Вышэйшая адукацыя і нават не адна — не нагода пераставаць вучыцца. Свет змяняецца так імкліва, што атрыманыя некалі веды хутка страчваюць актуальнасць, а новыя патрэбны тут і цяпер. Таму навучанне дарослых робіцца не менш патрэбным за навучанне дзяцей. Школа адукатараў, навучальны курс для тых, хто плануе працаваць у гэтым накірунку, праходзіла ў Беларусі са жніўня па снежань 2016 года. Удзельніцамі былі пяць гродзенак. Па сканчэнню курса дзяўчаты расказалі пра вынікі працы і падрыхтаваныя навучальныя праграмы.
Кацярына Буча — дапаможа бацькам выхоўваць дзяцей-чэмпіёнаў
Кацярына Буча, спартыўны псіхолаг, вырашыла паспрабаваць распаўсюдзіць свой досвед працы з падлеткамі на дарослых. Яна распрацавла курс «Выхавай чэмпіёна».
Ідэя навучання ў тым, каб дапамагчы бацькам выхоўваць дзяцей такім чынам, каб яны дабіваліся высокіх вынікаў у спорце і ў жыцці.
«Бацькі вельмі хочуць дапамагчы дзецям стаць паспяховымі, але спробамі ціснуць і прымушаць часта робяць дзяцей няшчаснымі. У дзяцей з’яўляецца стрэс, каторы можа іх пераследаваць потым праз усё жыццё.»
[irp posts="7771″ name="Практыкаванні з мячыкамі: адпачынак, што дапамагае стаць паспяховым"]
Распрацаваны курс дасць дарослым неабходныя веды і дапаможа ў камунікацыі з дзецьмі.
Варвара Злобіна — навучыць педагогаў быць андрагогамі
Навучальны праект, падрыхтаваны Варварай Злобінай, звязаны з навучаннем валанцераў у межах праграмы Універсітэт Залатога Веку і узаеманавучанню паміж выкладчыкамі. «Хачу падзяліцца тымі ведамі, што назапасіла за чатыры гады працы ва УЗВ і ўдасканаліла на школе адукатараў».
Паводле Варвары, Школа адукатараў не толькі дала веды, як стаць добрым трэнерам для дарослых навучэнцаў, але і дапамагла пазбавіцца ўласных страхаў. «Я вельмі хвалююся, калі прыходзіцца выступаць перад людзьмі. Але калегі, з каторымі працавалі разам на Школе, казалі, што атрымліваецца добра, і трэба проста працягваць практыкавацца».
Дар’я Іманава — пакажа, як сумясціць веды і творчасць праз маляванне і чай
«У сваім навучальным курсе хачу сумясціць тэзнікі хуткага малявання, скетчы, з інфармацыяй пра зёлкавыя гарбаты. Тое, як трэба збіраць травы, сушыць, ферментаваць і запарваць. У выніку курса ў кожнага ўдзельніка атрымаецца творчы блакнот з батанічнымі ілюстрацыямі зёлак, і інфармацыяй пра іх уласцівасці і рэцэпт-інструкцыя па спосабах запарвання.
Гэта будзе ведава-творчы падыход да навучання", — распавяла Дар’я пра навучальную праграму, каторую рыхтуе для гродзенцаў.
Дар’я Парафінюк — навучыць настаўніц арганізоўваць гайдаўскі рух
Дар’я працуе з дзяўчынкамі-гайдамі і распавяла, што гайдаўскі рух сярод дзяўчат набірае папулярнасць. Таму яна вырашыла распрацаваць праграму для маладых настаўніц, каб яны таксама маглі стаць трэнеркамі для новых гайдаўскіх груп.
«Навучальны курс дапаможа трэнеркам-пачаткоўцам эфектыўна спланаваць працу з дзяўчынкамі-падлеткамі і іх бацькамі, як праходзяць сустрэчы, якімі навыкамі маюць валодаць гайды.»
Ірына Краскоўская — дасць парады выкладчыкам, што вучаць дарослых замежным мовам
Ідэя навучання, каторую мае на мэце спраўдзіць Ірына, палягае ў распрацоўцы курса для выкладчыкаў замежных моваў. Ён будзе распрацаваны з улікам тэхнік актыўнага навучання. Праграма таксама будзе ўтрымліваць элементы анлайн навучання.
Што да навучальнага досведу са Школы адукатараў, то ён, са словаў Варвары Злобінай, дапамог сістэматызаваць папярэдні досвед:
«Раней адчувала сябе раскіданымі кавалкамі пазлаў. Зараз з’явілася сістэма. Нават у сваей працы ва Універсітэце залатога веку магу гэта выкарыстоўваць і ужо выкарыстоўваю — бачу першыя вынікі сваей адукацыі».
Напрыклад, кажа Варвара, з’явілася разуменне, як працаваць з цяжкімі ўдзельнікамі трэнінгаў. Аказваецца, негатыўныя рэакцыі навучэнцаў гэта часцей за ўсё страх перад новай інфармацыяй. Прымаць такія рэакцыі на ўласны рахунак не варта. «Зараз я ведаю, што часам такая рэакцыя — гэта добры вынік працы».
«Канечне, былі страхі, — дзеліцца досведам Кацярына Буча, — як пачаць вучыць дарослых, калі раней працавала пераважна з падлеткамі. Школа адукатараў дапамагла зразумець, што я магу з гэтым справіцца».
Адным з эфектыўных навыкаў, набытых падчас праекта, Кацярына лічыць уменне ствараць скетч канспекты. Калі выдзяляеш з інфармацыйнай плыні самае важнае, фіксуеш для сябе і прыгожа афармляеш. «Раней я сутыкалася з праблемай, што пішу канспект так, што потым прачытаць немагчыма. А цяпер маім канспектам могуць карыстацца нават калегі.»
Кацярына гатова і гэтым ускосным вынікам навучання падзяліцца з гродзенцамі і рыхтуе майстар-клас па скетч-канспектаванні.
Паводле Дашы Іманавай, Школа адукатараў дапамагла зразумець, што камунікацыя з калегамі падчас навучання таксама з’яўляецца часткай адукацыйнага працэса: «Нефармальныя размовы і сустрэчы былі не менш карыснымі, чым заняткі. У такіх умовах пашыраецца погляд на праблему і спантанна прыходзяць добрыя рашэнні».
Правядзенне «Школы адукатараў» стала магчымым дзякуючы праекту «Вучыцца, каб дзейнічаць», што фінансуецца са сродкаў Еўрапейскага Саюза і DVV International і рэалізуецца Асацыяцыяй дадатковай адукацыі і асветы. Праект мае на мэце садзейнічаць рэалізацыі права на адукацыю на працягу ўсяго жыцця і прасоўванню грамадзянскага ўдзелу.