Гісторыя жыцця 69-гадовага Крыстафера Белье лёгка магла б стаць сцэнарам для кнігі прыгод або якога-небудзь фільма. Мужчына нарадзіўся на караблі Чырвонага Крыжа ў Атлантычным акіяне, у 27 гадоў атрымаў вялікую спадчыну і ніколі не працаваў. Ён усё жыццё падарожнічае і за яго плячыма сёння 190 краін. Крыстафер на два тыдні прыляцеў у Беларусь і наведаў Гродна.
У далёкім 1949 годзе бацькі Крыстафера плылі на караблі Чырвонага Крыжа з Аргентыны ў Англію. А ён якраз нарадзіўся ў дарозе, у самым сэрцы Атлантычнага акіяну.
«Мой бацька паляк, а мама з Аўстраліі. Пазнаёміліся яны ў Англіі, а я чалавек, які нарадзіўся ў акіяне на караблі, — распавядае Крыстафэр. — Да 7 гадоў мы жылі ў Францыі, а пасля сям’я пераехала ў Польшчу. У 24 гады я пакінуў гэтую краіну і паехаў у пошуках лепшага жыцця ў заходнія краіны Еўропы.
У 27 гадоў на мяне нечакана звалілася шмат грошай у спадчыну ад дзядулі. Уявіце сітуацыю: малады хлопец з велізарнай сумай. Менавіта тады я пачаў сур’ёзна падарожнічаць. Вядома, у мяне быў ліміт і я не мог сабе дазволіць купіць які-небудзь верталёт або самалёт, але на паездкі па свеце гэтага хапала".
Мужчына распавядае, што не меў патрэбы ў працы, проста ездзіў, куды яму хацелася. Часам усё ж ён працаваў, але гэта тая праца, якую ён выбіраў сабе ў задавальненне: шукаў золата і рыбачыў.
«Па адукацыі я археолаг і пасля вучобы ў Варшаве год адпрацоўваў у музеі Леніна. Пасля гэтага я не працаваў сур’ёзна, каб зарабіць грошай. Калі мне было 35 гадоў, я пісаў пра свае падарожжы, рабіў гэта бясплатна, а потым яксьці гэтую справу закінуў».
Крыстафэр грамадзянін Аўстраліі, у гэтай краіне ў яго ёсць дом, у якім ён практычна не жыве, таму што ўсё жыццё знаходзіцца ў падарожжах. У гэтай жа краіне ён атрымлівае сёння пенсію ў памеры 2,5 тысяч долараў.
«Першыя гады пасля атрымання спадчыны я спрабаваў усё, што хацеў, а пасля стаў інвеставаць у сябе, укладваў у фонд, які цяпер плаціць мне пенсію. Мне сёння 69 гадоў і я ўсё яшчэ падарожнічаю, за маімі плячыма ўжо 190 краін. Нягледзячы на тое, што ў мяне ёсць жыллё ў Аўстраліі, я не лічу гэтую краіну сваім домам, таму што я ўвесь час у раз’ездах.
Зараз на мае паездкі мне не трэба шмат грошай, як у маладосці. Раней я актыўна ў горы хадзіў, скакаў з парашутам і на каяках сплаўляўся. Сёння для мяне падарожжа — гэта знаёмства з невядомым мне месцам".
Падарожнік за гады сваіх паездак па свеце так і не завёў сям’ю. Кажа, быў нейкі час у адносінах і нават кахаў, але жанчын яму хапала толькі на час. Пасля ён зноў выпраўляўся ў дарогу.
«Напэўна, падарожжа ў мяне ў крыві, бо не проста так я нарадзіўся ў акіяне на караблі. Колькі сябе ведаю, я ўсё жыццё ў дарозе — езджу ў невядомыя краіны, каб адчуць гэтыя месцы. Я быў у джунглях Амазоніі і наведваў там плямёны, ездзіў у Паўночную Карэю, скарыў Гімалаі, быў у такіх месцах, пра якія мала хто ведае. За 69 гадоў у мяне назапасіўся вялікі багаж успамінаў і я сёння не шкадую, што так жыў і жыву. Магчыма, у іншым жыцці, я б што-небудзь і памяняў, але не ў гэтым».
Падарожнік кажа, што краіны хутка мяняюцца, і ўспаміны пра іх, калі яму быў 30 і 60 гадоў, істотна розныя. Таму ён часам у іх вяртаецца.
«Я ніколі не меў такіх прыгодаў, як у Індыяна Джонса. У жыцці яны сустракаюцца два разы: першы і апошні. Я некалькі разоў тануў, падаў у гарах, але ўсё яшчэ жывы. Падарожнічаць па свеце гэта цікава, усюды можна знайсці што-небудзь незвычайнае. У мяне ёсць тыя месцы, куды я вяртаюся, таму што яны змяняюцца.
За гады паездак па свеце, я зразумеў: каб падарожнічаць, неабавязкова мець шмат грошай. Я ведаю людзей, якія і са 100 далярамі адпраўляліся і ездзілі па свеце каля 30 гадоў. Так, яны дзесьці падзараблялі, але факт у тым, што яны рызыкнулі і паехалі ў сваё падарожжа. Раней я жыў у гатэлях і ні ў чым сабе не адмаўляў, але сёння магу начаваць і ў палатцы ў лесе".
У Беларусь Крыстафер прыляцеў 18 кастрычніка. Быў у Мінску, адтуль паехаў у Мір і Нясвіж, а далей у Брэст, горад, у якім нарадзіўся яго бацька. Пасля гэтага мужчына прыехаў у Гродна. Прыгранічны горад яму спадабаўся.
«Беларусь у цэлым добрая і чыстая краіна, не такая, пра якую распавядаюць на захадзе — я не бачу тут наркаманаў і п’яніц, толькі людзі не ўсміхаюцца, магчыма, гэта з-за заробкаў.
Для мяне гэтая краіна танная і я магу тут сабе многае дазволіць. Тут лёгка падарожнічаць, таму што добра арганізаваны транспарт. Але ёсць і мінусы: актыўных падарожнікаў адштурхвае Беларусь візай і рэгістрацыяй, пра якую не ўсе ведаюць".
Пасля Беларусі Крыстафэр адправіцца ў Польшчу, а адтуль у Фінляндыю і Галандыю. Сустракаць Новы год мужчына плануе ў Аўстраліі.
Падарожнік адзначае, што ў свеце яшчэ шмат месцаў у якіх ён не быў. Напрыклад, у Афрыцы ён не быў у 9 краінах, у Азіі толькі ў Іраку, Еўропу і Амерыку аб’ехаў усю, але на планеце яшчэ шмат астраўных дзяржаў, у якія Крыстафер плануе трапіць.
У Гродне працуе рэстаран «Беласток», а ў польскім Беластоку – бар Grodno. У 1974 годзе…
Гродзенскія кантралёры - самыя суровыя, а пасажыры - самыя дружныя. Квіток можна на выхадзе з…
Раніцай гродзенка Людміла Юрахно як звычайна пайшла на працу, але дадому вярнулася толькі праз паўгода.…
Гродзенцы скардзяцца, што шмат якія ўстановы ў горадзе выглядаюць аднолькава. Напрыклад, некаторых расчаравалі рэндары інтэр'ераў…
Адчуць таямнічую атмасферу Хэлоўіна можна ў розных месцах Гродзеншчыны: у рэгіёне мноства закінутых сядзіб, старажытных…
Гродзенка Кацярына Карлацяну, заснавальніца брэнда Krikate ("Крыкейт"), паказала сваю калекцыю на Тыдні моды ў Парыжы.…