У пачатку снежня гродзенскаму краязнаўцу Янушу Парулiсу прынеслі дзве старыя тратуарныя пліты, вырабленыя ў 1930-х гадах. Старажыл-калекцыянер моцна здзівіўся, бо падобных пліт раней у Гродне не бачыў. Замест прывычнага «Magistrat miasta Grodna» на нiх быў надпіс «N.Freidowicz Grodno».
Яшчэ 10 гадоў таму на цэнтральных вуліцах і плошчах Гродна можна было ўбачыць шмат пліт з надпісам «Magistrat miasta Grodna» («Магістрат горада Гродна»). Мільёны ног гродзенцаў хадзілі па іх амаль 70 гадоў. У 2006−2008 гадах старую плітку замянілі сучасным бетонным брукам. Большасць пліт была знішчана, нешта патрапіла ў музей, а нешта на загарадныя дачы.Сёння пліты з надпісам «Magistrat miasta Grodna» можна знайсці ля Новага і Старога замкаў. Але ў міжваенны час на вуліцах Гродна хапала тратуарных пліт з рознымі надпісамі. Іх вытворчасцю займаліся не толькі дзяржаўныя, але і прыватныя будаўнічыя фірмы, якіх у Гродне было дастаткова.
Пліты рэдкія, такіх цяпер не знайсці
«Пліты, якія мне прынеслі, я бачыў упершыню. На іх былі зусім іншыя надпісы: „N.Freidovicz Grodno“. Пліты прынеслі звычайныя гродзенцы, якія рабілі рамонт на сваім участку. Каб не выкідаць, аддалі мне», — распавёў Парулiс.
Выпускам такіх пліт у міжваенны час займалася будаўнічая фірма багатага гродзенскага яўрэя Нохума Фрэйдовiча, якая знаходзілася на вуліцы Брыгіцкай (сучасная Карла Маркса).«У міжваенны час у Гродне было некалькі прадпрыемстваў, якія рабілі тратуарныя бетонныя пліты: фабрыка Клемпнера на Сенным рынку, прадпрыемства Фрэйдовiча на Брыгіцкай і гарадская бетанярня, якая знаходзілася ў пачатку вуліцы Нёманскай, — распавядае гісторык Андрэй Вашкевіч. - Бетонныя пліты, якія прынеслі Парулiсу, рэдкія і ў горадзе іх цяпер не знайсці».
Прадпрыемства Фрейдовiчаў займалася не толькі выпускам тратуарных пліт, але і іншых будаўнiчых матэрыялаў. Цікава, што Нохум Фрэйдовiч быў дзедам знакамітага Фелікса Зандмана, які перажыў у Гродне жахі вайны, а пасля за акіянам стаў вядомым фізікам.
Будынкi ў цэнтры горада, дзе было прадпрыемства Фрэйдовiчаў, захаваліся. Там зараз гаражы і майстэрні. Дом, дзе жыла вялікая сям’я, знаходзіцца побач, там зараз жывуць некалькі сем’яў гродзенцаў.Кароткi ўспамін Фелікса Зандмана пра Гродна:
«Сям'я майго бацькі Арона, дзядуля Берл Зандман і бабуля Рыўка, вяла свой род са збяднелых набожных навукоўцаў. Бацькі ж маці Гені, дзядуля Нахум Фрэйдовiч і бабуля Тэма, лічыліся ў Гродне багатымі людзьмi — мелi свой бізнес. Мой бацька па завяршэнні вучобы ва ўніверсітэце Вены і абароны доктарскай дысертацыі прыехаў да бацькоў у Гродна. Тут ён пазнаёміўся з мамай, Геней Фрэйдовiч, закахаўся, і неўзабаве яны пажаніліся. Пасля жаніцьбы тата, як малодшы бізнес-партнёр дзядулі Нахума, стаў займацца будаўніцтвам. Мама займалася выхаваннем дзяцей».
Па ўспамінах Зандмана, яго дзядуля Нахум Фрэйдовiч у 1941 годзе цаной свайго жыцця застаўся з маленькімі ўнукамі ў доме, калі туды павінны былі прыйсці немцы. У выніку Фрэйдовiч, як і іншыя гродзенскiя сваякі Задмана, загінулі ў мясцовым гета ці лагерах смерці.
Сёння пліты — каштоўныя экспанаты
Плiты, што нагадваюць пра гродзенскую сям’ю Фрэйдовічаў, знойдуць ганаровае месца ў музеі Паруліса.
«Можа, калі-небудзь сваякі Фелікса Зандмана прыедуць у Гродна і ім будзе прыемна ўбачыць гэтыя пліты», — дадаў Януша Парулiс.