Пасля няўдалых спробаў прадаць ці здаць у арэнду старадаўні будынак на Рэпіна, 5а, дзе працаваў дзіцячы пакой «Алые паруса», горад вырашыў перадаць аб’ект дабрачыннай арганізацыі «Вера». Там будзе працаваць дзіцячы інклюзіўны цэнтр.

Перадгісторыя: «Алые паруса» зачынілі з-за аварыйнага стану

У верасні 2018 былі адмененыя заняткі ў дзіцячым пакоі «Алые паруса». Прычынай стаў аварыйны стан аб’екта. Бацькі занепакоіліся: больш за 300 падапечных засталіся без сваіх захапленняў і гурткоў. Дзяцей перавялі ў іншыя месцы.

Улетку 2018 году будынак канца 18 стагоддзя перадалі на баланс Гродзенскага цэнтра нерухомасці і пачалі выстаўляць на аўкцыён, але пакупнікоў не знайшлося.

«Мы даўно ішлі да адкрыцця такога цэнтра»

Да пераезду на Рэпіна Цэнтр дапамогі «Вера» размяшчаўся ў лячэбна-вытворчых майстэрнях на праспекце Касманаўтаў. Але з-за маленькіх плошчаў валанцёры не маглі аказваць усю магчымую падтрымку. Тады яны звярнуліся да гарадскіх уладаў па дапамогу. Горад пайшоў насустрач і прапанаваў арганізацыі выкарыстоўваць пустуючы будынак на Рэпіна.

«Мы вельмі ўдзячныя гарвыканкаму за магчымасць стварыць на базе Рэпіна, 5а дзіцячы інклюзіўны цэнтр, — распавядае дырэктар Цэнтра дапамогі „Вера“ Антаніна Місюкевіч. — Мы даўно ішлі да адкрыцця такога цэнтра для дзяцей. Сёння ў нашым горадзе шмат цэнтраў развіцця, гульнявых пакояў, каля кожнага дома ёсць гульнявая пляцоўка, але ўсё гэта — для здаровых дзяцей, у той час як для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі іх практычна няма. Толькі ў нашым горадзе жыве больш за 1000 дзяцей з інваліднасцю, якіх мы з вамі не бачым на вуліцы. Не таму, што яны не хочуць выходзіць, а таму што няма куды».

У двухпавярховым будынку на Рэпіна будзе адкрыты дзіцячы інклюзіўны цэнтр: тэатр, сэнсарная тэрапія і многія іншыя кірункі будуць даступныя для дзяцей з асаблівасцямі развіцця бясплатна. На прылеглай тэрыторыі плануецца будаўніцтва дзіцячай інклюзіўнай спартыўна-гульнявой пляцоўкі, дзе дзеці, незалежна ад асаблівасцяў развіцця, змогуць разам гуляць і знаходзіць сяброў.

Маюць патрэбу ў падтрымцы

Паколькі будынак патрабуе рамонту, запланаваныя напрамкі тэрапіі будуць запускаць паступова, па меры правядзення рамонту ў канкрэтных памяшканнях і напаўнення іх абсталяваннем.

«На жаль, мы не можам адразу адкрыць усе кірункі дапамогі дзецям, паколькі кожны з іх патрабуе велізарнай колькасці сродкаў на рамонт і набыццё абсталявання. Мы шчыра верым, што дзякуючы падтрымцы неабыякавых людзей і арганізацый мы пабудуем інклюзіўны цэнтр, у якім кожнае дзіця зможа атрымаць дапамогу», — дадала Антаніна Місюкевіч.

Даведка

Будынак па адрасе Рэпіна, 5а гэта былая карчма канца 18 стагоддзя, якая знаходзілася на тэрыторыі каралеўскай рэзідэнцыі Аўгустова. У міжваенны перыяд будынак быў жылым. Цяпер старадаўні будынак акружае спальны раён.


Чытайце таксама:

На Репина спасают пруд, который помнит Понятовского

Парк Понятовского на Репина гродненцы не увидят

У Гродне адбудавалі каралеўскую рэзідэнцыю Аўгустова. У маштабе 1/100

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life