Гродзенка Анжаліка Хурс перамагла ў намінацыі «Вядоўца года» на 4−1 штогадовай прэміі ў сферы вясельнага бізнесу. Пераможцаў узнагароджвалі 17 лютага ў Мінску.
Пра шлях да перамогі, пра тое, чаму вырашыла стаць вядоўцай і аб цікавых момантах з працоўнай практыкі Анжаліка расказала Hrodna.life.
-Анжаліка, на тваю думку, чаму менавіта цябе абралі найлепшай вядоўцай года?
-Для ўдзелу неабходна было зняць ролік, паказаць у ім максімальна сваю працу: што ты праводзіш, як ты гэта робіш, з кім супрацоўнічаеш (кавер-гурты, ды-джэі, музыкі), выязныя рэгістрацыі… Былі крытэрыі ацэнкі: пастаноўка мовы, арыгінальнасць роліка, часовыя рамкі.
Ацэньвалі два незалежныя журы: народнае галасаванне і вядоўцы-прафесіяналы з Расіі. Крута, што я перамагла адразу ў дзвюх намінацыях: мяне абралі і прафесіяналы, і звычайны народ.
-Упершыню ўдзельнічала ў такім конкурсе? Што дае перамога?
-Так, гэта мой першы досвед. Перамога дае вядомасць: будуць ведаць тыя, хто раней не ведаў. Спадзяюся, што з’явіцца больш замоваў. Канешне, прыйдзецца больш працаваць над сабой, таму што трэба «трымаць марку», не зніжаць планку, быць на дзве-тры галавы вышэй за мінулы ўзровень.
У мяне так адбываецца ў жыцці: я атрымала ўзнагароду, а потым буду стартаваць, развівацца. У кагосьці - наадварот: гадамі да гэтага ідуць, укладаюць сілы, адкладаюць удзел на іншы час.
Гэта першы год, калі ўвялі намінацыю «Вядоўца года» для жанчын. І я адразу вырашыла, што ўдзельнічаю, здымаю ролік. Гэтак жа ў мяне атрымалася калісьці з конкурсам «Каралева фітнеса Беларусі» [у 2011 годзе Анжаліка атрымала званне «Каралева фітнеса Беларусі» — рэд.]. Прыйшла на кастынг сястру падтрымаць, зняла абутак, паўдзельнічала, прайшла адбор у Гродне і адправілася ў Мінск. Перамагла. Адтуль і многія знаёмствы пайшлі.
-Як даўно ты праводзіш вяселлі?
-Як вядоўца мерапрыемстваў працую сем год, а вяселляў - толькі два гады. Вырашыла займацца гэтым у дэкрэтным адпачынку. Сяброўка прапанавала правесці бюджэтнае вяселле знаёмым — я ўзялася. Правяла адно вяселле і пайшло-пайшло. Мне так падабаецца! Гэта маё!
— Што цікавага зараз замаўляюць на вяселлях?
— Мне вельмі падабаюцца вяселлі ў беларускім стылі. Беларускасць — гэта модна. Праводзіла адно такое вяселле. Так спадабалася! Хочацца, каб іх было больш. Каб захоўвалася традыцыйнасць.
— А якія твае абавязкі на свяце?
— Я — вядоўца, і я не павінна быць асноўнай асобай на вяселлі. Трэба быць «у цені» крышачку, каб не браць на сябе ўсю ўвагу. Асноўныя «зоркі» — гэта маладыя. Мая задача — накіроўваць мерапрыемства ў патрэбнае русла, кантраляваць яго.
Неабходна адчуваць маладых, гасцей, і вось пад гэты настрой манеўраваць, весці мерапрыемства. Я не балбачу ўвесь час і не надакучваю. Бачу, што трэба памаўчаць — маўчу; трэба выйсці, падтрымаць настрой народу — выходжу. Абавязкова трэба быць псіхолагам на вяселлі.
-Напэўна, у цябе ёсць нейкія «фішкі» ў правядзенні вяселляў, каторых ні ў каго іншага няма?
— На тое яны і «фішкі», што іх не раскрываюць!
— А якія вясельныя традыцыі ты выкарыстоўваеш?
— Зараз у нас любяць усё, гэтак мовіць, еўрапейскае, ад традыцыйнасці адыходзяць. Любіць народ сучасныя вяселлі. Некаторыя бацькі ўжо не сустракаюць маладых з караваем. На маіх вяселлях гэта ёсць. Таксама абавязковым з’яўляецца запальванне сямейнага ачагу. А, напрыклад, такі абрад, як здыманне вэлюма маладой, ужо амаль кануў у Лету, выкарыстоўваецца менш за ўсё.
-Што ты лічыш новым у вясельнай індустрыі?
— Новае, што да нас прыйшло — гэта вяселле без конкурсаў. Такая форма прадугледжвае, што ты максімальна знаёмішся з маладымі і гасцямі (перад тым — сабраць як мага больш інфармацыі пра ўсіх). Задаецца нейкая вызначаная тэма, і ўсе як мага больш стараюцца спазнаць адзін аднаго. Гэта крута, бо атрымліваецца добра згуртаваць гасцей.
-Танцы на такім вяселлі ёсць?
-Канешне, танцы будуць абавязкова! Але размовы, цікавыя гісторыі і гасцей, і маладых — на першым месцы. Можна таксама і так: экран, праектар, і там сацыяльныя ролікі, напрыклад.
-Ты працуеш як фітнес-трэнер у спартыўным комплексе «Усход». Ці дапамагае табе гэта неяк у справах правядзення вяселляў?
-Мне гэта вельмі дапамагае! Калі знаёмлюся з маладымі, яны абіраюць мяне як вядоўцу, прапаноўваю сябе ў якасці інструктара для пастаноўкі першага вясельнага танца (гэта зараз модна). Такім чынам прасцей наладзіць кантакт з людзьмі: я іх спазнаю, расслабляюся, мы жартуем. І пасля мне больш камфортна праводзіць вяселле. За кошт вясельнага танца гэтыя людзі становяцца мне як родныя.
-Як лічыш, ці ўнесла ты штосьці новае ў вясельную індустрыю як вядоўца?
-Я — вядоўца-жанчына. У некаторых склалася меркаванне, што вядоўцам на вяселлі можа быць толькі мужчына. Такі стэрэатып. Вядоўцам-мужчынам не вельмі падабаецца тое, што жанчыны занялі сваё месца ў гэтай ячэйцы. Таму вельмі добра, што ў гэтым годзе арганізатары прэміі «Вядоўца года» раздзялілі намінацыі «Лепшы вядоўца» і «Лепшая вядоўца». Бо ці адважыліся б жанчыны супернічаць у адной намінацыі з нашымі таленавітымі мужчынамі?
— Якія парады можаш даць для тых, хто толькі-толькі пачынае займацца справай правядзення вяселляў?
— У першую чаргу неабходна выпрацаваць свой стыль, не паўтараць і не пераймаць кагосьці іншага. Старацца прыдумваць усё самому (але крышку абапіраючыся на якіх-небудзь гуру дадзенай справы). Абавязкова пастаянна развівацца, самаўдасканальвацца, даведвацца нешта новае, ісці ў нагу з часам і прадумваць свае крокі наперад. Абавязкова ўдзельнічаць у конкурсах, майстар-класах. Усё гэта неабходна, каб табе давяралі кліенты, каб ты іх натхняў.
І ніколі не задзіраць нос, лічачы, што ты ўсё ведаеш і ў развіцці дасягнуў найвышэйшага ўзроўню!