У 1969 годзе ў Галівудзе адбылася трагедыя. Банда Чарльза Мэнсана з асаблівай жорсткасцю расправілася з 26-гадовай актрысай Шэран Тейт, цяжарнай жонкай рэжысёра Рамана Паланскага, і яе сябрамі. Гэта злачынства азнаменавала сабой канец эпохі, якую ў будучыні назавуць «заходам Старога Галівуду». Такую жудасную гісторыю абавязкова павінен ведаць глядач, які «аднойчы» паглядзеў дзявяты фільм Квенціна Таранціна.

www.youtube.com/watch?v=zw81ihoukKU

Кароль аўтарскага кіно, майстар ашаламляльных дыялогаў, вялікі аматар спалучэння дасціпнага гумару і зубаскрышальных крывавых эпізодаў, «самавук з кінапракату»… Квенцін Таранціна уварваўся ў свет кіно ў 1992 годзе і прывучыў гледача да таго, што выхад кожнага яго фільма станавіцца яркай падзеяй. Пра яго сцэнарыя кажуць задоўга да прэм’еры, а пасля ўбачанага адбываюцца бурныя абмеркаванні. Сам рэжысёр ніколі не хаваў, што чэрпае ідэі для творчасці з прагледжанага раней кінематографа: старых ганконскіх баявікоў, чорна-белых японскіх стужак пра самураяў, італьянскіх спагецці-вестэрнаў, танных амерыканскіх фільмаў катэгорыі «Б». Таранціна — «вялікі камбінатар», здольны ператварыць раней убачанае ў сапраўдны шэдэўр. Любы яго фільм таму доказ.

Гісторыя пра канец эпохі

Зараз яму за 50 і ў новым фільме ён вырашыў зазірнуць у сваё дзяцінства, калі амерыканскія хлопцы клалі свае жыцці ў бессэнсоўнай вайне, моладзь пратэставала супраць кансерватыўнага патрыярхату і адчувала ў гэтай барацьбе дух свабоды і сэксуальнай рэвалюцыі. Частка пратэстуючых, асабліва сярод ідэалістычнай моладзі, рвала усе кантакты з грамадствам і ператваралася ў «дзяцей кветак».

У кінаіндустрыі таксама адбываецца злом традыцыйнасці: пад уплывам еўрапейскай «Новай хвалі» маладыя незалежныя кінематаграфісты кідаюць выклік буйным студыям і здымаюць за драбязу кіно, якое раскрывае заганы грамадства. Тэлебачанне ўвайшло ў дамы кожнай сям'і і цяпер глядач мае права выбіраць, што і дзе яму глядзець. Вестэрны, як амерыканскі жанр ідэальнага мінулага, памірае, што станавіцца прадвеснікам чагосьці новага. Блізіцца час «Сківіцаў» і «Зорных войнаў».

«Аднойчы ў Галівудзе»: Таранціна зняў фільм без звыклай «таранцінаўшчыны»

Менавіта аб стыку эпох Квенцін вырашыў распавесці: пра тое, як ён шасцігадовым хлапчуком у прыгарадах Горада Анёлаў заспеў гэты час барацьбы моладзевай свабоды нораваў і патрыярхальнага кансерватызму. Хоць і цяжка ўлавіць, як стваральнік праз 50 гадоў выказвае стаўленне да гэтага. Яго героі, акцёр на канцы кар’еры Рык Далтон і каскадзёр Кліф Бут, перажываюць не лепшыя часы, калі індустрыя знаходзіцца перад заходам свайго «залатога стагоддзя».

Фільм-назіранне

Калі 25 гадоў таму Таранціна здзівіў усіх сваім «Крымінальным чытвом», стаў рупарам пакалення, то ў 2019 ён «шэдэўральна» старэе, абвінавачваючы хіпі ва ўсіх смяротных грахах. Рэжысёр вырашыў успомніць пра страчаны час, калі фільмы былі лепш, а людзі прасцей. Яго героі сталі старэйшымі, больш не мацюкаюцца і не размахваюць зброяй, яны нетаропка катаюцца па бясконцых «хайвэях» Лос-Анджэлеса, бесцырымонна танчаць пад папулярную музыку, здымаюць кіно, глядзяць яго ў кінатэатрах і нават ладзяць баі з самім Брусам Лі.

Глядач не ўбачыць звыклай «таранцінаўшчыны», дзе дынаміка дыялогаў заглушае пырскі крыві. «Аднойчы ў Галівудзе» — фільм-назіранне, дзе вымалёўваецца партрэт часу, апісваецца свет класічнай «Фабрыкі мрояў», дзе цяжка зразумець што дэкарацыя, а што рэальнасць.

Бессюжэтнасць і саспенс

Да самага эпілогу фільм здзівіць сваёй бессюжэтнасцю, у ім шмат мініяцюрных канфліктаў і скетчаў. Услед за героямі мы гуляем сярод здымачных пляцовак і смяемся з ныцця Рыка Далтана, які хвалюецца з-за гібелі кар’еры і адсутнасці таленту, адчуваем моцнага духам, але прыгожа пастарэлага Брэда Піта, здольнага адным поглядам змяніць ход Гісторыі, дзівімся анёльскай чысціні Шэран Тейт, якая бесклапотна гуляе па родным доме.

Вакол галоўных персанажаў нараджаецца бязгучны саспенс у выглядзе кагорты мэнсанаўскіх хіпароў, якія бадзяюцца ў пошуках крыві па сонечных вуліцах Галівуду. Маладыя драпежнікі пагрозліва глядзяць на бясстрашнага каскадзёра, які з гумарам успамінае былыя часы. І ў гэты момант сапраўды страшна, упершыню ў карцінах Таранціна.

У фінале Таранціна паспрабуе спыніць час, каб атрымаць асалоду ад суму таго, што адбываецца. Бо на коне будзе стаяць лёс цэлай эпохі, калі Стары Галівуд склаў паўнамоцтвы пад цяжарам свабоды нораваў.