Культурнае ажыўленне, міжнародныя ўзнагароды, візіты зорак і новыя праекты з аднаго боку, палітычная стагнацыя, расчараванні і валютны крызіс з другога. 2015 год у гісторыі Беларусі застанецца як год супярэчлівых адчуванняў. За чым сачылі і на што спадзяваліся тады беларусы? Якія кнігі чыталі? Hrodna.life і выдавецтва Gutenberg запрашаюць у падарожжа ў часе.
Ад надыходзячага 2015 года ў гродзенцаў былі розныя чаканні і страхі. Некаторыя рыхтаваліся да цяжкасцей, іншыя — спадзяваліся на лепшае. Дзякую Web Archive мы знайшлі каментары на ўжо не існуючым сайце, якія перадаюць усе надзеі і сумненні таго часу:
«Я ўсё ж чакаю 2015 з асцярогай. Апошнія два гады даюцца цяжка. Хаця ў маёй сям'і, у маім жыцці нічога моцна праблемнага не адбываецца. Але ў цэлым абстаноўка ў краіне не дазваляе глядзець з аптымізмам у будучыню».
«У 2015 усё будзе як і ўсе апошнія гады ў Беларусі: спакойна, а галоўнае стабільна».
«Паляпшэння дакладна не будзе. Зарплата ўсё роўна падае, а цэны ўсё роўна растуць. Калі з такім курсам долара, які цяпер, я атрымліваю 200 долараў, працую ў начныя змены на хімічным прадпрыемстве».
«Лепш не будзе, па-любому… Але ўсё ж вера застаецца… Усіх з новым годам, здароўя, удачы і кахання»
Ці спраўдзіліся асцярогі і надзеі гродзенцаў?
Еўрабачанне і гучнае забойства Нямцова — што адбывалася ў свеце ў 2015 годзе
Год пачаўся з важнай падзеі для суседзяў: 1 студзеня Літва ўвяла еўра як нацыянальную валюту. З 1993 года ў незалежнай постсавецкай Літве карысталіся літам. Прыняцце агульнай валюты стала сімвалам глыбейшай інтэграцыі ў Еўрапейскі Саюз. Пераход адбыўся па фіксаваным курсе — 1 еўра за 3,45 280 літa, і на працягу першых двух тыдняў у краіне дзейнічаў паралельны абарот дзвюх валют. Літва стала 19-й дзяржавай, якая далучылася да зоны еўра, і апошняй з трох балтыйскіх краін, зрабіўшы гэта пасля Эстоніі і Латвіі.

У Расіі 27 лютага 2015 года адбылося гучнае забойства Барыса Нямцова — вядомага расійскага апазіцыянера і крытыка Уладзіміра Пуціна. Яго забілі стрэламі ў спіну, калі ён ішоў па Маскварэцкім мосце непадалёк ад Крамля.
Нямцоў, былы намеснік прэм’ер-міністра пры Ельцыне, актыўна выступаў супраць расійскай агрэсіі ва Украіне і рыхтаваў даклад пра ўдзел Расіі ў вайне. Расійскія ўлады арыштавалі і асудзілі за гэта забойства пяць выхадцаў з Чачні, але заказчыкі забойства так і не былі вызначаны. Рэальна незалежнага і празрыстага расследавання не адбылося.
У маі 2015 года Еўропу зноў сабрала разам «Еўрабачанне», якое адбывалася ў Вене. Перамог тады швед Måns Zelmerlöw з песняй «Heroes». Беларусь прадстаўлялі Uzari & Maimuna з англамоўнай кампазіцыяй «Time». У першым паўфінале яны занялі 12 месца з 39 баламі і не прайшлі ў фінал. Песня вылучалася спалучэннем поп‑року і класічнай скрыпкі.

Міжнародныя ўзнагароды і зоркі з Еўропы — якім быў 2015 год у Беларусі
Пачатак году адзначыўся працягам валютна-фінансавага крызісу, які пачаўся ў 2014. Толькі за першы месяц года рубель абясцэніўся ў адносінах да долара на 30%, а па выніках усіх 12 месяцаў долар у Беларусі падаражэў з 11 900 рублёў да 18 700 (так, гэта яшчэ былі часы, калі ўсё лічылі ў тысячах і мільёнах).

Чарговыя прэзідэнцкія выбары, на якіх Аляксандр Лукашэнка балатаваўся на пяты тэрмін, прайшлі 11 кастрычніка. Паводле афіцыйных дадзеных Цэнтрвыбаркама ён атрымаў каля 83,5 % галасоў пры яўцы выбаршчыкаў 87,2 %. Выбары запомніліся тым, што ўпершыню ў гісторыі Беларусі ў прэзідэнцкай гонцы ўдзельнічала жанчына — прадстаўніца апазіцыйнай кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч.
Перад выбарамі ўлады вызвалілі некалькі вядомых палітвязняў, што было ўспрынята як жэст у бок паляпшэння адносін з Захадам. Аднак, нягледзячы на ўдзел міжнародных назіральнікаў (у тым ліку АБСЕ), выбары былі раскрытыкаваныя за непразрыстасць, адсутнасць канкурэнтнасці і парушэнні пры падліку галасоў. Назіральнікі адзначылі, што хоць у кампаніі адбыліся пэўныя паляпшэнні, сам працэс галасавання і падліку не адпавядаў дэмакратычным стандартам. Саму ж прэзідэнцкую кампанію можна ацаніць як найменш цікавую з усіх у гісторыі незалежнай Беларусі.

На гэтым фоне надзвычай ярка прагучала перамога беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч. У кастрычніку 2015 яна стала лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры. Узнагароду далі ёй за «поліфанічныя творы, помнік пакутам і мужнасці нашага часу». Аўтарка ў сваіх кнігах апісвае складаную гісторыю савецкага і постсавецкага грамадства.
Алексіевіч — першая беларуска, якая атрымала гэтую ўзнагароду. Цырымонія ўручэння адбылася 10 снежня ў Стакгольме, дзе Алексіевіч прачытала прамову на рускай і беларускай мовах.
У той год у Беларусь заязджалі многія замежныя артысты. На «Чыжоўка-Арэне» можна было патрапіць на канцэрт Thirty Seconds to Mars, а яшчэ Мінск наведалі сербскі рэжысёр Эмір Кустурыца і французскі актор Жэрар Дэпардзьё.
Вясной Кустурыца знаёміўся з вытворчымі магчымасцямі «Беларусьфільма», а ў канцы года даў у Prime Hall канцэрт са сваім гуртом The No Smoking Orchestra. Рэжысёр задумваў зняць фільм у партнёрстве з беларускай студыяй, але з гэтага нічога так і не выйшла.

У ліпені Беларусь наведаў Жэрар Дэпардзьё. Ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, які навучыў француза касіць траву. Дэпардзьё пакатаўся на трактары, еў мясны боршч і ацаніў мясцовую гаспадарку, адзначыўшы, што хоча жыць «сярод сялян» у Беларусі. Але так у нас і не пасяліўся.
Гродна ў 2015-м — час новых рэкордаў
Не абмінуў культурны пад’ём і Гродна. У Новым замку прайшла выстава «Мастакі Парыжскай школы. Ураджэнцы Гродзеншчыны» арганізаваная пры падтрымцы праекта «Арт‑Беларусь» і «Белгазпрамбанка». Наведвальнікі маглі ўбачыць 15 арыгінальных палотнаў — пейзажы, партрэты і нацюрморты — прадстаўнікоў Парыжскай школы, народжаных на Гродзеншчыне: Осіпа Любіча і Пінхуса Крэменя. Калі палітра Любіча была гарманічнай, пяшчотнай і лірычнай, то Крэмень аддаваў перавагу напружанай, дынамічнай і экспрэсіўнай манеры. Да папулярызацыі мастакоў Парыжскай школы на іх гістарычнай радзіме прыклаў руку тагчасны кіраўнік «Белгазпрамбанка», сённяшні палітвязень Віктар Бабарыка. Прадстаўленыя ў Гродне карціны паходзілі менавіта з карпаратыўнай калекцыі банка.

З таго ж году можна лічыць гісторыю гандлёва-забаўляльная цэнтра Triniti. Вясной буйны польскі забудоўшчык Unibep падпісаў кантракт і стаў генеральным падрадчыкам будаўніцтва цэнтра. На той момант гэта быў рэкордны па памеры, самы буйны гандлёвы аб’ект Беларусі. Будаўнічыя працы пачалі ў наступным годзе, а скончылі ў лютым 2020.
У той жа час гродзенскі гіравік Яўген Назарэвіч чарговы раз упісаў сваё імя ў кнігу рэкордаў Гінеса: 13 красавіка ён усталяваў сусветны паказчык па рыўку гіры — 34 160 кг за 1 гадзіну, зрабіўшы 1400 паўторных рыўкоў. Да гэтага ён ужо меў 21 рэкорд, а ў 2015 здабыў яшчэ ўзнагароды «Залатая гіры» і ордэн «Залатой гіравік».
У тым жа 2015 з забыцця вярнуліся ігральныя карты Лапіных. Гэта калода карт, якую выпускалі ў 1930-х у Гродне, і якую выпадкова знайшлі ў будаўнічым смецці ў час рэканструкцыі аднаго са старых будынкаў. Так у Гродна вярнуўся забыты артэфакт, які неўзабаве стаў папулярным турыстычным сувенірам.
Выйшла кніга «Завяршыць гештальт» — спраўдны еўрараман ад беларускага эмігранта першай хвалі
На гэтым перакрыжаванні падзей, надзей і чаканняў выйшаў раман Макса Шчура «Завяршыць гештальт». Ён выйшаў ва Украіне, стаў сапраўднай падзеяй у беларускай прозе і ў наступным годзе атрымаў Прэмію Ежы Гедройца — адну з найпрэстыжнейшых узнагарод для аўтараў беларускіх кніг. Выбар журы тады многіх збянтэжыў, бо перамог аўтар не з вядомай мінскай тусоўкі.
Крытыкі і літаратуразнаўцы адзначылі, што перад імі — «сапраўдны еўрараман ад беларускага эмігранта першай хвалі». Макс Шчур на момант выхаду кнігі ўжо даўно (з 1998 года) жыў у Чэхіі, але працягваў пісаць па-беларуску, ахопліваючы тэмы эміграцыі, ідэнтычнасці, еўрапейскай свядомасці.

Апісанне кнігі — «падарожны дзённік з фотаздымкамі» — вызначае яе жанравую асаблівасць: твор аб’ядноўвае дзённікавыя нататкі, лірычную прозу, філасофскія развагі, мастацкія фатаграфіі і літаратурны стыль. Галоўны герой падарожнічае з Чэхіі ў Амстэрдам, разважае пра эстэтыку, сэнс жыцця, мінулае і будучыню.
Гэта раман пра пошук сябе, пра адчуванне чалавека па-за радзімай, пра тое, што значыць «завяршыць гештальт» — завяршыць важны жыццёвы цыкл, замкнуць сэнс. І ў нейкім сэнсе ён апярэдзіў падзеі і нечакана зноў стаў актуальным у апошнія некалькі гадоў.
«Гэта бадзерыя, поўныя з’едлівага гумару нататкі. Яны змяшчаюць самыя розныя побытавыя дэталі, назіранні за звычаямі і норавамі еўрапейцаў, размовы героя з выпадковымі спадарожнікамі, а таксама фотаздымкі», — пісала ў рэцэнзіі на кнігу Лідзія Міхеева. А іншы фрагмент яе тэксту наогул быццам напісаны пра сённяшні дзень: «Еўропа тут вымалявана не як грандыёзны маналіт, які трэба ссунуць з пастаменту, а шэраг абсалютна сінгулярных з’яваў, аб’яднаных нейкімі даволі віртуальнымі повязямі. Пярэстасць еўрапейшчыны, якая ўключае ў сабе „еўрафашыкаў“, мігрантаў і валанцёраў, якія ім дапамагаюць, рускіх турыстаў і музей Ван Гога з кічавымі сувенірчыкамі, не зводзіцца да аднаго дыягназу ці прагнозу.»
Адна з чытачак на партале MyBook.ru пакінула такі характэрны водгук:
«Гэта раман, напісаны цудоўна. У Шчура добры стыль у цэлым, а ў гэтай кнізе яшчэ і сюжэт. У апавяданнях, як мне здаецца, аўтар не паспявае раскрыць усё сваё майстэрства. У рамане яму гэта ўдалося. Не чакайце імклівага раскручвання сюжэту — не ў гэтым соль кнігі. Проста чытайце і вы альбо ўвальецеся ў скуру галоўнага героя і будзеце глядзець на падзеі яго вачыма, альбо больш не возьмецеся за Шчура».
А на Goodreads карыстальнік з нікам Vylivacha паставіў 4 зоркі з 5 і напісаў коратка: «інтэлектуальна, крыху пафасна, крыху банальна».
Самая вялікая праблема кнігі ў 2015 годзе была ў тым, што яна выйшла малым накладам ва Украіне. А гродзенцам знаёміцца з сучаснай беларускай літаратурай тады было яшчэ складаней: па многія нішавыя кнігі даводзілася тады спецыяльна ехаць у Мінск ці замаўляць іх праз інтэрнэт.
Перавыданне ў 2025 — магчымасць перажыць тое, што прапусцілі
У 2025 годзе выдавецтва Gutenberg Publisher запусціла кніжную серыі «Акно ў прозу». У яе межах будуць выходзіць перавыданні значных твораў беларускай літаратуры 1991−2020 гадоў. У тым ліку тых, што ў свой час былі адзначаныя крытыкамі, але наклады якіх даўно вычарпаныя. Адна з кніг серыі - «Завяршыць гештальт».

Перавыданне мае стылёвую і яскравую вокладку, якая добра суадносіцца з іншымі кнігамі серыі. Цяпер не давядзецца ехаць за раманам у іншы горад, бо на сайце выдавецтва можна замовіць дастаўку па ўсім свеце. Для вас нават могуць зрабіць падарункавую ўпакоўку за 20 злотых. Сама кніга каштуе 40 злотых — гэта даволі добры кошт на сучасным польскім кніжным рынку.
У выдавецтве адзначаюць:
«Для нас культура — гэта не тое, што „бярэ Гедройцаў“, культура — гэта тое, што чытаюць. […] Нам патрэбная магчымасць парэфлексаваць над атмасферай літаратурных колаў: адным — перажыць тое, што прапусцілі, іншым — адчуць настальгію, калі ў тых колах бралі ўдзел».
Мэта серыі — не проста вярнуць у зварот забытыя тэксты, а стварыць культурную мапу эпохі, звязаць літаратуру пачатку незалежнасці з сучаснасцю. Гэта спроба асэнсаваць, што выбух літаратурнай і культурнай актыўнасці пасля 2020 года быў падрыхтаваны цэлымі дзесяцігоддзямі пошуку, смеласці і індывідуальнага голасу.
