Студэнт ГрДУ Дзмітрый Ушкевіч стварыў мабільны дадатак “LogDoc” для лагістычных кампаній. Ім ужо карыстаецца гродзенская фірма грузаперавозак “Кристаллтранс”. І яны вельмі задаволеныя – гэта зручней, чым камунікаваць з кіроўцамі праз мэсэнджары.
Сістэма камунікацыі і сістэма кантролю
У фірме “Кристаллтранс” была праблема ў камунікацыі паміж дыспетчарамі і кіроўцамі. Справа ў мностве дакументаў. У пачатку і ў канцы рэйсу кіроўца атрымлівае накладныя, якія павінен перадаць дыспетчару. Дадзеныя з іх: лічбы, назвы, імёны – праз тэлефон перадаваць нязручна і дорага. Званок займае каля 15 хвілін, якія ў роўмінгу каштуюць нямала.
Дырэктар фірмы Аляксандр Старахатні запрасіў студэнта Дзмітрыя зрабіць мабільны дадатак для сваёй кампаніі. Так з’явіўся “LogDoc”. Ён спалучае сістэму камунікацыі і сістэму кантролю, дазваляе хутка перадаць фотаздымак накладной. Так здымаецца нагрузка і з кіроўцы, і з дыспетчара. Першы дасылае фотаздымак і забывае пра яго. А другі адразу бачыць фота і не мусіць перапытваць дадзеныя. Спіс дакументаў зручна сартуецца паводле часу і даты.

Сістэма кантролю дазваляе дыспетчару адсочваць перасоўванні кіроўцаў праз GPS. На мапе выбудоўваецца маршрут, які разбіваецца па датах.
Чаму не проста мэсэнджар?
Лагістычнай кампаніі не пасавалі звычайныя мэсэнджары. У “LogDoc” акаўнт прывязаны да аўтамабіля, а не да чалавека. Таму дыспетчар мае ў дыялогу 20 фур замест 60 кіроўцаў, якія змяняюцца. Так ён бачыць агульную карціну перасоўванняў. А хто кіруе аўтамабілем становіцца няважна.
Дзмітрый лічыць, што саліднай фірме не варта выкарыстоўваць мэсэнджары. У сваім дадатку ён прапануе персаналізацыю: дадатак ствараецца ў фірмовым стылі кожнай канкрэтнай кампаніі. “Карпаратыўны стыль прыемны супрацоўнікам кампаніі. Такі дадатак павышае яе саліднасць”, – кажа стваральнік.
“Пра грошы гаворкі не ішло”
Дзмітрый вучыцца на трэцім курсе ГрДУ і працуе ў кампаніі “Exposit”. Камерцыйнай распрацоўкай мабільных дадаткаў займаецца два з паловай гады. Зараз ён дапрацоўвае дадатак. “Я быў зацікаўлены атрымаць вопыт, – кажа ён – Пра грошы мовы не ішло. Было проста цікава зрабіць нешта. А калі б гэта яшчэ і дапамагло кампаніі, было б увогуле крута”. Зараз ён прапанаваў свой дадатак яшчэ чатыром кампаніям і чакае ад іх адказу.

Дзмітрый Ушкевіч. Фота з сацсетак
Развівацца дапамагае тое, што ў ГрДУ можна браць індывідуальны план, калі працуеш па спецыяльнасці. Дзмітрый лічыць, што зараз для маладых студэнтаў створана шмат умоваў. Напрыклад, можна наведваць стартап-школы, ІнвестУікенды ці суполкі для бізнесмэнаў. “Там збіраюцца эксперты высокага ўзроўню. Калі яны дзеляцца сваім вопытам, гэта матывуе і дае штуршок наперад”, – кажа Дзмітрый.
Сталі хутчэй вяртацца грошы
– Мы пакуль абкатваем гэтую праграму, – расказвае Аляксандр Старахатні. – Там ёсць што дапрацоўваць. Але мы вельмі рады, што маладыя людзі ў такім узросце так хутка ўліваюцца ў тэму і могуць зрабіць спецыяльную прыкладную праграму.

Дырэктар “Кристаллтранс” Аляксандр Старахатні
У фірме працуюць кіроўцы розных узростаў. Некаторыя з іх карыстаюцца толькі кнопачнымі тэлефонамі і не маюць смартфонаў. У “LogDoc” спрошчаны інтэрфэйс, адправіць фота можна праз два тапы, таму яго засвояць і гэтыя людзі.
– Нашы кіроўцы працуюць сем дзён па зменах, – кажа Віктар Лукойла, інжынер па арганізацыі перавозак. – Аўтамабілі рухаюцца па ўсёй краіне, а кіроўцы змяняюцца на лініі. Ехаць у Гродна, каб здаць накладную, а пасля ехаць да кліентаў, не зусім мэтазгодна і выгадна. Менавіта для аператыўнасці перадачы інфармацыі і ствараўся гэты дадатак. Чым хутчэй прыйдзе накладная, тым хутчэй я магу выстаўляць аплату для кліента. Так грошы сталі вяртацца хутчэй і фінансавае становішча фірмы палепшылася.

Віктар Лукойла, інжынер па арганізацыі перавозак
Аляксандр лічыць, што дадатак будзе карысны і іншым кампаніям, не толькі транспартным. Гэтак, у будучыні Аляксандр Старахатні хоча праз дадатак кантраляваць тэхнічны стан транспарту. Дадзеныя накшталт ціску паветра ў колах ці тэмпературы ахалоджваючых вадкасцей будуць адлюстроўвацца на экране. А кіроўцаў, якія працуюць кругласуткава, дадатак будзе “будзіць” пры зменах у яго ціску ці сардэчнага рытму.


