Пакуль у Беларусі адзначалі 101 гадавіну кастрычніцкай рэвалюцыі, у Арменіі святкавалі больш сціплую рэвалюцыйную дату. Іх «рэвалюцыі любові і салідарнасці» ўсяго паўгода. У Кыргызстане і Украіне таксама вядуць адлік гадоў уласных рэвалюцый. Грамадзянскія актывісты з гэтых краін распавялі, як пачыналіся рэвалюцыі і як ідуць справы зараз.
Калі б рэвалюцыя правалілася, то чалавек 30 атрымалі б тэрміны ад 8 да 15 гадоў. Яшчэ чалавек 150 — да 5 гадоў. Такія падлікі зрабіў пасля перамогі армянскай «рэвалюцыі любові і салідарнасці» журналіст Левон Барсегян. «Але нешта ўсё роўна б здарылася», — дадае ён. Напярэдадні красавіцкіх падзей настроі ў краіне былі вельмі дэпрэсіўнымі. «Пара валіць» — так многія бачылі свае планы на будучыню. За год трохмільённую Арменію пакінулі больш за 50 тысяч чалавек.
Абы не было вайны
Супрацьстаянне ўлады і апазіцыі ў краіне захоўвала статус кво да 2016 года. Тады здарылася чатырохдзённая вайна ў Нагорным Карабаху. Да гэтага канфлікту ўлады пазіцыянавалі сябе гарантам міру ў рэгіёне. «Казалі, што так — ёсць карупцыя, так — эканоміка не развіваецца. Але самае важнае — гэта бяспека і таму можна цярпець гэтую ўладу, — распавядае журналіст і палітолаг Мікаэль Залян. — Гэты міф надламаўся».
«Мы 20 гадоў спрачаліся, — успамінае Лявон Барсегян. — Калі аптымісты казалі „Так больш працягвацца не можа“, ім нагадвалі, што Франка правіў у Іспаніі 40 гадоў. Калі песімісты ўздыхалі „Гэта будзе вечна“, ім пярэчылі словамі пра лёс Чаўшэску».
Мікаэль Залян называе той час адным словам — безнадзёга.
Нагодай змяніць старую кружэлку стала рашэнне экс-прэзідэнта Арменіі Сержа Саргсяна вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду прэм’ер-міністра.
Трэба нешта рабіць
«Трэба было выйсці з гэтага стану і пачаць нешта рабіць. Тады з’явіўся рух «Зрабі крок. Адмоў Сержу», — кажа Залян. На думку палітолага, гаворка ішла не толькі пра персону армянскага экс-прэзідэнта. Проста яго імя стала сімвалам сістэмы. «Серж — гэта тое, што ёсць у табе. Напрыклад, калі даеш хабар даішніку, замест таго, каб даказаць невінаватасць або заплаціць штраф па закону. Усе мы ў той ці іншай ступені ўдзельнічалі ў гэтай сістэме». Рашэнне было ў тым, каб вызваліцца ад практык, якія дазваляюць табой кіраваць. Які крок зрабіць — кожны павінен быў вырашыць сам.
«На пратэстах звычайна людзі з мікрафонам казалі: трэба рабіць так і гэтак. Слухайце нас, мы ведаем, што правільна. Нашы лідары казалі наадварот — не давярайце нам. Рабіце тое, што вы самі лічыце правільным. Галоўнае — без гвалту», — успамінае пра пачатак рэвалюцыі Левон Барсегян.Мікаэль Залян называе гэта дэцэнтралізацыяй пратэстаў. «З 90-х кожныя 5 гадоў былі пратэсты рознага маштабу. Сістэма прэсінгу навучылася з імі спраўляцца, калі яны былі цэнтралізаванымі. Цяпер гэта ўсё не працавала».
Спантанная рэвалюцыя і сустрэча пакаленняў
«Зараз некаторыя кажуць, што рэвалюцыя была спантаннай, — распавядае Оля Азацян, — Не. Пачаткам быў 2008 год. З тых часоў напрацоўвалася практыка супраціву».
Для сённяшняга кіраўніка дзяржаўнай кантрольнай службы Арменіі Давіда Санасарана шлях у рэвалюцыю пачаўся яшчэ раней і - з прывада ў паліцыю. «Калі мяне ўпершыню забралі ў пастарунак, я зразумеў, што гэта — пачатак». З тых часоў мінула 11 гадоў. «11 гадоў я казаў пра карупцыю. Не магу злічыць, колькі разоў за гэтыя гады быў у турме, колькі разоў мне ў паліцыі казалі, што не варта палітыкай займацца. Тады не мог сабе ўявіць, што буду на той пазіцыі, якую займаю сёння, што ў мяне будзе сіла спыніць карупцыю ў краіне. Урок, які я атрымаў ад жыцця — што трэба спрабаваць, спрабаваць, спрабаваць і ніколі не здавацца».Гэтай вясной на вуліцы выйшла моладзь 20−28 гадоў. Нават тыя, хто раней не быў уцягнуты ў палітыку. «Маладыя армянскія хіпстары, якія выраслі ў эпоху ютуба ды інстаграма сустрэліся са старым палітычным актывам, з людзьмі, якія гадамі хадзілі на мітынгі і ведалі горыч паразы», - распавядае Мікаэль Залян.
Новыя тэхналогіі, на яго думку, вельмі дапамаглі рэвалюцыі. «Паліцыя блакавала дэманстрантаў, а яны вялі стрымы. Спробы правакацыі праваліліся дзякуючы людзям, якія паказвалі, што адбываецца».
Праўда, канфлікт пакаленняў таксама быў. Бацькі спачатку супраціўляліся ініцыятыве дзяцей і не хацелі адпускаць іх на вуліцы. А калі зразумелі, што тыя не спыняцца, «узялі бутэрброды, узялі ваду і самі пайшлі за дзецьмі», — распавядае Лявон Барсегян. На пратэсты выйшлі нават сем'і сілавікоў, чаго раней у Арменіі не было. А потым і паліцыя перайшла на бок народа.«У нас маленькая краіна, — каментуе сітуацыю Оля Азацян. — Той, каго ты паб’еш, можа апынуцца братам твайго сябра. Як потым людзям у вочы глядзець».
Новы час
«Пакуль усё не так дрэнна, — стрымана каментуе Залян. — Ёсць актыўнасць старой улады, захоўваецца рэсурс старых элітаў. Але агулам сітуацыя змянілася. Узнікаюць новыя палітычныя сілы». На яго думку, самыя галоўныя змены адбыліся не ў кабінетах улады, а ў грамадстве: «Людзі прайшлі грамадзянскую школу і больш адэкватна ацэньваюць сітуацыю. Свядомасць паднялася на новы ўзровень за месяц рэвалюцыі. Такое грамадства больш не пагодзіцца трываць дыктатуру».«У новых, якія прыйшлі да ўлады, няма свайго бізнесу і няма вопыту працы ва ўрадзе. Але яны ведаюць, што дэмакратыя — гэта ўлада большасці. І яшчэ не забыліся, што меншасці пры гэтым таксама гарантаваныя правы», — кажа Оля Азацян. У прыклад прыводзіць першыя выбары ў гарадскі савет, якія назіральнікі назвалі нуднымі. «Не было падтасовак і фальсіфікацый. Выбары разбурылі міф, што народ не гатовы да дэмакратыі. Калі няма ціску ўлады, то ўсе гатовыя».
Погляд з боку
Кыргызстан: «Мы, кыргызы, цяпер з некаторай сарамлівасцю кажам, што ў нас было ўжо дзве рэвалюцыі - у 2005 і 2010 годзе. Таму што істотных зменаў, як напрыклад у Грузіі, у нас, у Кыргызстане, не было», — кажа старшыня камітэта абароны свабоды слова Адзіл Турдукулаў.Паводле яго слоў, былі вельмі вялікія чаканні і надзеі на змены ў краіне, але рэвалюцыя проста «разварушыла людзей» і дала магчымасць больш уплываць на палітычныя рашэнні. А эканамічнага рыўка не адбылося. Кожная новая ўлада апраўдвала свае няўдачы назапашанымі памылкамі папярэднікаў.
«Армянскім калегам хацеў бы сказаць, што патрэбныя змены не толькі ўнутранай, але і знешняй палітыкі. Ці застануцца яны ў стратэгічна важных для Расіі арганізацыях? Калі так, то абвешчаныя ідэі парламенцкай дэмакратыі могуць быць пад пагрозай. Сумежныя краіны, дзе існуе жорсткі аўтарытарызм, не дазволяць у поўнай меры гэтую форму рэалізаваць. Наш прыклад гэта пацвярджае».
Украіна: «Тое, што цяпер адбываецца ў нас, гэта ўжо эвалюцыя. Мы стараемся развівацца, шмат сіл і энергіі ідзе на тое, каб не дапусціць адкату, — кажа Іван Омелян з Рэанімацыйнага пакета рэформаў. — Там, дзе не можам адкат спыніць — там рэгрэсія. Так усе закупкі ў нас празрыстыя, але карупцыя квітнее». Паводле яго слоў, цяпер ва Украіне жартуюць, што гэта краіна самай празрыстай карупцыі ў свеце.Праблема, на яго думку, у тым, што ва Украіне не было змены палітычнай эліты. Прыйшло больш ліберальнае і празаходняе крыло старой. «Але гэта яшчэ не канец пераўтварэнняў. Зараз вялікі выклік для нас — наступныя парламенцкія выбары. Магчыма, да таго часу большасць будзе гатова да рэформаў у краіне, а не да іх зацягвання».
Як быць астатнім?
На думку Івана Омеляна, грамадзянскім актывістам з постсавецкіх краін не трэба баяцца ісці ў палітыку. Таму што любы актывізм — гэта таксама палітыка. «Калі вы хочаце чысты пад’езд, вы ўжо ўплываеце на палітыку горада і дзяржавы. Каб змяніць краіну, трэба не здраджваць сваім прынцыпам. Адзіная магчымасць не даць знешнім сілам перашкодзіць пераменам, гэта быць самім да іх гатовымі».Мікаэль Залян кажа, што зараз перад удзельнікамі армянскай рэвалюцыі таксама стаіць выбар — ісці ці не ісці ў палітыку. «Цяпер і я, і многія мае сябры вырашаем для сябе гэтае пытанне. Вам я б параіў зараз, пакуль у вашых у краінах палітычная сітуацыя не змянілася, пастарацца зрабіць усё, што вы асабіста для сябе планавалі. Павучыцца за мяжой, навучыцца іграць на гітары, стварыць уласны панк-гурт, павандраваць і паэксперыментаваць. Таму што ў адзін цудоўны момант можа апынуцца, што ўсё змянілася. Тады вам, людзям, якія крытыкавалі дзеянні ўлады скажуць: «Цяпер вы зробіце ўсё як трэба? Давайце, працуйце!»