Дзе быў першы ў Гродне стадыён, чаму польскія і яўрэйскія спартсмены вялі паміж сабой «святую вайну», хто стаяў ля вытокаў футбольнага «Нёмана»: гэта і многае іншае распавеў 14 красавіка журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч падчас веласіпеднай прагулкі па горадзе ў рамках Фэста экскурсаводаў.

Экскурсія на тэму гісторыі спорту ў Гродне праходзіла ўпершыню. Руслан Кулевіч абраў маршрут ад першага гарадскога стадыёна ў горадзе на вуліцы Захарава да сучаснага ЦСК «Нёман», дзе ў савецкія гады праводзіліся шматлікія спартовыя мерапрыемствы. Экскурсія праходзіла на роварах.

«Расказваць пра спорт у горадзе — гэта нешта новае для мяне. Такіх прагулак, напэўна, яшчэ ніхто не праводзіў, — распавядае Руслан Кулевіч. — Я адмыслова пачаў маршрут ад першага ў горадзе стадыёна, які сёння знаходзіцца на балансе ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Але мала хто ведае, што менавіта тут у міжваенны перыяд і атрымаў развіццё гродзенскі спорт. Футбол і ўсе лёгкаатлетычныя спаборніцтвы праходзілі ў гэтым месцы. Калі ў Гродне з’явіўся спорт, сёння цяжка сказаць, але безумоўна часам росквіту можна смела назваць 1920−30-я гг».

Першы ў Гродне спартыўны стадыён пабудавалі ў 1924 годзе салдаты 76 Пяхотнага палка імя Людвіка Нарбута. Ён знаходзіўся недалёка ад казармаў. Менавіта там праходзілі ўсе вялікія спартовыя мерапрыемствы ў горадзе. Руслан Кулевіч распавядае, што перад пачаткам кожнага спартыўнага свята на стадыёне граў аркестр. Іншым разам гараджане ішлі не на спартовае мерапрыемства, а паслухаць жывую музыку.

«Трэба аддаць належнае вайскоўцам, якіх у міжваенныя гады ў нас было шмат. Дзякуючы ім у Гродна прыязджалі служыць вядомыя спартсмены, у тым ліку і ўдзельнікі Алімпійскіх гульняў. Былі ў нас і свае вядомыя ўраджэнцы, сярод іх Караль Румель, які пабываў на трох Алімпіядах. Ён быў першым выхадцам Беларусі - удзельнікам гульняў».

Журналіст пазнаёміў гродзенцаў і з гісторыяй вядомага футбаліста Канстанціна Мельнікава, які пачаў сваю кар’еру ў 1920-х у польскай «Крэсовіі», а скончыў у 1950-х у савецкім «Лакаматыве». І ўсё гэта адбывалася не выязджаючы з Гродна.

«У Мельнікава былі яшчэ два браты і ўсе яны гулялі ў футбол. Пачыналі ў «Крэсовіі», а пасля старэйшага запрасілі ў WKS Grodno — асноўную каманду горада. Канстанцін быў добрым нападаючым і тым больш мясцовым, таму ў горадзе яго любілі. Пачалася вайна з немцамі, Мельнікавых прызвалі ў Чырвоную армію, яны пайшлі ваяваць і ўсе вярнуліся. Пасля вайны ў родным горадзе футбалісты працягнулі гуляць. Канстанцін гуляў ва ўсіх пасляваенных камандах, ад мясцовага «Дынама» да «Лакаматыва», якія былі папярэднікамі «Нёмана».

Руслан лічыць, што дзякуючы гісторыі Мельнікава можна перапісаць гісторыю футбола ў Гродне і датай заснавання «Нёмана» лічыць не 1964 год, а значна больш раннія гады. Журналіст адзначае, што такога ж меркавання прытрымліваўся і вядомы гродзенскі краязнаўца Віктар Саяпін.

Пасля першага стадыёна наступнай кропкай экскурсіі стала былая пляцоўка габрэйскага «Макабі». Сёння гэта пустыр за гасцініцай «Нёман». Там Кулевіч пазнаёміў гараджан з самым моцным яўрэйскім спартыўным клубам Гродна міжваеннага перыяду і гісторыяй капітана гэтай футбольнай каманды Пінхаса Малевіча.

«Тут гродзенскія габрэі хацелі пабудаваць свой стадыён, але ажыццявіць задуманае ім не ўдалося — пачалася вайна. Стадыён патрэбен быў для хатніх матчаў, і каб не прасіць поля ў галоўных супернікаў з Гродна — WKS.

Аднойчы чытачы з ЗША даслалі мне гісторыю яўрэйскага футбаліста Малевіча, які стаяў ля вытокаў гродзенскага «Макабі».
Разам з гісторыяй былі ўнікальныя фатаграфіі футбалістаў 1920-х гг. Перад пачаткам Другой сусветнай Малевіч паехаў на заробкі ў ЗША, абяцаў вярнуцца па сям’ю. Не паспеў, пачалася вайна. Жонка і дзве яго дзяўчынкі загінулі падчас Халакосту".

Пасля вайны ад яўрэйскага і польскага спорту засталіся толькі пляцоўкі і адзінкавыя спартсмены. Новыя старонкі ў гісторыі гродзенскага спорту сталі пісаць ужо савецкія грамадзяне. Сваю экскурсію Кулевіч працягнуў ля галоўнага стадыёна горада «Нёман», абмінаючы былую пляцоўку спартыўнага цэнтра «Крэсовіі».

«У канцы 1950-х гадоў на месцы вялікіх яўрэйскіх могілак на вуліцы Грандзіцкай пачалося будаўніцтва стадыёна „Чырвоны сцяг“. Горад меў патрэбу ў новым комплексе, але будаўніцтва яго чамусьці пачалося на пахаваннях гараджан. У 1964 годзе на новым стадыёне згуляў свой першы матч футбольны „Нёман“. З таго часу ўсе асноўныя спартыўныя мерапрыемствы перанесліся туды. А першы гарадскі стадыён перадалі ўніверсітэту, ён і сёння ў добрым стане», — дадаў журналіст

Каля галоўнага стадыёна Руслан Кулевіч скончыў сваю экскурсію. Там апошняе слова засталося за дырэктарам ЦСК «Нёман» Віктарам Шумелем, які распавёў больш пра гісторыю комплексу і яго сучасны функцыянал.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life