Гучная смерць і не менш гучнае вяселле, вышыні беларусаў у музыцы і спорце, першы ролік на YouTube, выбухі проста на гарадской клумбе, гродзенскі разгон прадпрымальнікаў з АМАПам, раскол у пісьменніцкім саюзе і з’яўленні прозы для пакалення Next… Якім запомніўся беларусам 2005 год? І якая кніга адлюстроўвае тую эпоху? Hrodna.life і выдавецтва Gutenberg запрашаюць у падарожжа ў часе.

Канец аднаго з самых доўгіх пантыфікатаў, вяселле прынца Чарльза, з’яўленне YouTube — якім быў 2005-ы ў свеце

Самотнай стала для ўсіх католікаў свету вясна-2005. 2 красавіка на 85-м годзе жыцця памёр Папа Рымскі Ян Павел II. Пахаванне адбылося 8 красавіка. Развітацца з Пантыфікам тады прыйшлі некалькі мільёнаў чалавек. На жалобнай цырымоніі прысутнічалі чатыры каралі, пяць каралеў і не менш за 70 прэзідэнтаў і прэм’ер-міністраў. Ян Павел II быў Папам з 1978 года. Менавіта гэты Папа першым стаў звяртацца два разы на год па-беларуску да беларускага народа.

А на наступны дзень пасля пахавання адбыўся гучны шлюб. 9 красавіка прынц Уэльскі Чарльз, сённяшні кароль Карл III ажаніўся з даўняй сяброўкай, Камілай Паркер-Боўлз. Каміла загадзя адмовілася ад кароны, заявіўшы, што тытула «прынцэса-кансорт» — жонкі кіруючага прынца — ёй дастаткова.

У канцы жніўня паўднёва-ўсходняга ўзбярэжжа ЗША дасягнуў ураган «Катрына». Яго прызналі на той момант самым разбуральным цыклонам, які калі-небудзь абрушваўся на Злучаныя Штаты. Стыхія прывяла да шматлікіх ахвяр. Таксама цыклон нанёс вялізныя страты эканоміцы краіны.

2005 стаў годам гучных прэм’ер. Паказалі «Зорныя войны. Эпізод III: Помста сітхаў» і першы мульфільм «Мадагаскар». А яшчэ ў гэтым годзе з’явіўся YouTube, а на ім — першае відэа са сланом. У роліку адзін з заснавальнікаў YouTube Джавед Карым здымаў жывёлу ў заапарку Сан-Дыега. Цікава, ці мог нехта ўявіць тады, якую ролю гэты сэрвіс адыграе ў будучыні?

Мазыранка на «Еўрабачанні» і выбух у клумбе — 2005-ы ў Беларусі

Дзяўчынка з высокімі коскамі ў пышнай спаднічцы і ружовых гетрах так запаліла на дзіцячым «Еўрабачанні-2005» з песняй «Мы разам», што заняла на гэтым конкурсе першае месца. Дзяўчынку звалі Ксенія Сітнік і была яна з беларускага горада Мазыра.

А яшчэ адна беларуска дасягнула сур’ёзных вышынь у спорце. Міжнародная тэнісная федэрацыя абвясціла лепшай юнай тэнісісткай года беларускую спартсменку Вікторыю Азаранку.

З важных падзей культуры — уключэнне ў спіс Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА двух помнікаў. Першы — рэзідэнцыя Радзівілаў у Нясвіжы. Другі - Дуга Струвэ. Гэта самы доўгі геадэзічны інструмент, ланцуг з 258 трыкутнікаў з агульным бокам. У Беларусі знаходзіўся 31 пункт дугі. Пакуль знайшлі 22 з іх — ні ў адной краіне няма такой колькасці кропак. Яны знаходзяцца ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях.

Гучная падзея здарылася і ў літаратурным жыцці Беларусі. Адбыўся раскол адзінага Саюза пісьменнікаў, створанага ў 1934 годзе, — той самай арганізацыі, куды ўваходзілі яшчэ Купала і Колас. 18 лістапада стварылі праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца. Але пераважная большасць сяброў старога Саюза засталіся ў ранейшай арганізацыі. Да 2021 года ў краіне было два пісьменніцкіх саюзы. А ў кастрычніку 2021 года Вярхоўны Суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў, таго самага, што дзейнічаў з 1934 года.

З крымінальнага — восенню ў Віцебску адбылося два выбухі проста на вуліцы. 14 верасня ў 19:05 побач прыпынкам грамадскага транспарту «Плошча Свабоды» на рагу праспекта Фрунзэ і вуліцы Леніна ў кветкавай клумбе спрацавала самаробная выбухоўка — металічная скрынка з гайкамі і шрубамі. Раненні атрымалі 37-гадовая жанчына, якая сядзела на лаўцы з дзіцем, і 16-гадовы вучань 11 класа, які ішоў каля клумбы. Другі выбух адбыўся праз тыдзень, 22 верасня 2005, непадалёк ад месца першага выбуху. Бомба была аналагічная папярэдняй — бляшаная банка з-пад піва, начыненая цвікамі і шрубамі. Пацярпела больш за 50 чалавек. Па выніках узбудзілі крымінальныя справы, затрымалі падазраваных. Праз некалькі месяцаў падазраваных сталі адпускаць на волю.

Лысая плошча Савецкая і Дональд Туск у Гродне. Чым запомніўся гродзенцам 2005-ы?

У пачатку вясны, 10 сакавіка, мясцовыя ўлады Гродна з дапамогай АМАПа разагналі мірны сход прадпрымальнікаў у парку Жылібера. У несанкцыянаваным сходзе тады абвінавацілі дзевяць затрыманых. Людзей пакаралі штрафамі. 2000-я былі акурат часам, калі беларускія ўлады змагаліся з індывідуальнымі прадпрымальнікамі і ўсялякім чынам стараліся абмежаваць іх і ўскладніць умовы працы.

2005-ы гэта таксама пачатак сумнавядомай рэканструкцыі гістарычнага цэнтра Гродна. Тады вакол «Лесвіцы закаханых», што спускаецца ад замкаў да Нёмана, высеклі ўсе старыя дрэвы. А ўжо праз тры гады і саму старую лесвіцу заменяць канструкцыяй з граніту, бетону і жалеза.

Іншыя ахвяры распачатай тады рэканструкцыі - Савецкая плошча, парк Жылібера, фрагменты раёна Новы свет. Плошча ў выніку рэканструкцыі апынулася зусім лысай і са змененай арганізацыяй руху. Поўнае закатванне яе ў плітку ператварыла яе летам у патэльню і надоўга паставіла крыж на ідэях адбудовы ратушы і іншых страчаных у час Другой сусветнай і пасля яе будынкаў.

У той самы год, калі Саюз пісьменнікаў падзяліўся на два, аналагічны раскол здарыўся ў Саюзе палякаў, сядзіба якога знаходзіцца ў Гродне. У выніку паўстаў Саюз палякаў, які прызнавалі ў Польшчы, але лічылі нелегальным беларускія ўлады, і Саюз палякаў, які прызнавалі ў Беларусі, але з якім не хацелі мець спраў у Варшаве. Усю маёмасць, у тым ліку так званыя Польскія дамы, захапіў Саюз, які карыстаўся падтрымкай Мінска.

Адзін з самых вядомых момантаў таго супрацьстаяння: візіт у Гродна Дональда Туска, тады віцэ-маршалка польскага Сейма. Ён прыехаў 1 жніўня падтрымаць чальцоў непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў. У арганізацыі акурат адабралі галоўную сядзібу — будынак на скрыжаванні вуліц 17 Верасня і Дзяржынскага.

Ці былі добрыя навіны? А як жа! Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі ў жніўні 2005 года атрымаў двухпавярховы палац на вуліцы Замкавай. Будынак з’яўляецца помнікам архітэктуры 18 стагоддзя. Але да паўнавартаснага адкрыцця музея для наведнікаў заставалася яшчэ шмат часу.

Гімназія № 1 у Гродне атрымала імя Яўхіма Карскага — вядомага навукоўца і этнографа, аўтара манаграфіі «Беларусы». Як навуковец быў звязаны з Гродзеншчынай? Яўхім Фёдаравіч паходзіў з вёскі Лаша пад Гроднам, любіў з сям’ёй адпачываць у ваколіцах горада. Напрыклад, у калекцыі гімназіі № 1 ёсць здымак, дзе Карскія пазіруюць фатографу ля дома ў Панямуні. На Гродзеншчыне Карскі таксама збіраў матэрыялы для лінгвістычных даследаванняў.

Чытайце таксама: Выбары, Нобелеўская прэмія і раман ад эмігранта першай хвалі: чым мы жылі і што чыталі ў 2015-м

Выйшла кніга «Галоўная памылка Афанасія» — проза для пакалення Next

Твор 20-гадовай аўтаркі Югасі Каляды для чытачоў-аднагодкаў выйшаў у прэстыжным дзяржаўным выдавецтве — «Мастацкая літаратура». Была тады там серыя «Дэбют», у якой выдавалі сціпленькія кішэннага фармату творы маладых аўтараў. У невялічкі зборнік увайшло апавяданне «Зялёныя бурбалкі, залаты акіян», трылогія з аповедаў «Лета» і аповесць «Invicta, альбо Галоўная памылка Афанасія».

Крытыкі твор заўважылі - літаратуры для моладзі і падлеткаў па-беларуску напачатку 2000-х бракавала, нішу лічылі незапоўненай. Асаблівасцямі творчасці маладой аўтаркі назвалі бязлітасную шчырасць і лірычную пачуццёвасць.

«Гераіня Югасі, яе „альтэр эга“ чытае Гесэ, шле эсэмэскі, здае іспыты, галіць галаву нагала, кахае, расчароўваецца… Дзе б ні адбывалася дзейства — у студэнцкай спартзале, космасе, чароўным замку ці пад светам анёлаў, у свеце анёлаў біяграфіі, якія ў юнацтве здаюцца адзінай рэальнасцю свету гэтага. Апавяданне з жыцця інтэлектуальнай гараджанкі пераходзіць у фэнтэзі, іронія — у містыку, пасля доўгага патоку прытомнасці раптам — дынамічны і яркі ўрывак, і ва ўсім тая шчырасць і максімалізм, якія адных прыцягваюць, іншых абураюць, але без якіх кніга не адбылася б, як і аблічча Югасі», — так адгукнулася на твор пісьменніца Людміла Рублеўская.

Але аўтарытэт Рублеўскай не перашкодзіў некаторым чытачам выказацца пра кнігу адмоўна. На сайце Litara.net пасля выхаду кнігі разгарнулася сапраўдная дыскусія. Каментатары казалі, што гераіні Югасі інфантыльныя. Маўляў, дзяўчаты ў 20 год павінны быць іншымі. А яшчэ абвінавачвалі ў тым, што кнігай пісьменніца нібы зводзіла асабістыя рахункі з рэальным маладым чалавекам, які ў кнізе якраз і паўстаў у вобразе Афанасія.

І ўсё ж большасць прафесіяйных крытыкаў дэбют Каляды падтрымалі. Станоўчыя водгукі ў друку з’явіліся ад Ганны Кісліцынай і Аксаны Бязлепкінай. На думку апошняй, кніга павінна была стаць настольнай для тых чытачак, якім у чаканні тэлефоннага званка ад каханага патрэбна падтрымка ў выглядзе аптымістычнай гісторыі пра недарэчнага і ленаватага анёла-ахоўніка.

У 2007 кнігу Югасі Каляды выдалі ў Польшчы. Толькі назву далі іншую — «Трактар». Сама аўтарка ў адным з інтэрв'ю прызнавалася, што такая нечаканая назва, як і ружовы колер вокладкі польскага перавыдання, — гэта маркетынгавы крок.

Перавыданне ў 2025 — магчымасць перажыць тое, што прапусцілі

У 2025 годзе выдавецтва Gutenberg Publisher запусціла кніжную серыі «Акно ў прозу». У яе межах будуць выходзіць перавыданні значных твораў беларускай літаратуры 1991−2020 гадоў. У тым ліку тых, што ў свой час былі адзначаныя крытыкамі, але наклады якіх даўно вычарпаныя. Адна з кніг серыі - «Галоўная памылка Афанасія», з моманту выхаду першага выдання якой мінула ўжо 20 гадоў.

Перавыданне мае стылёвую і яскравую вокладку, якая добра суадносіцца з іншымі кнігамі серыі. На сайце выдавецтва можна замовіць дастаўку па ўсім свеце. Для вас нават могуць зрабіць падарункавую ўпакоўку за 20 злотых (16 рублёў). Сама кніга каштуе 40 злотых (32 рублі) — гэта даволі добры кошт на сучасным польскім кніжным рынку.

У выдавецтве адзначаюць:

«Для нас культура — гэта не тое, што „бярэ Гедройцаў“, культура — гэта тое, што чытаюць. […] Нам патрэбная магчымасць парэфлексаваць над атмасферай літаратурных колаў: адным — перажыць тое, што прапусцілі, іншым — адчуць настальгію, калі ў тых колах бралі ўдзел».

Мэта серыі — не проста вярнуць у зварот забытыя тэксты, а стварыць культурную мапу эпохі, звязаць літаратуру пачатку незалежнасці з сучаснасцю. Гэта спроба асэнсаваць, што выбух літаратурнай і культурнай актыўнасці пасля 2020 года быў падрыхтаваны цэлымі дзесяцігоддзямі пошуку, смеласці і індывідуальнага голасу.