Комплекс будынкаў Брэгмана. Фота 1920-х

Сёння ад другога па велічыні сакральнага будынка яўрэяў у Гродне не засталося і следу. Адзіны напамін аб існаванні гэтай малітоўнай школы – нешматлікія фота першай паловы 20 ст. Не засталося нічога і ад палаца Радзівілаў. А гэтыя два аб’екты аб’ядноўвае імя Лейзера Брэгмана – аднаго з найбагацейшых гродзенцаў другой паловы 19 ст.

Галоўны прадпрымальнік

Лейзер Брэгман (1826-1896гг.) займаўся гандлем, утрыманнем і здачаю ў арэнду гандлёвых кропак. Купец неаднаразова выйграваў тэндар на ўтрыманне гасцінага двара (былой ратушы) і гандлёвых радоў, што мясціліся побач. Гэта давала яму права браць аплату з гандляроў за арэнду крам. За тое ён абавязваўся дбаць аб знешнім выглядзе будынкаў, адказваць за іх рамонт і і штогод плаціць пэўную суму ў гарадскі бюджэт за права іх утрымання.

Дом Брэгмана

У пачатку 1870-х гадоў Брэгман выкупіў палац князёў Друцкіх-Любецкіх, што мясціўся ў паўднёвай частцы цэнтральнай плошчы. Да гэтага будынкам валодалі Радзівілы. Разам з палацам Брэгману дастаўся вялізны кавалак зямлі ў самым цэнтры горада. З набыццём нерухомасці бізнес Брэгмана пачаў развівацца яшчэ лепш: усе памяшканні на другім паверсе былой велічнай магнацкай рэзідэнцыі здаваліся ў арэнду пад гарадскія і грамадскія ўстановы, а таксама жыллё, а першы паверх быў амаль цалкам аддадзены пад крамы.

Біржавая плошча, фота к. 19 - пач. 20 стст. На пярэднім плане стаяць гандлёвыя рады, узведзеныя ў 1870 г. На заднім плане - дом Брэгмана, былы палац Радзівілаў.
Біржавая плошча, фота к. 19 – пач. 20 стст. На пярэднім плане стаяць гандлёвыя рады, узведзеныя ў 1870 г. На заднім плане – дом Брэгмана, былы палац Радзівілаў.

Акрамя таго, уздоўж вуліцы Мяшчанскай знаходзіліся яшчэ адныя гандлёвыя рады, пабудаваныя пры былых гаспадарах палаца ў 1830-х гадах, а ў двары – гаспадарчыя пабудовы, якія таксама давалі магчымасць зарабіць на іх арэндзе.

Самы стары доўгабуд

Прыблізна ў 1874-1875 гг. Лейзер Брэгман дабудаваў правае крыло палаца, надаўшы будынку завершаны выгляд. Да гэтага, пачынаючы з сярэдзіны 18 ст., тут знаходзілася закінутая будоўля, якую распачаў сам Мікалай Радзівіл Рыбанька. Пасля моцнага пажару, які адбыўся ў горадзе ў 1753 г., магнат на няпэўны час закансерваваў будоўлю, але зрэалізаваць задуманае было наканавана іншаму гаспадару праз… 120 год!

Дабудаванае ў 1874-1875 гг. правае крыло дома Брэгмана. Фота 1926 г.
Дабудаванае ў 1874-1875 гг. правае крыло дома Брэгмана. Фота 1926 г.

Новы ўладальнік палаца Радзівілаў аднёсся вельмі адказна да спадчыны, якая дасталася яму, і не рызыкнуў прыдумляць новых аб’ёмаў у новамодным тады стылі эклектыкі. Правая частка будынка была ўзведзена сіметрычна левай і цалкам паўтарала арыгінальны дэкор.

Вул. Маставая. На заднім плане ў канцы вуліцы віднеецца дом Брэгмана, з правага боку перад ім - прыватныя гандлёвыя рады Брэгмана.
Вул. Маставая. На заднім плане ў канцы вуліцы віднеецца дом Брэгмана, з правага боку перад ім – прыватныя гандлёвыя рады Брэгмана.

Апроч усяго, уздоўж вуліцы Маставой былі пабудаваны дадатковыя гандлёвыя павільёны, якія замкнулі ўчастак, якім валодаў купец. Такім чынам, дом Брэгмана стаў самым вялікім прыватным будынкам у горадзе, а яго крамы – самым вялікім прыватным гандлёвым комплексам. Можна сказаць, гэта быў тагачасны “Old City”, толькі ён, у адрозненні ад сучаснага гандлёвага цэнтра, сапраўды знаходзіўся ў самым сэрцы старога горада.

Апошняя воля

Лейзер Брэгман памёр у 1896 г. у Багеміі, не здзейсніўшы сваёй даўняй мары – будаўніцтва на тэрыторыі свайго квартала малітоўні ў цэнтры Гродна. Апошняе жаданне купца наканавана было выканаць старэйшаму сыну Лейзера  – Шэпселю.

Малітоўня Брэгмана. Праектны рысунак 1897 г.
Малітоўня Брэгмана. Праектны рысунак 1897 г.

Восенню 1898 г. на вул. Мяшчанскай была пабудавана самая вялікая ў горадзе яўрэйская малітоўная школа, якая па сваім памерам пераўзыходзіла нават занёманскую сінагогу. На першым паверсе гэтага будынка размясціліся гандлёвыя крамы, а на другім – сама малітоўня. Будынак на працягу амаль паўстагоддзя з’яўляўся адной з архітэктурных дамінант вуліцы. На вялікі жаль, ён, як і ўвесь комплекс будынкаў палаца Радзівілаў-Брэгманаў, не перажыў Другой сусветнай вайны.

Вул. Мяшчанская ў часы Першай сусветнай вайны. На пярэднім плане злева - малітоўня. Фота з калекцыі Ф. Варашыльскага
Вул. Мяшчанская ў часы Першай сусветнай вайны. На пярэднім плане злева – малітоўня. Фота з калекцыі Ф. Варашыльскага
Комплекс будынкаў Брэгмана. Злева бачна малітоўня. Фота 1930-х
Комплекс будынкаў Брэгмана. Злева бачна малітоўня. Фота 1930-х
Лета 1941 г. Вул. Мяшчанская. Злева бачна малітоўня.
Лета 1941 г. Вул. Мяшчанская. Злева бачна малітоўня.

У будучым, пры адбудове палаца Радзівілаў, важна было б уключыць у комплекс і будынак малітоўнай школы як напамін пра яе ўладальніка – Лейзера Брэгмана.

Апошняя воля Брэгмана: як яўрэйскі багацей праз 120 гадоў дабудаваў гродзенскі палац Радзівілаў
Апошні вядомы нам фотаздымак малітоўні Брэгмана. У 1944 г. падчас вызвалення горада квартал паміж вуліцамі Мяшчанскай і Маставой быў цалкам знішчны авіяцыяй, разам з комплексам дома Брэгмана (палацам Радзівілаў)