэнберг) → Людвік Аляксандр Батэнберг (з 1917 — Маўнтбатэн) → Аліса Маўнтбатэн, прынцэса грэчаская і дацкая → Філіп Грэчаскі, герцаг Эдынбургскі, муж каралевы Лізаветы II → Карл III, кароль Брытаніі

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Я і цяпер не згублюся ў Гродне». Пагутарылі з рэпатрыянтам, які пераехаў у Польшчу ў 1946 годзе, але дагэтуль памятае родны горад

Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…

21 лютага 2025

«Нам з вамі нельга мець ніякіх сувязей». З’ездзілі ў Белавежскую пушчу, падзеленую агароджай, і даведаліся, што адбываецца па абодва бакі

Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…

19 лютага 2025

«Пасведчанне аб шлюбе парвалі пры сварцы». Як беларусы (не) разводзяцца ў эміграцыі

Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…

18 лютага 2025

Забойства інжынера Кёніга. Як у Гродне 100 гадоў таму расследавалі гучную справу

Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…

17 лютага 2025

Дзень Сябровак замест Валянцінава дня. А вы ведалі, што адзначаюць 13 лютага?

Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…

13 лютага 2025

Казюкі ў парку, блін-тусоўка і па пудзілу на кожны дзень. Дзе ў Гродне адсвяткаваць Масленіцу-2025

Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…

12 лютага 2025