Вёска Гудзевічы ў Мастоўскім раёне вядомая на ўсю Беларусь дзякуючы літаратурна-краязнаўчаму музею і яго стваральніку Алесю Белакозу. А яшчэ — дзякуючы адраджэнню і захаванню ткацкіх традыцый, ля вытокаў якога стаяла не менш унікальная асоба — Вера Ігнатаўна Белакоз, жонка Алеся Мікалаевіча.
У чым адметнасць гудзевіцкага ткацтва, чаму знакамітыя беларусы мелі за гонар атрымаць у падарунак тканы гальштук з Гудзевічаў і навошта ў сучасным свеце захоўваць традыцыі ручнога ткацтва — расказала Hrodna.life Вера Ігнатаўна Белакоз.
Вера Ігнатаўна Белакоз упэўнена, што і ў сучасным свеце, дзе чалавечая праца ў многім аўтаматызавана, неабходна працягваць традыцыі ручнога ткацтва: «Каб не зводзілася, каб адраджалася, каб захоўвалася. Каб людзі бачылі, што праца людская нечага варта. Каб паказаць, якія людзі былі - і без камп’ютараў разумныя».
Вера Ігнатаўна Белакоз навучылася ткаць яшчэ ў дзяцінстве — ад мамы. Аднак больш сур’ёзна занялася ткацтвам ужо ў дарослым узросце. Працуючы ў школе настаўніцай пачатковых класаў, арганізавала ткацкі гурток, вучыла дзетак ткаць закладкі і паясы. Важным унёскам жанчыны ў адраджэнне культурных традыцый стала аднаўленне тэхналогіі падвойнага ткацтва.
У 1981 годзе беларуская паэтка Ларыса Геніюш падарыла гудзевіцкаму музею каштоўны экспанат — гродзенскі падвойны дыван, вытканы яе свякроўю. Тэхналогія падвойнага ткацтва, якой у той час ужо амаль ніхто не валодаў, надзвычай зацікавіла Алеся Белакоза, і ён стаў збіраць калекцыю падвойных дываноў. Самы стары з тых, што ўдалося знайсці, датуецца 1898 годам.
Паступова прыйшло разуменне, што варта не толькі збіраць старыя падвойныя дываны, але і адрадзіць тэхналогію іх стварэння. У 1990 годзе супрацоўніцы Гудзевіцкага музея паехалі ў Адэльск да ўжо немаладой ткачыхі Ядвігі Райскай, якая ў той час адзіная ўмела ткаць падвойныя дываны. Але пераняць складаную тэхналогію здолела толькі Вера Белакоз.
У 2011 годзе традыцыйная тэхналогія ткацтва падвойных дываноў вёскі Гудзевічы была ўключана ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.
Па словах Веры Ігнатаўны Белакоз, ткаць падвойныя вырабы складаней, чым звычайныя. На стварэнне аднаго вялікага дывана патрэбна не менш за два месяцы. І тое пры ўмове, што тканню будзе прысвечаны амаль увесь час. Звычайна ж работа над адным вырабам працягваецца даўжэй.
За час працы ў музеі Вера Белакоз выткала 7 ці 8 вялікіх падвойных дываноў. Большасць з іх экспануецца ў Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі. Два дываны ткачыха падаравала Гродзенскаму гісторыка-археалагічнаму музею, адзін — мастоўскаму музею «Лес і чалавек». Невялікі дыванок ёсць у музеі дзіцячых арганізацый гродзенскага Палаца творчасці дзяцей і моладзі.
А самы дарагі для сябе падвойны дыван Вера Ігнатаўна захоўвае ў сваёй хаце. «Дарагі ён мне, таму што мой. Я для сябе яго ткала», - кажа ткачыха. Аднак дыван пабываў і далёка за межамі Беларусі. У 2015 годзе падчас візіту прэзідэнта нашай краіны ў Туркменію ў Ашхабадзе праводзіліся дні беларускай культуры. Сярод разнастайных вырабаў беларускіх майстроў дэманстраваўся і дарагі сэрцу Веры Ігнатаўны падвойны дыван.
Вера Ігнатаўна і Алесь Мікалаевіч Белакозы запачаткавалі выдатную традыцыю: дарыць імянныя тканыя гальштукі вядомым беларусам. «Клімук у космас — мы яму гальштук. Кавалёнку. Пісьменнікам амаль усім…» — узгадвае Вера Белакоз.
Звычайна такі гальштук ткаў нехта з вучняў. Падарунак дасылалі ў гонар юбілею ці іншай значнай падзеі. Таксама так дзякавалі за дапамогу ў стварэнні музея і папаўненне яго фондаў.
Уладальнікамі гудзевіцкіх тканых гальштукаў сталі шматлікія пісьменнікі, кампазітары, мастакі, іншыя знакамітыя людзі. Сярод іх — Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Рыгор Шырма, Зміцер Іваноўскі…
Цёплыя ўспаміны пра пісьменніка, для якога, будучы вучаніцай гудзевіцкай школы, выткала гальштук, захавала Марына Камінская, дачка Веры і Алеся Белакозаў. Пачынаючы з чацвёртага класа, яна перапісвалася з Уладзімірам Дубоўкам. А да аднаго з юбілеяў пісьменніка выткала гальштук.
Дубоўка вельмі ўзрадаваўся такому падарунку. Да канца свайго жыцця ён перапісваўся з дзяўчынкай з Гудзевічаў, дасылаў кожную сваю новую кнігу ў двух экземплярах — для музея і для адрасаткі асабіста. А аднойчы падарыў ёй скураны сакваяж са сваім аўтографам у сярэдзіне.
Справу па адраджэнні і захаванні народнага ручнога ткацтва, распачатую Верай Белакоз, працягваюць яе вучаніцы. Пераемнасць традыцый захоўваецца і ў сям'і. У гродзенскім Палацы творчасці дзяцей і моладзі ткацкі гурток вядзе Марына Камінская. Ткацтвам зацікавіўся і праўнук Веры Ігнатаўны, васьмігадовы Данік. Нядаўна ён стаў пераможцам рэспубліканскага конкурса дзіцячай творчасці: журы ўразіла майстэрства хлопчыка, які ў прысутнасці камісіі выткаў закладку. А значыць, справа жыцця Веры Ігнатаўны мае плён і традыцыйнае народнае ткацтва будзе жыць.
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…