Горад

Упрыгожваюць як умеюць. Чаму крэатыў ЖКГ не спыніць нават галоўны архітэктар

Hrodna.life не раз пісаў, як рэагуюць звычайныя гродзенцы і спецыялісты на малыя архітэктурныя формы, якімі ў апошнія гады запаўняецца горад. Мы спыталі ва Упраўленні архітэктуры, якім чынам узгадняліся гэтыя аб’екты і як да іх ставяцца гарадскія архітэктары.

Малыя архітэктурныя формы — гэта і набалелыя сметніцы, і фотазоны, і раяль у парку. Гэта значыць усё тое, што усталёўваецца без падмурка, часова для зручнасці жыхароў ці для прыгажосці, што нясе якую-небудзь функцыю і дапаўняе архітэктурную кампазіцыю забудовы.

Крызіс у архітэктуры і вышэйшы бал за урны

Малыя і манументальныя архітэктурныя формы ўзгадняе экспертна-мастацкі савет. Помнікі праходзяць рэспубліканскі манументальны савет, дэкаратыўная скульптура — абласны.

— Тэарэтычна за кожнай паперкай можна ездзіць у Мінск. Людзі ж спрабуюць пазбегнуць непатрэбных дзеянняў, — кажа Вольга Барэйка, начальніца ўпраўлення архітэктуры Гродна.

— ЖКГ не прыйшло ў галаву звярнуцца туды па ўзгадненне урнаў. Чаму арганізацыя, якой даручана ставіць сметніцы ці лавачкі, павінна пытаць дазволу ў манументальнага савета, ім жа даручана. Фармальна — гэта перабор, — лічыць Вольга Барэйка.

Пры комплексным добраўпарадкаванні тэрыторыі (вуліцы, плошчы, сквера, раёна) распрацоўваюць падрабязную праектную дакументацыю. У ёй агавораны і малыя архітэктурныя формы. Праходзіць час, яны зношваюцца і спецыяльныя службы павінны іх мяняць. На практыцы здараецца так, што структура абслуговых арганізацый ужо памянялася. Праектнай дакументацыі, распрацаванай раней, няма. У выніку ЖКГ мяняе тое, што знасілася, паводле свайго меркавання.

«Смеццеперапрацоўчым заводам кіруе вельмі крэатыўны чалавек. Адна з яго прапаноў - урны. Гэта ўсё рэчы густавыя. Ужо пасля ўстаноўкі мы адпраўлялі іх у Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, — распавяла Вольга Барэйка. — Там нам паставілі вышэйшую адзнаку за добраўпарадкаванне, а насельніцтва пінае нас нагамі - як мы маглі такое дапусціць. У дадзеным выпадку ЖКГ праявіла фантазію і ініцыятыву, а ў нас у архітэктуры ў той час якраз быў крызіс, адзін галоўны архітэктар змяняў іншага, не паспявалі, архітэктура на нейкі час прасела. Але гэта не такая ўжо страшная памылка. Вось наконт будынка Сямашкі — гэта памылка, але да нашага меркавання не прыслухаліся».

Пасада, якой няма

Раней ва Упраўленні архітэктуры і горадабудаўніцтва была пасада другога намесніка галоўнага архітэктара горада — галоўны мастак. Гэты чалавек узгадняў тое, што усталёўваецца ў горадзе. Шаснаццаць гадоў таму пасаду скарацілі пры скарачэнні штата дзяржслужачых як лішнюю, але праца засталася.

— На сённяшні дзень у нас столькі адміністрацыйных працэдур, што спецыяліста, які б асобна гэтым займаўся, проста няма. Праблема ў тым, што прафесіяналы кажуць, што гэта [азеляненне, добраўпарадкаванне — HL] непрафесійна. Гэта так. Але прафесіянал за гэта просіць грошы. Гарадскія жа службы робяць гэта за тую ж зарплату, якая не прадугледжвае ні наяўнасці густу, ні спецыяльнай адукацыі.


Чытайце таксама: «Во всем виноваты архитекторы». Что думают горожане о застройке центра Гродно

Вольга Барэйка: «Зелянбуд прыслухаўся да грамадскасці, якая патрабавала кантэйнернага добраўпарадкавання. На мой погляд, атрымалася дрэнна»

Год малой радзімы зацягнуўся

Гарадскія службы ўпрыгожваюць горад, як умеюць, прысвячаючы сваю творчасць пэўным датам. У 2018 годзе абвясцілі Год малой радзімы, які, згодна з указам прэзідэнта № 247, доўжыцца да 2020 года ўключна. У 2018 годзе «Гарсвятло» ўсталявала глобус на клумбе перад Фарным касцёлам у гонар гарадоў-пабрацімаў ​​Гродна. На думку галоўнай архітэктаркі, ён не вытрымлівае стандартаў якасці, хоць фармальна нічога не закрывае. Прыбіраць яго пакуль не плануюць.

Тое ж датычыцца і пячаткі з гербам — падарунка Гродна ад «Гарсвятла» да Дня горада. Два гады таму яе ўсталявалі бліжэй да танка на Савецкай плошчы, пасля перанеслі на газон перад касцёлам. З тых часоў яе ўспамінаюць у спісе візуальных няўдач гарадской прасторы.

— Пячатка і па якасці, і па месцы, дзе яна ляжыць — недарэчная, — прызнае начальніца ўпраўлення архітэктуры. — Наогул яна можа быць, але не такіх памераў, і напэўна, у бронзе.

— Быў Год малой радзімы. Адна за адной ішлі юбілейныя даты. У гэтай сувязі з’явілася новая модная тэма — фотазоны. Гэта ідэалагічная хваля, як плакаты і агіткі калісьці ў Савецкім саюзе. Прадпрыемству было «нарэзана» падрыхтаваць фотазоны. Дзесьці гэта рабіў мастак, дзесьці прыцягваліся рэкламныя кампаніі.

Раяль і парк

Той жа смеццесартавальны завод устанавіў у лютым 2020-га дэкаратыўны раяль у цэнтральным парку. Раяль быў пакрыты пластыкавай травой і «граў» спачатку Стаса Міхайлава, потым Бетховена. Яго прыбралі менш чым праз месяц пасля калектыўнай скаргі гараджан старшыні гарвыканкама Мечыславу Гою.

— Трэба было проста дачакацца сезону, запоўніць яго кветкамі. Гэта з серыі фотазон. Хацелася б, вядома, каб ноты былі чорнымі, а не бронзавымі. Але на Дзень горада раялі з кветкамі глядзеліся добра. Увесь свет абышлі машыны з кветкамі.

Фота: Руслан Кулевіч

Горад-музей — гэта кепска

Парк Жылібера часцей за іншыя месцы падвяргаецца эксперыментам, але Вольга Барэйка перакананая, што гэта нармальна:

— Парк у цэнтры, хочам мы таго ці не, шматфункцыянальны, як і ўвесь наш цэнтр. Ён не мёртвы. Слоган «Горад-музей» мне не падабаецца: у музеі ніхто не жыве, туды можна прыехаць, пагуляць і з’ехаць. А мы тут жывем. Добра глядзяцца тыя гарады, якія разам з захаваннем сваёй спадчыны яшчэ і жывыя. Ёсць рэчы, якія трэба захоўваць: планіровачная структура, кварталы. Але тое, што побач са старым можа з’явіцца новае, — нармальна. Не памыляецца той, хто нічога не робіць. Парк — гэта акурат тая пляцоўка, дзе такія ідэі могуць быць рэалізаваныя і абкатаныя: пайшло — варта, не пайшло — прыбралі.

Вольга Барэйка лічыць, што гродзенцам варта было б быць больш паблажлівымі да аўтараў.

— Ва ўсіх розны ўзровень. Мы не можам усіх падвесці пад адзін капыл. Ёсць венская опера, а ёсць мастацкая самадзейнасць. І адно, і другое мае права на жыццё.

— Ёсць вельмі спрэчныя аўтарскія творы — і ў малых архітэктурных формах, і ў пабудовах. Заказчык уклаў грошы, палічыў, што гэта патрэбна гораду. Момант павагі да іх таксама вельмі важны ў гарадской прасторы. Экспертны савет існуе, але момант, што мы туды нясем, а што не — вельмі тонкі. Скульптуру — абавязкова,
а больш простыя рэчы часта застаюцца на сумленні заказчыка.

Наогул Вольга Барэйка адносіцца да архітэктурных няўдачаў гарадскіх службаў па-філасофску. «Гэта пастаіць і сыдзе».

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Я і цяпер не згублюся ў Гродне». Пагутарылі з рэпатрыянтам, які пераехаў у Польшчу ў 1946 годзе, але дагэтуль памятае родны горад

Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…

21 лютага 2025

«Нам з вамі нельга мець ніякіх сувязей». З’ездзілі ў Белавежскую пушчу, падзеленую агароджай, і даведаліся, што адбываецца па абодва бакі

Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…

19 лютага 2025

«Пасведчанне аб шлюбе парвалі пры сварцы». Як беларусы (не) разводзяцца ў эміграцыі

Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…

18 лютага 2025

Забойства інжынера Кёніга. Як у Гродне 100 гадоў таму расследавалі гучную справу

Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…

17 лютага 2025

Дзень Сябровак замест Валянцінава дня. А вы ведалі, што адзначаюць 13 лютага?

Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…

13 лютага 2025

Казюкі ў парку, блін-тусоўка і па пудзілу на кожны дзень. Дзе ў Гродне адсвяткаваць Масленіцу-2025

Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…

12 лютага 2025