Тэма «паглыблення інтэграцыі» Беларусі і Расіі - самая абмяркоўваемая ў гэтым месяцы. Пакуль Лукашэнка знаходзіўся ў Сочы, дзе павінны былі быць падпісаны дарожныя карты, у Мінску два дні праходзілі акцыі пратэсту. Трэцяя акцыя ў абарону незалежнасці Беларусі прайшла ў Гродне. Аўтар Hrodna.life Уладзімір Аплевіч паспрабаваў разабрацца, ці ёсць сэнс праводзіць падобныя акцыі, і высветліць, хто атрымаў ад іх больш карысці.

Мінскія акцыі можна было назваць адносна шматлікімі. Доўжыліся яны два дні, удзельнікаў - каля тысячы чалавек і, што важна, на другі дзень іх колькасць не зменшылася. Пакуль ініцыятары шэсця знаходзілі адны плюсы ў тым, што народ усё ж такі выйшаў на вуліцы, а сярод мітынгоўцаў было шмат моладзі, у інтэрнэце можна было прачытаць каментары тыпу: «1000 чалавек на амаль двухмільённы Мінск гэта смешна!»

Сапраўды, у працэнтах атрымліваем усяго 0,05% ад насельніцтва сталіцы. Не густа. І калі малую колькасць удзельнікаў шэсця, што прайшоў 7 снежня, можна спісаць на слабую інфармаванасць, то што тады казаць пра другі дзень акцыі? І гэта з улікам таго, што 7 снежня нікога не затрымлівалі, не білі дубінкамі і не кідалі ў аўтазакі.

Чытайце таксама: Акцыя супраць інтэграцыі ў Гродне: арганізатар распавёў, навошта паклікаў людзей на Стары мост

Трэцяя акцыя прайшла ў Гродне, у ёй прынялі ўдзел каля 70 чалавек — менш 0,02% ад насельніцтва горада. Зноў можна ўсё спісаць на дрэнную інфармаванасць грамадства. І на тое, што за заклікі да несанкцыянаванай акцыі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Узнікае пытанне: у чым сэнс праводзіць акцыі, пра якія практычна нікому невядома? Чаго можна дасягнуць, выводзячы на ​​вуліцы 0,02−0,05% насельніцтва гарадоў? Пытанні рытарычныя.

Галоўнае крыецца ў іншым: такія малалікія акцыі хутчэй згуляюць на руку Крамлю і маскоўскай прапагандзе. Бо ім нават не прыйдзецца хлусіць, выдумляць і скажаць факты. Ім досыць паказаць лічбы з якіх вынікае, што ў нашай краіне працэнт людзей, якія выступаюць супраць паглыбленай інтэграцыі, вагаецца ў межах статыстычнай хібнасці.

Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі