Дэбют ВТS, Цыклон Хаўер і імя для зубра. Рэстаўрацыя самага старога тралейбуса ў Беларусі, рэканструкцыя гродзенскага тэатра лялек і выхад эксперыментальнай інтэрэнт-аповесці. Якім запомніўся беларусам 2013 год? І якая кніга адлюстроўвае тую эпоху? Hrodna.life і выдавецтва Gutenberg запрашаюць у падарожжа ў часе.

Новы Папа, развітанне са знакамітымі палітыкамі і пачатак BTS — якім быў 2013-ы ў свеце

У пачатку вясны 2013 года абралі новага Папу Рымскага. Папа Францішак стаў першым больш чым за 1200 гадоў рымскім першасвятаром не з Еўропы (раней у XVIII ст. быў папа Рыгор з Сірыі), першым папам з Амерыкі, першым за больш чым паўтара стагоддзя папам-манахам і першым папам-езуітам.

З ім былі звязаныя многія надзеі на рэформы і большую адкрытасць каталіцкай царквы. Таксама ён адзначыўся павышанай заклапочанасцю ў справах сацыяльнай справядлівасці.

Францішак займаў сваю пасаду да смерці ў красавіку 2025 года, хаця ў момант абрання і не выключаў, што мог мы сысці з пасады па стане здароўя, як яго папярэднік Бенедыкт XVI.

8 красавіка 2013 у Лондане памерла Маргарэт Тэтчар — першая і адзіная ў Вялікабрытаніі жанчына-прэм'ер-міністарка, вядомая пад мянушкай Жалезная ледзі. Сваю пасаду Тэтчар займала з 1979 да 1990 года. Яна вяла справы з Міхаілам Гарбачовым, Франсуа Мітэранам, Гельмутам Колем, Рональдам Рэйганам. Апошні, дарэчы, называў прэм’ер-міністарку найлепшым мужчынам у Англіі.

На сваёй пасадзе яна правяла вялікую рэформу ў падатковай сістэме. Яна падтрымлівала прыватных прадпрымальнікаў, дзякуючы ёй прыватызавалі дзяржаўныя прадпрыемствы. Адначасова пры ёй знізіліся выдаткі на сацыяльную сферу і вышэйшую адукацыю, абмяжоўваліся правы прафсаюзаў, знішчалася вугальная прамысловасць. Тэтчар выклікала настолькі розныя пачуцці і мела так шмат ворагаў, што пасля яе смерці некаторыя брытанцы ладзілі вечарыны!

А вы памятаеце пра «эфект Мандэлы»?

І яшчэ адна смерць 2013-га. 8 чэрвеня ў 95-гадовым узросце памёр былы прэзідэнт ЮАР Нэльсан Мандэла. Так-так, гэта здарылася толькі ў 2013! Справа ў тым, што дзякуючы яго асобе атрымала назву з’ява «эфект Мандэлы». Так называюць упэўненасць вялікай групы людзей у нейкім факце, якога не было. Шмат хто лічыў, што Мандэла памёр у турме ў 1980-х.

2013 год — важны для фанатаў музыкі K-pop. Дэбютаваў паўднёва-карэйскі музычны гурт BTS. Першапачаткова калектыў задумваўся як хіп-хоп гурт, а яго першы склад некалькі разоў мяняўся. Ключавую ролю ў стварэнні гурта адыграў Пан Сі Хек, які хацеў, каб гурт выказваў праблемы сучаснай моладзі. Лідарам гурта стаў Кім Намджун.

Знакавай стала восень 2013 для нашых суседзяў. 21 лістапада ў цэнтры Кіева пачалася масавая шматмесячная акцыя пратэсту ў цэнтры Кіева — Еўрамайдан. Гэтыя падзеі сталі адказам на прыпыненне ўкраінскім урадам падрыхтоўкі да падпісання пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і Еўрасаюзам. Акцыю падтрымалі і ў іншых рэгіёнах Украіны. Скончылася ўсё ўжо ў наступным годзе ўцёкамі Януковіча ў Расію, а ў гісторыю падзеі ўвайшлі як «Рэвалюцыя годнасці».

Хаўер-разбуральнік, бабёр-забойца і Волат з клюшкай. Чаму гэтыя «персанажы» запомніліся беларусам у 2013

15 сакавіка Беларусь накрыла стыхія. На нашу тэрыторыю абрынуўся моцны цыклон Хаўер. На большай частцы краіны пайшоў моцны снег, вельмі пагоршылася бачнасць на дарогах. З-за метэаўмоў упершыню амаль за 30-гадовую гісторыю зачыніўся аэрапорт «Мінск». Выезд з Мінска па ўсіх трасах быў забаронены. За дзень у краіне выпала месячная норма ападкаў. Транспарт захрасаў у гурбах снегу, а беларусы пачалі ратаваць адзін аднаго і дапамагаць тым, хто праз снег не мог дабрацца дадому.

Той жа вясной адбылася трагічная гісторыя на Брэстчыне. У красавіку кампанія з траіх рыбакоў убачыла каля вёсачкі Міняковічы вялікага бабра. Прыяцелі вырашылі зрабіць фота. Але бабёр, відаць, не хацеў гэтай фотасесіі. Жывёла двойчы ўкусіла мужчыну ў сцягно. Выратаваць рыбака не атрымалася — ён памёр ад страты крыві.

У красавіку беларусы нарэшце выбралі імя зубру — сімвалу Чэмпіянату Свету па хакеі, які павінен быў праходзіць (і прайшоў) у 2014 годзе ў Мінску. Сімвала маглі зваць, напрыклад, Пушчыкам, Вежыкам, Янкам, але ў выніку галасавання перамагло імя Волат. Праўда, у інтэрнэце зубра амаль адразу пачалі называць Валерам.

Ад кастрычніка пачаў дзейнічаць закон, паводле якога ў п’яных кіроўцаў можна канфіскоўваць аўтамабіль. Такую меру сталі прымяняць у выпадках, калі п’янага за рулём спыняюць паўторна на працягу года.

Чытайце таксама: Разбуральная Катрына, яркая Ксенія і Афанасій ад Югасі: чым мы жылі і што чыталі ў 2005-м

Скончыўся год тым, што на пляцоўцы пад Астраўцом пачалі будаваць першы энергаблок Беларускай АЭС.

Адкрылі пракуратуру і закрылі басейн. Якія падзеі прынёс 2013 у Гродна

Гродзенцы ў 2013 заўзелі за хакейны «Нёман» — і не расчараваліся. Каманда пасля перапынку ў 12 гадоў зноў стала Чэмпіёнам Беларусі. Хакеісты на некалькі гадоў замацаваліся ў топе беларускіх каманд, а хутка нават пачалі гуляць у хакейнай Лізе чэмпіёнаў.

У Гродне адрэстаўравалі самы стары ў Беларусі тралейбус — 1989 года выпуску. Ён захаваў свой першапачатковы знешні выгляд і бела-аранжавы колер кузава. І ён дагэтуль перавозіць пасажыраў.

Не парушылі ў горадзе і савецкай традыцыі адкрыць што-небудзь урачыста да 7 лістапада. Такім аб’ектам стала адноўленая вуліца Будзёнага. Яе абнавілі ў рэкордна кароткі тэрмін. Тут добраўпарадкавалі больш за 200 парковачных месцаў і памянялі камунікацыі.

І яшчэ пра «абнаўленні» года. У новы будынак пераехала пракуратура, а таксама абнавілі і галоўны будынак чыгуначнага вакзала. Зала чакання павялічылася, стала больш кас, з’явілася электроннае даведачнае бюро. І нарэшце, у горадзе рэканструявалі тэатр лялек: 200-гадовы будынак найстарэйшага беларускага тэатра абнавілі і звонку, і знутры.

Чытайце таксама: Выбары, Нобелеўская прэмія і раман ад эмігранта першай хвалі: чым мы жылі і што чыталі ў 2015-м

А вось басейн «Лазурны» на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў у гэтым годзе, наадварот, зачынілі. Прычына — аварыйны стан. Будынак адкрылі ў 1973 годзе, ён быў першым крытым басейнам у горадзе. Яго рэканструкцыю дагэтуль не скончылі.

Выйшла кніга-блог ад імя князя Усяслава — ваўкалака і вегетарыянца

У 2013 годзе ў выдавецтве «Логвінаў» у кішэнным фармаце выйшла кніга Паўла Касцюкевіча «Блог Усяслава Чарадзея». У прадмове чытачу абяцаюць усяго патрошкі: авантурную галаваломку, авантурныя прыгоды, душэўныя споведзі і нават кулінарныя рэцэпты. Што цікава: чытаць яе трэба было не гарызантальна, як мы звыклі, а вертыкальна. Стваралася ўражанне, што вы проста чытаеце доўгую інтэрнэт-старонку.

У творы-блогу легендарны полацкі князь Усяслаў Чарадзей — ваўкалак і будаўнік Сафійскага сабора — сучаснай мовай дзеліцца з чытачом тым, як быць ваўком-пярэваратем і кіраваць сярэднявечным Полацкам. Кожная гісторыя — гэта асобны пост з пазначанай датай і загалоўкам.

У дзённіку Усяслаў скардзіцца на недасканаласць і адсталасць сучаснага яму сярэднявечнага грамадства, дзеліцца любоўнымі перажываннямі і нават распавядае пра свае падарожжы ў часе. У творы князь вядзе шчырыя гутаркі з гістарычнымі дзеячамі: Рагнедай, Барбарай Радзівіл, Жыгімонтам Аўгустам, савецкімі палітыкамі Пятром Машэравым і Андрэем Грамыкам, беларускім пісьменнікам Уладзімірам Арловым і нават з забойцам амерыканскага прэзідэнта Кэнэдзі Лі Харві Освальдам. Апошняга князь вучыць «усякім стралковым хітрыкам». Трапляючы ў розныя эпохі, Усяслаў здзіўляецца, што Мінск (гэтая вёска!) стаў сталіцай і суцяшае Машэрава, які шкадуе, што пазачыняў у савецкі час беларускамоўныя школы.

Каментары да княжацкіх допісаў піша сябар Усяслава зайчык. З ім князь пазнаёміўся, калі ў ваўчыным абліччы гайсаў па лясах. Чаму воўк-Усяслаў не з’еў зайца? Бо быў вегетарыянцам: як у постаці чалавека, гэтак і ў выглядзе ваўка.

Крытыкі назвалі «Блог» самым арыгінальным творам беларускай літаратуры, выпушчаным у 2013 годзе. А для аматараў не чытаць, а слухаць, пазней выйшла аўдыёкніга.

Перавыданне ў 2025 — магчымасць перажыць тое, што прапусцілі

У 2025 годзе выдавецтва Gutenberg Publisher запусціла кніжную серыі «Акно ў прозу». У яе межах будуць выходзіць перавыданні значных твораў беларускай літаратуры 1991−2020 гадоў. У тым ліку тых, што ў свой час былі адзначаныя крытыкамі, але наклады якіх даўно вычарпаныя. Адна з кніг серыі - «Блог Усяслава Чарадзея».

Перавыданне мае стылёвую і яскравую вокладку, якая добра суадносіцца з іншымі кнігамі серыі. На сайце выдавецтва можна замовіць дастаўку па ўсім свеце. Для вас нават могуць зрабіць падарункавую ўпакоўку за 20 злотых (16 рублёў). Сама кніга каштуе 40 злотых (32 рублі) — гэта даволі добры кошт на сучасным польскім кніжным рынку.

У выдавецтве адзначаюць:

«Для нас культура — гэта не тое, што „бярэ Гедройцаў“, культура — гэта тое, што чытаюць. […] Нам патрэбная магчымасць парэфлексаваць над атмасферай літаратурных колаў: адным — перажыць тое, што прапусцілі, іншым — адчуць настальгію, калі ў тых колах бралі ўдзел».

Мэта серыі — не проста вярнуць у зварот забытыя тэксты, а стварыць культурную мапу эпохі, звязаць літаратуру пачатку незалежнасці з сучаснасцю. Гэта спроба асэнсаваць, што выбух літаратурнай і культурнай актыўнасці пасля 2020 года быў падрыхтаваны цэлымі дзесяцігоддзямі пошуку, смеласці і індывідуальнага голасу.