Беларуская мова знікае з беларускамоўнай гімназіі ў Мінску, дзе вучыліся дзеці Пятра. У дзяцей Сяргея ў Варшаве такі вялікі выбар беларускамоўных гурткоў і падзей, што на ўсе патрапіць немагчыма. А ў Беластоку Марыя сама арганізавала дзіцячы летнік для беларускіх дзетак. Hrodna.life сабраў досвед сем’яў з розных краін, каб зразумець, што дапамагае захаваць беларускасць у Беларусі і ў эміграцыі.

«Як умее, так і шпрэхае». Навучанне ў Беларусі

У Пятра (імя змененае для бяспекі героя) трое дзяцей-школьнікаў - ім сем, дзевяць і пятнаццаць гадоў. Адзінае, што ён рабіў і робіць для іх выхавання ў беларускай парадыгме — размаўляе з імі па-беларуску, ставіць мульцікі ці фільмы на беларускай мове. На большае не стае часу і сілаў.

Наогул жа ў сям'і пануе шматмоўе: жонка Пятра размаўляе па-беларуску і па-руску, дзеці - пераважна па-руску, але калі тата «дасць пад хвост» — то па-беларуску. Пасля эміграцыі ў Польшчу тры гады таму ў іх мове з’явіліся і польскія выразы: дастаць адзнаку, пайсці на басейн.

У Беларусі дзеці вучыліся ў беларускамоўнай гімназіі № 23 у Мінску. «Фармальна беларускамоўнай», — падкрэслівае Пётр. Раней з мовай там было лепш, а зараз — вялікая цякучка кадраў, і новыя кадры валодаюць беларускай слаба.

«Прыходзіць студэнтка з педа, настаўніца малодшых класаў. Усё ў яе па-расейску было. Яна як умее, так і шпрэхае».

На перапынках тым больш усе размаўляюць па-руску. Дзеці Пятра адносіліся да беларускамоўнай гімназіі паводле прапіскі, але туды прыязджалі вучні з усяго горада. Раней пасля малодшай школы ў гімназію можна было трапіць толькі пасля экзаменаў: «узровень трымаўся» і ў гімназію былі пастаянныя чэргі. Пасля адмены такога правіла яны зніклі, але ўпаў і ўзровень адукацыі.

Садок быў звычайны, рускамоўны, паводле прапіскі. «Калі афармляюць дзяцей, ты пішаш заяву, на якой мове хочаш даваць ім адукацыю. Мы пісалі ўсё па-беларуску. Зразумела, атрымлівалі адказ, што мы адны такія. Хаця мы ўпэўнены, што не». Беларускамоўны садок быў далекавата, і, паводле водгукаў, беларускамоўнасць там была яшчэ больш фармальнай.

Дзеці хадзілі на беларуска арыентаваныя гурткі, музычныя заняткі. На той час іх было нескладана знайсці. Імі займаліся неабыякавыя, ініцыятыўныя людзі. Пётр мяркуе, што зараз сітуацыя горшая, бо шмат такіх людзей з’ехала з Беларусі.

У Польшчы Пётр не шукаў адмыслова беларускамоўных актыўнасцяў і гурткоў.

«Я тут адзін работаю, на мне сям’я з трох дзяцей, жонкі, эміграцыя і мне яшчэ павесь дадатковую нагрузку — зрабіць дзяцей беларускамоўнымі. Што я магу, што не вымагае ад мяне дадаткова ездзіць куды-небудзь, шукаць, плаціць, арганізоўваць, вось я гэтым і займаюся».

Беларускамоўная адукацыя ў Беларусі: лічбы паказваюць трагізм сітуацыі

Ігар Случак
Ігар Случак. Фота з асабістага архіву Ігара / budzma.org

У Беларусі фармальна 45% беларускамоўных школ, але толькі 9% беларускіх дзяцей вучыцца па-беларуску, падзяліўся лічбамі юрыст і праваабаронца Ігар Случак, які вывучае падобную статыстыку. Напрыклад, у 70% школ Бераставіцкага раёну выкладанне вядзецца па-беларуску, але толькі 28% школьнікаў раёна навучаюцца на беларускай мове. Рэч у тым, што беларускамоўныя школы — пераважна вясковыя і малакамплектныя.

У Гродне зараз няма ніводнай цалкам беларускамоўнай школы — функцыянуюць толькі асобныя класы з беларускай мовай навучання. Іх колькасць вымяраецца адзінкамі.

Чытайце таксама: Улады хочуць змагацца з булінгам у школах, а настаўнікі яго не заўважаюць

За апошнія 10 гадоў колькасць школьнікаў, якія ў Беларусі вучацца па-беларуску, зменшылася з 14% да 8% ад агульнай колькасці вучняў, на рускай — павялічылася з 86% да 92%. У Гродзенскай вобласці школьнікаў, што вучацца па-беларуску, стала менш на 43,2% (з 18 200 у 2014 г. да 10 341 у 2024), а тых, што вучацца на рускай, стала больш на 22,8% (з 89 146 да 109 509).

«Такая статыстыка паказвае трагізм сітуацыі. Мы прыйшлі да моманту, калі беларускамоўная адукацыя кладзецца на плечы бацькоў, таму што школа ўжо не можа даць засваенне беларускай мовы». У гэтым сітуацыя ў краіне не надта адрозніваецца ад сітуацыі ў эміграцыі, прызнае Случак.

«Мы зараз вяртаемся да стану беларускай шляхты канца дзевятнаццатага стагоддзя, калі яна ў асноўным вучылася на хатняй адукацыі», — кажа Ігар Случак.

Сяргей: «Гадаваць дзяцей беларусамі - не выклік»

У сям'і Сяргея (імя змененае для бяспекі героя) таксама трое дзяцей — малодшага школьнага і дашкольнага ўзросту. Сям’я цалкам беларускамоўная. Сяргей кажа, што гадаваць дзяцей беларускамоўнымі і беларуска арыентаванымі нескладана.

«Я ім даю тое, што ёсць ва мне, дзялюся тым, што ў чымсьці для мяне дарагое. У тым ліку гэта беларушчына, любоў да Беларусі. І нічога больш».

Цяпер хапае мульцікаў на нашай мове, можна знайсці і гурткі, і асяроддзе — і дома, і за мяжой, перакананы ён. Добрых перакладных кніг і кніг беларускіх дзіцячых пісьменнікаў выходзіць столькі, што сям’я не паспявае набываць усё. Тое ж самае з гульнямі, мульцікамі.

«Не хапае толькі дзіцячых спеваў - „заліпацельных“, якія дзеткі слухаюць — пра букашак, чарвячкоў, пра школу альбо пра Дзень мамы, таты».

Аддаць дзіця ў беларускамоўны садок у Беларусі не склала праблемы. «Дзякуючы гэтаму мы да сёння падтрымліваем кантакт з бацькамі, з сем’ямі з той групы. Гэта выдатныя людзі з выдатнай адукацыяй, з цікавымі працамі, з цікавымі жыццёвымі лёсамі».

Чытайце таксама: Эмігрантка стварыла беларускія палічкі ў варшаўскіх бібліятэках і трапіла ў Vogue

«Па шчырасці, я не бачу ніякіх праблем. Так, у Беларусі няшмат садкоў і школ [з беларускай мовай навучання], але яны ёсць. Можна пастарацца і туды хадзіць. Нехта ў хаце гаворыць па-беларуску, прыязджаюць сябры — яны ўжо з павагі пачынаюць і з дзецьмі па-беларуску, бабулі і дзядулі падхопліваюць. Гэта не зусім праўдзівы стэрэатып, што гадаваць дзіцё па-беларуску вельмі складана».

«Гурткоў так шмат, што хадзіць на ўсе немагчыма». Як выхоўваць беларусаў у Польшчы

Сям’я Сяргея выехала ў Польшчу ў 2021 годзе. Так склалася, што і за мяжой на працы бацькі размаўляюць па-беларуску, беларуская засталася мовай камунікацыі і ў сям'і. Зараз з дзецьмі, якія гавораць па-руску, дзеці Сяргея размаўляюць на беларуска-польска-рускай трасянцы. У Варшаве дзеці ходзяць на беларускамоўныя гурткі і курсы. Знайсці іх там — не праблема. Іх так шмат, што немагчыма хадзіць на ўсе, запэўнівае Сяргей.

«[Іх вядуць] выдатныя спецыялісты, вядомыя людзі з неверагодным досведам, — расказвае Сяргей. — Крышачку мне баліць душа, ведаючы, колькі дзяцей беларусаў ёсць у Варшаве і як мала часам гэтых дзяцей прыходзяць на заняткі, пастаноўкі і канцэрты менавіта дзіцячыя. Неверагодны ўзровень многіх рэчаў - і прыходзіць некалькі дзясяткаў людзей».

У польскім садку і школе дзеці не цураюцца, што яны з Беларусі. Асяроддзе ставіцца да гэтага прыязна, з цікаўнасцю. Але на эміграцыі не хапае большага кантакту з беларусамі розных прафесій, якія па-рознаму гавораць, шкадуе Сяргей.

У іншых польскіх гарадах афлайнавых беларускамоўных актыўнасцяў і магчымасцяў для дзяцей менш. Беларуская школа ў Варшаве працуе тры гады паводле прынцыпу школы выхаднога дня — у суботу там праходзяць заняткі па роднай мове і літаратуры, гісторыі, геаграфіі, культуры Беларусі і іншыя. Яшчэ летась школа мела філіялы ў многіх гарадах Польшчы і іншых краін, але сёлета яны адновяцца не ўсе — скарацілася фінансаванне.

У Беластоку ёсць дзяржаўная беларускамоўная школа для беларускай меншасці - але туды магчыма запісацца толькі ўласнікам польскага пашпарта. У беларускамоўны садок практычна немагчыма трапіць праз вялізны попыт.

Зрабі сам: беларускамоўны летнік на польскім Падляшшы

Марыя Грыц
Марыя Грыц. Фота: svaboda.org

Беларуска Марыя Грыц, якая цяпер жыве ў Беластоку, вырашыла сама ўзяцца за сітуацыю і арганізавала беларускамоўны дзіцячы летнік. У эміграцыі мала хто можа дазволіць сабе няню ці каб прыехалі бабуля з дзядулем, і летам дзеці на бацьках. «А дзіця ж не пакладзеш у шуфлядку», — кажа Марыя. Такі летнік дазволіць разгрузіць бацькоў - і адначасова паказаць дзецям каштоўнасць беларускай культуры і мовы. Узрост дзяцей — ад васьмі гадоў.

Плануецца тры заезды запар па тыдні кожны. У час летніка дзеці будуць спяваць, танцаваць, гуляць у гульні, маляваць, вывучаць бортніцтва, ляпіць з гліны. Прыедуць рэканструктары паўстання Каліноўскага, будзе шмат экалагічнага складніка і экскурсія ў Белавежскую пушчу. Заняткі будуць весці запрошаныя выкладчыкі, а даглядаць дзяцей — важатыя.

Грошы на летнік сабралі дзякуючы праекту «Будуй сваё» — беларусы, якія жывуць у Польшчы, скінуліся на яго 1,5% сваіх падаткаў, заплочаных там. Для бацькоў плата складзе € 70. Попыт быў вялікі, і месцы на ўсе тры заезды запоўніліся за месяц. Налета Марыя спадзяецца працягнуць праект, або, як мінімум, рабіць такія выезды на выхадныя.

З беларускай адукацыяй у замежжы такія ж праблемы, як і дома — выгаранне настаўнікаў, мяркуе Марыя. Адзінае, што можна рабіць, каб зацікавіць дзяцей — гэта якія-небудзь класныя праекты «з аганьком». І гэта будзе лепш, чым чытаць маркотныя творы.

«Як „Ладдзя роспачы“, калі ты хочаш закахацца ў Выліваху, калі ты не хочаш гараваць разам з Васілём над яго зямелькай, бясконцыя слёзы ліць слёзы, — а хочаш з Вылівахам накруціць фіг Смерці. Такія прыклады — захапляюць».

Ігар Случак: дзеці не блытаюць мовы

«Самае важнае — тое, як з дзіцём у сям'і пачынаюць размаўляць. Калі ў сям'і стабільна размаўляюць па-беларуску, то і дзіця вывучыць беларускую мову, не будзе яе блытаць з іншымі і не забудзе, калі будзе з кім яе падтрымліваць», — мяркуе Ігар Случак. У іншым выпадку дзіця не вывучыць мову ні на якіх курсах раз на тыдзень, ці ў школе або садку.

Ігар размаўляе па-беларуску з дзяцінства. У яго двое сыноў - ім два і чатыры гады. Іх маці Аліна Нагорная таксама беларускамоўная. Зараз сям’я жыве ў Літве. Паміж сабой, з бацькамі і з тымі знаёмымі, якія карыстаюцца беларускай мовай, дзеці размаўляюць па-беларуску. З дзецьмі ў літоўскім садку і з незнаёмымі людзьмі - па-літоўску. У мовах яны не блытаюцца, прынамсі пакуль.

З Беларусі сям’я з’ехала ў канцы 2023 года. Да гэтага — хавалася ад пераследу ўнутры краіны, таму нават старэйшы сын не хадзіў тут у садок. Але іх атачала беларуская мова. «Калі мы былі „ў бягах“, то ў нас, здаецца, толькі беларускамоўныя і былі сябры, і дзеці маглі слухаць толькі нас і беларускамоўных людзей». Няню таксама знайшлі беларускамоўную, і гэта вельмі дапамагло, прызнае Ігар.

Месцы ў беларускамоўнай гімназіі ў Літве займаюць рускія

У Вільні нескладана знайсці кніжкі на беларускай мове, нешта прывозяць і знаёмыя з Беларусі. Але для самых маленькіх — бракуе. «Такіх вось кніжак тыпу кардона сапраўды мала. Для параўнання: літоўскі рынак такіх кніжак для ўсіх узростаў - вялікі і добра развіты. Хаця дзецям, якія зусім малыя, такое [кніжкі-кардонкі па-беларуску] і не трэба, яны больш гуляюць з рэчамі, а не з літарамі».

Зараз Ігар часам расказвае дзецям нешта пра гісторыю, культуру, але пакуль не глыбока. «Вось Вільня — наш горад, распавядаю, вось такі вось наш дом, вось Пагоня, вось сцяг».

Раз на тыдзень дзеці хадзілі на гадзінныя заняткі для самых маленькіх пры Беларускім доме ў Вільні (Цэнтр беларускай супольнасці і культуры). Ніводнага паўнавартаснага беларускамоўнага садка ў Вільні няма. «Непаўнавартасны — пры Скарынаўскай гімназіі (дзяржаўная беларускамоўная гімназія імя Францыска Скарыны — Hrodna.life). Гэта нешта сярэдняе паміж нулявым класам і садком. Але бацькі і дзеці скардзяцца, што там шмат рускай мовы».

Па-першае, самі настаўнікі не ўвесь час размаўляюць па-беларуску. Па-другое, гімназію перанеслі з цэнтра горада на ўскраіну, і сталі набіраць туды ўсіх дзяцей з раёну — не толькі беларусаў, а яшчэ і рускіх.

«І самі парадкі ў гэтай гімназіі вельмі падобныя да беларускіх — метады навучання і наогул атмасфера, такі саўковы вайб прысутнічае».

Таксама праз набор рускіх у гімназію складана трапіць. «У мінулым годзе чалавек сорак хацелі дзяцей аддаць у гімназію, але не было месца, а сама гімназія не прыкладае высілкаў, каб гэтыя месцы з’явілася». Прыватных беларускамоўных школ няма.

Паводле назіранняў Ігара, у Літве, калі бацькі размаўляюць па-беларуску, то часта аддаюць сваіх дзяцей у літоўскамоўныя садкі і школы. Дзеці нармальна ўпісваюцца ў мясцовую супольнасць і ў той жа час яны добра ведаюць беларускую мову. Калі ж бацькі больш надаюць увагі рускай мове, то аддаюць дзяцей у рускамоўныя садкі і школы. Адпаведна, дзіця не ведае мясцовай мовы і аўтаматычна трапляе ў дыяспару.

«Лепей, каб дзіцё было шчаслівым, чым беларускамоўным». Кім вырастуць дзеці?

«Мне падаецца, калі ты гадуеш на беларускай мове, у парадыгме беларушчыны, то ты натуральна вучыш дзіцё шанаваць усе іншыя культуры. Бо дзіцё задае пытанні: „Чаму людзі гавораць па-руску, а мы — па-беларуску?“. І гэта заўсёды зводзіцца да таго, што ў нас есць сваё, і мы сваё любім, але кожны любіць сваё і кожны свайго трымаецца, і мы свайго трымаемся», — кажа Сяргей. Калі ж гадаваць дзіця па-руску, у парадыгме рускіх мульцікаў і сімвалаў, у яго не ўзнікае такіх пытанняў, мяркуе ён.

Сяргей дапускае, што дзеці могуць вырасці і назваць сябе палякамі. «Але я ў такой парадыгме гадую сваіх дзяцей, каб не будаваць вакол беларускай культуры нейкі мур абарончы — захоўвайце, ні ў якім разе не ўпускаць у сябе іншых культур. Для мяне самым галоўным — паказаць дабрыню і шчырасць усяго нашага беларускага».

Дзецям будзе блізкай польская культура, бо яны тут растуць. Але Сяргей спадзяецца, што яны не стануць у ёй закрывацца. «Я б хацеў, каб яны былі адкрытыя, каб ім некалі сваіх дзетак захацелася навучыць беларускай калыханцы, пачытаць беларускую кнігу, адзначыць беларускае свята».

«Чалавек — гэта настолькі прыгожая істота, каторая можа любіць і ў сабе захоўваць адразу некалькі нацыянальнасцяў», — перакананы ён.

Ігар Случак мала верыць у будучыню, дзе яго дзеці назавуць сябе літоўцамі. «Тут жа таксама ёсць дыяспары расійская, польская. Яны, як правіла, захоўваюць сваю ідэнтычнасць. Калі дзеці не захаваюць ідэнтычнасць, то проста я іх дрэнна выхоўваў. Не надзяляў увагі нацыянальнаму пытанню. Задача бацькоў - даць дзецям нацыянальную культуру. А дзеці ўжо самі альбо засвойваюць, альбо не».

Пётр змірыўся, што ўнукі будуць палякамі паводле самаўспрымання, бо Польшча — монанацыянальная краіна, але за дзяцей спакойны. «У нас няма гэтай карты паляка. Мы ў гэтыя гульні не гуляем, у іх не будзе нават фармальнай падставы сказаць, што мы палякі».

Адзін з сыноў, які часта бярэ ўдзел у школьных конкурсах, неяк адмовіўся ўдзельнічаць, бо гэта быў конкурс патрыятычных вершаў для палякаў - а ён беларус. Удзел узялі два чалавекі з класа — абодва з Беларусі, але з картай паляка. На думку Пятра, карыстацца беларускай мовай дзеці не будуць — хіба толькі каб паразмаўляць з татам. «Іхняе свядомае дарослае жыццё будзе праходзіць на мове, на каторай будзе зручна».

Каб захаваць беларускасць, трэба трымацца беларускай супольнасці, мяркуе Марыя Грыц. Яе дачцэ цяпер шэсць гадоў. Яе першым садком быў украінскі, бо пасля 2020-га сям’я праз палітычны пераслед спачатку ўцякала ва Украіну. А зараз дзяўчо лепш размаўляе па-польску, чым па-беларуску — бо большасць часу праводзіць у польскім садку.

«Як бы мы ні ўкладалі зараз у дзіцёнка беларускасць, яна ўжо будзе жыць у іншай краіне з іншай культурай, — прызнае Марыя. — Паглядзім праўдзе ў вочы — лепей, каб дзіцё было шчаслівым, чым беларускамоўным, як па мне. Таму я даю ёй гэтую магчымасць. Ці скарыстаецца яна ёй у будучыні, ці не — гэта ўжо будзе яе воля. Я люблю яе любой».

«Неяк Гануся прачнулася і паўсонная заявіла мне, што яна любіць беларускую мову моцна-моцна. У мяне ад гэтага так сціснулася сэрца, мне было так прыемна. Хаця бы на сёння — яно ёсць, а далей ужо будзем глядзець».