У Лідзе вучыцца каля тысячы гімназістаў, але на рэспубліканскіх алімпіядах іх гімназія здабывае амаль столькі ж дыпломаў, колькі 10 гродзенскіх разам узятых. Спецыяльна для Hrodna.life Арцём Ткачук вызначыў тры прычыны поспеху школы ў райцэнтры.
Штогод лідская гімназія № 1 здабывае да 20 дыпломаў рэспубліканскіх алімпіяд. Пры гэтым у 2015−16 гадах лідскія гімназісты прывезлі шэсць дыпломаў першай ступені. Для большасці гімназій абласнога цэнтра такі вынік недасягальны. Напрыклад, рэкорд які паставілі першая і гарадская гімназіі Гродна ў 2016 — гэта 14 і 11 дыпломаў адпаведна, а шостая і сёмая гімназіі ў 2012−14 гадах не здабылі ніводнага. Падаецца, справа тут у некалькіх фактарах.
Адбор найлепшых
Высокі конкурс для паступаючых у лідскую гімназію абумоўлены не толькі цяжкімі тэстамі. Калі на 37,5 тысяч вучняў Гродна прыходзіцца 10 гімназій, то на адну лідскую ўстанову амаль 14 тысяч вучняў. Каб трапіць у гродзенскую гімназію трэба быць лепшым, лідская ж выбірае лепшых з лепшых.
Высокія патрабаванні да вучняў
У выпадку лідскай гімназіі высокія вынікі на рэспубліканскіх алімпіядах падкрэсліваюць добрую падрыхтоўку яе вучняў увогуле. Выпускнікі здабываюць найбольш балаў у Беларусі па рускай і беларускай мовах, а таксама па матэматыцы. Паводле агульных вынікаў ЦТ 2014 лідская гімназія саступіла толькі мінскаму ліцэю БДУ. З 2004 установа з’яўляецца эксперыментальнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі і эфектыўнасць створанай мадэлі відавочная.
Спецыялізацыя на профільных прадметах
Поспех лідскіх гімназістаў не абумоўлены толькі іх асабістымі здольнасцямі. Установа спецыялізуецца на канкрэтных прадметах і ўсяляк падтрымлівае выключных настаўнікаў. З 2012 па 2015 на рэспубліканскіх алімпіядах гімназія заўсёды здабывала прызавыя месцы па рускай і іспанскай мовах, матэматыцы, фізіцы, хіміі і геаграфіі. З 74 медалёў за гэты перыяд больш за 60 было здабыта менавіта па гэтых прадметах.
Па выніках ЦТ 2015 75% выпускнікоў лідскай гімназіі агулам здабыла больш за 300 балаў. Гэты вынік дазваляе паступіць у любы ўніверсітэт краіны. Відавочна, што поспех лідскіх алімпіяднікаў базуецца менавіта на штодзённай сістэматычнай працы ўсёй гімназіі.
[irp posts="15 325″ name="Чаму Гродзеншчына найменш крымінальная вобласць Беларусі?"]