“Вораг народу” і герой, “Саша Мінскі” і кіраўнік моладзевага праваслаўнага руху, называў “сваёй дзяўчынкай” і паказваў мемы. Наталля Васілевіч, каардынатарка групы “Хрысціянская візія” і багаслоў, напісала для Hrodna.life некралог па ўладыку Арцемію. Ён стаў фактычна адзіным епіскапам Беларускай Праваслаўнай Царквы, хто адважыўся і гатовы быў ісці на ахвяры.
Адным з апошніх відэа, якое мне даслаў уладыка Арцемій, была песня Андрэя Макарэвіча “Я расскажу вам про страну”, дзе ёсць такія словы:
Я расскажу вам про страну, Где в храм пустили сатану. На гибель сына гонит мать, А поп велит вам убивать. Румяны и плечисты Поклоны бьют чекисты.
Архіепіскап Арцемій (Кішчанка) памёр у ноч з 21 на 22 красавіка. Ён кіраваў Гродзенскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы з 1996 да 2021 года. У 2020 годзе Арцемій асудзіў гвалт сілавікоў і ўдзел настаўнікаў у фальсіфікацыях вынікаў галасавання. Ён не дажыў тры дні да 70-годдзя. Архіепіскап цяжка хварэў.
“Не ад Духа Святога” – так лаканічна былы гарадзенскі архіепіскап ацаніў пазіцыю кіраўніцтва Руская Праваслаўнай Царквы ў дачыненні да вайны ва Украіне. Менавіта такой, як у песні, стала тая царква, дзе ён знайшоў Хрыста ў гады савецкіх ганенняў, і куды прыйшоў служыць усім сваім жыццём. Гэтая царква, якая прагнулася пад улады, яго таксама адрынула – ён, са сваёй бескампраміснасцю да зла, стаў у ёй чужародным элементам.
“Цяпер я – Вораг Народу,” – так часам жартаваў ён. Але ён быў ворагам для “румяных чэкістаў”, для народу ж ён быў героем – пасля таго як мужна ўзвысіў свой голас дзеля абароны праўды, справядлівасці, салідарнасці, міру – евангельскіх прынцыпаў, хрысціянскіх каштоўнасцяў. Ён стаў фактычна адзіным епіскапам Беларускай Праваслаўнай Царквы, хто адважыўся, не пабаяўся, і гатовы быў ісці на ахвяры.
Вось што пісалі яму ягоныя былыя студэнты, калі даведаліся пра ягонае выгнанне з кафедры, а таксама праваслаўныя вернікі з Беларусі. Хтосьці з былых студэнтаў напісаў, што ўладыка, нібыта лампада, – і сапраўды, калі архіепіскап Арцемій быў яшчэ простым паслушнікам у Пскова-Пячэрскім манастыры, ён там “праводзіў святло” – рамантаваў праводку. Лямпачкі ў храме гарэлі дзякуючы працы Сашы Мінскага, так яго называлі ў манастыры ў той час.

Сама я з архіепіскапам Арцеміем пазнаёмілася ў 2002 годзе, тады яшчэ малады і поўны сілаў ён узначальваў моладзевы праваслаўны рух у Беларусі. Уладыка запомніў і палюбіў мяне беларускамоўнай праваслаўнай неафіткай і нефармалкай, заўсёды па-добраму з мяне кпіў, і напэўнае, самы дарагі ўспамін, калі ён ласкава называў мяне “дзяўчынка мая”. І цяпер, сталая пані, я дагэтуль хачу, каб быць годнай гэтага слова – “мая”. Каб яму не было сорамна лічыць мяне “сваёй”. Бо я ганаруся, што ён – “мой”. Мой духоўны лідэр і спадзяюся, што і мой сябра.
Я ведала, што ён сочыць за маёй царкоўнай дзейнасцю, што падтрымлівае яе, і для мяне гэта было надзвычай важна – адчуваць падтрымку епіскапа, у той час, калі кіраўніцтва БПЦ спрабала ад мяне дыстанцыянавацца ці нават змагалася са мной.
Па-сапраўднаму блізка мы пачалі кантактаваць ужо ў 2020 годзе, калі падтрымка патрэбна была яму самому. Калі ён адзін стаяў супраць зла і няпраўды, сярод тых, хто вырашыў адсядзецца, адмаўчацца, альбо пайсці на службу злачыннаму рэжыму.
Мы, я, група “Хрысціянская візія”, перакладалі ягоны казані на замежныя мовы і публікавалі іх у соцсетках, ладзілі лісты ў яго падтрымку, прымалі заявы, дзяліліся сваімі планамі і пыталіся парадаў, ён дзяліўся сваімі казанямі і меркаваннямі. Часта ён на складаныя сітуацыі рэагаваў мемамі – у яго была цэлая калекцыя карцінак са смешнымі подпісамі, і я з цяжкасцю прыгадываю, каб хоць адна нашая размова праходзіла без смеху. Шмат ён кпіў і з самога сябе, нават у самыя цяжкія моманты свайго жыцця, пры гэтым ён усё ж быў надзвычай сур’ёзным у сваёй веры.
Ягоным сімвалам быў алень з крыжам паміж рогамі – як на гербе любімай Горадні, як у паданні пра св. Губерта, як у жыццяпісе св. вяліка-пакутніка Яўстафія Плакіды. Ягоным духоўным слоганам быў верш з 41 псалма: “Як алень прагне да крыніцы водаў, так прагне душа мая да Цябе, Божа”.

Цяпер Ягоная душа разам з Богам, да Якога ён так прагнуў.
Чытайце таксама:



