У каталіцкай каплічцы на гродзенскай Альшанцы гучна і смела спявае арганістка. За натоўпам вернікаў бачна тонкую дзяўчынку, што стаіць за сінтэзатарам. Яна імгненна падхоплівае на слых ноты, якія бярэ святар. Раптам заўважаеш, што дзяўчо зусім не глядзіць на клавішы ці ў партытуру. Яе позірк нібы лунае па-над усім. Насці Гуранковай дзесяць год. Яна мае абсалютны слых і ад нараджэння не бачыць.

Адна на мільён. Дзесяцігадовая Насця перамагае выпускнікоў і грае ў касцёле, хоць ніколі не бачыла нот

«Бачу толькі святло і вас»

— Я не ўсё бачу. Толькі святло і вас, сілуэт. Ноты «відушчыя» я не бачу, а брайлеўскія бачу, адчуваю. Дайце, я вас пагляджу, — Насця падыходзіць і лёгкімі, ледзь улоўнымі дотыкамі прабягае па руках. — У вас тонкія, доўгія пальцы, як у чалавека, які грае на піяніна, — заўважае яна. Насця гаворыць звонкім моцным голасам, выдзяляючы націскамі адразу некалькі складоў у словах.

Адна на мільён. Дзесяцігадовая Насця перамагае выпускнікоў і грае ў касцёле, хоць ніколі не бачыла нот

Мама Насці Алена тлумачыць, што зрок не захаваўся зусім, і Насця не бачыць нават святло. Лекары ёй казалі, што наваколле для дачкі выглядае, як плямы людзей і прадметаў, а рэшта запоўненая смугой. Дзяўчынка спрачаецца і спрабуе давесці, што летась навучылася бачыць яшчэ і абрысы сходаў.

[irp posts="55 630″ name="Карцінкі для тых, хто не бачыць. Гродзенскай бібліятэцы для невідушчых падарылі новыя кнігі"]

«Яна чуе, і гэта ўжо добра»

Насця родам з Іўя. Яна першае дзіця ў сям'і. Праз паўтары гады пасля яе нарадзілася малодшая сястра Ксюша.

— Калі вы зразумелі, што Насця не бачыць?

— Адразу, — кажа маці.

Лекарам на гэтага спатрэбіліся тры месяцы.

Адна на мільён. Дзесяцігадовая Насця перамагае выпускнікоў і грае ў касцёле, хоць ніколі не бачыла нот

— Я адразу зразумела, што нешта не так. У яе вочы торгаліся, закатваліся моцна. Я казала лекарам: «Яна не бачыць«. А яны мне: «Малыя дзеці ўсе не бачаць. Мамачка, не прыдумвайце, ідзіце«. Да трох месяцаў я хадзіла, абівала дзверы, каб звярнулі на гэта ўвагу. Знешне жа ўсё вока ў яе цалкам ў парадку, — распавядае маці.

Прыйшлі на кансультацыю да знаёмай лекаркі-пенсіянеркі. Тая ўзяла металічную каструлю, лыжку і з усёй сілы стукнула іх адно аб адно. Немаўля здрыганулася ад спалоху. «Яна чуе, і гэта ўжо добра», — словы сталай лекаркі Алена памятае дагэтуль.

Пасля бацькі папрасілі накіраванне ў паліклініку ў Гродна.

— Там паставілі дыягназ, і пачалося іншае жыццё. Усё перавярнулася ўверх дном. Масажы, рэабілітацыі, фізкультура. Насця ўжо крыху адставала ў развіцці, у тры месяцы яшчэ не трымала галоўку. Але добра, што вялікая праца была зроблена своечасова. Я не ведаю, што было б, калі б у першы год мы не спахапіліся, — кажа Алена.

Калі б дыягназ паставілі адразу, зрок усё роўна нельга было б вярнуць. Алена кажа, што ў Насцінай сітуацыі не дапаможа нават дарагая аперацыя на вочы.

[irp posts="25 262″ name="Калі не можаш падзяліцца зрокам. Як гродзенскія школьнікі ствараюць кнігі для невідушчых дзяцей"]

Пачала граць у тры гады

Калі Насця ўпершыню села за піяніна, ніхто ўжо не памятае. Хутчэй за ўсё, як малы Моцарт, у тры гады. Усе цацкі ёй набывалі з агучкай: бразготкі шумелі, кнігі гаварылі, лялькі спявалі. Першым музычным інструментам стала маленькае электроннае піяніна на адну актаву.

— Насця пераслухала на ім у запісе ўсе дзіцячыя песні, а пасля падбірала іх на слых і грала сама, — расказвае Алена.

Адна на мільён. Дзесяцігадовая Насця перамагае выпускнікоў і грае ў касцёле, хоць ніколі не бачыла нот

Першыя Насціны ўспаміны пра музыку сягаюць часу дзіцячага садка:

— Мяне ў садку вучылі граць. А я проста бразгала рукамі па стале. Потым ужо, калі сканчаліся музычныя заняткі, я клала рукі на клавіятуру і пачынала граць. Выхавацелька клікала ісці ў групу, а я казала: «Не, я хачу пайграць, я хачу пайграць«. Не адцягнеш мяне ад інструмента. Мне вельмі падабалася.

Садок у Мінску, школа ў Гродне

У спецыялізаваны садок Насця пайшла ў Мінску. Дзеля гэтага сям’я мусіла пераехаць. Апынулася, што ў Іўі ніводны садок не пасуе. У групу са здаровымі дзецьмі яе не бралі, бо была патрэбная адмысловая праграма і спецыялісты. У спецыялізаваны садок не хацелі аддаваць бацькі, бо многія дзеці там былі з парушэннямі інтэлекту, а Насця ўжо нават абганяла аднагодкаў па развіцці.

Потым сям’я атрымала кватэру ў Гродне і зноў пераехала. Тут Насця пайшла ў школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку. Цяпер вучыцца ў чацвёртым класе.

«Трэба проста адчуць усе клавішы»

Трапіць у музычную школу атрымалася не адразу. Не было настаўнікаў, якія маглі б займацца з асаблівай дзяўчынкай па Брайлю. Насця пачала наведваць прыватныя заняткі музыкі ў педагога Наталлі Аляксандраўны Латышавай. Стала займаць прызавыя месцы на музычных конкурсах. Праз год яе педагог уладкавалася ў музычную школу № 1 імя Юрыя Семянякі, каб вучыць Насцю.

Адна на мільён. Дзесяцігадовая Насця перамагае выпускнікоў і грае ў касцёле, хоць ніколі не бачыла нот

Цяпер Наста ходзіць у другі клас музычнай школы. Пра сакрэт, як яна знаходзіць патрэбныя клавішы, кажа:

— Гэта не сакрэт, калі сакрэту няма. Трэба проста адчуць усе клавішы пальцамі, потым адчуць іх унутрана. Толькі пасля здабываць гук. Там ёсць не толькі белыя клавішы: до, рэ, мі, фа, соль, ля, сі. Яшчэ ёсць пяць чорных. Нот не сем, як усе кажуць, а дванаццаць.

У другім класе перамагла сямікласнікаў

Расклад у Насці шчыльны. Музыка амаль штодня па некалькі гадзін: спецыяльнасць (фартэпіяна), сальфеджыа, вакал, кампазіцыя, музыкальная літаратура. Паўсюль разам з ёй ездзіць мама. Выйсці на працу Алена не можа, бо і так поўная занятасць цэлы дзень.

Усе музычныя заняткі індывідуальныя. Адмысловых падручнікаў для невідушчых дзяцей у музыкальнай школе няма. Урокі мама Насці запісвае на дыктафон, а дачка дома пераслухоўвае. Ноты па Брайлю для дзяўчынкі пачала запісваць яе настаўніца.

Адна на мільён. Дзесяцігадовая Насця перамагае выпускнікоў і грае ў касцёле, хоць ніколі не бачыла нот

Нягледзячы на свой другі клас, Насця шмат у чым праходзіць праграму сёмага, выпускнога. Нядаўна ў сваёй музычнай школе на алімпіядзе сярод выпускнікоў па сальфеджыа і музыкальнай літаратуры яна набрала больш за ўсіх балаў.

— Напэўна, усе дзеці, якія нараджаюцца з парушэннямі зроку, маюць лепшы слых. Але, відавочна, Наста асаблівая. Ніхто не сумняецца, што яна адна на мільён, — кажа яе мама. — Насця працаголік. Хоць яна і дзіця, і часам хоча пабавіцца, адпачыць. Падчас канікул я не чапала яе, дазваляла спаць, колькі трэба было, нават да 11 гадзін. Заняткі толькі пасля абеду. Але калі школа, у нас пад’ём, а 6.00.

[irp posts="28 537″ name="Гродзенскія гісторыкі дапамагаюць сабраць грошы на агучванне кніг Віктара Саяпіна"]

«Яна не зайздросная»

— Не баіцеся, што да Насці прыйдзе зорная хвароба?

— Мы дома ёй лекцыі чытаем. Часам даводзіцца прызямляць, — прызнаецца мама.

— Мне і лекцыі чытаць не трэба. Я не ганаруся. Я заўсёды ўсім радуюся, — супярэчыць Насця.

— Так, яна не зайздросная, — падтрымлівае Алена. — На конкурсе давалі для падрыхтоўкі адзін кабінет на некалькі ўдзельнікаў. Насця слухала, як дзяўчынкі гралі, цешылася і казала: «Я за вас буду заўзець«, хаця яны ж суперніцы. Але ў яе няма такога, каб падножку паставіць.

Адна на мільён. Дзесяцігадовая Насця перамагае выпускнікоў і грае ў касцёле, хоць ніколі не бачыла нот

Сачыніла музычную казку пра Бураціна

Насця вельмі любіць імправізаваць. Пачала пісаць музыку. Самы сур’ёзны на сёння ўласны твор — сюіта па любімай казцы пра Бураціна. Мелодыяй дзяўчынка адлюстравала характары персанажаў: рамантычнага П’еро, спрытнага Бураціна, сур’ёзнай Мальвіны. Асабліва падобны да сябе Бураціна, сцвярджаюць слухачы. Самой Насці падабаюцца гэтыя двое: Бураціна і П’еро, і іх сяброўства.

«Сяброў няма, сяброўка адна ёсць, не — тры»

— У мяне сяброў няма, сяброўка адна ёсць, не — тры, — прызнаецца Наста. — З кім вучуся, не сябрую. Бо я на ўроках часам сама з сабой размаўляю. Аднойчы я схапілася за палічку ад шафы. А да мяне падыходзіць хлопчык і цягне, абы я толькі з ім пагулялася ў нумбікаў. Палічка зламалася. Дык Дзіяна пачала мяне вінаваціць. Таму я з імі не сябрую.

Адна на мільён. Дзесяцігадовая Насця перамагае выпускнікоў і грае ў касцёле, хоць ніколі не бачыла нот

Лепшая Насціна сяброўка жыве ў Мінску. Часам дзяўчынкі сустракаюцца або стэлефаноўваюцца. Яны пазнаёміліся на конкурсе стыпендыятаў Міжнароднага дабрачыннага фонда Юрыя Розума. Фонд падтрымлівае таленавітых дзяцей у краінах СНД. Адбор стыпендыятаў праводзяць маскоўскія прафесары на чале з самым Юрыем Розумам. Насця прайшла.

Асвойвае гітару і бярэ соль другой актавы

На пытанне пра любімы музычны прадмет Насця адказвае, што ўсе. Але дадае, што цяпер больш падабаецца спяваць:

— Больш за ўсё мне падабаецца вакал, акадэмічны. Я люблю рамансы.

Дзяўчо пачынае хутка пералічваць 43 рамансы, якія ўжо прайшла, па памяці называючы аўтараў музыкі, словаў і перакладу. На хаду напявае любімыя песні. Лёгка пераключаецца на оперны голас і бярэ соль другой актавы.

Любімых інструментальных твораў няма. Перавагу аддае лірыцы, а не тэхнічным эцюдам. Улюбёных кампазітараў паўтузіна: Чайкоўскі, Шапэн, Гайдн, Гарсіа, Дэбюсі, Дзіябэлі.

Адна на мільён. Дзесяцігадовая Насця перамагае выпускнікоў і грае ў касцёле, хоць ніколі не бачыла нот

Некалькі месяцаў Насця самастойна асвойвае гітару. Абсалютны слых дапамагае і настроіць інструмент, і падабраць акорды. Дзяўчынка ўжо вывучыла 9 з 24 акордаў, бярэ барэ. Грае і пераборам, і боем.

Акрамя музыкі Насця любіць вывучаць англійскую мову і плаваць у басейне.

— Усе думаюць, што столькі працы. Але гэта так само сабой атрымліваецца. Калі яна імправізуе, сачыняе, то не сядзіць і не думае, што ёй напісаць. У яе гэта ўсё вельмі плаўна ідзе, як крынічка цячэ, — кажа Алена.

«Я магу выкладаць для ўсіх дзяцей»

Кім Насця хоча працаваць, яна пакуль не вызначылася.

— Як ты думаеш, мама? Я ніяк не магу абраць прафесію, — жаласлівым голасам кажа дзяўчынка. — Мне лепш трэба быць педагогам па фартапіяна, сальфеджыа, музліце і вакале. Я магу выкладаць для ўсіх дзяцей, тых, якія бачаць і тых, якія не бачаць. Мама, калі я музыкант, я і цябе навучу граць і пець. Таксама я хачу быць медсястрой, бо ўжо ўмею ўколы даваць цацкам.

Адна на мільён. Дзесяцігадовая Насця перамагае выпускнікоў і грае ў касцёле, хоць ніколі не бачыла нот

Яшчэ Насця плануе быць галоўнай, а не дапаможнай, арганісткай у касцёле.

— Мяне сястра называе «золата». Я кажу: «Я не золата, Ксюша, я бронза«. Я кепска займаюся, я на трэцім месцы.