На пікеце Святланы Ціханоўскай 1 жніўня ў Гродне за парадкам сачыла не толькі міліцыя. Група гродзенцаў з бел-чырвонымі-белымі павязкамі на плячах сустракала кандыдата ў прэзідэнты і ахоўвала сцэну. «У кожнага ў падсвядомасці была сітуацыя, якая адбылася з Сяргеем Ціханоўскім: чакалі, што будзе спроба правакацый», — кажа Максім, адзін з валанцёраў.
Валанцёры-ахоўнікі - гэта 20 гродзенцаў ад 20 да 50 гадоў рознага целаскладу і розных прафесій. Гэта прадпрымальнік, сябра партый, беспрацоўны, супрацоўнік дзяржпрадпрыемства. Яны называюць сябе «дружынай». Гэта яны ахоўвалі фестывалі БНР-100 і БНР-101, дзе былі таксама арганізатарамі. Тут няма выпадковых людзей — знаходзіцца хтосьці, хто можа паручыцца за навага чалавека.
Максім — сябар Беларускага народнага фронту. Ён не з’яўляўся сябрам каманды Ціханоўскай і «нейтральна» глядзеў на выбары-2020, а больш займаўся валанцёрскім рухам па COVID-19. Віктар (імя зменена) працуе на дзяржпрадпрыемстве. Пра патрэбу ў валанцёрах даведаўся з чата ў Viber, які застаўся ў ініцыятыўнай групы пасля парламентскіх выбараў-2019. Сяргей — прадпрымальнік, прыйшоў на пікет і даведаўся, што патрэбная дапамога.
— Пасля таго, што адбылося ў Гародні з Сяргеем Ціханоўскім, калі адбыліся гэтыя правакацыі, калі ён быў брутальна затрыманы, мне стала не па сабе. І калі я даведаўся, што кандыдат ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская прыязджае ў Гродна, будуць выступаць яе давераныя асобы, яна сама, прачытаў у telegram-каналах, што патрэбны валанцёры на ахову, вырашыў далучыцца, — сказаў Максім.
Для валанцёраў правялі інструктаж. Святлану Ціханоўскую сустракалі на падыходзе да Каложскага парку, праводзілі праз турнікеты ў жывым калідоры, суправадзілі яе да сцэны і на працягу ўсяго мерапрыемства трымалі каля яе кола, «каб не дапусціць падарозных асоб». Валанцёры сачылі, каб ніхто старонні не залез на сцэну, каб не адключылі электрагенератар. Стаялі на перыметры і глядзелі, каб ніхто не перасёк прастору, абмежаваную стужкай. Пасля пікету суправаджалі Святлану да аўтамабіля на набярэжную Нёмана.
З кандыдатам у прэзідэнты прыехала свая ахова — каля 10 чалавек з фізічнай падрыхтоўкай. Але калі б адбывалася нешта надзвычайнае, ім прыдалася б дапамога гродзенцаў, сказаў прадпрымальнік Сяргей, адзін з валанцёраў. «Акрамя таго, сама наша прысутнасць — своеасаблівая прафілактыка праварушэнняў», — патлумачыў ён.
Наогул, калі на мерапрыемстве прысутнічаюць тысячы асобаў, трэба сачыць, каб не было даўкі, нікога не збілі з ног. «Людзі часам хочуць сфатаграфавацца, узяць аўтограф, паразмаўляць, перадаць нешта. Часамі бывае дастаткова цяжка стрымаць натоўп, каб кандыдату нічога не сталася», — расказаў Максім.
— Не трэба было быць фізічна моцным чалавекам. Можна колькасцю, вачыма дапамагчы, — сказаў Віктар.
— Дзякуй богу, што гарадзенцы з большага людзі таксама самаарганізаваныя, адказныя, яны ведалі, куды ідуць і чаго хочуць. Усё адбылося без эксцэсаў, — сказаў Сяргей. — Ад натоўту ішла толькі станоўчая энергія. Агрэсіі ніхто не выказваў.
У выпадку правакацый ці парушэння заканадаўства чалавека затрымалі б і перадалі міліцыі. Экстраардынарных сітуацый на мерапрыемствах у Гродне, у якіх давялося б дзейнічаць, на памяці валанцёраў не было. Звычайна гэта былі выпіўшыя людзі, якім захацелася паскандаліць. Спланаваных правакацый не было.
Перад фестывалямі БНР-100 і БНР-101 актывісты абгаворвалі мажлівыя дзеянні з прадстаўнікамі МУС, удакладнялі, што будуць рабіць у пэўных сітуацыях. Міліцыя часам ігнаруе, часам ставіцца падазрона, расказалі валанцёры.
— Калі мы ў якасці валанцёраў ахоўвалі мерапрыемства БНР-100, то спрабавалі каардынаваць дзеянні з міліцыяй. Яны ў большасці выпадкаў проста ігнаравалі. Можа, не ўспрымалі нас усур’ёз, а можа, у іх быў загад не мець стасункаў з незалежнымі ахоўнікамі, — расказаў сябра БНФ.
— Наша мэта — не даць мiлiцыi нагоды да прымянення сiлы супраць удзельнiкаў сустрэчы з Цiханоўскай. Напрыклад, мы прыглядвалi за чалавекам з партрэтам Лукашэнкi, каб яго у натоўпе нiхто не зачапiў, бо гэта была б добрая нагода для сiлавiкоў, каб спынiць мiтынг. <…> Правакацыямi займаюцца розныя асацыяльныя асобы, кшталту той прастытуткi з Мінску. А калi ўжо адбылася нейкая штурханiна, то мiлiцыя проста затрымоўвае яе удзельнiкаў. Iншае пытанне, што ў некаторых выпадках такiя асацыяльныя асобы становяцца правакатарамi не па сваім жаданні.
Чытайце таксама: «Мне не хочется разгула национализма». Почему гродненец пришел на пикет Тихановской с портретом Лукашенко
У камандзе Ціханоўскай шмат людзей, для якіх палітычная кампанія стала першай, распавёў Максім. Ён жа займаецца палітыкай з 2001 года і ўдзельнічаў у некалькіх выбарчых кампаній. У тым ліку Максім ахоўваў кандыдата ў прэзідэнты на выбарах у 2006 годзе Аляксандра Мілінкевіча. Таксама ён мае досвед арганізацыі шматлікіх мерапрыемстваў. Вырашыў далучыцца, каб «не дапусціць паўтарэння падзей, якія былі ў нас у пачатку лета ў Гародні».
Аховай на падобных мерапрыемствах заўсёды, акрамя міліцыі, займаюцца дабраахвотнікі. Кандыдатаў у прэзідэнты, калі была патрэба, ахоўвалі сябры штабоў, валанцёры, сябры палітычных арганізацый. Прычына — у Беларусі няма ахоўных кампаній, сказаў Максім. Ліцэнзію на ахову мае толькі міліцыя. «Таму гэта звычайная практыка, калі сябры арганізацыі, якая плануе пэўнае мерапрыемства, апранаюць нейкія павязкі, каб вылучацца з натоўпу, і сочаць за парадкам, каб не было ніякіх правакацый і парушэнняў закону. Арганізатары ў першую чаргу самі зацікаўленыя ў гэтым», — распавёў Максім.
— Мы разумеем свой узровень: нам далёка да сапраўдных прафесійных ахоўнікаў. Але тут няма выбару: ці мы гэта будзем рабіць, ці ўвогуле ніхто, — сказаў валанцёр.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…