Гродзенка Ксенія Залуцкая прыйшла ў рэдакцыю Hrodna.life з цікавай фатаграфіяй міжваеннага перыяду. На здымку намаляваны яе прапрадзед і некалькі іншых чалавек, якія стаяць на плыце на Нёмане. Сярод іх вылучаецца аквалангіст, але што ён збіраўся рабіць Ксенія не ведала. Мы сабралі некаторую інфармацыю пра падзеі на фота.
Прапрадзеда Ксеніі звалі Аляксандр Ландыш. У Гродне ён працаваў кавалём і жыў недалёка ад Нёмана. Чаму ён стаіць на здымку побач з аквалангістам, у сям'і Ксеніі ніхто не ведае.
«Прапрадзед ужо даўно памёр, дзесьці ў 1950-х. Ад яго ў нас засталася толькі адна фатаграфія. Але яна незвычайная, бо на плыце ён стаіць не адзін. Штосьці яны збіраліся рабіць на Нёмане, але што?» — кажа Ксенія.
Апускаўся на дно з выбухоўкай
Здымак Ксеніі мы паказалі гродзенскаму гісторыку Андрэю Вашкевічу, які трохі растлумачыў сітуацыю. Аказваецца, аквалангіст мог спускацца на дно Нёмана, каб падарваць старыя канструкцыі моста.
«Падобныя здымкі я ўжо бачыў і мяркую, што аквалангіст апускаўся на дно Нёмана з выбухоўкай, каб падарваць якія-небудзь канструкцыі, якія перашкаджалі пры будаўніцтве новага моста або тыя, што перашкаджалі суднаходству. Так рабілі не толькі пры паляках, але і ўжо пры саветах у 1940-х гадах», — адзначыў гісторык.
Узрываюць не метал ці бетон, а драўляныя апоры моста?
Пакуль мы размаўлялі з Андрэем Вашкевічам, нам напісаў наш сталы чытач Павел Зубкоў, які здолеў знайсці яшчэ здымкі з аквалангістам ужо непасрэдна ў вадзе. Прапрадзед Ксеніі усё гэтак жа стаіць на плыце.
«Я пачаў супастаўляць розныя фатаграфіі гродзенскіх мастоў, і зразумеў што з іх не толькі гісторыя мастоў выходзіць, але і людзей.
На сайце Нацыянальнага лічбавага архіву Польшчы ёсць момант апускання ў ваду і момант выбуху на Нёмане. Але падобна, што ўзрываюць не метал, а драўляныя апоры ад моста, пабудаванага ў 1915 і разбуранага ў 1920. Металічныя канструкцыі ўпалі ніжэй па плыні, іх яшчэ ў 1915 аўтагенам разрэзалі немцы і везлі», — адзначыў Павел.
Адзіны чыгуначны мост
Паводле сабранай інфармацыі мы можам зрабіць выснову, што прапрадзед Ксеніі Аляксандр прымаў удзел у падрыве старых канструкцый старога чыгуначнага моста. Ён быў узарваны ў 1915 годзе пры адступленні рускага войска. У тым жа годзе нямецкія сапёры адбудавалі драўляны мост на тым самым месцы. У 1920 годзе падчас савецка-польскай вайны мост узарвалі, а некаторыя яго абломкі ляжалі на дне Нёмана і іх у будучыні прыйшлося прыбіраць, каб нармалізаваць суднаходны рух па рацэ. Канчаткова чыгуначны мост адбудавалі «за польскім часам» у 1926 годзе. У гады Другой сусветнай вайны мост не разбураўся. Сёння гэта адзіны дзеючы чыгуначны мост у Гродне.