Гродзенскаму гісторыку Мечыславу Супрону ўдалося адстаяць драўляны дом на вуліцы Асіпенкі, 3, які хацелі знесці паўгода таму. Праўда, пасля аўкцыёну новы ўласнік зможа пры жаданні як аднавіць пабудову, так і знесці яе.
Дом № 3 на вуліцы Асіпенкі быў пабудаваны ў 1930-я гады. Ён уваходзіў у комплекс жылых, грамадскіх і гаспадарчых пабудоў у стылі драўлянага канструктывізму. Да Другой сусветнай вайны гэты раён называўся Настаўніцкай калоніяй, там жылі настаўнікі. У савецкі час у дамы засяліліся звычайныя працоўныя. З дома № 3 апошніх жыхароў адсялілі ў 2015 годзе. Пабудова прастойвала, але нават без жыхароў была ў здавальняючым стане.
Спынілі руйнаванне ў апошні момант
10 красавіка на асабістым прыёме ў старшыні гарвыканкама гісторык Мечыслаў Супрон прапанаваў гарадскім уладам даць старым драўляным пабудовам апошні шанец. Яго выслухалі і пааабяцалі, што пабудовы, якія маюць гістарычную каштоўнасць, будуць выстаўлены на аўкцыён. У гарвыканкаме хочуць праверыць, ці знойдуцца на іх наогул пакупнікі.
«У той жа дзень пасля нашай сустрэчы ў гарвыканкаме дом на Асіпенкі збіраліся знесці. Фактычна, заставалася 5−10 хвілін і пабудову б цалкам знеслі, але я патэлефанаваў у гарвыканкам і нагадаў ім пра іх абяцанні. Разборку дома спынілі. У выніку без даху будынак прастаяў паўгода. Пабудова падмокла, але з ёй нічога страшнага за гэты час не адбылося. Стан дома па маёй ацэнцы яшчэ здавальняючы. Драўніна ў добрым стане. Дарэчы, пад будынкам захаваўся ідэальны падвал», — распавядае Супрон.
Каркас праслужыць яшчэ 100 гадоў?
Стартавы кошт продажу будынка на аўкцыёне, які пройдзе 12 лістапада, складае амаль 14,5 тысяч рублёў. Горад прапануе будучаму ўладальніку вызначыць праектам неабходнасць зносу або рэканструкцыі існуючага будынка.
«Асіпенкі - ціхая і старая вулачка. Мне здаецца, выкарыстоўваць пабудову ў будучыні можна было б як хостэл, але наколькі гэта магчыма, я не ведаю. У будучага ўладальніка будзе выбар, захаваць будынак ці знесці яго. Я лічу, што можна захаваць і аднавіць, стары каркас праслужыць як мінімум яшчэ 100 гадоў», — дадаў Супрон.У 2018 годзе мы расказвалі пра дом на рагу вуліц Чкалава і Асіпенкі, які гарадскія ўлады таксама хацелі знесці. Але нават пасля сур’ёзнага пажару ўласнік здолеў выратаваць пабудову.