Фота: Razmik Zackaryan
Пакуль у Беларусі адзначалі 101 гадавіну кастрычніцкай рэвалюцыі, у Арменіі святкавалі больш сціплую рэвалюцыйную дату. Іх «рэвалюцыі любові і салідарнасці» ўсяго паўгода. У Кыргызстане і Украіне таксама вядуць адлік гадоў уласных рэвалюцый. Грамадзянскія актывісты з гэтых краін распавялі, як пачыналіся рэвалюцыі і як ідуць справы зараз.
Калі б рэвалюцыя правалілася, то чалавек 30 атрымалі б тэрміны ад 8 да 15 гадоў. Яшчэ чалавек 150 — да 5 гадоў. Такія падлікі зрабіў пасля перамогі армянскай «рэвалюцыі любові і салідарнасці» журналіст Левон Барсегян. «Але нешта ўсё роўна б здарылася», — дадае ён. Напярэдадні красавіцкіх падзей настроі ў краіне былі вельмі дэпрэсіўнымі. «Пара валіць» — так многія бачылі свае планы на будучыню. За год трохмільённую Арменію пакінулі больш за 50 тысяч чалавек.
Супрацьстаянне ўлады і апазіцыі ў краіне захоўвала статус кво да 2016 года. Тады здарылася чатырохдзённая вайна ў Нагорным Карабаху. Да гэтага канфлікту ўлады пазіцыянавалі сябе гарантам міру ў рэгіёне. «Казалі, што так — ёсць карупцыя, так — эканоміка не развіваецца. Але самае важнае — гэта бяспека і таму можна цярпець гэтую ўладу, — распавядае журналіст і палітолаг Мікаэль Залян. — Гэты міф надламаўся».
«Мы 20 гадоў спрачаліся, — успамінае Лявон Барсегян. — Калі аптымісты казалі „Так больш працягвацца не можа“, ім нагадвалі, што Франка правіў у Іспаніі 40 гадоў. Калі песімісты ўздыхалі „Гэта будзе вечна“, ім пярэчылі словамі пра лёс Чаўшэску».
Мікаэль Залян называе той час адным словам — безнадзёга.
Нагодай змяніць старую кружэлку стала рашэнне экс-прэзідэнта Арменіі Сержа Саргсяна вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду прэм’ер-міністра.
«Трэба было выйсці з гэтага стану і пачаць нешта рабіць. Тады з’явіўся рух «Зрабі крок. Адмоў Сержу», — кажа Залян. На думку палітолага, гаворка ішла не толькі пра персону армянскага экс-прэзідэнта. Проста яго імя стала сімвалам сістэмы. «Серж — гэта тое, што ёсць у табе. Напрыклад, калі даеш хабар даішніку, замест таго, каб даказаць невінаватасць або заплаціць штраф па закону. Усе мы ў той ці іншай ступені ўдзельнічалі ў гэтай сістэме». Рашэнне было ў тым, каб вызваліцца ад практык, якія дазваляюць табой кіраваць. Які крок зрабіць — кожны павінен быў вырашыць сам.
«На пратэстах звычайна людзі з мікрафонам казалі: трэба рабіць так і гэтак. Слухайце нас, мы ведаем, што правільна. Нашы лідары казалі наадварот — не давярайце нам. Рабіце тое, што вы самі лічыце правільным. Галоўнае — без гвалту», — успамінае пра пачатак рэвалюцыі Левон Барсегян.
«Зараз некаторыя кажуць, што рэвалюцыя была спантаннай, — распавядае Оля Азацян, — Не. Пачаткам быў 2008 год. З тых часоў напрацоўвалася практыка супраціву».
Для сённяшняга кіраўніка дзяржаўнай кантрольнай службы Арменіі Давіда Санасарана шлях у рэвалюцыю пачаўся яшчэ раней і - з прывада ў паліцыю. «Калі мяне ўпершыню забралі ў пастарунак, я зразумеў, што гэта — пачатак». З тых часоў мінула 11 гадоў. «11 гадоў я казаў пра карупцыю. Не магу злічыць, колькі разоў за гэтыя гады быў у турме, колькі разоў мне ў паліцыі казалі, што не варта палітыкай займацца. Тады не мог сабе ўявіць, што буду на той пазіцыі, якую займаю сёння, што ў мяне будзе сіла спыніць карупцыю ў краіне. Урок, які я атрымаў ад жыцця — што трэба спрабаваць, спрабаваць, спрабаваць і ніколі не здавацца».
Новыя тэхналогіі, на яго думку, вельмі дапамаглі рэвалюцыі. «Паліцыя блакавала дэманстрантаў, а яны вялі стрымы. Спробы правакацыі праваліліся дзякуючы людзям, якія паказвалі, што адбываецца».
Праўда, канфлікт пакаленняў таксама быў. Бацькі спачатку супраціўляліся ініцыятыве дзяцей і не хацелі адпускаць іх на вуліцы. А калі зразумелі, што тыя не спыняцца, «узялі бутэрброды, узялі ваду і самі пайшлі за дзецьмі», — распавядае Лявон Барсегян. На пратэсты выйшлі нават сем'і сілавікоў, чаго раней у Арменіі не было. А потым і паліцыя перайшла на бок народа.
«Пакуль усё не так дрэнна, — стрымана каментуе Залян. — Ёсць актыўнасць старой улады, захоўваецца рэсурс старых элітаў. Але агулам сітуацыя змянілася. Узнікаюць новыя палітычныя сілы». На яго думку, самыя галоўныя змены адбыліся не ў кабінетах улады, а ў грамадстве: «Людзі прайшлі грамадзянскую школу і больш адэкватна ацэньваюць сітуацыю. Свядомасць паднялася на новы ўзровень за месяц рэвалюцыі. Такое грамадства больш не пагодзіцца трываць дыктатуру».
Кыргызстан: «Мы, кыргызы, цяпер з некаторай сарамлівасцю кажам, што ў нас было ўжо дзве рэвалюцыі - у 2005 і 2010 годзе. Таму што істотных зменаў, як напрыклад у Грузіі, у нас, у Кыргызстане, не было», — кажа старшыня камітэта абароны свабоды слова Адзіл Турдукулаў.
«Армянскім калегам хацеў бы сказаць, што патрэбныя змены не толькі ўнутранай, але і знешняй палітыкі. Ці застануцца яны ў стратэгічна важных для Расіі арганізацыях? Калі так, то абвешчаныя ідэі парламенцкай дэмакратыі могуць быць пад пагрозай. Сумежныя краіны, дзе існуе жорсткі аўтарытарызм, не дазволяць у поўнай меры гэтую форму рэалізаваць. Наш прыклад гэта пацвярджае».
Украіна: «Тое, што цяпер адбываецца ў нас, гэта ўжо эвалюцыя. Мы стараемся развівацца, шмат сіл і энергіі ідзе на тое, каб не дапусціць адкату, — кажа Іван Омелян з Рэанімацыйнага пакета рэформаў. — Там, дзе не можам адкат спыніць — там рэгрэсія. Так усе закупкі ў нас празрыстыя, але карупцыя квітнее». Паводле яго слоў, цяпер ва Украіне жартуюць, што гэта краіна самай празрыстай карупцыі ў свеце.
На думку Івана Омеляна, грамадзянскім актывістам з постсавецкіх краін не трэба баяцца ісці ў палітыку. Таму што любы актывізм — гэта таксама палітыка. «Калі вы хочаце чысты пад’езд, вы ўжо ўплываеце на палітыку горада і дзяржавы. Каб змяніць краіну, трэба не здраджваць сваім прынцыпам. Адзіная магчымасць не даць знешнім сілам перашкодзіць пераменам, гэта быць самім да іх гатовымі».
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…